Ці дапусцяць Палату прадстаўнікоў ў Еўранэст?

13 кастрычніка ў Брусэлі адбудзецца сумеснае паседжанне рабочай групы па Беларусі парламенцкай асамблеі Усходняга партнэрства «Еўранэст» і дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю.

Фота: http://pyx.by/

Фота: http://pyx.by/


На запрашэнне Еўрапарламенту ў гэтай нарадзе прыме ўдзел і дэлегацыя беалрускіх апазыцыйных партыяў. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў прэс-службе партыі пра мэты свайго візіту ў Брусэль:
Пасля апошніх парламенцкіх выбараў у Беларусі актывізавалася абмеркаванне магчымага запрашэння дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў да ўдзелу ў працы парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства «Еўранэст». Менавіта гэтае пытанне цяпер з'яўляецца адным з асноўных у парламенцкім вымярэнні стасункаў паміж афіцыйным Менскам і еўрапэйскімі сталіцамі. Прыхільнікі допуску Палаты прадстаўнікоў да «Еўранэсту» апелююць, у першую чаргу, да таго, што ў парламенце ўпершыню за апошнія  гады з'явіліся прадстаўнікі незалежных ад рэжыму арганізацыяў. Праводдзяцца таксама паралелі з сытуацыяй з парлямэнтам Азербайджану: дэлегацыя Міллі Міджэлісу прымае ўдзел у «Еўранэсце», нягледзячы на сур'ёзныя праблемы з дэмакратыяй у гэтай краіне. Дастаткова сказаць што на парламенцкія выбары 2015 года ў Азербайджан нават не былі накіраваныя назіральнікі АБСЕ.
Пазіцыя нашай партыі па гэтым пытанні цвёрдая: Беларусь ёсць еўрапэйскай краінай і менавіта еўрапэйскія стандарты дэмакратыі і правядзення выбараў павінны служыць асновай для ацэнкі мінулых парламенцкіх выбараў у нашай краіне. У часе выбараў афіцыйны Менск не зрабіў нічога, што магло бы быць нагодай для прызнання іх дэмакратычнымі. Таму месца беларускага парламэнту ў парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства «Еўранэст» павінна заставацца вакантным.
У абгрунтаванне гэтай пазіцыі я буду спасылацца на справаздачы міжпартыйнай кампаніі назірання «Права выбару-2016» і на канстатацыю адсутнасці прагрэсу ў выбарчых працэдурах, якая была зафіксаваная папярэднімі высновамі місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ. Упэўнены, што меркаванне пераважнай большасці прадстаўнікоў беларускай апазіцыі па гэтым пытанні ў часе дыскусіі будзе супадаць.
Я пляную таксама праінфармаваць еўрапарламентарыяў і чальцоў «Еўранэсту» пра тое, што адбылося ў Беларусі за той месяц, які мінуў з дня выбараў. А дынаміка тут відавочна негатыўная: шэраг апазыцыйных палітыкаў былі ўжо асуджаныя да адміністратыўных штрафаў за масавыя акцыі, якія адбываліся падчас агітацыйнай кампаніі. У тым ліку літаральна ўчора быў асуджаны да вялікага штрафу экс-кандыдат ад БНФ Павел Старавойтаў, былі прысуды і ў дачыненні да іншых нашых кандыдатаў.
Асаблівую увагу я звярну на тое, што ў Беларусі зноў з'явіліся палітвязні. Выклікае занепакоенасць крымінальны пераслед блогера Эдуарда Пальчыса, суд над якім павінен распачацца ў бліжэйшыя дні. Партыя БНФ падзяляе пазыцыю беларускіх прваабарончых арганізацыяў, якія супольна прызналі гэтага зняволенага палітычным вязнем. Таксама пільная ўвага павінна быць нададзена справе Уладзіміра Кондруся, зняволенага за падзеі Плошчы-2010 года: менавіта вызваленне ўсіх фігурантаў той справы колькі месяцаў таму сталася падставай для зьняцця санкцыяў з беларускіх чыноўнікаў. І вось цяпер тыя ж чыноўнікі зноў распачалі пераслед удзельнікаў той акцыі пратэсту.
Я перакананы, што гэтыя акалічнасці павінны ўлічвацца еўрапэйскімі парламенцкімі структурамі пры прыняцці рашэння адносна таго, ці мае права новы склад Палаты прадстаўнікоў заняць месца ў парламенцкай асамблеі Усходняга партнэрства «Еўранэст», якое павіннае належыць сапраўдным беларускім парламентарыям, абраным на сапраўдных і свабодных выбарах. 
Паводле прэс-рэліза