Севярын Квяткоўскі: Страх. Бальшавікі 2.0

У мяне ў двары, як мінімум, дзьве сям'і баяцца за Францыю: іх дзеці працуюць у Парыжы. Баяцца тысячы сем’яў па ўсёй Беларусі — іх родныя жывуць альбо вучацца ў Францыі.



8e267aa5_a2ba_442d_a6e2_c0ba68862088_w640_r1_cx9_cy0_cw91_s.jpg

А яшчэ сотні тысяч беларускіх сем’яў імаверна баяцца за сваіх родных, сяброў і калегаў у Расеі. Масква эвентуальна на чарзе атак тэрарыстаў «Ісламскай Дзяржавы». Альбо тых, хто маскіруецца пад ІД. Першы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў Маскве ўведзены яшчэ да парыскай масакры.

А ў Расеі баяцца не толькі тэрарыстаў, але, найперш, што расейцаў заваююць ЗША. Усе гэтыя бяскрайнія прасторы з бярозкамі, самаварамі, пушкінскімі і ленінскімі мясцінамі. І таму хочуць, каб Расея першай ударыла па ЗША. Гэтая агрэсіўнасць — ад страху.

А ў Беларусі яшчэ баяцца, што «нашу Еўропу», у якую мы так любім з'ездзіць, «захопяць прыхадні-ўцекачы з Блізкага Усходу, і куды нам тады ездзіць?» У ЗША не пусцяць, а ў іншых частках свету жывуць тыя самыя, хто хоча захапіць «нашу Еўропу».

А ў Расеі яшчэ баяцца, што «Беларусь ад нас сыдзе», развернецца на Захад, на той самы, які на радасць некаторых у Расеі цяпер «бамбяць прыхадні», якія патэнцыйна гатовыя бамбіць і Расею, у якую ездзяць беларусы на заробкі пасля таго, як адпачнуць/закупяцца у Еўропе.

У Еўропе баяцца правых, якія могуць прыйсці да ўлады на фоне страху перад тэрарыстамі, якія прасочваюцца разам з уцекачамі з Блізкага Усходу. А правыя баяцца, што не атрымаецца ўзняцца, каб «вычысціць прыхадняў». 

А ў Беларусі баяцца, што Расея разваліцца, «а куды мы без Расеі?», бо тады «нас захопіць NATO». А іншыя беларусы баяцца, што Расея не разваліцца, і калі раптам што — NАТО не прыйдзе, не абароніць. Што Еўропа прайграе і Расеі, і ІД.

Самыя разнастайныя канфігурацыі страху са складовых частак: Еўропа, NATO, ЗША, уцекачы, «Руский мир», «Ісламская Дзяржава».

Тым часам, ІД мне нагадвае ці не самых вядомых у свеце экстрэмістаў — бальшавікоў. Нешматлікая на пачатку група разнамасных фанатыкаў розных нацыянальнасцяў, аб'яднаных сваёй «рэлігіяй» на чале з прагматычнымі цынікамі. 

Бальшавікі таксама адваёўвалі сабе жыццёвую прастору паступова. Стартавалі лякальным тэрорам, пасля ўжо аперавалі цэлымі ваеннымі франтамі, убіраючы ў сябе з геаметрычнай прагрэсіяй усё новых пакрыўджаных, даючы неверагодныя магчымасці самым чорным персанажам грамадства. А пасля ўжо не пакідалі выбару тым, хто «адразу не разабраўся». І тады тэрор рабіўся не лякальным, а маштабным.

Як і цяперашняя ІД, бальшавікі пасля першых перамогаў замахнуліся калі не на ўсясветны, дык усееўразійскі маштаб. Бальшавікі карысталіся разасобленасцю, узаемнымі недаверам і страхам краінаў і народаў, супраць якіх дзейнічалі. І гулялі на амбіцыях тагачасных звышдзяржаваў, якія праз палітычныя супярэчнасці ўрэшце не далі рады ў барацьбе з новым і нязвыклым на той час злом.

Бальшавікі таксама як цяперашнія ІД-оўцы на пачатку выглядалі ўзброенымі злымі клоўнамі, якіх усур'ёз ніхто не ўспрымаў. Але адносна хутка сталі суб'ектам, з якім пачалі сядаць за стол перамоваў наймацнейшыя краіны кантынэнту. І сядаюць дагэтуль. 

www.svaboda.org