Заўтра Літва не пусціць легкавікі з беларускімі нумарамі, затое Польшча можа адкрыць памежныя пункты

Навіны з мяжы: Літва хоча скасаваць дамовы аб мытным супрацоўніцтве з Беларуссю, а Польшча можа аднавіць працу раней закрытых памежных пунктаў пропуску.

zaleznaja_zaslona_1.png

Літва хоча скасаваць дамовы аб мытным супрацоўніцтве з Беларуссю

Скасаваць падпісаныя амаль два дзесяцігоддзі таму пагадненні аб мытным супрацоўніцтве з Беларуссю і Расіяй прапанаваў Мінфін Літвы, піша LRT са спасылкай на паведамленне BNS.

Пагадненне з Беларуссю аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэннямі мытнага заканадаўства было падпісанае ў ліпені 1996 года ў Вільні, а пагадненне з Расіяй аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў галіне мытнай дзейнасці — у лютым 1995 года ў Маскве, нагадвае «Люстэрка».

Дэнансацыя дамовы з Беларуссю, якая была ратыфікаваная ў верасні 2000 года, яшчэ павінна быць ухваленая прэзідэнтам Літвы і Сеймам.

Заўтра Літва закрывае мяжу для беларускіх легкавікоў

З 16 жніўня Літва закрывае мяжу для яшчэ адной катэгорыі легкавых аўто з беларускімі нумарамі,  паведамляе  выданне «Беларусы і рынак»

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, цяпер забарона распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі незалежна ад грамадзянства ўладальніка або кіроўцы.

Абмежаванні на ўезд у Літву легкавых транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, былі ўведзеныя 18 ліпеня. Але раней яны не распаўсюджвалася на аўто, не прызначаныя для продажу, а таксама на тыя, якія належаць грамадзянам Беларусі, што маюць дзейную візу альбо часовы/сталы від на жыхарства ў краінах ЕС.

Забарона па-ранейшаму не распаўсюджваецца на ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза (а таксама Літвы) аўтамабіляў з дыпламатычнымі дзяржрэгістрацыйнымі нумарамі або аўтамабіляў міжнародных арганізацый, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасці з міжнародным правам або прызначаныя для супрацоўнікаў дыпламатычных місій і іх бліжэйшых сваякоў у мэтах асабістага выкарыстання.

Таксама па гэтай забароне легкавыя аўтамабілі з беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўрасаюза (у тым ліку ў Літве), павінны пакінуць яе да 18 студзеня (уключна) 2025 года.

Да гэтай даты аўтамабілі з беларускімі нумарамі могуць удзельнічаць у руху па тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў Літве. Пасля 18 студзеня 2025 года аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Асобы, якія кіруюць аўтамабілямі з беларускімі нумарамі пасля апублікаваных тэрмінаў забароны, будуць лічыцца парушальнікамі заканадаўства. Ім выпішуць штраф і ў іх канфіскуюць транспартны сродак.

Варшава можа аднавіць працу раней закрытых памежных пунктаў пропуску

Беларускія ўлады ў апошні час стварылі перадумовы для дасягнення дамоўленасці па ўрэгуляванні крызісу паміж дзвюма краінамі, у тым ліку для адкрыцця закрытых Варшавай пунктаў пропуску на мяжы, адзначае «Беларусы і рынак».

Пра гэта заявіў у эфіры радыёстанцыі Radio Zet кіраўнік польскага МУС Томаш Семаняк.

«Мы маем справу з такой сітуацыяй, што, пачынаючы з ліпеня, змянілася рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да Польшчы. Зафіксавана зніжэнне спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Гэта значыць, мы лічым, што маецца аснова для таго, каб гэтыя найскладанейшыя праблемы вырашаць», — піша са спасылкай на словы міністра ТАСС.

На яго думку, перамовы паміж Варшавай і Мінскам павінны ісці «ў канфідэнцыйнай і давернай абстаноўцы». 

Ключавымі патрабаваннямі Польшчы застаюцца садзейнічанне Мінска ў выдачы нелегальнага мігранта, які нанёс смяротнае раненне нажом польскаму салдату на мяжы дзвюх краін, вызваленне журналіста Анджэя Пачобута, а таксама ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу.

Нагадаем, упершыя месяцы 2024 года, паводле звестак польскага боку, рэзка ўзрасла колькасць спробаў нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Са студзеня да чэрвеня польская памежная служба выявіла блізу 20 тысяч такіх спробаў. Акрамя таго, пачасціліся данясенні памежнікаў і вайскоўцаў аб нападах на іх з боку мігрантаў. У адказ на гэта ў пачатку чэрвеня ўлады Польскай Рэспублікі ўвялі буферную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы. Праз паўтара месяца пасля яе ўвядзення польская Служба аховы мяжы паведаміла аб зніжэнні на 70% спробаў мігрантаў нелегальна трапіць у Польшчу з боку Беларусі.

Варшава таксама спрабавала аказаць дыпламатычны ціск на Менск, звярнуўшы ўвагу кіраўніцтва КНР на сітуацыю на мяжы. Акрамя таго, польскае МЗС не выключыла варыянт з закрыццём усіх памежных пераходаў з Беларуссю. Польшча таксама ўвяла ўзмоцнены кантроль за ўвозам тавараў па чыгунцы. У сваю чаргу беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасць да перамоваў з польскімі партнёрамі па праблеме нелегальнай міграцыі.

Паводле «Люстэрка», «Беларусы і рынак»