Стоўбцы: паміж Захадам і Усходам

Стоўбцы маюць багатую гісторыю. Аднак найбольшую вядомасць горад атрымаў у 1920–1930-я гады, калі стаў варотамі з буржуазнага свету ў савецкую імперыю. У Стоўбцах, нарадзіўся і знакаміты «Верш пра савецкі пашпарт».



Маякоўскі і Пушкін

У выніку польска-бальшавіцкай вайны Стоўбцы засталіся за палякамі. У 1920–1930-я гады горад, а хутчэй чыгуначная станцыя, стала вядомая ўсяму свету. Праз яе ездзілі палітыкі, дыпламаты, літаратары, інтэлігенцыя, шпіёны і звычайныя людзі. Стоўбцы сталі транзітным пунктам на шляху ў СССР. Праз гэтую чыгуначную станцыі ішоў знакаміты цягнік Парыж — Масква. Менавіта тут цягнік спыняўся, і пачынаўся польскі пашпартны кантроль. Пасля гэтага цягнік рухаўся да апошняй польскай станцыі Коласава, і там пасажыры пешшу пераходзілі мяжу. На савецкай станцыі Негарэлае яны сядалі ў савецкі цягнік. Усё з-за розніцы ў шырыні каляіны.

Звычайныя жыхары СССР «рыжскую мяжу» перасякалі рэдка, тым больш на цягніку. А вось прадстаўнікі інтэлігенцыі ездзілі на Захад часта. Адным з тых, хто неаднаразова праязджаў Стоўбцы, быў Уладзімір Маякоўскі. Вось як ён апісваў свае ўражанні ў адным з артыкулаў, датаваным 1927 годам: «Стоўбцы. Памежны пункт. Шыкоўны будынак. Белы, як быццам бы з золатам. Як адрозніваецца гэтая станцыя ад нашых брудных станцыек. Думаю, калі так пойдзе далей, — Польшча сапраўды разбагацее. [...] У цягніку з Варшавы ў Негарэлае на дзесяць вагонаў (не змяншаю) ехала чалавек сем. Побач з нашым вагонам цягнуўся адзін цалкам пусты мяккі, адзін цалкам пусты жорсткі і побач жорсткі вагон усяго з адным пасажырам. Праўда, гэта ўжо пры пад’ездзе да польска-савецкай дзяржаўнай мяжы (да Стоўбцаў, Коласава, Негарэлага). Верагодна, гэта рэдкасць, але нават для рэдкасці пасажыраў усё ж мала».

vakzal_u_sto_bcah_cjagn_u_parizh_maskva_logo.jpg

Вакзал у Стоўбцах і цягніу Парыж-Масква

Менавіта тут, у Стоўбцах, нарадзіўся і знакаміты «Верш пра савецкі пашпарт», які пазней трапіў у савецкія школьныя падручнікі па літаратуры.

Польскія памежнікі праводзілі вельмі пільны кантроль усяго, што правозілася пасажырамі. Асаблівую ўвагу звярталі на друкаваныя матэрыялы і кнігі. Адзін савецкі інжынер у сярэдзіне 1930-х гадоў так апісваў свой досвед перасячэння мяжы: «Наш цягнік падышоў да памежнай станцыі Негарэлае. Пасля беглага агляду багажу на нашай мытні цягнік даехаў да мяжы. Вось і мяжа. Нашы памежнікі, якія правяралі пашпарты, выйшлі. Цягнік паехаў далей. Прыпынак. Першая польская станцыя Стоўбцы. Мы перайшлі ў польскія вагоны. Увайшлі разадзетыя польскія жандары. Канфедэратка (фуражка з чатырохвугольным верхам) з гербам Польшчы — вялікім аднагаловым медным арлом і вялікім казырком, акаваным меддзю, высокія боты са шпорамі і, канешне, вялікая кабура з пісталетам. Адзін з жандараў папрасіў адчыніць чамадан, у якім у мяне ляжала змена бялізны, начныя туфлі, загорнутыя ў газету, і томік вершаў Пушкіна, які я набыў на вакзале ў Негарэлым. Жандар узяў Пушкіна і сказаў на рускай мове:

— Кнігу я канфіскую. Правоз камуністычнай літаратуры ў Польшчу забаронены!

— Якая ж гэта камуністычная літаратура? Гэта ж вершы. А Пушкін памёр у 1837 годзе. Глядзіце, на вокладцы стаіць: 1799–1837, — запярэчыў я.

— Гэта маглі надрукаваць дзеля маскіроўкі, — такім быў адказ, і мой томік застаўся ў жандара».

pasazhiri_cjagn_ku_parizh_maskva_kolasava_kanec_1920_h_gado__logo.jpg

Пасажыры цягніку Парыж-Масква ў Коласава, канец 1920-х гадоў

У краіне Саветаў

На савецкім баку дагляд быў не менш дэталёвым. Падазроным асобам нават рабілі асабісты дагляд, пры гэтым іх уласныя рэчы і багаж скрупулёзна абшуквалі. Пазней, калі пасажыры перасаджваліся ў простыя вагоны кур’ерскага цягніка «Негарэлае —Уладзівасток», да іх падсаджваліся ўпаўнаважаныя АДПУ/НКУС і да Мінска дапытвалі. Тычылася гэта як замежнікаў, так і савецкіх грамадзян.

Вось як апісвала свае ўражанні ад прыезду ў СССР адна з пасажырак цягніка: «Польшча ўжо скончылася, Савецкі Саюз яшчэ не пачаўся. Пасля пяці дзён дарогі мы пад’ехалі да мяжы. Цягнік спыніўся ў Негарэлым. Памятаю, я пераступіла парог вакзала і ўсклікнула — у зале поўна людзей. Усе апранутыя ў лахманы, усе ляжаць на падлозе. На плошчы, ля вакзала, людзей яшчэ больш. Нейкае дзіця падняла на мяне вочы: «Хлеба». Я задрыжала. Мне трынаццаць гадоў, я прыехала з Парыжа, і вось першае, што я бачу ў краіне, дзе мне прыйдзецца жыць. Мама ў роспачы: «Не плач. Тут іншае жыццё». «Мама, мне страшна, давай вернемся». — «Ужо немагчыма. Мы перасеклі мяжу».

saveckaja_brama_kolasava_1930_ja_gadi_logo.jpg

Савецкая брама ў Коласава, 1930-я гады

У кнізе «Запіскі савецкай перакладчыцы» эмігрантка Тамара Саланевіч так апісвала свае памежныя перажыванні: «Вясной 1931 года я з цяжкім пачуццём пераехала праз савецкую мяжу. Жудаснае пачуццё ахоплівае савецкага грамадзяніна, калі цягнік адыходзіць ад апошняй польскай станцыі Стоўбцы і павольна пачынае праходзіць праз памежную зону да знакамітай, пабудаванай бальшавікамі аркі, на якой напісана: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Сэрца сціскаецца, чалавек ідзе як на закланне, добраахвотна вяртаецца ў клетку, з якой выпадкова яму ўдалося вырвацца. Знаходзячыся ў Гандлёвым прадстаўніцтве, я кожны раз падчас пераезду мяжы не ведала, ці давядзецца мне яшчэ выехаць у вольную Еўропу. А цяпер я вярталася ў СССР, як мне здавалася, назаўсёды. Здавалася, што жыццё ўвогуле скончылася. Наколькі я ведаю, нават вядомыя камуністы вярталіся ў Савецкі Саюз з цяжкім пачуццём».

У 1930 годзе бельгійскі мастак Жорж Рэмі (Эржэ) зрабіў серыю малюнкаў пра журналіста-дэтэктыва Тэнтэна, які накіраваўся ў падарожжа ў Савецкі Саюз і перайшоў мяжу ў Стоўбцах. Пры гэтым бельгійскі карыкатурыст зрабіў невялікую памылку. Паводле Эржэ, «Стоўбцы» — гэта ўжо СССР, але ў рэчаіснасці першай савецкай станцыяй на гэтым участку мяжы было, як вядома, Негарэлае.

tenten_u_kolasava_kom_ks_erzhe_1930_ga_goda_logo.jpg

Тэнтэн у Коласава. Комікс Эржэ 1930-га года

Тэракты і каралеўская труна

У пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі дзейнічалі бальшавіцкія партызанскія атрады, на чале з кадравымі разведчыкамі. Адзін з іх, Станіслаў Ваўпшасаў, разам са сваімі баевікамі ў жніўні 1924 года падрыхтаваў напад на Стоўбцы. Яго мэтай было вызваленне першага сакратара Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Паўла Корчыка і іншых чальцоў КПЗБ. Напад быў удалым, аднак польскія ўлады затрымалі некалькі чалавек, якія на допыце прызналіся, што прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Мінску. Менавіта гэтая акцыя прымусіла польскія ўлады стварыць Корпус аховы памежжа, які да верасня 1939 года нёс службу на лініі савецка-польскай мяжы, у тым ліку і ў Стоўбцах.

pahavanne_ahvjar_napadu_1924_godze_sto_bcah_logo.jpg

Пахаванне ахвяр нападу ў 1924 годзе ў Стоўбцах

У сакавіку 1925 года падчас абмену палітычнымі зняволенымі ў Коласава польскі паліцэйскі Іосіф Мурашка застрэліў двух бальшавіцкіх агентаў. За гэта яго прысудзілі да некалькіх гадоў турмы. У верасні 1933 года там жа адбыўся абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча.

Вясной 1938 года савецкі ўрад вырашыў зачыніць касцёл Святой Кацярыны Александрыйскай у Ленінградзе і запрапанаваў польскаму ўраду забраць парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага на Радзіму. Палякі пагадзіліся.

pol_sk_patrul_kap_u_kolasava_logo.jpg

Польскі патруль КАП у Коласава

Вось як гэтыя падзеі ўзгадваў адзін з іх удзельнікаў, кіраўнік савецкага аддзела польскага МЗС Станіслаў Забела: «Было адзначана, што парэшткі караля былі моцна пашкоджаны пастаяннай вільгаццю [...]. Усё сабранае было перавезена на чыгуначны вакзал, змешчана ў драўляную скрыню пад пячаткай. Да польскай мяжы патаемны груз суправаджаў консул Польшчы ў Ленінградзе. На трэці дзень пасля эксгумацыі каралеўскіх парэшткаў, 9 ліпеня, вагон, прычэплены да пасажырскага цягніка, прыбыў на мяжу ў Стоўбцах. Маскоўскія чыгуначнікі перадалі польскім калегам накладную з надпісам: «Польшча» і тлумачэннем: «Парэшткі».

Вызваленне

Польскія ўлады разумелі, што Стоўбцы — сапраўдныя вароты ў Еўропу. Таму тут быў пабудаваны новы чыгуначны вакзал, дамы для чыгуначнікаў, адміністрацыі, а таксама супрацоўнікаў КАП. У горадзе з’явіўся клуб «Рэдута». А таксама гімназія імя Тадэвуша Галаўко. Планавалася развіваць у Стоўбцах турызм, дзеля чаго на Нёмане была пабудавана турыстычная база.

adna_sa_strazhn_c_kap_lja_sto_bca_pachatak_1930_h_gado__logo.jpg

Адна са стражніц КАП ля Стоўбцаў, пачатак 1930-х гадоў

Але пасля пачатку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года» галоўны ўдар Дзяржынскай конна-механізаванай групы прыйшоўся на батальён КАП «Стоўбцы» пад камандаваннем падпалкоўніка Станіслава Краеўскага. Ужо ў 5 гадзін раніцы савецкім памежнікам з 16-га Дзяржынскага памежнага атрада ўдалося зламіць супраціў капістаў у стражніцах «Коласава», «Бардзі» і «Маразовіцы». Падчас бою ў Коласава камандаванню Чырвонай Арміі прыйшлося прымяніць артылерыю. Пры гэтым польскім памежнікам удалося смяротна параніць савецкага капітана-памежніка Ермакова і каля дзесяці яго падначаленых. Стражніцу «Смалярня» савецкія жаўнеры закідалі гранатамі. На працягу дня ў кровапралітных баях з пераўзыходзячым праціўнікам батальён КАП быў знішчаны.

Да чэрвеня 1941 года ў Стоўбцах і Коласава неслі службу савецкія памежнікі. Там, на «лініі загароды», яны і сустрэлі напад Германіі на Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года.