За Шуневіча выбачалася Качанава, а хто за Раўкова?

Трагедыя 3 ліпеня, калі падчас разрыву марціраў, з якіх павінен быў стрэліць салют, загінула пенсіянерка, а яшчэ некалькі мінчукоў атрымалі траўмы, выклікала новую хвалю народнага «антымілітарызму» ды недаверу да Міністэрства абароны. Ці справядліва?

Фота www.svaboda.org

Фота www.svaboda.org

Гэтым разам дзяржструктуры зрэагавалі даволі аператыўна. Мінабароны, прынамсі, не адважылася ўсё адмаўляць, а Следчы камітэт аператыўна затрымаў двух інжынераў з Расіі, якія адказвалі за тыя «праклятыя» салюты. Разам з тым, сярод людзей адразу пайшла пагалоска, маўляў, затрыманыя — усяго толькі «стрэлачнікі», на якіх максімальна зручна перакінуць увесь груз адказнасці. Гучалі нават галасы пра «карупцыйныя схемы» па закупцы піратэхнікі, дый наогул, чаму вышэйшыя вайсковыя чыны пасля такога здарэння не падаюць у адстаўку?

Выглядае, што ахвяры 3 ліпеня — чарговы каменьчык у капілку калектыўнага недаверу да беларускіх вайскоўцаў, якіх зараз не лае толькі лянівы. І суіцыды ў войску, і закон пра скарачэнне адтэрміновак ад службы, і раструшчаны сталічны асфальт… Добра, прынамсі, што абышлося без збітых танкамі ліхтароў, як тое было ў 2017-м (і сёлета танк па мокрым асфальце ледзь­ве не ўехаў у натоўп).

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, грамадскасць занепакоеная знешнепалітычнай сітуацыяй і захаваннем суверэнітэту на фоне гарачай абстаноўкі ў рэгіёне, але з іншага — пляжыць сваіх жа вайскоўцаў, што акурат і павінны гарантаваць мір і спакой.

Варта ўсё ж дадаць, што парад на 3 ліпеня, як і на 9 траўня, — гэта не толькі ініцыятыва Мінабароны, але і неад’емная частка дзяржаўнай ідэалогіі. Роўна як і Дажынкі — гэта не толькі пра сельскую гаспадарку, а лядовыя палацы і Еўрапейскія гульні — не толькі пра спорт. Усё гэта — палітыка. Па-першае, вайсковы парад павінен дэманстраваць моц і непахіснасць айчыннай вайсковай машыны, па-другое — гэта, як дажынкі з хакейнымі турнірамі, частка амаль няспынных гулянняў з любой нагоды, якімі ўлада «корміць» электарат пачынаючы з 1990-х гадоў. Тут і шашлык, і недарагое піва, і Саладуха, і салют — усё адным пакетам.

Паводле нейкай злой іроніі, падобныя гулянні перыядычна заканчваюцца бядою: як тое было з цісканінай на Нямізе ў 1999-м, з выбухамі 3 ліпеня 2008 года, як застаецца і зараз. Разам з тым, упэўнены, колькі б падобных прэцэдэнтаў не здарылася, і салюты, і шашлыкі з півам, і Саладуха на сцэне — усё гэта будзе жыць далей. Занадта шчыльна падобны жанр зросся з рэчаіснасцю, занадта прызвычаіліся да яго людзі, роўна як і да «нязменнага лідара» на першай пасадзе. А вось галасы пра вынас салютаў за межы сталіцы альбо нават пра замену танкаў на вуліцах адно самалётамі ў небе (якія ані асфальту, ані аблокам не шкодзяць) так і застануцца не пачутымі.

З іншага боку, давайце шчыра: трагічныя сітуацыі, якія нельга прадказаць ды прадухіліць, здараюцца па ўсім свеце. У Парыжы згарэў Нотр-Дам падчас рамонту, але гэта не азначае, што трэба перастаць рамантаваць старадаўнія саборы. На дарогах штодня здараецца безліч ДТЗ, у якіх гінуць людзі, але гэта не азначае, што трэба ўсім перасесці на ровары. У кожнай арміі краінаў СНД ёсць дзедаўшчына, як і ў нас: яна была да Раўкова, мяркую, застанецца і пасля яго. Справа не ў канкрэтным надзвычайным здарэнні, але ў стаўленні.

У нашым выпадку маркёрам стаўлення ёсць адкрытасць дзяржаўных ведамстваў да грамадзянаў, уменне прызнаваць свае памылкі ды весці дыялог. І з гэтым пакуль цяжкавата. Зрэшты, а чаго чакаць ад дзяржапарату, які фактычна заледзянеў за апошнія 25 гадоў, ператварыўшыся ў халодны маналіт? У такой сітуацыі, што цікава, нават прызнанне тым жа Мінабароны самога факту здарэння мы бачым як «крок наперад».

Усё спазнаецца ў параўнанні. Раней нам нейкі факт падаваўся ледзьве не казачным, а зараз мы яго бачым на свае вочы і пляскаем у далоні. Прабачэнні Качанавай перад цыганамі пасля «пагрому ў Магілёве» і наступная адстаўка Шуневіча. Уладзімір Макей, які ў вышыванцы прапагандуе беларускую мову. Затрыманне ўласніка акумулятарнага завода ў Брэсце, будаўніцтва якога выклікала працяглыя пратэсты. Урэшце, скульптура гарадавога, да якой (надзіва!) нарэшце можна дакранацца і нават рабіць фота. З чаго б гэта ўсё раптам?

Думаю, што ўлада сапраўды ўзяла вектар… не, пакуль не на дыялог. Вектар на тое, каб прыслухоўвацца і надалей рабіць свае высновы і крокі без удзелу грамадскасці. Зараз яны, прынамсі, слухаюць. Чаму? Бо не зацікаўленыя напярэдадні выбараў (ды, зноў жа, улічваючы знешнепалітычныя фактары) у дарэмнай эскалацыі канфлікту. Там, дзе магчыма, згладжваюць вастрыню, а часам і выбачаюцца, калі сітуацыя, як з тымі няшчаснымі цыганамі, выглядае зусім па-дзікунску.

Фота reform.by

Фота reform.by



Што ж з салютам і Мінабароны? Упэўнены, што касметычныя меры будуць прынятыя: прынамсі, бяспечную адлегласць знаходжання людзей ад марціры павялічаць з 500 да 1000 метраў. Магчыма, за ведамства Раўкова ў сям’і загінулай жанчыны нават нехта папросіць прабачэння (можа які чыноўнік з Мінгарвыканкаму?), а можа — абмяжуюцца матэрыяльнай кампенсацыяй. Так ці інакш, ані парады, ані чарговыя спартовыя спаборніцтвы ці Дажынкі ад нас нікуды не падзенуцца. І роўна праз год тыя самыя танкі будуць трушчыць ужо новы асфальт, а салюты разарвуць вечаровае неба па-над сталіцай. Добра, каб толькі неба…

А што, калі зноў ахвяры? «Не забывайце, — скажуць нам, — запаветы сталінскіх маршалаў-вызваліцеляў: ахвяры другаснае, галоўнае — перамога!»