БагатаДата 27 ліпеня — 2 жніўня
Як Менск стаў Мінскам і хто адмовіўся вяртаць сталіцы гістарычную назву? Калі мы павінны адзначаць Дзень Незалежнасці? Колькі ў СССР было жанчын-дырыжорак? Гэтыя і іншыя цікавосткі — у чарговым аглядзе.

27 ліпеня
Ранейшы Дзень Незалежнасці Беларусі, які адзначаўся ў дзень прыняцця ў 1990 годзе Вярхоўным Саветам, тады яшчэ БССР, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

1824. Пачалося будаўніцтва Аўгустоўскага канала. Гэтае гідратэхнічнае суднаходнае збудаванне злучае рэкі Віслу і Нёман на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Даўжыня — 101,2 кіламетра. Пачынаецца канал каля польскага Аўгустова — адсюль і назва.
1899. У мястэчку Грузджай Шаўляйскага раёна Літвы нарадзіўся Станіслаў Ваупшасаў, імем якога названая вуліца ў Мінску. Ён быў савецкім разведчыкам на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920-я гады, фарміраваў дыверсійныя групы падчас савецка-фінскай вайны, у Другую сусветную камандаваў партызанскім атрадам. Пасля вярнуўся на працу ў цэнтральны апарат НКУС. Герой Савецкага Саюза.
1984. У Мінску памёр беларускі і ўкраінскі оперны спявак Зіновій Бабій. Выступаў у оперных тэатрах Кіева, Львова ды Мінска.
28 ліпеня
Дзень работнікаў гандлю ў Беларусі (адзначаецца ў апошнюю нядзелю ліпеня), а таксама Сусветны дзень барацьбы з гепатытам.

1944. Брэст быў вызвалены ад фашыстаў — і такім чынам скончылася вызваленне тэрыторыі Беларусі.
29 ліпеня
1939. Вярхоўны Савет БССР на хвалі русіфікацыі і рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі прыняў рашэнне перайменаваць сталіцу Менск у Мінск. У 1991 годзе Мінскі гарсавет прапанаваў Вярхоўнаму Савету незалежнай Беларусі вярнуць старую назву, але той прагаласаваў супраць.

30 ліпеня
Міжнародны дзень барацьбы з гандлем людзьмі.
31 ліпеня
1649. Адбылася бітва пад Лоевам падчас казацкай вайны — паўстання Багдана Хмяльніцкага. Войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла перамагло казацка-сялянскае, якое было ўтрая большым. Але і ўрадавая армія зазнала вялікія страты — у бітве была знішчана палова войска.
1949. У ЗША было створана Беларуска-амерыканскае Задзіночанне.
1989. У Мінску нарадзілася найлепшая тэнісістка ў гісторыі Беларусі Вікторыя Азаранка. Нейкі час была нават першай ракеткай свету: узначальвала рэйтынг WTA — Жаночай тэніснай асацыяцыі.

1 жніўня
1914. З абвяшчэння Германіяй вайны Расіі для беларусаў пачалася Першая сусветная вайна. Усяго ў яе былі ўцягнутыя тры дзясяткі краінаў. Стаўка галоўнакамандуючага Расійскай імперыі размясцілася ў нашых Баранавічах, а праз год, калі фронт апынуўся на беларускай тэрыторыі, яе перасунулі ў Магілёў. Наступствы той вайны для нашых продкаў — мільёны загінулых і ўцекачоў.
1964. У Мінску нарадзілася Наталля Шыколенка, чэмпіёнка свету 1995 года і сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Барселоне 1992 года ў кіданні дзіды. Спартоўка года Беларусі–1995.
2 жніўня
Дзень дэсантнікаў і сілаў спецыяльных аперацый у Беларусі.

1914. У Санкт-Пецярбургу нарадзілася Таццяна Каламійцава, адзіная жанчына-дырыжор у БССР і адна з дзвюх дырыжорак у СССР.