Мікалай Халезін: «Гэта ўдар па самім сабе»

Мікалай Халезін тлумачыць «Свабодзе», чаму адкліканне пасла — новы калідор магчымасцяў для ЗША

000026_1587413665_387976_big_0.jpg

Сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру, адзін з кіраўнікоў Беларускага фонду культурнай салідарнасці, грамадска-палітычны дзеяч Мікалай Халезін разважае пра санкцыі ЗША і пра новыя магчымасці для ЗША ў вырашэнні беларускага крызісу пасля адклікання амбасадара Джулі Фішэр.

Вось якім чынам Мікалай Халезін каментуе адкліканне амбасадара ЗША і скарачэнне персаналу амбасады ў Мінску як першую рэакцыю ўладаў Беларусі на санкцыі ЗША, абвешчаныя ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў і пачатку мірных пратэстаў.

— Гэта панічная гісторыя. Калі не ведаеш, як укусіць апанента, то знаходзіш вось такі фармат. На мой погляд, гэта ўдар па самім сабе, бо гэта нічога не дае рэжыму, але адкрывае новы калідор магчымасцяў для Злучаных Штатаў, у тым ліку для Джулі Фішэр. Гэта сітуацыя, калі становіцца істотна лягчэйшай праца, калі ты змагаешся з нелегітымным кіраўніком. Цяпер атрымліваецца, што амерыканцы маюць поўнае права адмовіцца ад некаторых дыпламатычных мадэляў, якія маюць вельмі шмат абмежаванняў, а таксама зрабіць тую ж Джулі Фішэр, напрыклад, спецпрадстаўніком па вырашэнні крызісу.

Гэта зусім іншы статус, ён можа захоўваць за сабой дыпламатычны статус, але пры гэтым адкрывае зусім іншыя магчымасці. Можна дзейнічаць значна шырэй, чым амбасадар. А амбасадар у сучасных умовах у Беларусі можа займацца толькі маніторынгам сітуацыі. Што ён яшчэ можа рабіць, калі яго не слухае ніводная галіна ўлады? Таму я ацэньваю гэта як станоўчы момант для амерыканцаў і як адмоўны для рэжыму.

Таксама адкрываецца фармат фармавання нейкага вялікага міжнароднага лобі, калі амерыканцы могуць значна шырэй ахопліваць міжнародны кантэкст. Беларусь сёння — гэта пагроза Еўропе найперш. Магчыма, Беларусь стане пагрозай свету, калі зоймецца ўжо кантрабандай не цыгарэтаў, а, напрыклад, радыеактыўных адкідаў. Усе цудоўна разумеюць, што калі ён (Лукашэнка) прагаворваецца, то, як правіла, гэта робіць.

У гэтым фармаце ў Джулі Фішэр ёсць магчымасць ствараць еўрапейскую кааліцыю, гатовую да жорсткіх захадаў, задзейнічаць міжнародныя структуры. Я не бачу цяпер у фармаце амбасадараў эфектыўных метадаў. І гэта не таму, што яны не хочуць, а таму, што такіх магчымасцяў цяпер проста няма. Ты перманентна звязаны пагрозай высылкі, разрыву адносінаў і гэтак далей. Я думаю, што захаваецца неабходны фармат супрацоўнікаў консульства, хай і 5 чалавек. Больш там рабіць цяпер няма чаго. Пытанне цяпер у міжнароднай каардынацыйнай працы.