Зміцер Бандарэнка: Беларусы плацяць за сваю геапалітычную нясмеласць

Эканамічныя праблемы Беларусі — следства няправільнага геапалітычнага выбару. Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.



bandarenka5.jpg

Напярэдадні з візітам у Кіеве пабываў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а сёння ва Украіну выправіўся лідар Казахстана — Нурсултан Назарбаеў. Пры гэтым заўтра абодва сустрэнуцца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным падчас двух вялікіх самітаў.
Як адзначае кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, калі візіт Назарбаева планаваўся загадзя, то візіт Лукашэнкі — быў спантанным.
— Безумоўна, тут мы бачым пэўную гульню ўкраінскага боку ў дачыненнях з Расеяй, гэта самае галоўнае. І Лукашэнка адначасова з Назарбаевым таксама спрабуюць выгандляваць для сябе найбольш спрыяльныя ўмовы, варункі дзейнасці ў Мытным саюзе ў Пуціна.
— А ў чым палягае гэтая гульня ўкраінскага боку?
— Ва Украіне пра гэта кажуць — пра тое, што трэба паспрабаваць пасварыць Пуціна з ягонымі хаўруснікамі. Гэта гучыць і ад журналістаў, і ў медыях, і ад аналітыкаў. І мы бачым гэта па практычных кроках. Украіне патрэбныя нейкія перамогі, хаця б лакальныя. І вось такая палітыка падаецца ўладам Украіны паспяховай, якая адпавядае той сітуацыі, якая склалася.
— На сайце charter97.org з’явіўся ваш каментар, дзе вы адзначаеце, што галоўнымі тэмамі ў час візіту Лукашэнкі ў Кіеў, былі пытанні паставак беларускіх нафтапрадуктаў…
 — Так, я сваю версію агучыў, а потым мы фактычна атрымалі пацверджанне. Лукашэнка агаварыўся, што не толькі з гандлёвым абаротам гэта звязана, а потым наўпрост у прэс-рэлізе прэс-службы Пятра Парашэнкі было адзначана, што самае галоўнае, чаго тычылася абмеркаванне, гэта пытанні ў энергетычнай сферы. І проста вядома, што Украіне патрэбныя беларускія нафтапрадукты, але кошты — завысокія. У дадатак мы назіраем падзенне коштаў нафты на сусветных рынках. Таму, безумоўна, гэта тэма  —  вядучая, таму што 75%, а можа нават і 80% беларускага экспарту ва Украіну складаюць нафтапрадукты. Гэтыя пастаўкі маглі быць і павялічаныя, але там узніклі праблемы з плацяжамі.
 — У той жа час Лукашэнка ўчора дамаўляўся ў Кіеве, заўтра будзе ў Маскве. Наколькі паспяховая такая палітыка?
— Ён круціцца як ваўчок, каб знайсці грошы, таму што мара пра тое, што ён зможа зарабіць на кантрабандзе паміж Захадам і Усходам, паміж Украінай і Расеяй, яна прывяла да катастрофы. Не ўлічана было падзенне расійскага рубля, украінскай грыўны. Тавары былі закупленыя на захадзе ў вельмі вялікіх аб’ёмах, а мы ведаем, што пастаўкі сухога малака, мяса, садавіны і гародніны з Польшчы былі павялічаны ў разы. Вось гэтыя тавары былі закупленыя, а Расія паставіла мытны бар’ер, і як агучыў Мясніковіч, гандаль у лепшым выпадку ішоў у нуль, а па большасці пазіцый — у мінус. У дадатак валіцца фінансавая піраміда, якую Лукашэнка будаваў некалькі гадоў. З рэгіёнаў зыходзяць інвестары, банкі, сусветныя фірмы. Таму зараз Лукашэнка, я прагназую, яшчэ да Аліева паедзе. Сітуацыя знаёмая па 2009, 2011 гадах, але цяпер яна больш складаная.
— Найбольш складаная для саміх беларусаў…
— Тут беларусы плацяць за сваю нясмеласць у вызначэнні геапалітычнага выбару. Калі беларусы не абазначылі свой геапалітычны выбар, не хацелі за яго змагацца, то цяпер трэба плаціць як дзяржаве, так і народу. Ёсць ланцужок: прычына – следства.

racyja.com