Палітычная цэнзура рукамі неанацыстаў?

«Групоўкі ўльтраправых ажыццяўляюць палітычны тэрор супраць іншадумцаў, паліцыя гэта ігнаруе ці нават пакрывае нападнікаў», — сцвярджае адзін рэдактар. «Нярэдкімі становяцца напады ўльтралевых на ветэранаў АТО нібыта за іх прыналежнасць да правых арганізацый», — апаніруе другі.

mediavektor.org

mediavektor.org

Неанацысцкія і ўльтракансерватыўныя групоўкі нярэдка выкарыстоўваюцца ўрадамі для падаўлення палітычнай апазіцыі. Класічным гістарычным прыкладам з'яўляюцца чарнасоценцы пачатку ХХ стагоддзя: шавіністы-антысеміты, якія збівалі і забівалі сябраў сацыялістычных і анархісцкіх арганізацый, працоўных, што страйкавалі ці адмаўляліся падпарадкоўвацца начальству. Калі казаць пра апошні час то варта ўзгадаць, арганізацыю «Наши» ў Расіі 2000-х. У баявое крыло яе ўваходзілі фанаты «Спартака», якія за пэўную плату ажыццяўлялі сілавыя акцыі супраць апазіцыйных рухаў — у першую чаргу нацболаў (тады прыхільнікі Лімонава яшчэ былі радыкальнымі антыпутінцамі). У першых шэрагах тых, хто ішоў падтрымаць «прыхільнікаў федэралізацыі» на Данбасе былі сябры расійскіх ультранацыяналістычных арганізацый РОВС, «Черная сотня» і РНЕ.

Ва Украіне сябры ўльтраправых арганізацый бяруцца за зброю і чыняць гвалт там, дзе лічаць патрэбным — як правіла, у дачыненні да тых, хто не падзяляе іх погляды. Украінская прэса далікатна абыходзіць гэтую праблему.

22 снежня 2017-га трое маладых людзей у масках уварваліся на мерапрыемства «Гендарнага клубу» ў Кіеве, дзе ў той момант праходзіла дыскусія, прысвечаная антрапалогіі гендара і гендарным стэрэатыпам, і распылілі ў будынку слезацечны газ. Радыкалы, якія пазіцыянуюць сябе як «хрысціянскія правыя кансерватары», аргументавалі напад тым, што дзейнасць клубу — гэта «чыстая ўкраінафобія, якая супярэчыць традыцыйным украінскім каштоўнасцям».


29216094_10155717605043978_1705580913955438592_n.jpg


29 студзеня 2018-га ў Львове каля мясцовага цырку пачаўся зааабарочны пікет, падчас якога ў актывістаў пачалі кідаць снежкі і дымавыя шашкі маладыя мужчыны з сімволікай «Азова» і «Misantropic Division». Паліцыя пачала затрымліваць актывістаў, а не правакатараў. Пры гэтым, як паведамляюць самі абаронцы жывёлаў: «Яны рвалі нашыя плакаты і тапталі банеры, тлумачачы свае дзеянні тым што мы «чэрці» і «давіць вас на*хй, хіба вы людзі». Дзеянні як паліцыі, так і правакатараў добра бачныя на відэа. Каля траціны прысутных на пікеце атрымала траўмы, усе былі затрыманыя і правялі тры гадзіны ў пастарунку.

27 сакавіка 2018-га каля 50 удзельнікаў ультраправых груп разграмілі выставу, прысвечаную інклюзіўнасці і правам меншасцяў, якая адбывалася ў рамках фестывалю Docudays. Маладзёны зрывалі і тапталі плакаты аб людзях з інваліднасцю, трансгендарах, цыганах і іншых сацыяльна ўразлівых групах. На наступны дзень у гэтым жа месцы адбылася дыскусія аб ультраправым гвалце, пасля якой прыхільнікі радыкальнага нацыяналізму напалі на журналіста выданняў 5.6.magazine і МіТЄЦ Іллю Раманенку. «Вялі акуратна, амаль да метро. Напалі са спіны, залілі твар перцам. Білі па нырках, без слоў. Галаву закрыў» — расказаў Раманенка журналістам.

8 сакавіка 2018-га ў Львове ўльтраправыя радыкалы напалі на жанчын, якія выйшлі на марш супраць гвалту і дыскрымінацыі. На зварот актывістак у паліцыю па тэлефоне ім адказалі: «Нічога не можам зрабіць». Адна з арганізатарак, Віталіна Каваль атрымала хімічны апёк вока — нападнікі аблілі яе фарбай. У сацсетках удзельнікі нацысцкай групы «Карпатска Січ», не хаваючы, хваліліся сваімі ўчынкамі, падпісаўшы фота ў сацсетках: «Адна з груп нацыяналістаў ды воінаў, што падчас усяго дню наводзіла лад на вуліцах роднага гораду ды давала выхаваўчыя ўрокі». «Мы паўсюль, таму ад нас не схавацца! Перамога будзе за намі!»

Увогуле, 8 сакавіка 2018 жаночыя акцыі былі атакаваныя ў 5 месцах па краіне.


29196737_10155717638623978_4417247097976258560_n.jpg


20 красавіка 2018 (між іншым — дзень народзінаў Гітлера) група неанацыстаў з групоўкі С14 разграміла лагер ромаў пад Кіевам. На відэазапісе бачна як група хлопцаў гоніць перад сабой групу дзяцей і жанчын і залівае газам з балонаў. Крыкі пацярпелых «Міліцыя!!!» не дапамаглі: праз некалькі дзён МУС заявіла, што спалілі... смецце, а не лагер цыган. Праўда, потым кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў усе ж прызнаў факт пагрому і заявіў, што па факце ўзбуджаная крымінальная справа. Усе, што зрабіла паліцыя з таго часу — дапытала аднаго з лідараў С14 і выслала позвы яго паплечнікам. Астатніх «не могуць знайсці».

Гэты не канчатковы спіс дазваляе казаць, што ідэалагічны гвалт мае сістэмны характар. І што больш важна — такі ж сістэмны характар мае беспакаранасць нападнікаў. Ні ў адным з выпадкаў яны не панеслі пакарання, а ў большасці нават не былі затрыманыя.

Пра гэтую сітуацыю і яе прычынах мы паразмаўлялі з украінскім журналістам, рэдактарам парталу «Палітычна Критіка» Сяргеям Мовчанам.

— Напады ультраправых на лекцыі і мерапрыемства былі ва Украіне заўсёды?

— За апошнія некалькі гадоў колькасць нападаў істотна вырасла. Гаворка ідзе пра фізічныя напады на актывістаў, зрыў лекцый, выстаў, іншых публічных мерапрыемстваў, блакаванне вулічных акцый. Больш за тое, нападам падвяргаюцца ўжо не толькі левыя актывісты, якія не маюць значнай вагі ў грамадстве, але і даволі мэйнстрымавыя івэнты. Напрыклад, з-за пагроз ультраправых была адмененая прэзентацыя кнігі «Майа і яе маці» на львоўскім форуме выдаўцоў. На ім жа была спроба сарваць прэзентацыю кнігі «Левая Еўропа». Таксама была спроба заблакаваць правядзенне дыскусіі на тэму ўльтраправага гвалту на галоўным фестывалі дакументальнага кіно «Docudays 2018».

Частка экспертаў звязвае павелічэнне колькасці нападаў з павелічэннем колькасці саміх акцый і мерапрыемстваў — гэта часткова так. Але я ацэньваю актыўнасць ультраправых як беспрэцэдэнтную. Бо колькасць акцый за грамадзянскія правы вырасла — а правесці публічную левую акцыю стала практычна немагчыма. Забеспячэнне бяспекі зараз — галоўнае пытанне любога мерапрыемства, калі ты сабраўся выказваць на ім ідэі, што ідуць упоперак нацыяналістычнаму дыскурсу.

— Ніводнага нападніка не тое што не асудзілі — звычайна іх нават не затрымліваюць і не шукаюць. З чым гэта звязана?

— У некаторых выпадках нападнікаў усё ж затрымліваюць, але звычайна выпускаюць ужо праз пару гадзін. Нярэдка забіраць іх з паліцыі прыязджаюць народныя дэпутаты, звязаныя з правымі. А напісанне заяваў у паліцыю нічога не дае: правыя маюць поўны «імунітэт», якімі б незаконнымі не былі іх дзеянні. Напрыклад, на традыцыйнай антыфашысцкай акцыі 19 студзеня (Дзень памяці Станіслава Маркелава і Анастасіі Бабуравай, застрэленых неанацыстам у Маскве ў 2009 годзе, — НЧ) прааахоўнікі ўвогуле затрымалі ўдзельнікаў акцыі. А калі яны выйшлі з пастарунку, іх ужо чакалі ўльтраправыя, якія, відавочна, мелі інфармацыю пра тое, дзе яны і калі іх выпусцяць.

Іншы выпадак калі на акцыі 8 сакавіка ў Кіеве ўльтраправыя спрабавалі адабраць ва ўдзельніц «правакацыйны» банер, паліцыя заняла іх бок і таксама ціснула на жанчын, патрабуючы звярнуць яго. А пасля акцыі адзін з паліцыянтаў проста вырваў яго з рук дзяўчыны і збег. Супраць арганізатаркі мітынгу была ўзбуджаная крымінальная справа за «абразу дзяржаўнай сімволікі», якая, да шчасця, развалілася ў судзе.

«Азоў» і ўсе яго структуры непасрэдна завязаныя на міністра МУС Арсена Авакава, а многія выхадцы з ультраправага руху занялі відныя пасады ў паліцыі і спецслужбах. Адзін з прыкладаў — «азовец» Вадзім Траян, які ў пэўны момант узначаліў управу паліцы ў Кіеўскай вобласці. Зараз ён — першы намеснік кіраўніка Нацпаліцыі. Альбо Юры Міхальчышын — сябра львоўскай партыі «Свабода», які на працягу ўсёй сваёй кар’еры змагаўся супраць лібералаў і антыфашыстаў. У 2014 годзе ён пайшоў працаваць у СБУ. Такім чынам, хоць у ультраправых і няма электаральнай падтрымкі, іх пазіцыі ўмацоўваюцца з кожным годам.

— Часам чуюцца галасы, што ў сілавыя структуры пранікла шмат прыхільнікаў ультраправых поглядаў і яны такім чынам «зводзяць рахункі» з ідэалагічнымі праціўнікамі. Таксама кажуць, што «Азоў» — нібыта асабістая гвардыя Авакава, з дапамогай якой ён вырашае свае бізнес-пытанні.

— Датычна сувязі «Азова» з Авакавым — гэта не тэорыя, а неаспрэчны факт. Полк «Азоў» — структура Нацыянальнай гвардыі Украіны, якая была створаная і аберагаецца Авакавым. У 2017 годзе адбылася спроба пашырыць іх правы, прадставіўшы паўнамоцтвы паліцыі, вайскоўцаў і «Беркута» адначасова. Праўда, пад ціскам грамадства законапраект не быў пастаўлены на галасаванне ў парламенце. Але сам кіраўнік партыі «Нацыянальны корпус» (палітычнае крыло «Азова») Андрэй Білецкі (у сваім асяроддзі меў мянушку «Белы Правадыр») трапіў у Вярхоўную раду ад партыі Авакава «Народны Фронт».

Таму вайсковы пераварот на чале з Авакавым і яго «прыватнай арміяй» — сцэнар, які перыядычна ўсплывае ў абмеркаваннях. Па чутках, магчымасць такога перавароту лічыцца уўкраінскімі вайскоўцамі пагрозай №2 пасля ўварвання расійскай арміі.

— Ці існуе сёння ва Украіне нейкі антыфашысцкі рух, які б мог нешта супрацьпаставіць неанацыстам?

— Шырокага руху амаль не існуе. Ва Украіне ёсць асобныя групы левых актывістаў і анархістаў, якія прытрымліваюцца антыфашысцкіх поглядаў. Яны займаюцца рознымі відамі актыўнасці, але гэты рух не адзіны і мала што можа супрацьпаставіць рэальнай пагрозе ў яе сучасных маштабах.

— Як на неанацысцкі гвалт рэагуе грамадзянская супольнасць?

— Наконт ліберальнай грамадскасці — большасць з іх адмаўляе існаванне праблемы з неанацыстамі ва Украіне. Калі кажаш аб гэтым, цябе хутка абвінавачваць у тым што ты паўтараеш расійскую прапаганду. Большасць з таго што робяць ультраправыя, СМІ стараюцца не заўважаць, альбо даюць ім слова калі яны, напрыклад, «ловяць сепаратыстаў». А калі не заўважыць немагчыма, то нярэдка даводзіцца чуць, што гэта не ўкраінскія нацыяналісты, гэта маскоўскія правакатары! Маскоўскі след знаходзіцца вокамгненна. Рост правага руху ігнаруюць нават тыя, хто называе сябе даследчыкамі ўльтраправых. Яны апелююць да іх нізкіх электаральны поспехаў і кажуць, што рух маргінальны і не з’яўляецца сур'ёзным гульцом. Хаця можна сказаць, што ў апошні час з'явіліся і тыя, хто кажа пра пагрозу — напрыклад, Amnesty International, якія нават выпусціла асобную заяву з асуджэннем ультраправага гвалту. Часам прачынаецца нехта з «лідараў меркаванняў» альбо блогераў і выдае пост: маўляў, «не вернай дарогай у Еўропу ідзем, таварышы». Але на нацыянальным узроўні гэтыя галасы не чуваць. Працэс легітымацыі ўльтранацыяналістычнага дыскурсу і яго актывістаў у краіне разгорнуты ва ўсю.


***


А вось галоўны рэдактар часопіса «Украінскі Тиждень» Дмітро Крапівенко мае адрознае меркаванне на гэты конт. Да таго ж, па яго словах, і левыя — не без граху:

— Правыя арганізацыі ва Украіне — гэта неад’емны элемент грамадзянскай супольнасці. Па-за кантэкстам такое сцвярджэнне можа падацца некалькі дзіўным, але гэта насамрэч так. Самыя вядомыя з іх — С14 і «Нацыянальныя дружыны» — маюць высокую папулярнасць сярод моладзі. Складана ахапіць усе сферы грамадскага жыцця, дзе не былі б бачныя гэтыя аб’яднанні: ад ужо звыклага для іх ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі да пытанняў праваабароны (актывісты С14 стварылі даволі актыўную і эфектыўную структуру «Нацыянальны цэнтр праваабароны», які займаецца маніторынгам стану месцаў пазбаўлення волі) і аховы прыроды (актывісты «Нацдружын» часцяком праводзяць акцыі наўпроставага дзеяння супраць жорсткага абыходжання з жывёламі).

Дзейнасць правых актывістаў вядзецца не на дзяржаўныя грошы, хоць тыя задачы, якія яны выконваюць, з’яўляюцца наўпроставай справай уладаў: рэабілітацыя ўдзельнікаў АТО-ААС, прапаганда спорту і здаровага ладу жыцця, выкрыццё асобаў, чый удзел у незаконных узброеных фармаваннях не выклікае ніякіх сумневаў. Варта ўзгадаць два нядаўніх выпадкі: затрыманне баевіка «ЛНР» бразільскага паходжання Рафаэля Лусваргі (ён не быў абмяняны ў снежні на ўкраінскіх палонных, і нягледзячы на цяжкія абвінавачванні, апынуўся на волі — у адным з манастыроў УПЦ МП) і паўторнае зняволенне Юрыя Крысіна, абвінавачанага ў арганізацыі банд «цітушак» падчас Майдана. У абодвух выпадках толькі дзеянні правых актывістаў змаглі прымусіць уладу ўзяць пад варту асоб, абвінавачаных у цяжкіх і рэзанансных злачынствах. Правыя актывісты — гэта і дружыннікі, і «важатыя» для падрастаючага пакалення, і лідары ветэранскіх арганізацый, і адны з найбольш матываваных байцоў на фронце. Гэткае «дабро з кулакамі».

Казаць пра тое, што ўкраінская ўлада зліваецца з ультраправымі, на маю думку, азначае падыгрываць расійскай прапагандзе. Калі правыя пераходзяць устаноўленыя ў краіне правілы гульні, дзяржава нагадвае пра сябе адразу ж. Напрыклад, у справе выбуху гранаты пад будынкам Вярхоўнай Рады ў жніўні 2015-га не было ніякіх патуранняў: інцыдэнт кваліфікаваны як тэракт, на першым этапе расследавання за кратамі апынуліся высокія асобы з партыі «Свабода». У сакавіку гэтага года паліцыя праводзіла следчыя дзеянні на базе «Азова» (полк афіцыйна ў складзе МВС) — адбылося даволі жорсткае супрацьстаянне. Па кожным факце нападу на ромаў паліцыя вядзе расследаванне — сцвярджаць, што гэтыя інцыдэнты засталіся незаўважанымі, несправядліва.

Такія выпадкі ставяць пад вялікі сумнеў распаўсюджанае меркаванне, што ўльтраправыя арганізацыі ёсць марыянетачнымі праектамі міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. Улада трымае немалую дыстанцыю ад радыкалаў, і калі і спрабуе іх «прыручыць», то беспаспяхова. Варта гэтак жа адзначыць, што пры ўсёй рэвалюцыйнасці ідэалогіі і рыторыкі правыя не лічаць неабходнай неадкладную арганізацыю «трэцяга Майдана», ліквідацыю ўлады любым коштам — лідары гэтых структур усведамляюць, што любая сур'ёзная палітычная дэстабілізацыя ў краіне можа абярнуцца паразай у вайне. Таму акцыі правых носяць хоць і масавы, але пераважна мірны характар. Чаго не скажаш, напрыклад, пра палітычных авантурыстаў кшталту Міхаіла Саакашвілі і яго паплечнікаў.

Безумоўна, як і ва ўсёй Еўропе, украінскія правыя канфліктуюць з леваліберальнымі арганізацыямі. Апошнія, таксама адзначу, вядуць ва Украіне вельмі спецыфічную дзейнасць. Акцэнтаванне на праблемах ЛГБТ, гендэрным правапісе, «сэксуальнай адукацыі» кажа пра тое, што ўкраінскія левалібералы больш імкнуцца адпавядаць парадку дня сваіх еўрапейскіх калег (і грантадаўцаў, адпаведна). Што ў цэлым, канешне, не апраўдвае агрэсіі правых да сваіх палітычных апанентаў. Але…

Асобнай увагі вартая «антыфашысцкая» дзейнасць левых. Збор інфармацыі пра сімволіку і маніторынг выказванняў правых лідараў — гэта толькі частка іх барацьбы. Нярэдкімі становяцца напады на ветэранаў АТО нібыта за іх прыналежнасць да правых арганізацый. Паказальная, напрыклад, атака на Антона Вербіча — удзельніка бітвы за Данецкі аэрапорт, якога левыя актывісты вырашылі «пакараць як бандэраўца». З ліку нападнікаў затрыманая толькі адна 25-гадовая «антыфашыстка», многім яе змоўшчыкам (у тым ліку грамадзянам Расіі) удалося пакінуць краіну.

Грамадскія працэсы, якія адбываюцца цяпер ва Украіне, даволі складаныя. Слабасць некаторых дзяржаўных інстытуцый дае занадта шырокае поле для дзейнасці грамадзянскай супольнасці, але казаць пра паглынанне дзяржавы нейкімі «паралельнымі структурамі» больш чым заўчасна.