Міністр абароны сустрэўся з сям'ёй жанчыны, загінулай у Дзень незалежнасці
Міністр абароны Андрэй Раўкоў сустрэўся са сваякамі жанчыны, якая загінула падчас салюту на Дзень незалежнасці, піша «Еўрарадыё».
Размова Андрэя Раўкова са сваякамі жанчыны, якая загінула падчас салюту на Дзень незалежнасці, доўжылася каля гадзіны, перадае TUT.by.
Па словах афіцыйнай прадстаўніцы Мінабароны Наталлі Гаўрусік, сустрэча адбылася на пачатку мінулага тыдня. Міністр абароны сустрэўся з дачкой і мужам Наталлі Максімчук. Падрабязнасці размовы не паведамляюцца.
У Мінабароны дадаюць, што памочнік міністра сустрэўся з сям'ёй загінулай жанчыны ўжо раніцой пасля трагедыі. Неабходную дапамогу ведамства аказвала імгненна, кажуць у міністэрстве.
Трагедыя адбылася 3 ліпеня падчас святочнага салюту. Тры артылерыйскія ўстаноўкі выбухнулі. Выбуховай хваляй былі выбітыя шыбы ў некаторых дамах на вуліцах Даўмана і Чарвякова.
Пры здарэнні загінула 64-гадовая Наталля Максімчук, не менш за 10 чалавек пацярпелі. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.