Вольга Абрамава: Пазіцыя ўладаў адносна смяротнага пакарання неразумная і ўпёртая
Што насамрэч перашкаджае ўмацаванню іміджа Беларусі? Ці спрацавалі міжнародныя санкцыі ў дачыненні да нашай краіны? Што для Беларусі смяротнае пакаранне? Пра гэта разважае палітолаг, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканняў Вольга Абрамава.
Да нядаўняга часу міжнародныя парламенцкія структуры ігнаравалі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, бо не лічылі ўтвораны пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года парламент легітымнай структураю. І вось цяпер карціна мяняецца. У Мінску пройдзе сесія ПА АБСЕ, пра зняццё табу на супрацу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў заявіў нават германскі бундэстаг. З чым гэта звязана? Як мяркуе Вольга Абрамава, зараз адбываюцца дэманстратыўныя змены ў стаўленні да Беларусі.
— У невідочным плане на ўзроўні прыняцця пракламуемых рашэнняў камунікацыі з Палатай прадстаўнікоў адбываліся пастаянна. У тым ліку і з асобнымі дэпутатамі, якія мелі рэпутацыю дэмакратычна арыентаваных. Нават у той час, калі беларускі парламент стаў звацца Нацыянальным сходам, ён ніколі не быў напоўніцу выключаны з сістэмы міжнародных зносінаў, — падкрэслівае суразмоўца. — Дастаткова шмат было закулісных стасункаў альбо стасункаў на індывідуальным узроўні, і гэтыя стасункі давалі пэўныя вынікі.
Пустое крэсла
Да прыкладу, працягвае палітолаг, гэта тычыцца стасункаў з ПА АБСЕ. Калі Вольга Абрамава была абрана ў Палату прадстаўнікоў 2-га склікання, як і Уладзімір Навасяд, па просьбе парламента яны бралі ўдзел у паездцы ў Вену, з якой яны прывезлі так званае “пустоге крэсла”.
— Гэта было ўпершыню. Мы абое былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Мы чатыры гады былі ў групе апазіцыйных дэпутатаў, якія ў сваёй большасці (я асабіста каля трох месяцаў) выступалі за неабходнасць санкцыяў. А вось калі мы сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, мы паехалі ў Вену, дзе правялі каласальную колькасць сустрэчаў. Калі пайшла гаворка пра тое, хто зойме крэсла, дагэтуль займанае дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання (а прадстаўнік ЗША заявіў, што хацеў бы бачыць на гэтым месцы менавіта дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання), то адна з удзельніц ад расійскага боку сказала — дык вось яны, Абрамава і Навасяд, дэпутаты менавіта таго Вярхоўнага Савета. Пры ўсёй колькасці сустрэчаў было прынята ўсё ж радыкальнае рашэнне, і мы прывезлі “пустое крэсла”, пасля чаго “вакансія” была запоўнена ўжо зусім іншым чынам, — узгадвае экс-парламентар.
Няправільнае рашэнне
Увогуле, працягвае Вольга Абрамава, тое, што ўсе гэтыя гады Беларусь была выключана са знешнепалітычных стасункаў, з’яўлялася няправільным рашэннем.
— Як бы тое не было, але для нашае краіны гэта было стратнае рашэнне. Палітыка санкцыяў неэфектыўная альбо малаэфектыўная ў дачыненні да такой краіны, як Беларусь. Я шмат разважала і прыйшла да высновы, што такая палітыка вядзе перад усім да большай кансалідацыі насельніцтва вакол лідара, вакол улады. Гэта самае першае наступства. Не трэба было выключаць Беларусь з сістэмы міжнародных дачыненняў, трэба было знайсці іншыя механізмы ўдзеяння, якія дазвалялі б пакінуць Беларусь у арбіце міжнародных сувязяў, найперш з адукацыйнымі мэтамі, — упэўнена палітолаг. — Таму я магу толькі вітаць любыя варыянты ўцягвання Беларусі ў сістэму еўрапейскіх стасункаў.
Неабходны мараторый на смяротнае пакаранне
А што рабіць з Саветам Еўропы і Парламенцкай Асамблеяй СЕ (ПАСЕ), у якой Беларусь нават не мае статуса спецыяльна запрошанай?
— Пакуль мы не ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне, пра што можа ісці гаворка датычна Савета Еўропы?! Гэта абсалютна дурніцкая, упёртая і неразумная пазіцыя беларускага кіраўніцтва ў гэтым пытанні. Я, дарэчы, публічна выступіла ўпершыню па гэтай праблеме з трыбуны парламента ў 2001 годзе на слуханнях па знешняй палітыцы. Я сказала, што нам тэрмінова трэба ўводзіць гэты мараторый. Мяне падтрымаў яшчэ дэпутат Нарэйка, і было прынята рашэнне аб запрашэнні дэпутатаў ПАСЕ і правядзенні парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні, — нагадвае Вольга Абрамава. — І гэтыя слуханні прайшлі нават у пашыраным фармаце з удзелам многіх спецыялістаў. І што далей? А нічога. Нават журналісты сёння не памятаюць, што адбылося такое магутнае мерапрыемства. Дарэчы, шмат юрыстаў, у тым ліку і статусных, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, далучыліся да пункту гледжання, што мараторый уводзіць неабходна. Так што трэба прыбіраць усе перашкоды, разграбаць заканадаўчыя завалы, якія існуюць на шляху ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы, і паслядоўна рухацца ў гэтым накірунку.