Вайна — справа дарагая
Хуткім часам беларускае войска чакае чарговае «ператрахванне». Прынамсі, пра гэта папярэдзіў Лукашэнка. Шматпакутная беларуская армія можа гэтага не вытрымаць. І наўрад ці гэта вытрымае беларускі бюджэт.
Наведваючы 61-ю знішчальную авіябазу Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, кіраўнік дзяржавы пракантраляваў падрыхтоўку дзяжурных самалётаў да вылету. Але пры гэтым, як звычайна, абмеркаваў і папутныя пытанні. Абмяркоўвалася, напрыклад, колькаснае аснашчэнне беларускай арміі: колькі, зыходзячы з сучасных умоў, павінна быць сістэм СПА, бронетэхнікі, самалётаў, верталётаў. «Сёння мы вызначаліся, колькі павінна быць ваенных гарадкоў (сёння іх каля 250), колькі павінна быць такіх баз, як гэтая. Мы ў палявых умовах паспрабавалі кінуць погляд на нашу армі, і якой яна павінна быць заўтра, які кошт пытання», — паведаміў Лукашэнка.
Калі рабіць высновы з усяго, сказанага правадыром, падаецца, што беларускае войска павінна разлічваць на ўласныя сілы. Беларусь, можа мадэрнізаваць тэхніку, з гэтым ніхто не спрачаецца. А таму, паводле прэзідэнта, трэба мадэрнізаваць старыя Су–27, якія ўжо гады два як выведзеныя са складу беларускай арміі.
А зараз паглядзім, ці спраўдзіцца мара Аляксандра Рыгоравіча? Шмат хто з аналітыкаў кажа, што не. Таму што гэтага не дазваляюць фінансавыя магчымасці краіны.
Вайна і войска — справа нятанная. Але ў нас зараз нестае грошай на самае неабходнае, не тое, што на войска. Ваенны бюджэт краіны на 2013 год склаў 684,4 мільёна долараў. У такіх прапорцыях Беларусь выдаткоўвае сродкі на сваю нацыянальную абарону апошнія 10 гадоў. Бюджэт арміі не дасягае мільярда долараў, нават нягледзячы на тое, што ў параўнанні з мінулым годам ён вырас на 15%.
Для параўнання: на судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі ў бюджэце–2013 было закладзена 1215,9 мільёна долараў. То бок, на міліцыю і суды мы трацім удвая больш, чым на армію.
Між тым, нармальным лічыцца фінансаванне войска ў памеры 2% ад ВУП. Так робіцца ў нашых суседзяў — прынамсі, гэта стандарт NАТO, які тычыцца Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. У пакуль не NАТOўскай Украіне — таксама 2% ВУП. У Расіі паказчык фінансавання войска ўвогуле вышэйшы — каля 3% ВУП. ВУП Беларусі ў 2012 годзе склаў 63,27 мільярда долараў, то бок на войска ідзе крыху больш 1% ВУП.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўсёды падкрэслівае: калі народ не можа карміць сваё войска, ён будзе карміць чужое. І, як бы паміж справаю, усё думае і думае над працэсамі «аптымізацыі» і скарачэння арміі. Хаця, па меркаванні вайскоўцаў, скарачаць нам ужо няма чаго.
Дарэчы, шмат хто бачыць праблему ў тым, што беларускае войска таксама «падсаджана» на залежнасць ад Расіі. Менавіта ад яе залежыць, даваць ці не даваць нам новую тэхніку, пастаўляць ці не пастаўляць нам тыя ж комплексы супрацьпаветранай абароны. Ужо колькі год беларускія вайскоўцы і сам Лукашэнка персанальна ўпрошваюць нашага бліжэйшага хаўрусніка прадаць нам сучасныя комплексы С–400. Але Расія пакуль пагаджаецца толькі на пастаўку С–300, і тое на «экспартны» варыянт. То бок значна «абрэзаны» ў параўнанні з тым, што знаходзіцца на ўзбраенні ў Расіі.
Але Бог з імі, з грашыма. Калі спатрэбіцца, грошы і на войска знойдуцца. Знаходзім жа мы грошы на новыя рэзідэнцыі, на новыя лядовыя пляцоўкі, на штогадовыя «Дажынкі» і на іншыя нятанныя забаўкі. Значна большую небяспеку для войска ўяўляе маральны стан беларускага грамадства і найперш моладзі, якая павінна ў войску служыць.
І гэта не прыказкі кшталту: «Вось моладзь пайшла!». Як адзначае генерал Валер Фралоў, сённяшняй моладзі войска проста нецікавае. З-за таго, што кар’еру там робяць не тыя, хто абараняе радзіму, а тыя, хто, па словах кіраўніка дзяржавы, «плявузгае языкамі». «Паглядзіце на набор у Ваенную акадэмію. Конкурс на спецыяльнасць «ідэалагічная праца ў падраздзяленнях Узброеных Сіл» аказаўся сёлета самым высокім — 2,87 чалавека на месца, пры сярэднім конкурсе 1,7. Гэта значыць, будучыя афіцэры ідуць языком балбатаць, а не Радзіму абараняць», — адзначае генерал.
Па падліках ваеннага аналітыка, кіраўніка праекта Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава, кадравы некамплект у шэрагу вайсковых частак дасягае 20%. Найбольшую ж трывогу ў яго выклікае тое, што пасля заканчэння першага пяцігадовага кантракту маладыя афіцэры, ужо здольныя самастойна выконваць пастаўленыя задачы, часцяком сыходзяць з ваеннай службы. Па асобных спецыяльнасцях такіх аказваецца да 25%, а ў некаторых частках — 60%.
Дый палкоўнік Мікалай Петрушэнка, аналізуючы прызыў у войска, адзначыў, што на 1000 прызваных — 250 толькі выяўленых «укланістаў». Гэта значыць, што кожны чацверты салдат — патэнцыяльны дэзерцір.
Так што справа не толькі ў тым, каб закупіць абсталяванне ці мадэрнізаваць ўжо існуючую тэхніку. З гэтым мы разбярэмся — добра ці кепска. А вось хто будзе гэтую тэхніку абслугоўваць і на ёй ваяваць? Тыя самыя «ўкланісты»?
І гэтая праблема не вырашаецца ніякімі «агульнавайсковымі» сродкамі. Для таго, каб малады чалавек меў жаданне абараняць сваю Радзіму, трэба перш за ўсё стварыць такія ўмовы, каб яму было чаго абараняць. Трэба, каб у яго былі тут перспектывы, каб ён, прынамсі, меў планы ў далейшым у гэтай краіне жыць і працаваць. А калі, па падліках сацыёлагаў, 70% беларускай моладзі мараць пра тое, каб пакінуць Беларусь і шукаць шчасця на чужыне — хто ж будзе абараняць такую краіну?
Можна, канешне, у чарговы раз панаракаць, што традыцыйна не справіўся з пастаўленай задачай БРСМ — не забяспечыў патрыятычнае выхаванне моладзі. Але ці толькі ў БРСМ справа?
Патрыятызм залежыць не толькі ад «прамывання мозгу» — гэта ўяўна паказваюць шматлікія прыгожыя і крэатыўныя, але тым не менш не дасягаючыя сваёй мэты рэкламныя ролікі беларускага войска. Патрыятызм залежыць ад таго, наколькі людзям камфортна і перспектыўна жыць у краіне. А камфорт і перспектыўнасць залежаць ад ступені эканамічных і палітычных свабодаў. Вось з гэтым у нас «напружана», а не з колькасцю танкаў і самалётаў.