Прэм'ер Славакіі заявіў пра гатоўнасць да новых санкцый супраць беларускіх уладаў
Эдуард Хегер заклікаў беларускага кіраўніка неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных

Эдуард Хегер. Фота faz.net
Славакія гатовая падтрымаць увядзенне Еўрасаюзам новых санкцый супраць уладаў Беларусі, паведамляе ТАСС. Пра гэта заявіў у чацвер вечарам прэм'ер-міністр Рэспублікі Эдуард Хегер. Так ён адрэагаваў на затрыманне ў Мінску экс-пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні.
"Славакія разам з партнёрамі ў Еўрасаюзе не перастане ўзмацняць ціск [на беларускія ўлады], каб грамадзяне Беларусі атрымалі перспектыву жыць у бяспечнай, дэмакратычнай і свабоднай краіне. Мы гатовыя да далейшых санкцый [супраць беларускіх уладаў], — адзначыў прэм'ер, чые словы прыводзіць аддзел друку і інфармацыі апарата ўрада рэспублікі. — Затрыманне былога беларускага амбасадара ў Славакіі Ігара Ляшчэні, якое адбылося амаль праз год пасля яго сыходу з гэтай пасады, з'яўляецца далейшым доказам неміласэрнасці [палітычнага рэжыму] у адносінах да сваіх грамадзян".
Хегер заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных. Беларускі палітычны рэжым ён лічыць незаконным, таму што вынікі леташніх прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне, як сцвярджае прэм'ер, былі сфальсіфікаваныя.
Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта (УСК) па Мінску Кацярына Гарлінская раней у чацвер праінфармавала ТАСС, што Ляшчэня быў затрыманы праваахоўнымі органамі ў рамках расследавання крымінальнай справы, распачатай па факце масавых беспарадкаў на тэрыторыі сталіцы.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня мінулага года, і надышоўшых затым пратэстаў экс-амбасадар Беларусі ў Славакіі Ляшчэня асудзіў жорсткія дзеянні сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. Ляшчэня па рашэнні Лукашэнкі быў пазбаўлены дыпламатычнага рангу "ў сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганьбяць дзяржаўную (дыпламатычную) службу".