«Адвёў дзяцей у лагер, а потым ператрус і допыт». Андрэй Дзмітрыеў расказаў, як прайшоў яго дзень
Раніцай 12 жніўня стала вядома аб затрыманні экс-кандыдата на леташніх прэзідэнцкіх выбарах Андрэя Дзмітрыева. Вечарам яго адпусцілі. Пра тое, што з ім адбылося, палітык распавёў у стрыме на сваім YouTube-канале.
Дзмітрыева
затрымалі 12 жніўня раніцай, калі ён адводзіў дзяцей у летні лагер. Ля школьных
варот да яго падышлі сілавікі, прадставіліся і запрасілі праехаць з імі.
Палітыку дазволілі завесці дзяцей у школу, пасля чаго яго правялі ў аўтамабіль
і адвезлі дадому на ператрус, піша zerkalo.io.
— Рабілі ўсё
карэктна, але старанна. Заглядвалі ў кожную скрыню, усюды глядзелі, — распавёў
Андрэй Дзмітрыеў.
Пасля ператрусу
ў яго канфіскавалі ўсю тэхніку і павезлі на допыт, які працягваўся некалькі
гадзін. Падрабязнасці Дзмітрыеў распавесці не можа, бо з яго ўзялі падпіску аб
невыдаванні. Палітык толькі адзначыў, што «спіс артыкулаў велізарны».
— Да апошняга
лічыў, што цяпер паеду, як Ляшчэня, на Акрэсціна. Будзем
разам з ім абмяркоўваць яго дыпламатычнае мінулае. Але ў канцы ўзялі з мяне
падпіску аб невыдаванні, вызначылі мой статус у крымінальнай справе і
сказалі: «Ідзіце». Такі дзень. У мяне ні тэхнікі, ні тэлефонаў, ні
кампутара, — распавёў Дзмітрыеў.
Палітык
паведаміў, што пасля таго, што здарылася, з'язджаць з краіны не плануе, падпіску
аб нявыездзе ў яго не бралі. Наадварот, падзеі сённяшняга дня натхнілі яго
аднавіць выпускі сваіх стрымаў:
— Мой сённяшні
допыт, ператрус і, самае галоўнае, тое, што мяне адпусцілі, паказвае, што ў
мяне яшчэ ёсць час. Я не ведаю колькі. Учора мяне нехта з журналістаў пытаўся: «Вы яшчэ на волі?» У Беларусі на гэтае пытанне можна адказаць толькі ў
канкрэтную хвіліну часу. Цяпер — на волі. Што будзе праз хвіліну — не ведаю.
Нагадаем, 11
жніўня сілавікі прыйшлі да дэлегатаў віртуальнай платформы «Сход».
Паводле інфармацыі не зарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна», ператрусы прайшлі ў 22 чалавек. Сярод іх —экс-пасол Беларусі
ў Славакіі Ігар Ляшчэня. Частку людзей адпусцілі пасля допытаў.
12 жніўня стала вядома, што Ігар Ляшчэня затрыманы ў рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў у Мінску.