Зрабіў той, каму выгадна
Сцэнар Плошчы, які столькі гадоў рыхтавала беларуская апазіцыя, на жаль, быў не адзіным.
Сцэнар Плошчы, які столькі гадоў рыхтавала беларуская апазіцыя, на жаль, быў не адзіным.
Не буду хаваць: падзеі, якія адбыліся ў ноч з 19 на 20 снежня, сталі для мяне поўнай нечаканасцю. Больш за тры гады, з восені 2007-га, аўтары «беларускай эканамічнай мадэлі»
спрабавала перавесці сваё тварэнне з прасёлкавай дарогі «адмысловага шляху» на ліберальныя рэйкі. Зразумела, рабілі яны гэта не ад любові да заходніх каштоўнасцяў. У той год Расія ў
два разы павялічыла кошт на газ. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Ужо да жніўня знешнегандлёвае сальда замест планавага плюсу ў 0,5 мільярда паказала пазапланавы мінус у 1,2 мільярда, і не ў
рублях, а ў заморскіх «тугрыках».
Грозныя каманды, якія рэтрансляваліся з вяршыні ўладнай «вертыкалі», былі бяссільныя перад імпартам, што нарастаў. Эканамічнае быццё паставіла кіроўную эліту краіны перад фактам:
так далей жыць нельга. На нашых вачах пачаў раскручвацца махавік чарговай перабудовы. А тут яшчэ сусветны крызіс…
Тым, хто не падзяляе настолькі смелага сцвярджэння, рэкамендую перачытаць даклад «адзінага палітыка» (АП) на IV Усебеларускім народным сходзе: «Достигнутое —
мощный фундамент для инновационного прорыва». «Человеческий капитал — двигатель модернизации страны». «Следующая пятилетка станет периодом обновления,
нацеленным на качественно новое развитие Беларуси». Гарбачоў з яго паскарэннем праз развіццё машынабудавання тут і побач не стаяў.
Інаватары ў камуфляжы
Правесці эканамічную лібералізацыю ў чыстым выглядзе яшчэ ніхто не здолеў. Я не ведаю, ці знаёмы АП з працамі аўстрыйскага эканаміста Іосіфа Шумпетэра, але аўтар тэрміна «інавацыя»
разумеў пад інавацыямі не любыя новыя тэхналогіі, а толькі тыя, што змяняюць жыццё. Масавае ўкараненне інавацыйных тэхналогій за кошт цэнтралізаванага імпарту забяспечыць нельга, таму што акрамя
прапановы інавацый не меней важны попыт на іх. А гэта ўжо пытанне культуры, пытанне каштоўнасцяў. Нездарма ў ЦК КПСС так і не атрымалася прывязаць воз навукова-тэхнічных дасягненняў да рэальнай
эканомікі. І гэта нягледзячы на велізарную колькасць пастаноў, прынятых у свой час на Старой плошчы.
Бессэнсоўна закладаць «фундамент для инновационного прорыва» і ва ўмовах канфрантацыі з Захадам. Адсюль імкненне правесці выбары «по самым демократичным
стандартам». Адсюль прызнанне, што «их легитимность для нас важнее, чем для кого бы то ни было в мире», якое парадаксальным чынам было спалучана з нежаданнем дзеля гэтага
прызнання «ползти на корячках».
Але тры гады, выдаткаваных на паляпшэнне бізнэсклімату ў краіне, з мэтай прыцягнення замежных інвестараў, ды яшчэ плюс паўтара гады на наданне дэмакратычнага глянцу выбарчай сістэме, пайшлі кату пад
хвост. «Для этого понадобилось семь с половиной минут» і некалькіх па-армейску выразна аддадзеных каманд, пасля якіх натрэніраваныя маладыя людзі ў камуфляжы прыступілі да выканання
аперацыі пад кодавай назвай «Палкой по голове».
У I стагоддзі рымскі юрыст Касіян Равіла абяссмерціў сваё імя фразай «Is fecit, qui prodest» («Зрабіў той, каму выгадна»). Ён рэкамендаваў суддзям пры разглядзе
справы заўсёды шукаць, каму можа быць выгадна дадзенае злачынства. Па яго меркаванні, гэты шлях разваг вёў да выяўлення ці самога злачынца ці таго, хто за ім стаіць. Скарыстаемся парадай рымскага
юрыста, каб паспрабаваць зразумець, каму было выгадна перакрэсліць трохгадовыя высілкі па закладцы падмурка для «инновационного прорыва».
Таталітарызм цяпер дарагі
Я не прылічваю АП да ліку бенефіцыяраў аперацыі «Палкой по голове». У чым яго выгада? У тым, каб нагадаць апазіцыі, а заадно і Маскве, хто ў беларускай хаце гаспадар? Але палітычныя
дывідэнды ад такой аперацыі здольныя перавысіць выдаткі толькі пры ўмове, што апазіцыя ўяўляе рэальную пагрозу для Улады. Такое магчыма ў некансалідаваных аўтарытарных рэжымах, а гэта не наш выпадак.
Аналіз «каляровых рэвалюцый» гэтая выснова пацвярджае (гл. «НЧ» № ад ………).
Палітыка «закручвання гаек», выхад на якую, на першы погляд, такі лагічны пасля падзей 19 снежня, — задавальненне не з танных. Спашлюся на аўтарытэт істытуцыянальнага
эканаміста Аляксандра Аузана: «Таталітарызм, наогул, даволі дарагая рэч. Давайце мы пачнём з таго, што вы наўрад ці можаце прывесці прыклад краіны, дзе быў бы таталітарны рэжым і не было б
фізічна абсталяванай мяжы. Немагчыма ціснуць на насельніцтва, калі яго не змясцілі ў кансервавы слоік. А гэты кансервавы слоік каштуе вельмі дорага».
Калі эканамічна актыўныя беларусы не здольныя паўплываць на Уладу, запаўняючы бюлетэні, то гэта яшчэ не азначае, што ім не пад сілу ціснуць на яе, галасуючы нагамі. Нагадаю чытачам
«НЧ», што напярэдадні сусветнага крызісу Улада апынулася ўцягнутай у своеасаблівую «гонку заробкаў» з Расіяй. Інакш утрымаць працаўнікоў (у першую чаргу
будаўнікоў) усярэдзіне тэрыторыі з ганарлівым імем Беларусь было немагчыма. Атрымаўся своеасаблівы аналаг суперніцтва Элачкі Людаедкі з Вандэрбільдзіхай, з настолькі ж пераканаўчымі шанцамі на
поспех.
Добрыя весткі не аплачваюцца
Паспрабуем адшукаць бенефіцыяраў снежаньскіх падзей з дапамогай азбукавых паліталагічных ісцін. Чым больш жорсткая ўладная «вертыкаль», тым у большай залежнасці ад свайго
найбліжэйшага асяроддзя апынаецца той, хто знаходзіцца на яе вяршыні. Звернемся па дапамогу да класіка заходняй палітычнай думкі XX стагоддзя Карла Шміта: «Нават самы абсалютны манарх
вымушаны абапірацца на данясенні, і таму залежыць ад сваіх дарадцаў. Незлічонае мноства вестак і фактаў, прапаноў і здагадак навальваецца на яго дзень за днём, гадзіна за гадзінай. З гэтага
бясконцага бушуючага мора праўды і хлусні, сапраўднага і верагоднага нават самы разумны і магутны чалавек можа набраць у лепшым выпадку толькі некалькі кропель».
Выснова з такой нярадаснай карціны відавочная: «Хто дакладвае ўладару ці паведамляе яму інфармацыю, той ужо мае сваю частку ўлады, усё адно, ці ён міністр, упаўнаважаны візаваць дакументы,
ці нехта, хто ўмее непрамым чынам схіляць да сябе слых уладара». Зразумела, што за права дакладаць у асяроддзі ўладара разгортваецца барацьба. Гэта барацьба — сярэдзіна палітычнага
працэсу ва ўмовах кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму. Публічным жа палітычным інстытутам, такім, як партыі і парламент, адводзіцца выключна імітацыйная роля. Любыя іх спробы пакінуць імітацыйнае
поле і заняцца рэальнай палітыкай успрымаюцца ўладнай «вертыкаллю» ў якасці пагрозы стабільнасці, і таму перарываюцца самым рашучым чынам.
Прэтэндаваць на лаўры пераможца ў першую чаргу можа той, хто дакажа ўладару сваю незаменнасць. А зараз уявіце сабе сітуацыю, калі кіраўнік сілавога ведамства ўвесь час прыносіць добрыя весткі. Шанцаў
на дадатковую пайку пры дзяльбе бюджэтнага пірага ў падпарадкаванага яму ведамства, відавочна, ад гэтага не будзе больш. Канкурэнцыя, як бы ні расхвальвалі яе лібералы, далёка не заўсёды вядзе да
росту эфектыўнасці. На яе шляху паўстаюць інтарэсы «малых груп», якія асабліва актыўна плодзяцца ва ўмовах непублічнай барацьбы за права дакладваць уладару.
Са сказанага не вынікае, што дакладчыкі валодаюць неабмежаванымі магчымасцямі для маніпуляцый. Па-першае, уладары імкнуцца не дапусціць інфармацыйнай манаполіі, для чаго ствараюць паралельныя
кіроўныя структуры. Па-другое, шмат што залежыць ад знешняга кантэксту. Пагадзіцеся, ладзіць сілавую аперацыю на плошчы Незалежнасці пасля паўтарагадзіннай маскоўскай сустрэчы тэт-а-тэт, і ў выпадку,
калі б такая сустрэча не адбылася, — гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Нельга скідаць з рахункаў і асабістыя якасці ўладара.
Паспяховая маніпуляцыя людзьмі — справа, якая патрабуе адмысловых навыкаў. Хтосьці асвойвае іх, вывучаючы Дэйла Карнэгі, хтосьці за лепшае лічыць ісці ад жыцця, але ў любым выпадку верхнія
паверхі ўладных «вертыкаляў» займаюць галоўным чынам прафесійныя маніпулятары. Так сцвярджае Азбука паліталогіі.
Час інвеставаць у будучыню
Схільнасць АП перыядычна ўзмацняць то ўсходні, то заходні знешнепалітычны вектар звычайна тлумачаць сітуатыўнай выгадай. Маўляў, геапалітычны кірунак, у якім можа больш абламацца ў пэўны момант часу,
і прынята ў нас у спешным парадку абвяшчаць галоўным. Такога кшталту палітыка «кароткага дыхання» выглядае цалкам лагічнай, аднак яна дрэнна спалучаецца з генеральнай устаноўкай на
бестэрміновае кіраванне. Аднымі тактычнымі рашэннямі бестэрміновае кіраванне не забяспечыць, тут патрабуецца іншы, стратэгічны гарызонт.
Звернемся яшчэ раз да дакладу на IV Усебеларускім народным сходзе. У пераліку прыярытэтных кірункаў на першым месцы стаяць «развитие человеческого потенциала, повышение уровня
благосостояния». Для такога развіцця і такога падвышэння прадугледжаныя «радикальная модернизация всех отраслей экономики, создание новых наукоемких, высокотехнологичных
производств». За кошт датацый — не істотна, ці выступаюць яны ў выглядзе танных расійскіх энергарэсурсаў, ці ў выглядзе палёгкавых крэдытаў МВФ, — мадэрнізацыі не
правесці.
Апора на палітыку «нафта ў абмен на пацалункі» пры рашэнні задачы па ўтрыманні ўлады відавочна паказала, што тактычныя поспехі былі атрыманыя за кошт стратэгічнай паразы, бо
залежнасць немадэрнізаванай «беларускай эканамічнай мадэлі» ад знешніх датацый з гадамі толькі павялічылася.
Істотны ўнёсак у рост гэтай залежнасці дадалі і сацыяльныя абавязанні Улады, якія ўвесь час растуць. Адмовіцца ж ад іх яна не ў стане. Іншага ж сродку для падтрымання легітымнасці ў арсенале Улады
папросту няма.
Усе папярэднія гады Улада інвеставала ў мінулае (пенсіі, сілавікі, аграгарадкі). Сёння рэсурс такой палітыкі вычарпаны. На мінулае цяпер ужо больш няма грошай. Іх неабходна шукаць у будучыні, для
чаго трэба перанесці апору з маргінальных сацыяльных груп на тэхнічную і культурную інтэлігенцыю, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу. У такога пераносу ва ўладнай вертыкалі ёсць не толькі
прыхільнікі, але і супернікі. Апошнія, натуральна, пераважаюць. Свае крэатыўныя здольнасці яны і прадэманстравалі 19 снежня.