Згарэў хлеў — гары і хата!

«Вялікая размова Лукашэнкі» ці не ўпершыню была мне нецікавая. Зрэшты, яна была нецікавая ад самага яе планавання. Было зразумела, што гэта будзе, па-першае, «міжсабойчык», а па-другое, ён нічога новага не скажа.

_belarus___veska___navakolle__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2___1__logo.jpg


Рэальна, а з кім Лукашэнка размаўляў 9 жніўня ажно 8 гадзін? Замежных карэспандэнтаў пазбавілі акрэдытацый яшчэ летась, улады закрылі карпункт «Еўрарадыё», знішчылі TUT.BY, заблакавалі інтэрнэт-газету БелаПАН «Беларускія навіны», «зачысцілі» рэгіянальныя СМІ, прызналі экстрэмісцкім тэлеканал «Белсат».
Кіраўніцтва «Нашай Нівы» сядзіць у турме, «Народную Волю» ў Беларусі не друкуюць, суд па ліквідацыі Беларускую асацыяцыю журналістаў чакае суд па ліквідацыі, і нават рэдактар дзіцячага часопіса «Асцярожна, дзеці» знаходзіцца пад следствам. Дзе ўзяць журналістаў, з якімі б Лукашэнка «размаўляў»?
Не дзіўна, што «размова» ператварылася ў маналог, — гэткі вельмі працяглы стэндап для сваіх.
Таму, як і меркавалася, восем гадзін казалі пра тое, што «цёмная вада ў аблацэх». Няма не тое што планаў развіцця краіны — няма нават прыблізнага разумення наконт будучыні. Таму Лукашэнку і хістала ў прамовах з боку ў бок — то ён заяўляў пра падступны Захад, то абмовіўся пра нармалізацыю адносін з Літвой. То казаў, што ён сыдзе «вельмі хутка», то заклікаў у сваю падтрымку войска. То казаў, што пераразмеркаванне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў павінна прайсці да канца года, то заяўляў, што не вызначыўся ні з праектам Канстытуцыі, ні са статусам Усебеларускага народнага сходу. Карацей, суцэльны разброд і хістанне.
Адзінае, на што можна было звярнуць увагу ў гэтым стэндапе — гэта на пагрозу спыніць супрацоўніцтва з Захадам у сферы барацьбы з кантрабандай ядзерных матэрыялаў, калі на Беларусь будзе працягнуты санкцыйны ціск.
Вось да гэтай заявы Захад паставіцца вельмі сур’ёзна. Таму што Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што не будзе стрымліваць міграцыю — і ў выніку пачаў запаўняць мігрантамі Літву. Цяпер ён ужо другі раз згадвае кантрабанду ядзерных матэрыялаў. І калі такое раптам здарыцца — наступствы будуць далёка не вясёлкавыя. І нават не санкцыйныя.
Ядзерныя матэрыялы — гэта не цыгарэты ў вагонах «Беларуськалія». Гэта рэальная пагроза нават не рэгіянальнай — сусветнай бяспецы. Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» пісаў пра гэта так: «Калі ты пачынаеш разважаць, што не можаш справіцца з ядзернымі тэрарыстамі, якія з’явіліся невядома адкуль, то знойдзецца шмат жадаючых дапамагчы. Ад амерыканскіх марскіх коцікаў, да кітайскіх снежных барсаў». І Расія ў гэтым выпадку абараняць «саюзніка» нават не рыпнецца: краіны «ядзернага клуба» ёй хутка пакажуць на яе месца. Але іншых аргументаў у «супрацьстаянні з Захадам» у Лукашэнкі, падобна, не засталося. Акрамя як эмацыйна выказацца: «Задушыцеся вы гэтымі санкцыямі ў Вялікабрытаніі!»
Відавочна, такая рыторыка вызначае паводзіны, паказаныя ў загалоўку. Хай нешта ідзе — і нешта будзе. Але такія адносіны да справы наўрад ці дазваляюцца кіраўніку краіны.
Так, ЗША, Канада, Вялікабрытанія 9 жніўня ўвялі новыя санкцыі, практычна аналагічныя сектаральным санкцыям ЕС. І ў гэтай сувязі варта адзначыць, што Вялікабрытанія, паводле інфармацыі беларускага МЗС, заняла шостае месца ў спісе вядучых імпарцёраў беларускіх тавараў. Прычым, нафтапрадукты, якія трапілі ў санкцыйны спіс, з’яўляюцца (паводле таго ж МЗС) асноўнай экспартнай пазіцыяй Сінявокай у Злучаным Каралеўстве.
Але больш важна тое, што Вялікабрытанія — адна з нямногіх краін, з якой у Беларусі станоўчае сальда знешняга гандлю: пры экспарце ў 2020 годзе ў 814 млн долараў, імпарт — 202 млн. Гэта значыць, Злучанае Каралеўства — крыніца такой неабходнай нам цяпер валюты. Акрамя таго, Вялікабрытанія займае трэцяе месца (пасля Расійскай Федэрацыі і Кіпра) па аб’ёмах прамых замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі: у 2020 годзе яны склалі 514,6 млн. долараў.
Дык хто ў выніку «задушыцца»? У гэтым плане Злучанае Каралеўства нам нават важнейшае, чым ЗША, з якімі ў нас і гандлёвае сальда адмоўнае, і таварны экспарт нават да 200 млн. долараў у мінулым годзе не дацягнуў. Вядома, у нас з ЗША завоблачны экспарт паслуг — 1,26 млрд. долараў. Але амаль усё гэта — ІТ-сфера. А большасць айцішнікаў ужо рэлакаваліся за межы «краіны для жыцця».
Санкцыі ЗША ў дачыненні да Беларусі балючыя іншым — указам Байдэна (executive order) на фарміраванне санкцыйных спісаў і сектаральных санкцый. Да ўступлення ў сілу сектаральных санкцый пройдзе нейкі час на іх падрыхтоўку і фіналізацыю (каля паўгода). Мяркуючы па тым фармаце, які быў прадстаўлены, дзяржкампаніі Беларусі і праўладныя бізнесы ў канцы 2021 — пачатку 2022 года чакаюць усёабдымныя сектаральныя санкцыі «іранскага фармату» — разам з так званымі «другаснымі» санкцыямі. Гэта азначае, што любая кампанія, якая будзе супрацоўнічаць з дзяржбанкамі, дзяржаўнымі бізнесамі або дзяржустановамі Беларусі, аўтаматычна трапіць у санкцыйныя спісы ЗША. Такім чынам, любое супрацоўніцтва расійскіх банкаў і бізнесаў з дзяржкампаніямі Беларусі і бізнесамі атачэння Лукашэнкі можа быць азмрочанае трапляннем у «другасны» санкцыйны спіс з максімальна жорсткім рэгуляваннем.
Легальна атрымаць крэдыты з Расіі пасля ўвядзення сектаральных санкцый ЗША па новым указе прэзідэнта стане немагчыма без трапляння ў санкцыйныя спісы ЗША. Фактычна, галоўным наступствам стане абсяканне ўсіх крэдытных ліній ад расійскіх банкаў. Мажліва, у тым ліку і Ашчадбанка Расіі, які якраз выдае Сінявокай урадавыя расійскія крэдыты.
Таму цяпер пачнецца маштабнае «засваенне бюджэтных сродкаў». Яно, вядома, не спынялася, але чыноўнікі будуць больш інтэнсіўна імкнуцца «распілаваць» грошы, пакуль яны не скончыліся. Віцебскі гарвыканкам, напрыклад, абвясціў тэндар на закупку двух слупоў з указальнікамі. Фінансуецца закупка за кошт бюджэтных сродкаў, і кошт пытання — 6000 рублёў. Больш за тысячу долараў на слуп. Цікавы тэндар, праўда?