Альма-матэр Хаіма Вейцмана
Сёння Пінск адзначае сваё 920-годдзе. Але мы вырашылі ўзгадаць не падзеі сівой даўніны, а адносны нядаўнія ў гісторыі Пінска.
Будынак Пінскай гімназіі сёння. Фота Ігара Мельнікава У 1939 годзе НКУС пачаў арыштоўваць былых супрацоўнікаў польскай адміністрацыі і інтэлігенцыю Пінска. Да чэрвеня 1941 года было арыштавана каля 4 тысяч чалавек, сярод якіх — нямала настаўнікаў Пінскай гімназіі. Сама навучальная ўстанова была ліквідавана.
Пачатак
У 1793 годзе ў спісе гарадоў толькі што створанай расійскай адміністрацыяй Мінскай губерні значыўся і Пінск, у якім была школа. У 1834 годзе ў гэтым палескім горадзе было адкрыта Дваранскае пяцікласнае вучылішча, якое наведвалі 103 вучня. У 1852 годзе гэта ўстанова атрымала новы будынак. Ён быў пабудаваны па праекце Казіміра Скірмунта, бацькі знакамітага лідэра “краёвага” руху, патрыёткі Вялікага Княства Літоўскага — Канстанцыі Скірмунт. А праз 30 гадоў, у жніўні 1858 году, замест вучылішча была створана гімназія.
Гімназісткі
Яна павінна была складацца з сямі класаў, але ў рэчаіснасці іх было ўсяго пяць. Сярод прадметаў, якія выкладаліся там, былі: Закон Божы, руская мова і славеснасць, геаграфія, гісторыя, матэматыка, матэматычная і фізічная геаграфія, нямецкая і французскія мовы, лацінскі для тых, хто рыхтаваўся паступаць ва ўніверсітэт. У 1860 годзе ў гімназіі вучылася 235 вучняў. У 1864 годзе ўстанова была перайменавана ў рэальную гімназію.
Многія вучні гімназіі былі патрыётамі. Яны ўдзельнічалі ў антыцарскіх маніфестацыях. За гэта некаторыя з гімназістаў былі выключаны з навучальнай установы. У знак пратэсту супраць гэтага, заняткі перасталі наведваць і іншыя навучэнцы. У выніку з Пінскай гімназіі быў выключаны 31 вучань. Пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага з Пінскай гімназіі былі звольнены ўсе мясцовыя выкладчыкі, а ім на змену прыйшлі “рускія” настаўнікі. Так ажыццяўлялася палітыка Міхаіла Мураўёва-вешальніка, накіраваная на русіфікацыю гістарычнай Літвы.
У 1872 годзе навучальная ўстанова зноў атрымала назву шасцікласнае рэальнае вучылішча з дадатковым сёмым класам навучання. Пінская гімназія была адным з найбольш вядомых сярэдніх навучальных устаноў у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі. У 1876 годзе адміністрацыя вучылішча прымае рашэнне аб куплі суседняга дома, у якім размясціліся школьная канцылярыя, архіў і сталярная майстэрня. У 1912 годзе кіраўніцтва навучальнай установы на чале з дырэктарам Міхаілам Арганавым спрабуе выкупіць зямельны участак, які знаходзіўся побач, аднак вырашыць гэтую праблему да пачатку Першай Сусветнай вайны ім так і не ўдалося.
Адразу пасля пачатку ваенных дзеянняў у будынку гімназіі быў размешчаны рускі ваенны шпіталь. Дзяцей і настаўнікаў прытуліла ў сваім доме Канстанцыя Скірмунт. Улетку 1915 года школу эвакуіруюць у Ржэў. Міхаіл Арганаў забраў з сабой школьны архіў, аднак, бібліятэка і іншая маёмасць навучальнай установы засталіся ў Пінску. У жніўні 1915 года горад апынуўся пад нямецкай акупацыяй. У будынку гімназіі была размешчана ваенная камендатура.
Улада зноў мяняецца
У 1919 годзе ў Пінск ўваходзяць польскія войскі. Канстанцыя Скірмунт звяртаецца да польскага камандавання з просьбай аб арганізацыі працы гімназіі. Шляхцянка стварае “Часовы камітэт сярэдняй школы”, які неўзабаве атрымлівае фінансаванне на развіццё школьнай дзейнасці ў Пінску. Новым дырэктарам школы становіцца матэматык Апалінары Кланоўскі. У снежні 1919 года школа атрымлівае імя Св. Анджэя Баболі, святара, прапагандаваўшага ідэі Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года ў Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску. Пры школе быў арганізаваны гаспадарчы камітэт, у які ўваходзілі не толькі прадстаўнікі школьнай адміністрацыі, але і бацькі вучняў. Фінансавую падтрымку навучальнай установе аказвалі Канстанцыя Скірмунт, будучы генерал Войска Польскага Уладзіслаў Сікорскі і іншыя.
Дзяржаўная гімназія ў Пінску, 1930 г.
Пасля пачатку наступу Чырвонай Арміі школа была зачынена, а адміністрацыя эвакуіравалася на захад. Аднак ўзяць Варшаву бальшавікам не ўдалося. У верасні 1920 года польскія часткі зноў ўваходзяць у Пінск. У выніку савецка-польскай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі, у тым ліку і Пінск, апынулася ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. Ваенныя ўлады перадаюць будынак Пінскай гімназіі ў распараджэнне грамадзянскай адміністрацыі. Для таго, каб трапіць на вучобу ў гэтую ўстанову, школьнікам даводзілася здаваць уступныя экзамены. Неўзабаве за парты селі 211 вучняў: 126 хлопчыкаў і 85 дзяўчынак. У жніўні 1921 года дырэктарам гімназіі стаў Феліцыян Слівінскі. Ён ініцыяваў набор новага выкладчыцкага складу. Тады ж гімназія стала дзяржаўнай.
Без пяці хвілін сталіца ваяводства
Пінск быў досыць прэстыжным па тагачасных мерках польскім горадам. У лютым 1921 года было створана найбольш буйное з усіх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай — Палескае, як раз з цэнтрам у Пінску. Але ў жніўні таго ж года, у горадзе адбыўся страшны пажар, які знішчыў трэць гарадскіх пабудоў. Пасля гэтага польскія ўлады часова перавялі ваяводскую адміністрацыю ў Брэст. Такое становішча працягвалася да верасня 1939 года, а Пінск атрымаў статус павятовага цэнтра. Дарэчы, падчас згаданага пажару быў знішчаны адзін з будынкаў, які належаў Пінскай гімназіі. Гутарка ідзе пра дом дырэктара, у якім таксама размяшчалася канцылярыя школы.
Палесскі кірмаш у Пінску
У 1921 годзе ў Пінску жыло 23,5 тыс. чалавек, а праз 10 гадоў, у 1931-м — ужо 33,5 тыс. Перад пачаткам Другой Сусветнай вайны, насельніцтва горада складала амаль 36 тыс. чалавек. Дзве траціны насельніцтва Пінска складалі габрэі, якія займаліся гандлем і рамеснай вытворчасцю. Міжваенны Пінск стаў найбуйнейшым транспартным вузлом. Праз Каралеўскі канал і Канал Агінскага ажыццяўлялася грузавое і пасажырскае суднаходства. Сэрцам горада была ажыўленая прыстань і гандлёвая плошча каля езуіцкага касцёла. Своеасаблівым брэндам горада сталі Палескія кірмашы, якія праходзілі ў горадзе ў 1936–1939 гадах. Для іх правядзення на беразе Піны былі пабудаваны два гандлёвыя павільёны.
Школьная прыстань у Пінску, 1935 год
Gimnazjum państwowe w Pińsku
Адкрыццё Пінскай дзяржаўнай гімназіі адбылося 5 верасня 1921 года. У кастрычніку таго ж года школа атрымала ад урада на бягучыя выдаткі 100 тыс. польскіх марак. У 1925 годзе гімназія была падзелена на мужчынскую і жаночую. Адміністрацыя школы ўсведамляла, што вучнямі гімназіі будуць не толькі палякі, але і прадстаўнікі іншых народаў, перш за ўсё, беларусы і габрэі і ў сувязі з гэтым адукацыйны працэс трэба было пабудаваць з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і гістарычнага мінулага палескага рэгіёну.
Спецыфікай заняткаў у гімназіі стаў высокі ўзровень выкладання агульнаадукацыйных прадметаў. Асобная ўвага надавалася заняткам фізічнай культурай. У перыяд з 1926 па 1929 гады Пінская гімназія была адзінай навучальнай установай у ваяводстве, якая мела уласную спартыўную залу. У ліпені 1929 года Міністэрства адукацыі Польшчы вылучыла Пінскай гімназіі 5000 злотых на будаўніцтва асобнай гімнастычнай залы для дзяўчынак. Гэты праект быў рэалізаваны ў верасні таго ж года.
Уніформа гімназістак
Уніформа гімназістаў
Акрамя гэтага, адміністрацыя школы звярнулася да гарадскіх улад па дазвол на набыццё прылеглай тэрыторыі, на якой вучні праводзілі заняткі фізкультуры вясной і ўвосень. Гаворка ішла пра той участак, які перад Першай Сусветнай вайной хацеў набыць апошні рускі дырэктар гімназіі Міхаіл Арганаў.
Сцяг гімназіі
Вялікая ўвага ў Пінскай гімназіі надавалася таксама вайсковай падрыхтоўцы вучняў. Восенню 1923 года пры школе быў створаны адзін з першых у Заходняй Беларусі атрадаў па падрыхтоўцы школьнай моладзі да вайсковай службы. У яго запісваліся вучні IV–VIII класаў.
Таксама вырашалася пытанне аб капітальным рамонце будынка навучальнай установы. У 1928 годзе быў нанова перакрыты дах будынка. Некаторыя з класаў былі абсталяваны дадатковымі печамі. У перспектыве планавалася правесці ў будынак цэнтральнае ацяпленне.
Сур’ёзнай праблемай для адміністрацыі навучальнай установы была кадравая. У сувязі з недастатковай колькасцю кваліфікаваных выкладчыкаў у пачатку 1920-х гадоў школьнаму кіраўніцтву даводзілася перакройваць школьную праграму і уціскаць некаторыя прадметы. Аднак з часам сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Калі ў 1921 годзе ў гімназіі працавала 11 настаўнікаў, то ў 1929 годзе іх было ўжо 35. Акрамя працы ў школе, настаўнікі арганізоўвалі публічныя курсы для супрацоўнікаў Дзяржаўнай паліцыі па гісторыі, літаратуры, геаграфіі, прыродазнаўству. Асветніцкая дзейнасць настаўнікаў Пінскай гімназіі не раз была ўганаравана падзякамі прэзідэнта Пінска і павятовага старасты.
Пінск
Навучэнцаў гімназіі абслугоўвалі ўрачы медпункта, які знаходзіўся ў будынку жаночай гімназіі. Перыядычна рабіўся медыцынскі агляд вучняў усіх класаў. У перыяд з 1921–1925 гады сярод гімназістаў было адзначана 55 выпадкаў малярыі і 8 выпадкаў тыфа. У 1922 годзе ўсім вучням гімназіі былі зроблены прышчэпкі ад воспы, а ў 1927 годзе — ад балотнай ліхаманкі.
Бібліятэка
Пінская гімназія валодала цудоўнай бібліятэкай, у якой былі як кнігі, якія дасталіся ў спадчыну ад рускай школы, так і новыя польскія выданні. У 1922 годзе гімназія атрымала ад Міністэрства адукацыі 1000 асобнікаў навуковай і папулярнай літаратуры. У наступныя гады гімназія сама закупляла літаратуру і неабходныя навучальныя матэрыялы. У 1927 годзе Міністэрства адукацыі Польшчы вылучае Пінскай гімназіі крэдыт на куплю вучэбнай літаратуры. У выніку, гімназічная бібліятэка папаўняецца яшчэ 1475 асобнікамі кніг рознай тэматыкі. У 1931 годзе ў распараджэнні школьнай бібліятэкі было 3766 кніг на польскай, рускай, нямецкай і французскай мовах.
Пячатка бібліятэкі Пінскай гімназіі
У 1930 годзе ў Роўна прайшоў з’езд настаўнікаў замежных моў. Вярнуўшыся дадому, выкладчыкі Пінскай гімназіі ўнеслі кіраўніцтву прапанову аб стварэнні ў школе асобнай бібліятэкі для вучняў, якія вывучаюць замежныя мовы. Неўзабаве гэта прапанова была адобрана і ў распараджэнні гімназістаў апынуліся як самыя сучасныя слоўнікі і падручнікі, так і акадэмічныя выданні, накшталт “Размоў французска-руска-нямецкіх”, выдадзеных ў Санкт-Пецярбургу ў 1858 годзе.
Кніга з Пінскай гімназіі
Дарэчы, цалкам магчыма, што менавіта з дапамогай гэтай кнігі вывучаў замежныя мовы будучы першы прэзідэнт Ізраіля, ураджэнец вёскі Моталь, Хаім Вейцман. Іншымі знакамітымі выпускнікамі Пінскай гімназіі былі, напрыклад, знакаміты савецкі архітэктар Іван Жалтоўскі, а таксама адзін з заснавальнікаў савецкай фармакалогіі Іван Машкоўскі.
Хаім Вейцман
Дошка ў гонар Х. Вейцмана на будынку былой Пінская гімназіі
Настаўнікі
Сярод выкладчыкаў школы, былі не толькі палякі, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. На прыклад, настаўнікам праваслаўнай рэлігіі быў ураджэнец Піншчыны, выпускнік духоўнай семінарыі ў Мінску Фёдар Дружылоўскі. Да рэвалюцыі ён выкладаў у розных школах Мінскай губерні. З 1921 па 1927 гады працаваў у Пінскай гімназіі, а ў 1928 годзе стаў праводзіць заняткі ў дзяржаўнай гімназіі і Тэхнічнай школе ў Лунінцы.
Французскую мову выкладала ураджэнка Дынабургу, выпускніца філалагічнага факультэта Пецярбургскага універсітэта Наталля Рейсмілер. Да рэвалюцыі яна выкладала французскую мову ў гімназіях Мінска і Вільні. У 1907-1917 гадах была дырэктарам прыватнай жаночай гімназіі ў Вільні. Затым пераехала ў горад на Піне і з 1923 года стала настаўнікам Пінскай гімназіі. Яшчэ адной выкладчыцай французскай мовы была ураджэнка Пінска Валерыя Траяноўская. Пасля заканчэння Пінскай гімназіі яна паехала ў Парыж і паступіла на філалагічны факультэт аднаго з французскіх універсітэтаў.
На адным з параходаў на Піне
Выкладчыкам прыродазнаўства ў гімназіі быў Зміцер Георгіеўскі. Ураджэнец Пінска ў 1916 годзе скончыў прыродазнаўчы факультэт Варшаўскага універсітэта. Пасля гэтага працаваў у розных школах на Крыму і ў Пінску. З 1922 года працаваў у Пінскай гімназіі, таксама быў вучоным сакратаром Палескага музея ў Пінску. Выяўленчае мастацтва выкладала ураджэнка Вільні Марыя Чыркова. Пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі і Варшаўскага універсітэта, яна працавала ў школах у Лідзе і Гродне, а з 1926 года стала выкладчыкам Пінскай гімназіі.
Фізіцы гімназістаў навучаў ураджэнец Пінска Аляксандр Літвінаў. У 1908 годзе ён скончыў рэальную школу ў Пінску, затым паступіў у лясной інстытут у Пецярбургу. З 1923 года выкладаў у Пінскай гімназіі. Настаўнікам рускай мовы быў выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта Андрэй Цыбрук. Юдаізм выкладаў ураджэнец Пінска, па сумяшчальніцтве віцэ-прэзідэнт Габрэйскага эміграцыйнага таварыства Якуб Айзенберг.
План Пінска, 1937 г.
Сёння ў будынку былой гімназіі размяшчаецца Аддзел адукацыі пінскага гарвыканкама.
Фота аўтара і з асабістага архіву аўтара