«Усходняе партнёрства»: дамовы на будучыню
Супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім саюзам пакуль адбываецца на ўзроўні перамоў, кансультацый і вырашэння арганізацыйных пытанняў.
Супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім саюзам пакуль адбываецца на ўзроўні перамоў, кансультацый і вырашэння арганізацыйных пытанняў.
Трэці сектар Беларусі на Форуме грамадзянскай супольнасці, першы этап якога адбудзецца 16–17 лістапада ў Бруселі, павінны прадстаўляць 27 грамадскіх арганізацый Беларусі. Мяркуецца, што гэта
будуць як прадзяржаўныя, так і незалежныя НДА. Агулам у форуме прымуць удзел 220 НДА з шасці краін-чальцоў праграмы «Усходняе партнёрства» — Азербайджана, Арменіі,
Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Большасць НДА — 141 — будзе з краін-удзельніц праграмы «Усходняга партнёрства», астатнія 79 — з краін-сябраў ЕС,
міжнародных арганізацый і трэціх краін. На гэтым форуме грамадзянская супольнасць будзе прадстаўлена грамадскімі арганізацыямі, прафсаюзамі, аб’яднаннямі працадаўцаў, аналітычнымі цэнтрамі і
некамерцыйнымі фондамі. Сферы іх дзейнасці так ці інакш звязаны з чатырма платформамі новай палітыкі Еўропы: дэмакратычным кіраваннем, эканамічнай інтэграцыяй, навакольным асяроддзем і энергетычнай
бяспекай, а таксама ў сферы кантактаў паміж людзьмі.
Праграма «Усходняе партнёрства» ад пачатку прадугледжвала шырокі ўдзел у ёй грамадзянскай супольнасці як інструмента, які павінен кантраляваць дзяржаўную ўладу і мусіць узмацняць
давер грамадства да органаў дзяржаўнага кіравання. Аднак афіцыйны Мінск імкнецца да манапалізацыі стасункаў з ЕС, а працэс напаўнення праграмы «Усходняе партнёрства» адбываецца ў
прыхаваным рэжыме. Таму задача Форума грамадзянскай супольнасці — у тым ліку і ўцягнуць у працэс прыняцця рашэнняў і іх абмеркавання трэці сектар і апазіцыю.
Што тычыцца непасрэдна кантактаў з інстытутамі ўлады, то сярод апошніх навін — завяршэнне фармавання працоўнай групы па стварэнні канцэпцыі «Еўранэст» —
парламенцкай структуры праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства». Група была арганізавана 21 кастрычніка ў Стакгольме на сустрэчы старшыняў міжнародных камісій парламентаў
краін-удзельніц «Усходняга партнёрства», дэпутатаў Еўрапарламента і краін Еўрасаюза. Пачатак працы сходу плануецца на восень гэтага года. У «Еўранэст» увойдуць 60
дэпутатаў Еўрапарламента і 60 дэпутатаў з краін-сябраў «Усходняга партнёрства» (па 10 прадстаўнікоў ад кожнай краіны). Канцэпцыю «Еўранэст» плануецца распрацаваць
на працягу паўгода.
З бюджэту праграмы 2007–2010 гадоў у 600 мільёнаў еўра для беларускіх праектаў пакуль што вылучана толькі 20 мільёнаў. Але ўжо плануецца падвышэнне выдаткаў на 75 працэнтаў. Галоўнае ж,
адкрываецца шлях да супрацоўніцтва з краінамі ЕС, а значыць, да новых праектаў, да інвестыцый. Іх рэалізацыя залежыць ад хуткасці, з якой будзе запушчана ў дзеянне праграма «Усходняе
партнёрства».
Грошы Еўрасаюза будуць выкарыстоўвацца для рэалізацыі плана рэфармавання праграмы «Усходняе партнёрства» праз выкананне праграм Комплекснага развіцця інстытуцыянальнага патэнцыялу,
а таксама праз забеспячэнне абсталяваннем і стварэння спецыялізаванай інфраструктуры. Таксама за кошт павелічэння рэсурсаў будзе падтрымлівацца праца платформ, атрымаюць падтрымку ключавыя
ініцыятывы. У выніку гэтыя сродкі будуць выкарыстаны для падтрымкі партнёраў у працэсе фармавання іх рэгіянальнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне стабільнасці шляхам садзейнічання ўнутранай
аб’яднанасці і скарачэння сацыяльна-эканамічнай няроўнасці.
Адным з найбольш актуальных пунктаў супрацоўніцтва з ЕС для Беларусі, прынамсі яе грамадзян, з’яўляецца змяншэнне кошту на візы ды спрашчэнне візавага рэжыму. Прычым у гэтым пытанні
памкненні як уладаў, так і апазіцыі супадаюць. Аднак яго вырашэнне краіны ЕС разглядаюць у суадносінах з крокамі Беларусі па шляху лібералізацыі. Падчас апошняга візіту ў Брусель міністр замежных
спраў Беларусі Сяргей Мартынаў меў сустрэчу з намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі — камісарам па пытаннях правасуддзя, свабодаў і бяспекі Жакам Барро. Бакі закранулі шырокі круг
пытанняў, датычных спрашчэння візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю, умацавання межаў і барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Былі пазітыўна адзначаныя высілкі Беларусі па процідзеянні арганізаванай
злачыннасці, гандлю людзьмі і па іншых агульных выкліках. Па выніках размовы была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні рабочых кансультацый паміж кампетэнтнымі беларускімі ведамствамі і службамі
Еўракамісіі па тэме візавага рэжыму.
Не сакрэт, што афіцыйны Мінск зацікаўлены і ў фінансавых уліваннях. Пакуль што размова ідзе пра мінімальныя сумы. Пасля сустрэчы кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з камісарам ЕС па
эканамічных і фінансавых пытаннях Хаакінам Альмунія было заяўлена, што ЕС працуе над пытаннем аказання Беларусі макрафінансавай дапамогі. Пытанне пра памер сумы Еўракамісія будзе вырашаць некалькі
месяцаў, паведамляе БелаПАН. Дапамога Беларусі, якую прапануе Еўракамісія, павінна быць ухвалена Еўрапарламентам і Саветам ЕС.
Пакуль можна сцвярджаць, што ўсе названыя вышэй дамоўленасці маюць папярэдні характар. У лістападзе ў Бруселі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза ацэняць, ці ёсць прагрэс у Беларусі ў сферы
выканання правоў і свабодаў чалавека. Калі іх высновы будуць мець станоўчы характар (а пра тое гаворыць зацікаўленасць ЕС ва ўцягненні Беларусі ў сваю сферу ўплыву), можна будзе чакаць рэалізацыі
канкрэтных праектаў і задач.