«Гэта драконаўскія санкцыі». Амерыканскі эксперт — пра ўказ Байдэна адносна Беларусі

Няма сумневу — санкцыі ўдараць па эканоміцы вельмі моцна. Галоўнае пытанне — у якой ступені Расія кампенсуе страты ад санкцый. Гэта сапраўднае пытанне — наколькі глыбока Расія гатовая ўлезці ва ўласную кішэню, каб падтрымаць рэжым у Беларусі і абараніць яго ад жорсткага пакарання, накладзенага гэтымі санкцыямі, распавёў «Свабодзе» Геры Клайд Гафбаўэр

Геры Клайд Гафбаўэр, даследчык Інстытуту міжнароднай эканомікі Петэрсана

Геры Клайд Гафбаўэр, даследчык Інстытуту міжнароднай эканомікі Петэрсана

Геры Клайд Гафбаўэр працаваў у Міністэрстве фінансаў ЗША, але ўжо шмат гадоў ён акадэмічны даследчык, вывучае міжнародны гандаль, інвестыцыі і санкцыі. У гутарцы з «Радыё Свабода» ён расказаў, як ацэньвае ўказ прэзідэнта ЗША Байдэна датычна Беларусі і чаму галоўнае пытанне цяпер — наколькі глыбока Расія гатовая залезці ва ўласную кішэню, каб падтрымаць рэжым Лукашэнкі.


«Мы часткова прайшлі па шляху да санкцый, як супраць Кубы і Паўночнай Карэі»

— 9 жніўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, якім уводзяцца новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, а таксама супраць асобаў і кампаній, звязаных з уладамі. Вы бачылі гэты дакумент — як вы ацэньваеце маштаб санкцый? Як гэта можна параўнаць з іншымі выпадкамі, калі краіны траплялі пад санкцыі?

— Гэта драконаўскія санкцыі, яны вельмі шматбаковыя. Той спіс асобаў пад санкцыямі, які апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША, ахоплівае ўсе сферы эканомікі Беларусі і важных асобаў — урадавых чыноўнікаў, супрацоўнікаў службаў бяспекі, вядучых бізнесоўцаў, такіх як Варабей і Алексін, якія, выглядае, валодаюць значнай часткай кампаній у краіне — пад санкцыі падпалі ўсе іх кампаніі. Ахоп тут вельмі шырокі.

І гэты дакумент кажа, што ніводзін падатковы рэзідэнт ЗША не мае права рабіць бізнес з гэтымі людзьмі. І ўся маёмасць, звязаная з гэтымі людзьмі, будзе заблакаваная. Такую маёмасць нельга вяртаць гэтым людзям, яе нельга прадаць. Канада і Вялікабрытанія зрабілі крокі супраць многіх з тых самых асобаў і кампаній.

Тое, чаго пакуль што не адбылося, гэта блакада ўсяго экспарту з Беларусі на Захад ці экспарту з заходніх краін у Беларусь. Гэта зрабіла б санкцыі цалкам усёахопнымі.

Мы ўжо часткова прайшлі па шляху да рэжыму санкцый, які шмат дзесяцігоддзяў дзейнічае супраць Кубы і супраць Паўночнай Карэі. Мы яшчэ не дайшлі да такога рэжыму. Калі ацэньваць цяперашнія крокі, дык мы прайшлі недзе траціну шляху. Але гэта даволі шырокія санкцыі, і, па сутнасці, гэта значыць, што ўсе гэтыя важныя людзі ў Беларусі — высокія дзяржаўныя чыноўнікі, бізнесоўцы — больш не могуць займацца бізнесам на Захадзе.

— Калі паглядзець на фармулёўкі ва ўказе прэзідэнта Байдэна, дык з іх вынікае, што могуць быць уведзеныя санкцыі супраць любога прадпрыемства, звязанага з дзяржавай. І гэты спіс з 40 асобаў і кампаній, апублікаваны Міністэрствам фінансаў ЗША 9 жніўня, можа быць толькі пачаткам, бо ёсць магчымасць дадаць туды новыя імёны і назвы. Ці пагодзіцеся вы, што гэты ўказ пакідае шмат прасторы для новых крокаў і хуткіх новых санкцый з боку выканаўчай улады ЗША?

— Абсалютна так. Бо там называюцца дзяржаўныя прадпрыемствы — «Беларуськалій», ці, напрыклад, гродзенская тытунёвая фабрыка — за гэтымі дзяржаўнымі кампаніямі можа прыйсці чарга іншых, як вы сказалі. І яны не могуць нічога прадаваць на Захад. Бо гэта прадугледжвае фінансавую аперацыю, а яна будзе заблакаваная.

Таму на чарзе могуць быць агульныя санкцыі на экспарт, і па тым жа прынцыпе гэта можа быць пашырана на любыя пастаўкі ў Беларусь з боку заходніх кампаній, калі Еўрапейскі саюз падзяляе гэтую пазіцыю і пагодзіцца, што такія санкцыі дарэчныя.

Прадказальны вынік гэтага ў тым, што Беларусь зможа весці бізнес з Расіяй і з краінамі пад кантролем Расіі, а таксама з Кітаем, і, магчыма, яшчэ з некаторымі часткамі свету. Але з заходнімі краінамі можа быць даволі моцнае закрыццё.

«Санкцыі закранаюць і замежныя фірмы, якія маюць філіял ці даччыную карпарацыю ў Злучаных Штатах»

— Калі вы гледзіце на фармулёўкі гэтага ўказу, ці бачыце вы там патэнцыял для так званых другасных санкцый — супраць, напрыклад, тых кампаній у Кітаі ці Расіі, якія будуць працаваць з беларускімі кампаніямі, што падпалі пад санкцыі?

— Гэта быў бы іншы вялікі крок да эскалацыі. Такая магчымасць ёсць, але я думаю, што цяпер вядзецца дыпламатычная камунікацыя паміж ЗША і Еўропай. І я думаю, што ЗША заклікаюць Еўрасаюз увесці свае ўласныя санкцыі, а не пакладацца на другасныя санкцыі Злучаных Штатаў. Каб Еўрасаюз сам зрабіў захады, каб прадухіліць еўрапейскія фірмы ад бізнесу з Беларуссю.

Але, як вы кажаце, гэта можа быць пашырана далей. Так здаралася з іншымі эпізодамі санкцый — у выпадку Ірану і іншых краін. Каб паўплываць на расійскія прадпрыемствы, якія маюць бізнес на Захадзе, ці на кітайскія прадпрыемствы. Але мне здаецца, што пакуль да гэтага кроку яшчэ далёка. Я б сказаў, што цяпер акцэнт на Еўропе і іншых прасунутых краінах — такіх як Аўстралія, Японія і гэтак далей.

— Такім чынам, вы не бачыце ў гэтым дакуменце, у яго фармулёўках прамых згадак пра магчымасць другасных санкцый? Бо некаторыя беларускія эксперты кажуць, што можна выкарыстаць гэты ўказ, каб накласці санкцыі на ўсіх, хто мае бізнес з тымі, хто трапіў у санкцыйны спіс.

— Дазвольце мне тут крыху патлумачыць тэрміны, якія ўжываюцца ў дакуменце. Ключавы выраз тут — «падатковы рэзідэнт Злучаных Штатаў», United States person. Гэта, вядома ж, любы грамадзянін ЗША, любы сталы рэзідэнт ЗША, але таксама любая юрыдычная асоба — карпарацыя, сумеснае прадпрыемства, любы суб’ект эканамічнай дзейнасці — арганізаваная паводле законаў ЗША. Маецца на ўвазе ці закон нейкага з штатаў, ці федэральны закон.

Пад гэта падпадае мноства замежных фірмаў, якія маюць філіял ці даччыную карпарацыю ў Злучаных Штатах. Бо паводле гэтага вызначэння яны робяцца «падатковымі рэзідэнтамі Злучаных Штатаў». Менавіта пра гэта, відаць, вам і кажуць іншыя эксперты. Паколькі існуе гэтае шырокае вызначэнне, яно можа быць скарыстанае, каб ужыць тое, што звычайна называюць другаснымі санкцыямі.

Мне здаецца, што Дзяржаўны дэпартамент і Міністэрства фінансаў пакуль не робяць такіх крокаў. Яны пакладаюцца на дыпламатыю ў адносінах да саюзнікаў і сяброўскіх краін, а не на молат юрыдычнай пазіцыі, якую маюць Злучаныя Штаты.

«Санкцыі ўдараць па эканоміцы вельмі моцна»

— Мы размаўлялі ў мінулым годзе, і тады вы сказалі, што самыя эфектыўныя санкцыі ўдараць па ўсіх у краіне. Калі вы гледзіце на цяперашні дакумент і на гэты спіс кампаніяў, ці здаецца вам, што гэтыя санкцыі патэнцыйна могуць вельмі моцна ўдарыць па эканоміцы Беларусі?

— Так, няма сумневу — яны ўдараць па эканоміцы вельмі моцна. Галоўнае пытанне — у якой ступені Расія кампенсуе страты ад санкцый. Магчыма, наўпроставымі пазыкамі — здаецца, было пагадненне пра крэдыт на 500 мільёнаў долараў, і, магчыма, будуць дадатковыя прапановы.

Вядома ж, Беларусь ужо вінная шмат грошай Расіі. І Расія можа сказаць: «Вам не абавязкова плаціць цяпер», і неяк расцягнуць гэтыя выплаты.

Гэта сапраўднае пытанне — наколькі глыбока Расія гатовая ўлезці ва ўласную кішэню, каб падтрымаць рэжым у Беларусі і абараніць яго ад жорсткага пакарання, накладзенага гэтымі санкцыямі.

Цяпер цэны на нафту даволі добрыя — каля 70 долараў за барэль маркі Brent. Расія атрымлівае добры паток грошай і можа быць даволі шчодрай. Але калі паглядзець у мінулае — я памятаю час у 1980-я, калі Расія падтрымлівала Кубу. А потым прыйшлі цяжкія часы, і Расія, дакладней — Савецкі Саюз, які яшчэ існаваў, — перакрыў падтрымку Кубе.

У тым гістарычным эпізодзе Савецкі Саюз спыніў падтрымку аднаго са сваіх сатэлітаў. Хто ведае — калі справы на нафтавым рынку пойдуць кепска, ці калі адбудзецца нейкі іншы эканамічны спад, магчыма, што Расія будзе не настолькі ахвочая даваць неабмежаваныя сумы рэжыму ў Беларусі. Але цяпер менавіта гэта падтрымлівае рэжым.

— Калі паглядзець на прыклад Кубы — нават калі спыніліся расійскія субсідыі, нават пры ўведзеных жорсткіх санкцыях там не адбылося змены рэжыму: браты Кастра засталіся ва ўладзе. Якімі былі б вашы парады — як зрабіць санкцыі больш эфектыўнымі для тых мэтаў, якія ставяцца?

— Гэта вельмі добрая заўвага. На Кубе вельмі моцная сакрэтная паліцыя, спецслужбы, і ў Беларусі дакладна тая ж самая сітуацыя. Рэжым спецслужбаў даволі моцны, і гэта дазволіла Лукашэнку захаваць уладу. Гэта ж дазволіла захаваць уладу братам Кастра, а цяпер новаму ўраду, пасля таго як Рауль Кастра пайшоў на пенсію.

Цяжка дзейнічаць супраць такога рэжыму — аўтакратычнага рэжыму, які кантралюе ўсе сродкі масавай інфармацыі і мае моцныя спецслужбы. Санкцыі ствараюць беднасць сярод насельніцтва, і гэта можа прывесці да пратэстаў, якія, у сваю чаргу, могуць зрынуць урад. Але гэта крокі на далёкую перспектыву.

Я не ўпэўнены, што маю нейкую сакрэтную формулу для пераменаў. Але нам варта памятаць — вы гэта ведаеце лепш за мяне — што Лукашэнка ўжо немалады чалавек. І ён не будзе жыць вечна. Магчыма, што ягоныя пратэжэ — хто б ні прыйшоў да ўлады пасля ягонай смерці — будуць мець тыя ж самыя падыходы. Але даволі імаверна, што яны скажуць: «Гэта проста жахліва: людзі пакутуюць, узровень жыцця падае, мы цалкам залежым ад Расіі. Ці сапраўды мы хочам быць толькі правінцыяй Расіі?»

Я магу сабе ўявіць, што ў Беларусі будуць лідары, якія захочуць пайсці ў іншым кірунку. Думаю, што змена кіраўніцтва разам з санкцыямі можа змяніць сітуацыю.