Уладзімір Пастухоў: Мірны транзіт улады ў Расіі нерэальны

Жорсткая праўда пра Расію будучыні, але трэба навучыцца глядзець ёй у твар: няма такога гвалту, на які цяперашні пануючы ў Расіі рэжым не адважыўся б пайсці. Палітолаг і гісторык Уладзімір Пастухоў —  пра гістарычныя перспектывы Расіі.

1the_collapse_of_russia.png

Я думаю, што прыгожынскі мяцеж меў і будзе мець сур'ёзныя наступствы не толькі для расійскага рэжыму, але і для яго апанентаў, у тым ліку для ліберальнай рускай інтэлігенцыі: перад ёй паўстаў шэраг пытанняў, адказваць на якія ўнікліва будзе цяпер значна складаней.

Натуральная і ў цэлым высокагуманная спрадвечная мара рускай ліберальнай інтэлігенцыі аб мірным транзіце ўлады сама па сабе нікому не шкодзіць. Марыць наогул няшкодна. Аднак, змешчаная ў кантэкст рэальнай палітычнай барацьбы, яна становіцца важным інструментам апалогіі рэжыму і дэматывацыі грамадзянскай супольнасці.

Мірны транзіт улады, на жаль, магчымы на практыцы роўна да таго часу і роўна ў той ступені, у якой адзін з бакоў палітычнага супрацьстаяння можа разлічваць на тое, што здача ім уладных пазіцый без жорсткага ўзброенага супраціву можа быць кампенсавана рэальнымі гарантыямі захавання свабоды, уласнасці ці хаця б жыцця. На жаль, у абставінах, калі бок, які здае цалкам або часткова свае ўладныя пазіцыі, з'яўляецца агрэсарам, што развязаў поўнамаштабную вайну, якая вядзецца тэрарыстычнымі метадамі, такія гарантыі не могуць быць прадастаўлены, а нават калі і будуць прадастаўлены, то не будуць выкананы. І цяперашняя ўлада гэта выдатна ўсведамляе.

Як следства, для рэжыму Пуціна мірны, гэта значыць кампрамісны зыход супрацьстаяння з грамадзянскай супольнасцю з'яўляецца ўтопіяй.

Глядзіце таксама

Перафразуючы Маркса, можна сказаць, што няма такога гвалту, на які рэжым Пуціна — як да, так і пасля яго сыходу з улады (што, хутчэй за ўсё, будзе спалучана з сыходам з жыцця) — не гатовы будзе пайсці дзеля самазахавання. Прыгожынскі мяцеж у гэтым сэнсе з'яўляецца проста нагляднай ілюстрацыяй таго, на што гэтыя людзі здольны пайсці тады, калі гаворка заходзіць пра іх асабісты дабрабыт (таму што відавочна: непасрэднай прычынай бунту была барацьба за бюджэтныя патокі). Цяжка нават уявіць, на што яны гатовы будуць пайсці, калі гаворка зойдзе пра іх калектыўнае выжыванне.

У сітуацыі, якая склалася, ліберальная інтэлігенцыя са сваёй марай аб мірным транзіце бяжыць наперадзе паравоза, у топцы якога спальваюцца мегатоны гвалту.

І справа нават не ў тым, што паравоз пераедзе гэту мару, нават не заўважыўшы яе на сваім шляху, а ў тым, што гэта мара перашкаджае выйсці на рэйкі і паралізуе волю да супраціву ў тых, хто мог бы паспрабаваць спыніць гэты паравоз.

Для гэтага рэжыму не існуе негвалтоўных шляхоў канверсіі. Ён адсек іх у момант, калі сарваўся ў вайну з Украінай. З гэтага пункту кампрамісныя стратэгіі выхаду з крызісу абнуліліся.

Гэта жорсткая праўда пра Расію будучыні, але трэба навучыцца глядзець ёй у твар. 

Глядзіце таксама

Гвалтоўны пераварот непазбежны, і таму рускай ліберальнай інтэлігенцыі давядзецца вызначацца са сваім стаўленнем да яго.

Але гэта толькі палова праўды пра Расію будучыні. Хутчэй за ўсё, гэта пераварот чорных супраць шэрых.

Самая вялікая памылка, якую можа дапусціць расійская дэмакратычная апазіцыя ў гэтай сітуацыі — стаць на бок шэрых, бо яны лепшыя, чым чорныя.

На жаль, трэба прызвычаіцца да думкі пра тое, што горш за цяперашніх шэрых не можа быць нічога, а лозунг пра паражэнне рэжыму ў вайне як адзіную магчымасць — гэта адзіная практычная формула выратавання Расіі, якая працуе нават у тым выпадку, калі гэта вайна стане грамадзянскай.

Усё разумнае, добрае і вечнае яшчэ абавязкова стане актуальным у Расіі, але толькі ў шэсць гадзін вечара пасля вайны.