За год без Чавеса Беларусь і Венесуэла страцілі 85% тавараабароту
Беларускія ўлады выказалі занепакоенасць у сувязі з нарастаннем канфлікту ў Венесуэле. Яны па-ранейшаму разглядаюць гэтую далёкую лацінаамерыканскую краіну ў якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі. Хоць пасля смерці Уга Чавеса, які пайшоў з жыцця роўна год таму — 5 сакавіка 2013 года, двухбаковыя адносіны далёка не тыя, што былі раней.
Аляксандр Лукашэнка заўсёды называў Уга Чавеса сваім сябрам і братам. Зрэшты, нябожчык быў таксама шчодры на кампліменты ў адрас кіраўніка Беларусі. За час іх дружбы сумесны тавараабарот вырас з
6 млн. даляраў у 2006 годзе да амаль паўмільярда даляраў у 2012-м.
За гэты перыяд беларусы пабудавалі ў Венесуэле некалькі заводаў: па вытворчасці керамічных блокаў, па зборцы трактароў, грузавых аўтамабіляў, дарожнай тэхнікі. Здалі пад засяленне 4000 кватэр.
Беларуска-венесуэльскае сумеснае прадпрыемства «Петралера
БелаВенесалана» здабыла амаль 5,5 млн. тон нафты, больш за 750 млн. кубаметраў газу.
Са студзеня па май 2012 года Беларусь штомесяц імпартавала па 160 тысяч тон венесуэльскай нафты. Аднак затым пастаўкі гэтай сыравіны ў Беларусь былі спыненыя.
«Калі казаць аб экспарце нафты і той сітуацыі, якая была некалькі гадоў таму, калі Венесуэла экспартавала нафту ў Беларусь і ўжывалася трохбаковая схема з удзелам Азербайджана, то трэба
адзначыць, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы арыентаваны на перапрацоўку цяжкай нафты, у той час як Венесуэла пастаўляла лёгкую нафту», — казаў у лютым гэтага года пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс
Нуньес.
Ён адзначаў, што гандлю венесуэльскай нафтай у Беларусі перашкаджае таксама высокі кошт, абумоўлены вялікімі транспартнымі выдаткамі. Аднак супрацоўніцтва дзвюх краін у нафтаперапрацоўчай
сферы «застаецца адкрытым».
За час свайго кіравання Уга Чавес паспеў пабываць у Беларусі пяць разоў. У крызісныя часы ён працягнуў Беларусі руку дапамогі ў выглядзе дзяржкрэдыту на паўмільярда даляраў.
Што да цяперашняга прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура, то ён наведаў Беларусь адзін раз — у чэрвені 2013 года.
«База, якую вы заклалі з Уга Чавесам, грунтавалася на сяброўстве, і гэтая база вельмі трывалая. Зараз задача палягае ў тым, каб, выкарыстоўваючы закладзеную аснову, працягнуць развіваць
дасягнутыя раней з Беларуссю дамоўленасці. Мы шмат разоў тут былі з Уга Чавесам, і заўсёды асноўнымі тэмамі нашых перамоў было эканамічнае развіццё, дабрабыт нашых народаў і жыллёвае будаўніцтва.
Адносіны краін пастаянна адрозніваліся шчырасцю і прыязнасцю»,
— казаў Нікалас Мадура на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Аднак пасля смерці Уга Чавеса справы ў двухбаковых адносінах пайшлі наперакасяк. Нягледзячы на тое, што беларусы працягваюць будаваць у Венесуэле жыллё, аграгарадкі і здабываць нафту,
тавараабарот паміж краінамі за год знізіўся на 85 % — з
580,8 млн. даляраў да 83,3 млн. даляраў.
Тым не менш, кіраўнік спраў прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман, які ўжо шмат гадоў курыруе венесуэльскае кірунак, не сумуе.
«Развіццё стратэгічнага партнёрства з Венесуэлай, асновы якога заклалі Уга Чавес і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, было і застаецца адным з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі
беларускай дзяржавы. За кароткі тэрмін мы стварылі надзейную юрыдычную, палітычную, эканамічную базу двухбаковага супрацоўніцтва», — заявіў ён 5 сакавіка на форуме «Чавес — сімвал рэвалюцыі ў Лацінскай Амерыцы і за яе межамі».
Але лічбы тавараабароту, як бачым, кажуць аб адваротным — двухбаковыя дачыненьні ўжо даўно не тыя, што былі раней.
Нядзіўна, бо ў Нікаласа Мадура галава забітая іншымі праблемамі. У краіне ўжо доўгі час працягваюцца антыўрадавыя акцыі. Маніфестанты выступаюць супраць бяздзейнасці ўладаў перад тварам ўсё
большых эканамічных цяжкасцяў і высокага ўзроўню злачыннасці. За апошні месяц ад рук праваахоўных органаў у Венесуэле загінула 18 дэманстрантаў.
«Успамінаючы сёння камандантэ Уга Чавеса, у Беларусі з трывогай і глыбокай занепакоенасцю ўспрымаюць інфармацыю аб нарастанні напружанасці і эскалацыі сілавога супрацьстаяння ў
сяброўскай нам Венесуэле. Мы падтрымліваем заклік кіраўніцтва і разважных сіл Венесуэлы да мірнага дыялогу, недапушчэнні гвалту і дэстабілізацыі абстаноўкі», — заявіў сёння з гэтай нагоды беларускі МЗС.