Вам хочацца шматпалярнасцяў? Іх ёсць у мяне

Беларускія ўлады шмат гадоў выступалі за «шматпалярны свет». У выніку іх усё ж такі пачулі: прэзідэнт ЗША Джо Байдэн агучыў экзістэнцыйныя выклікі ўсяму заходняму свету. І, падобна, такая «шматпалярнасць» тым самым беларускім уладам не спадабаецца.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Палітычныя эліты Саюзнай дзяржавы будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі шматпалярны свет. На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў будаўнічыя работы вяліся з аднаго боку, што і не дазваляла завяршыць намечаны праект у тэрмін.

А што было да таго, як пабудавалі? А да таго была надзея на канец гісторыі, надзея на дасягненне пэўнага ўніверсальнага ідэалу. Яна сфарміравалася ў галовах заходніх інтэлектуалаў у канцы 1990-х гадоў пасля знікнення з палітычнай карты сацыялістычнага полюса.

Але калі з краінамі Усходняй Еўропы праблемаў не ўзнікла, то для большасці постсавецкіх рэспублік не па Саўку была дэмакратычная шапка — не па рэпачцы націнка, не па дзевачцы дзяцінка.

Пры ўсёй нацыянальнай своеасаблівасці, генезіс палітычных рэжымаў аказаўся да здзіўлення падобным. Па выніках Перабудовы, якая прайшла пад лозунгам «Уся ўлада Саветам!», уладу, якая выпала з рук партыйных бонзаў, падабралі Вярхоўныя Саветы рэспублік, якія пераабуліся ў парламенты.

Аднак, як справядліва заўважыў палітолаг Дзмітрый Фурман, «з гэтымі парламентамі, якія прадстаўляюць сабой анархічную, бурную масу, трэба было нешта рабіць». Адзіным суб'ектам, здольным пакласці канец анархіі, з пункту гледжання «чалавека савецкага», аказаліся свежыя прэзідэнты.

Канфлікты паміж прэзідэнтамі і парламентамі, як і іх вырашэнне на карысць прэзідэнтаў, былі абумоўленыя самой прыродай «чалавека савецкага». «І гэта зразумела, таму што прэзідэнт і ёсць тыя самыя ўлада і парадак, якія хочуць людзі», — тлумачыў у 2005 годзе Дзмітрый Фурман.

Тое, што адбылося далей, ні ў «чалавека савецкага», ні ў яго постсавецкіх нашчадкаў здзіўлення не выклікала. Пераважная большасць усенародна абраных на першых прэзідэнцкіх выбарах захацелі заставацца на пасадах галоўных слуг народа пажыццёва, што і прывяло да досыць хуткага спаўзання палітычных рэжымаў у аўтарытарызм, а ў крыху пазней — і ў неататалітарызм.

Канчатковым вынікам гэтага і стала аднаўленне страчанага ў 1990-я гады геапалітычнага полюса.

Жэрабя кінутае, Рубікон пяройдзены

Чуллівы Захад доўга адмаўляўся прызнаваць новую геапалітычную рэальнасць. Ні «Крымнаш» у 2014 годзе, ні пачатак СВА — так званай Спецыяльнай ваеннай аперацыі — у лютым 2022 года не прымусілі яго кардынальна перагледзець свае погляды. Захад падтрымліваў Украіну хутчэй па інерцыі — і разглядаў чарговую «спрэчку славян паміж сабою» ў якасці лакальнага канфлікту, а не экзістэнцыяльнага выкліку ўсяму заходняму свету.

Але кропля здольная падтачыць нават камень, а колькасць пераходзіць у новую якасць. Ролю такой кроплі ў сучаснай гісторыі адыграла атака баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 20 кастрычніка выступіў са зваротам да амерыканцаў. Далей, хай даруюць мне чытачы, ідзе падборка цытат.

«Мы перажываем пераломны момант у гісторыі — адзін з тых момантаў, калі рашэнні, якія мы прымаем сёння, будуць вызначаць будучыню на дзесяцігоддзі наперад».

«Тэрарыстычная група ХАМАС вызваліла ў свеце чыстае, непадробнае зло. Але, на жаль, габрэйскі народ ведае — магчыма, лепш, чым хто-небудзь іншы, —што няма мяжы разбэшчанасці людзей, калі яны хочуць прынесці боль іншым».

«ХАМАС і Пуцін уяўляюць розныя пагрозы, але іх аб'ядноўвае адно: яны абодва хочуць цалкам знішчыць суседнюю дэмакратыю — цалкам знішчыць яе».

«ХАМАС, яго заяўленая мэта існавання — разбурэнне Дзяржавы Ізраіль і забойства яўрэйскага народа».

«Між тым Пуцін адмаўляе, што Украіна мае ці калі-небудзь мела сапраўдную дзяржаўнасць. Ён сцвярджае, што Савецкі Саюз стварыў Украіну. І ўсяго два тыдні таму ён заявіў свету, што калі Злучаныя Штаты і нашы саюзнікі адмовяцца ад ваеннай падтрымкі Украіны, то ёй застанецца, цытую, «тыдзень жыць». Але мы не адступаем».

«Я ведаю, што гэтыя канфлікты могуць здацца вельмі далёкімі. І натуральна задацца пытаннем: чаму гэта важна для Амерыкі?»

«Такім чынам, дазвольце мне расказаць вам, чаму забеспячэнне поспеху Ізраіля і Украіны жыццёва важна для нацыянальнай бяспекі Амерыкі. Ведаеце, гісторыя навучыла нас, што калі тэрарысты не плацяць цану за свой тэрор, калі дыктатары не плацяць цану за сваю агрэсію, яны выклікаюць яшчэ большы хаос, смерць і разбурэнні. Яны працягваюцца, а цана і пагрозы для Амерыкі і свету працягваюць расці».

«Такім чынам, калі мы не спынім імкненне Пуціна да ўлады і кантролю над Украінай, ён не абмяжуецца толькі Украінай. Ён, Пуцін, ужо прыгразіў “нагадаць” — цытую: “Нагадаць Польшчы, што іх заходняя зямля была падарункам ад Расіі”».

«І калі мы сыдзем і дазволім Пуціну пазбавіць Украіну незалежнасці, патэнцыйныя агрэсары ва ўсім свеце атрымаюць смеласць паспрабаваць зрабіць тое ж самае. Рызыка канфлікту і хаосу можа распаўсюдзіцца і на іншыя часткі свету — у Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, на Блізкі Усход — асабліва на Блізкі Усход».

Калі б на маім месцы быў Юлій Цэзар, ён бы ўсклікнуў: «Alea jacta est, Rubiconem transire» («Жэрабя кінутае, Рубікон пяройдзены»).

Пераспелая патрэба

Можна доўга пералічваць адрозненні паміж полюсамі, якія зноў сфарміраваліся. Але абмяжуюся адным з дапамогай Міжнароднай арганізацыі World Justice Project (WJP), якая апублікавала ў кастрычніку штогадовы рэйтынг вяршэнства права. Расія ў ім за апошні год апусцілася на шэсць пазіцый і цяпер займае 113-е месца (з 142-х краін), паміж Мадагаскарам і Ліберыяй. У РФ самы нізкі рэйтынг сярод былых рэспублік СССР. Беларусь — на 104-м месцы паміж Кыргызстанам і Замбіяй.

Эксперты WJP фіксуюць зніжэнне ўзроўню вяршэнства права ў большасці краін шосты год запар. Асноўныя негатыўныя тэндэнцыі, якія вядуць да паслаблення вяршэнства права, — гэта рост аўтарытарызму і слабыя сістэмы правасуддзя. Паводле ацэнак WJP, больш за 6 мільярдаў чалавек, або 76% насельніцтва планеты, жывуць у краінах, дзе за апошні год вяршэнства права стала слабейшым.

Кепскі прыклад прываблівы, і калі «хаос, смерць і разбурэнне» (глядзі цытату Байдэна) здольныя распаўсюджвацца ў рэжыме аўтакаталіза, то для процідзеяння гэтай тройцы патрабуюцца мэтанакіраваныя, скаардынаваныя намаганні.

Пералому набіраючай абароты аўтарытарнай тэндэнцыі і прысвечана прамова амерыканскага прэзідэнта. Патрэба ў шматпалярным свеце, у якім будзе выразна вылучаны заходні полюс, не проста саспела, яна пераспела.

Спадзяюся, словы Джо Байдэна не разыдуцца са справай.