Адкуль узяўся «старэйшы брат» і чаму ідэалагічныя штампы СССР жывыя дагэтуль?

Нельга недаацэньваць сілу слова і масавай культуры. Напрыклад, дзяржаўны гімн, пра які рэдка згадваюць, калі размова ідзе пра палітыку, цалкам сабе можа быць правадніком каланізацыі.

fota_aljaksandr_libertad__novy_czas5.jpg

Савецкі Саюз распаўся больш за 30 гадоў таму. Частка былых савецкіх рэспублік, напрыклад краіны Балтыі, сёння лічаць час знаходжання ў СССР акупацыяй, а частка кажа пра «каланізацыю» іх тэрыторыі Расіяй.

Адным з доказаў версіі аб каланізацыі, а не аб добраахвотным саюзе, эксперты называюць дамінаванне рускай мовы ў СССР, а таксама замацаванне ролі Расіі і рускага народа як «вялікага брата». Адзін з прыкладаў гэтага — тое, што ў 12 з 15 рэспублік былога СССР у тэксце нацыянальнага гімна ёсць згадка рускага народа ці Расіі — як правіла, у хвалебным кантэксце.

Вось што канкрэтна спявалася пра рускіх у гімнах савецкіх рэспублік:


snimok_ekrana_2023_11_11_121542_logo.png

Чаму так здарылася і як ўкараняўся гэты наратыў у нацыянальных рэспубліках? Тэлеканал «Настоящее время» папрасіў некалькіх гісторыкаў з краін постсавецкага рэгіёна расказаць пра гэта.

«Яны, па сутнасці, паўтаралі савецкі гімн», — лічыць украінскі гісторык Уладзімір Сергійчук.

«Адразу ж у другім радку асноўнага савецкага гімна ёсць словы "згуртавала навекі Вялікая Русь", — тлумачыць кыргызскі гісторык Тынчыкбек Чаратэгін. — І гэты агульны гімн быў для рэспублік наглядным прыкладам таго, які гімн трэба прымаць».

«Старэйшы брат»

Гімн СССР і гімны большасці саюзных рэспублік ствараліся ў 1940-я гады. Прыкладна ў гэты час у савецкай ідэалогіі з'яўляецца тэма «старэйшага брата» і асаблівай ролі рускага народа. Гэтая тэма перавандравала спачатку ў гімн СССР, а потым і ў гімны ўсіх савецкіх рэспублік, расказвае расійскі гісторык Сяргей Абашын.

«У 1945 годзе Сталін на нейкім мерапрыемстве падняў тост "за рускі народ" — асобны тост, дзе ён сказаў, што рускі народ — самы галоўны народ, і на ім уся адказнасць. Атрымліваецца, гэтую мову легітымізаваў асабіста Сталін», — падкрэслівае ён.

«Так, тады гэта лунала ў паветры — "вялікі рускі народ" і гэтак далей і да таго падобнае, — згаджаецца з ім грузінскі гісторык Свімон Масхарашвілі. — Толькі ніхто нікога не прымушаў падхалімстваваць і ўносіць аналагічныя словы ў нацыянальны гімн. Але некаторыя рэспублікі ўсё ж уносілі. Чаму? Або з боязі ісці насуперак агульнай палітыцы, або праз тое, што ім не хапала нацыянальнага духу».


Глядзіце таксама

У гімнах ўсяго трох рэспублік СССР не спявалася пра асаблівую ролю рускага народа. Гэта былі Грузінская ССР, Эстонская ССР і РСФСР, гэта значыць сама Расія.

Грузія і Эстонія

Аніякіх дакладных даных пра тое, чаму пра рускі народ не спявалася, напрыклад, у гімне Грузінскай ССР, няма. Гісторыкі выказваюць дзве версіі. Паводле адной з іх, Грузія магла «выбіць» сабе нейкія саступкі ў сілу таго, што сам Сталін, які тады ўзначальваў СССР, таксама быў грузінам, лічыць гісторык Уладзімір Сергійчук.

Свімон Масхарашвілі лічыць інакш:

«Калі б у 1945-1946 годзе хтосьці асмеліўся ўнесці ў нашу Канстытуцыю, гэта значыць у гімн, што грузінская дзяржава ў абавязку перад рускім народам — грузіны паўсталі б», — адзначае гісторык.

Сітуацыя з Эстоніяй крыху іншая. Большасць гісторыкаў разглядаюць гэтую краіну разам з іншымі краінамі Балтыі — Латвіяй і Літвой. Але ў гімнах дзвюх суседніх рэспублік «вялікі рускі народ» згадваўся.

«Рускія як "старэйшыя браты савецкіх народаў" — гэта была толькі адна з многіх тэм савецкай нацыянальнай палітыкі, — тлумачыць гісторык Олаф Мертэлсман. — І калі выконваліся 5-6 пунктаў з патрэбных 8-9, гэтага было дастаткова. Няма нейкай выразнай прычыны, чаму рускіх не згадвалі ў эстонскім гімне, а ў латышскім і літоўскім — згадвалі».

Гімн РСФСР — ні слова пра рускі народ

Як так выйшла, што пра рускі народ не спявалася ў гімне Расіі — дакладней, у гімне Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі? Аж да 1990-х у РСФСР папросту не было асобнага гімна. У Расіі ўсюды выконваўся гімн СССР.


Глядзіце таксама

«Тое, што, можа быць, нейкімі рускімі нацыяналістамі ў канцы 1980-х гадоў разглядалася як нейкая недасканаласць, — расказвае Сяргей Абашын, — на самой справе якраз падкрэслівала асаблівы статус Расійскай Федэрацыі. Яна атаясамлівала сябе з самім Савецкім Саюзам».

Асобны гімн з'явіўся ў Расіі толькі ў 1990 годзе, за год да развалу СССР. Але і ў тым гімне не было ні слова пра рускі народ — проста таму, што ў гімне не было слоў зусім, толькі музыка кампазітара Міхаіла Глінкі.

Эпілог

Нягледзячы на тое, што гімны рэспублік СССР не выконваюцца ўжо больш за 30 гадоў, іх рыторыка дагэтуль уплывае на адносіны паміж постсавецкімі краінамі.

Глядзіце таксама

«Гэтыя клішэ са старых гімнаў глыбока ўеліся ў розумы старэйшага пакалення ў СНД, — прызнае Тынчыкбек Чаратэгін. — Напрыклад, Салаўёў, Скабеева, Сіманьян (расійскія прапагандысты. — Заўв. рэд.) — іх шавіністычная аднабаковая рыторыка пра вайну ва Украіне падсілкоўвае старую русафільскую ідэю. Таму і ў Кыргызстане дагэтуль ёсць тыя, хто выступае за "вялікі рускі народ"».