1939 год. Трагедыя польскіх дыпламатаў у СССР. Частка 1
Да пачатку Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Савецкага Саюза дзейнічала буйная сетка польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў. Генеральнае консульства Другой Рэчы Паспалітай было і ў сталіцы БССР. Пасля 17 верасня 1939 года польскім дыпламатам у “першай дзяржаве працоўных і сялян” прыйшлося не салодка.
Працэс развіцця дыпламатычных адносін Польшчы і савецкай Расіі быў пакладзены пасля ратыфікацыі Рыжскай мірнай дамовы ў красавіку 1921 года. Бальшавікі прымусілі палякаў адмовіцца ад кантактаў з антысавецкімі элементамі і ўжо ў ліпені таго ж года ў Маскве пачаў працу польскі консул Уладзімеж Квяткоўскі. Праз два гады было падпісана пагадненне, у якім пазначалася, што кіраваць консульствамі Другой Рэчы Паспалітай ў Харкаве і Мінску будуць дыпламаты, якія фармальна будуць супрацоўнікамі польскай амбасады ў Маскве.
Ужо ў пачатку 1924 года ў сталіцы савецкай Беларусі з’явілася генеральнае консульства Польшчы. Хутка такі ж статус атрымала і польскае дыппрадстаўніцтва ў Харкаве. Палякі імкнуліся адчыніць
сваё консульства ў Тыфлісе. Гэта тлумачылася тым, што Юзаф Пілсудскі імкнуўся мець свае вушы ў Закаўказзі. У адказ бальшавікі патрабавалі ад Варшавы дазволу на адкрыццё сваёй дыпламатычнай
установы ў Вольным горадзе Данцыгу (Гданьску).
Падчас сустрэчы міністра Юзафа Бэка і наркама Максіма Літвінава, 1930-я гады
У ліпені 1924 годзе была падпісана польска-савецкая консульская канвенцыя, паводле якой Другая Рэч Паспалітая атрымала права адчыніць свае дыпламатычныя ўстановы ў Ленінградзе, Кіеве і Хабараўску, а
ў 1926-м бакі дамовіліся пра адкрыццё сваіх прадстаўніцтваў у Тыфлісе і Гданску.
У пачатку 1930-х гадоў на тэрыторыі Савецкага Саюза дзейнічалі: Амбасада Польшчы ў Маскве, а таксама два звычайных: у Кіеве, Ленінградзе, і тры генеральных консульствы: у Мінску, Харкаве і Тбілісі.
Два апошнія у 1937 годзе па патрабаванні савецкага боку былі зачыненыя. Усяго ў той час ў Савецкім Саюзе налічвалася 33 польскія дыпламаты, якія былі грамадзянамі Другой Рэчы Паспалітай. Разам з
гэтым, у польскіх дыпламатычных установах працавалі і грамадзяне СССР, якія выконвалі функцыі абслуговага персаналу.
Амбасадар Юліўш Лукасевіч на сустрэчы з Міхаілам Каліныным, 1933 год
Польскія консульствы займаліся пытаннямі грамадзянства, выдавалі візы на ўезд на тэрыторыю Польшчы, сачылі за захаваннем польскіх вайсковых і цывільных пахаванняў на тэрыторыі СССР. Дыпламатам Другой
Рэчы паспалітай на тэрыторыі БССР і УССР прыходзілася вырашаць і некаторыя маёмасныя пытанні, якія тычыліся былых зямельных уладанняў (а таксама маёмасці) грамадзян Польшчы, якія ў выніку
“рыжскай дамовы” іх страцілі.
Вялікая ўвага надавалася апецы над польскімі грамадзянамі, асуджанымі за “палітычныя злачынствы”. У 1928 годзе Консульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску апекавалася 23 асобамі,
якія знаходзіліся ў турмах АДПУ. Аднак адной з галоўных задач польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў была выведка. Гэта разумеў і савецкі бок. Таму бальшавіцкія ўлады абмяжоўвалі кантакты польскіх
дыпламатаў “са знешнім светам”.
Супрацоўнікі Генеральнага консульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску
Мінскае консульства Другой Рэчы Паспалітай знаходзілася у цэнтры горада, на вуліцы Савецкай (былая Захар’еўская) у доме № 84. “Офіс” дыппрадстаўніцтва размяшчаўся на другім
паверсе будынку, які некалі быў гатэлем, а ў міжваенны час з’яўляўся звычайным жылым домам. Польскія дыпламаты жылі ў кватэрах, якія знаходзіліся побач з іх працоўнымі кабінетамі.
Наведвальнікі консульства заходзілі праз цэнтральную дзвер на вуліцы і чакалі ў калідоры. Кіраўніцтва польскага консульства ў Мінску некалькі разоў звярталася ў Народны камісарыят замежных спраў СССР
с просьбай даць палякам асобны будынак, аднак справа так і не была вырашана.
НКУС звяртала вялікую ўвагу на полькае консульства ў Мінску. У пачатку 1930-х у адным з памяшканняў дыпламатычнага прадстаўніцтва было знойдзена 15 падстухоўваючых апаратаў, якія ўстанавілі чэкісты.
Палякам дазвалялася высылаць дыпламатычную пошту не часцей за два разы на месяц.
Сустрэча польскіх і савецкіх пілотаў у Маскве. 1930-я гады
І без таго цяжкая сітуацыя пагоршылася ў 1938 годзе. Тычылася гэта не толькі палякаў, але і іншых замежных дыпламатаў і перш за ўсё немцаў. У Мінску чэкісты арганізавалі пастаянны кантроль за
будынкам консульства Другой Рэчы Паспалітай. Кожнага яго наведвальніка адразу выклікалі на допыт. За дыпламатамі таксама сачылі. Ім забаранялася атрымліваць пасылкі з-за мяжы. Тычылася гэта і
харчавання.
Супрацоўнікі польскіх дыпламатычных устаноў, апісваючы гэты перыяд сваёй працы ў успамінах, падкрэслівалі, што фактычна яны знаходзіліся пад хатнім арыштам. Аднак і ў гэтых умовах Другі адзел
польскага генштаба, так званая “Двуйка”, спрабавала арганізаваць працу сваіх агентаў пад прыкрыццем мінскага консульства.
У 1928 годзе дыпламаты-шпіёны адправілі ў Варшаву 27 вялікіх і падрабязных справаздач аб сітуацыі ў савецкай Беларусі. У 1935-1938 гадах у сталіцы БССР працавала “пляцоўка L-19”,
арганізаваная адзелам “Усход” польскай вайсковай выведкі. Яе кіраўніком быў дыпламаваны маёр Войска Польскага Рафал Люцыян Пратасавіцкі (псеўданімы “Уладзіслаў
Вольскі”, “Мацей Манкевіч”), які займаў пасаду афіцыйнага супрацоўніка консульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску.
Генрых Янкоўскі, кіраўнік генконсульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску
Яго падначаленым быў шафёр консульства Кароляк, які раней працаваў у Кіеве. У 1937-1938 гадах шафёрам Пратасавіцкага быў Аляксандр Купісевіч, які меў афіцыйную пасаду сакратара консульства. З 1935
года і да моманту ліквідацыі дыппрадстаўніцтва Другой Рэчы Паспалітай у сталіцы БССР яго ўзначальваў Вітальд Аконьскі.
На падставе сакрэтных дакументаў, якія трапілі ў рукі НКУС у верасні 1939 года, савецкія спецслужбы ўстанавілі, што дыпламат быў супрацоўнікам “Двуйкі” і дапамагаў арганізоўваць
працу польскіх выведнікаў на тэрыторыі савецкай Беларусі. Акрамя гэтага ў консульстве ў Мінску ў канцы 1930-х гадоў працаваў і Зыгмунт Горскі, афіцэр выведкі Корпуса аховы памежжа (КАП), у задачы
якога ўваходзіла вывучэнне сістэмы памежнай аховы на савецка-польскай мяжы ў Беларусі, а таксама фартыфікацыйнага будаўніцтва пад Мінскам. Прыкрыццём для Горскага быў статус “практыканта ў
консульстве”.
Увогуле “L-19” збірала інфармацыю наконт дыслакацыі частак Чырвонай Арміі на тэрыторыі БССР, камунікацыі, развіцця эканомікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Дзейнасць гэтай
“пляцоўкі” была высока адзначана ў Варшаве. У 1938 годзе польскія выведнікі атрымалі новую радыястанцыю з дапамогай якой маглі перадаваць дэпешы ў Экспазітуру №1 Другога адзелу
Генштабу Войска Польскага ў Вільні.
Сустрэча польскіх і савецкіх пілотаў у Маскве. 1930-я гады
Акрамя збора фактычнай інфармацыі “L-19” накіроўвала ў Варшаву савецкія перыядычныя выданні, мапы і іншыя даступныя інфармацыйныя матэрыялы, якія ўдавалася атрымаць у БССР.
Варта таксама пазначыць, што ў польскіх дыппрадстаўніцтвах (у Маскве, Ленінградзе і Кіеве) ў гэты час працавалі афіцэры выведкі: маёр Эўгеніюш Дмахоўскі, маёр Антоні Мінкевіч, маёр Вінцэнт Зарэмбскі,
капітан Ян Крачкевіч, капітан Мячыслаў Руткоўскі і іншыя.
Працяг будзе
Ігар Мельнікаў, www.istpravda.ru