Антон Валынчык жыў песняй
Хачу расказаць чытачам «НЧ» пра Антона Валынчыка — нашага таленавітага земляка, харавога дырыжора, кампазітара, педагога, заслужанага работніка культуры
Беларусі. Таленавітага, але забытага. У 1939 годзе ён пераехаў з
сям’ёй у Слонім у свой дом, які ён пабудаваў яшчэ пры паляках.
За польскім часам
Нарадзіўся Антон Міхайлавіч Валынчык 23 ліпеня 1896 года ў вёсцы Мяльканавічы на Слонімшчыне ў сям’і царкоўнага рэгента. Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасля войска вярнуўся на радзіму і стаў працаваць выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Навагрудскай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме (1939–1947).
Вось што пра гэты час пісаў беларускі эміграцыйны часопіс «Віці» ў лютым 1957 года: «У 1927 годзе дырэкцыі Клецкай гімназіі ўдалося перацягнуць на працу як выкладчыка музыкі і спеваў вядомага кампазітара і слаўнага дырыжора Антона Валынчыка. Кампазітар Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю гімназічнага хору, у якім бралі ўдзел каля 60 вучняў. За тры месяцы працы Антону Валынчыку ўдалося наладзіць першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна кампазіцыі самога дырыжора, мелі надзвычайны поспех. З гэтага часу пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу ў самім Клецку ды ў навакольных вёсках, даючы частыя канцэрты. У наступным 1928 годзе кампазітар Валынчык арганізаваў струнны аркестр, які налічваў 50 асобаў. Наладжаныя канцэрты ды драматычныя паказы, маючы добры поспех, папаўнялі пустую касу гімназіі... У 1930 годзе кампазітар Валынчык перабраўся ў Наваградак і там працаваў у Наваградскай беларускай гімназіі».
Пра музычную дзейнасць нашага земляка ў Навагрудку яшчэ пры жыцці падзяліўся са мной успамінамі актывіст беларускага руху ў Вільні Аляксей Анішчык: «Антон Валынчык, які працаваў у Навагрудскай гімназіі, арганізаваў выдатны хор і аркестр, бадай, найлепшыя ў Заходняй Беларусі».
Пра канцэрт у беларускай гімназіі пісала тады музыказнаўца Ірына Здановіч у ваяводскай газеце «Жыце Новогрудзке»: «Праграма была вельмі разнастайная. Разнароднасць песень, пераплеценая з канцэртамі на мандалінах і танцамі, пакінула незнішчальнае ўражанне. Цудоўнай была кампазіцыя Антона Валынчыка «Вечарам». На гэтую мелодыю я звярнула ўвагу яшчэ намнога раней. Часта, ідучы вечарам дахаты, я з-за муроў беларускай школы слухала выплываючую адтуль сумную, журботную песню глухога вечара, якая раптам ператваралася ў сімфонію птушынага шчэбету, пошуму лісцяў. Спынілася я тады і доўга ўслухоўвалася ў гэтую дзіўную, нязнаную мелодыю. Публікі было вельмі многа, і яна з энтузіязмам і сімпатыяй вітала кожнаразовае выступленне хору... Навагрудак, 1930 год».
Не толькі спадарыня Здановіч высока ацэньвала талент Антона Валынчыка. Напрыклад, выкладчык музыкі і спеваў тагачаснай Навагрудскай дзяржаўнай польскай гімназіі прафесар Лазінскі не раз прыводзіў свае класы ў гімназію, каб паслухаць рэпетыцыі Антона Валынчыка. Прафесар глыбока шанаваў Валынчыка і адкрыта пакланяўся яго самабытнаму таленту. «Кожнаму, хто сустракаўся з Антонам Міхайлавічам Валынчыкам, назаўсёды запомніліся высокая культура і шчырая спагада гэтага чалавека. Яго сонечны характар нагадвае мне мастакоў Язэпа Драздовіча і Пётру Сергіевіча. Відаць, гэта адметная рыса вялікіх мастацкіх талентаў», — пісаў у адным з лістоў з Вільні аўтару гэтых радкоў Аляксей Анішчык.
У кнізе «Памяць. Клецкі раён» надрукаваныя ўспаміны Антона Валынчыка пра той час, калі ён працаваў у Клецкай беларускай гімназіі. Вось невялікі ўрывачак з тых успамінаў: «Я памятаю ўсё. У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй — душа ў душу. Але ў гімназію пастаянна прысылалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага — вельмі нядобрага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец... І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую «Кобзу» Давыдоўскага, і «Відзьма». Ну, і беларускія таксама: «Ліпы старыя», «Касцы» (гэта мае былі), народных вельмі многа. Ведаеце, «Ліпы старыя» я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая прамова. Мабыць, здолелі мы яго прыняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае — ніякіх дрэнных наступстваў візіту!»
У 1937 годзе Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі хорамі.
За савецкім часам
Пасля вайны быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Але потым над ім навіслі «чорныя хмары», і цудам ён выратаваўся ад рэпрэсій. Праўда, даволі працяглы час наш зямляк не меў дзяржаўнай службы, быў незапатрабаваны як спецыяліст. Каб выжыць, ён пачаў супрацоўнічаць з хорамі ў праваслаўных храмах. Кіраваў царкоўнымі хорамі ў Клецку, Навагрудку, Слоніме, Жыровічах, Мінску.
У 1956 годзе наш зямляк паехаў у Магілёўскую вобласць, дзе ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год вярнуўся ў Маладзечна, дзе яму прапанавалі быць кіраўніком міжабласнога Маладзечанскага ансамбля песні і танца. У свой калектыў Антон Валынчык сам шукаў людзей. Ён ездзіў па беларускіх гарадах і вёсках і ўсіх, хто любіў музыку і песні, збіраў у ансамбль.
Аднойчы быў такі выпадак. Крочыў Антон Міхайлавіч па адной з вуліц Пінска. Раптам чуе: аднекуль даносіцца песня. Цудоўны дзявочы галасок спявае: «Ой, рэчанька, рэчанька...» Уважліва прыслухаўся і накіраваўся туды, адкуль лілася песня. Увайшоў у маленькае кафэ і спыніўся ля ўваходу. Там нікога не было, акрамя маладзенькай дзяўчынкі. Яна прыбірала са сталоў і спявала. Убачыўшы Валынчыка, дзяўчынка збянтэжылася і спыніла песню. «Спявай, спявай. Гэта вельмі прыгожа», — сказаў ёй Антон Міхайлавіч. І калі яна закончыла спяваць, ён дадаў: «А можа ў наш ансамбль пайшла б?» Яна дала згоду...
Так папаўняўся яго калектыў у Маладзечне. Хутка ў ім было сорак юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі сюды, як кажуць, з гушчы народнай. Побач з імі працягваў крочыць па жыцці з песняй гэты ўлюбёны ў сваю справу чалавек. Ён валодаў амаль усімі музычнымі інструментамі. Але найбольш паважаў скрыпку і віяланчэль. Вучыўся Валынчык у кампазітара Туранкова, а таксама ў вядомага харавога дырыжора Ягорава.
Чатыры гады ўзначальваў Антон Валынчык Маладзечанскі ансамбль песні і танца. А ў 1961 годзе ён пераехаў у Гродна, дзе пачаў стала жыць. Там ён узначальваў кафедру музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гродзенскага народнага ансамбля песні і танца «Нёман», мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Шмат кансультаваў як хормайстар многія харавыя капэлы Гродзеншчыны. Увасабляў у канцэртных праграмах творы І. Баха, Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, С. Манюшкі, К. Вебера. Апрацоўваў беларускія народныя песні. Пісаў і рыхтаваў для выканання свае песні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі і іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананне ў стылі «а капэла».
Шукаючы звесткі пра Антона Валынчыка, яшчэ ў 1990-х гадах спытаўся неяк пра яго ў заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна. Апанас Пятровіч тады мне расказаў: «З Антонам Міхайлавічам Валынчыкам я часта сустракаўся, калі ён ішоў са спінінгам, вудамі і іншымі рыбацкімі прыладамі на Нёман. Апошні раз быў на Каляды ў ягонай кватэры разам з самадзейным кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам. Валынчык тады ўжо цяжка хварэў, перанёс інсульт. Яго жонка Вольга Данілаўна выканала нам песню, якую даўней спявалі гімназісты Клецкай гімназіі кожны дзень перад пачаткам заняткаў і пасля іх — «Вучыся, нябожа, вучэнне паможа», здаецца, на словы Янкі Купалы. Хаця наш выдатны дырыжор і кампазітар стараўся прынесці як мага больш карысці роднай Бацькаўшчыне, але наменклатуршчыкі не любілі Антона Міхайлавіча. Так, ён без усялякай прычыны быў адхілены ад кіраўніцтва ансамблем песні і танца «Нёман», які меў ганаровае званне народнага. «Прышывалі» яму ярлыкі «неблагонадёжный», «националист». Ён памёр 13 лістапада 1985 года. Пахаваны на гарадскіх могілках Гродна. На яго магіле няма помніка, пастаўлены просты жалезны крыж».
Шукаючы звесткі пра Антона Валынчыка, звярнуўся на днях да прафесара Гродзенскага універсітэта Аляксея Пяткевіча, які калісьці таксама добра ведаў кампазітара. Аляксей Міхайлавіч даслаў фотаздымак
дачкі Антона Валынчыка Дзіны, а таксама трохі згадаў пра яго: «Вядома ж, я яго няблага ведаў, бо працаваў побач шмат гадоў ва універсітэце. Быў ён, несумненна, беларускім патрыётам, але за
гэта шмат пацярпеў. І ўжо калі працаваў у педінстытуце, стаў закрытым у кантактах. І не толькі са мною. Баяўся. Але трымаўся паслядоўна свайго нацыянальнага рэпертуару ў калектывах, якімі кіраваў.
Свае песні ствараў толькі, здаецца, па творах беларускіх паэтаў. У складзе гэтай кагорты — ён, Шырма, Цітовіч, Роўда, Шыдлоўскі...
На яго 60-годдзі гаварыў пра яго слова на даволі сціплай урачыстасці ва універсітэце. Перад гэтым распытваў яго, цікавіўся лёсам і пазней. Ды ён не хацеў пра сябе казаць, усё адкрываць... З прыходам саветаў у 1939 годзе Антон Валынчык пераехаў з сям’ёй у Слонім у свой дом, які ён пабудаваў яшчэ пры паляках. Праўда, увесь дом Валынчыкі не займалі (ён, жонка Вольга Васільеўна і дачка Дзіна), а частку. Гэты дом знаходзіўся на Альбярцінскай вуліцы, 6. Тут наведвала мая жонка Дзіну, з якою сябравала, недзе ў сярэдзіне ці ў пачатку 1960-х гадоў. А затым Дзіна выйшла замуж і з’ехала ў Вільню...»
Вось такі мой невялікі аповед пра нашага земляка, кампазітара і дырыжора Антона Валынчыка. Пошукі звестак пра яго працягваюцца. І калі пасля гэтай публікацыі нехта адгукнецца і распавядае яшчэ што-небудзь пра гэтага чалавека, буду вельмі ўдзячны.