Баварская авантура Гітлера. «Піўны путч» 1923 года
У сталіцы Баварыі Мюнхене 8-9 лістапада 1923 года кааліцыя нацыяналістычных груповак паспрабавала арганізаваць узброенае антыдзяржаўнае паўстанне, каб гвалтоўна зрынуць дэмакратычна абраны ўрад Германіі. Гэты бунт, які ўвойдзе ў гісторыю як «Піўны путч», з трэскам праваліцца. Але…
Менавіта гэтая падзея зробіць Адольфа Гітлера з нікому невядомага лідара невялікай Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі палітыкам агульнагерманскага маштабу.
Баварыя перад путчам
На пачатку 20-х гадоў у Веймарскай рэспубліцы, якая была створана ў Германіі ў канцы Першай сусветнай вайны, панаваў татальны хаос. Эканоміка краіны знаходзілася ў страшэнным заняпадзе. Некантралюемая інфляцыя зніжала кошт грошай у кішэні грамадзян рэспублікі кожны дзень.
Так, да пачатку Першай сусветнай вайны крыху больш за чатыры нямецкія рэйхмаркі былі эквівалентныя аднаму долару ЗША. У пачатку 1923 года абменны курс падняўся да 18 тысяч марак за долар, да ліпеня ён дасягнуў ужо 350 тысяч марак, а да верасня — 100 мільёнаў марак за долар.
Пасля вайны на руках у насельніцтва засталася велізарная колькасць зброі. У такіх умовах гвалт стаў адной з формаў палітычнай барацьбы. Банды супрацьлеглых палітычных груповак ваявалі адна з адной на вуліцах — камуністы, сацыялісты, нацысты і іншыя часта звярталіся да гвалту як да аднаго са сродкаў палітычнай барацьбы. Забойствы папулярных палітычных ці прафсаюзных дзеячаў сталі амаль звычайнай з'явай.
У такой сітуацыі лідар нацысцкай партыі Адольф Гітлер убачыў магчымасць захапіць палітычную ўладу ў Мюнхене, заручыцца падтрымкай насельніцтва і паспрабаваць зрынуць ўрад Германіі, арганізаваўшы агульнанацыянальны марш на Берлін. Ён быў натхнёны поспехам мінулагодняга маршу на Рым «чорнакашульнікаў» Беніта Мусаліні, у выніку якога ў Італіі быў устаноўлены фашысцкі ўрад.
У той жа час шмат хто з чальцоў урада Баварыі быў незадаволены цэнтральнай уладай у Берліне, папулярнымі станавіліся ідэі мясцовага сепаратызму. Прычыны для гэтага былі. У студзені 1923 года войскі Францыі і Бельгіі акупавалі Рэйнскую вобласць і Рур. Прэм’ер-міністр Францыі Раймон Пуанкарэ абвясціў, што гэтыя тэрыторыі будуць выкарыстоўвацца ў якасці закладу для забеспячэння выканання Германіяй сваіх рэпарацыйных абавязкаў. Гэта выклікала моцны супраціў сярод немцаў, шмат якіх палічыла гэта за акт нацыянальнай знявагі. Урад рэспублікі заклікаў народ да пачатку так званага «пасіўнага супраціву». Немцы шчыра адгукнуліся на гэты заклік. Краіну ахапілі страйкі. Выплаты рэпарацый спыніліся. Але даволі хутка пад знешнім ціскам кіраўнік германскага ўрада Густаў Штрэземан быў вымушаны аб'явіць аб спыненні супраціву.
У адказ на гэта ўрад Баварыі апратэставаў рашэнне Берліна. Міністр-прэзідэнт зямлі Ойген фон Кнілінг абвясціў у Баварыі рэжым надзвычайнага становішча і прызначыў мясцовага кансерватыўнага палітыка Густава фон Кара на пасаду генеральнага камісара Баварыі, надаўшы яму пры гэтым амаль дыктатарскія паўнамоцтвы. Разам са сваімі паплечнікамі — генералам узброеных сіл Отта фон Лосавым і начальнікам дзяржаўнай паліцыі Гансам Рытэрам фон Зайсерам — фон Кар сфарміраваў своеасаблівы баварскі кіраўнічы трыумвірат.
Усе яны ў сваіх публічных прамовах часцяком падтрымлівалі Гітлера, выступалі за неабходнасць адраджэння нацыянальнай велічы Германіі і выгнання акупантаў з краіны. Аднак употай яны разлічвалі, што брудную працу па звяржэнні ненавіснай рэспублікі і ўсталяванні мілага ім аўтарытарнага рэжыму зробяць іншыя людзі — тыя, што знаходзіліся на ваеннай і грамадзянскай службе ў Берліне. Тады баварцы змаглі б скарыстацца вынікамі не рызыкуючы. А калі гэта не атрымаецца, то заўжды можна было паспрабаваць аддзяліцца ад Германіі і стварыць асобную незалежную Баварыю на чале з манархамі мясцовага старажытнага дома Вітэльсбахаў.
Трыумвірат вырашыў сустрэцца ўвечары 8 лістапада 1923 года ў мюнхенскай піўной «BürgerbräuKeller», каб абмеркаваць будучую стратэгію.
Тым часам радыкальныя нацыяналістычныя групоўкі, сярод якіх былі і нацысты, аб'ядналіся ў фарміраванне, якое яны назвалі «Kampfbund» («Баявая ліга»). Стаміўшыся ад прамоў палітыкаў, лідары радыкалаў вырашылі не чакаць і браць ініцыятыву ў свае рукі.
Гітлер і яго таварышы па змове планавалі сарваць сустрэчу баварскіх лідараў 8 лістапада. Яны хацелі прымусіць фон Лосава і фон Зайсера вывесці баварскія войскі на вуліцу ў падтрымку так званага «Урада нацыянальнага адраджэння», якія разам з ваенізаванымі фарміраваннямі «Kampfbund» мусілі захапіць важныя адміністрацыйныя і ваенныя будынкі горада. Канчатковай мэтай яны бачылі пачатак так званай «нацыянальнай рэвалюцыі» і захоп улады па ўсёй Германіі.
«Нацыянальная рэвалюцыя пачалася!»
Каля 20:30 вечара 8 лістапада атрад нацыстаў колькасцю ў некалькі сотняў чалавек акружыў піўную, дзе павінны былі выступаць прадстаўнікі трыумвірату. На той момант там сабралася некалькі тысяч мюнхенцаў. Уварваўшыся ўнутр, Гітлер ускочыў на стол, стрэліў з пісталета ў столь, перапыніўшы такім чынам прамову фон Кара, і заявіў, што «нацыянальная рэвалюцыя пачалася». Акружаны ўзброенай аховай, ён праціснуўся наперад і коратка звярнуўся да натоўпу. Затым ён загадаў фон Лосаву, фон Зайсеру і фон Кару прайсці ў суседні пакой. Там пад руляй пісталета ён прымусіў іх падтрымаць яго путч. Праз некаторы час Гітлер і тры баварскія лідары вярнуліся ў галоўную залу і звярнуліся да натоўпу. Яны заявілі аб сваёй салідарнасці і абвясцілі аб ключавых прызначэннях новага ўрада.
Хутка ў піўную прыехаў генерал Эрых Людэндорф, герой Першай сусветнай, які падтрымаў нацысцкае паўстанне, як толькі пачуў аб яго пачатку. Ён быў вельмі папулярны ў нямецкім войску. У 1914 годзе ён цалкам знішчыў армію расійскага генерала Аляксандра Самсонава ў бітве пры Таненбергу. Спадзяваючыся на сваю папулярнасць па ўсёй краіне, генерал збіраўся пераманіць хаця б частку яе на бок бунтаўшчыкоў.
Вырашыўшы, што ўсё ідзе па плане, Гітлер пакінуў трыумвірат пад апекай Людэндорфа, а сам паехаў займацца арганізацыяй бунту ў іншых кропках горада. Аднак вопытныя палітыкі зусім не збіраліся браць удзел у авантуры наваяўленага фюрэра. Яны ўгаварылі Людэндорфа даць ім пакінуць піўную, нібыта для таго, каб заняць адведзеныя ім ролі ў путчы. Стары генерал пагадзіўся.
Апынуўшыся на волі, усе яны імгненна асудзілі бунт. Акрамя таго, яны яшчэ і загадалі паліцыі і вайсковым часцям як яга мага хутчэй абяззброіць бунтаўшчыкоў і вярнуць спакой на вуліцы баварскай сталіцы.
Бачачы, што яго падманулі, Людэндорф адчайна паспрабаваў выратаваць сітуацыю, заклікаўшы паслядоўнікаў Гітлера да стыхійнага маршу ў цэнтр горада. На наступны дзень, 9 лістапада, на вуліцы выйшлі каля 2500 — 3000 прыхільнікаў путчыстаў. Яны калонай рушылі ў бок міністэрства абароны Баварыі, адзін з будынкаў якога ўтрымлівалі нацысцкія баевікі пад кіраўніцтвам Эрнста Рома. Хутка на шляху ўдзельнікаў маршу з’явіўся атрад супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі. Дзве групы пачалі перастрэлку.
У выніку бойкі былі забіты чатыры паліцэйскія і 16 гітлераўцаў. Сам Адольф Гітлер атрымаў усяго толькі вывіх пляча, калі зваліўся на зямлю, хаваючыся ад куль. Нязломны барацьбіт на словах, ён на жываце адпоўз па ходніках убок і быў вывезены на машыне, зусім не па-геройску пакінуўшы сваіх таварышаў.
Кінутыя сваім кіраўніком, нацысты спынілі супрацьстаянне. Зразумеўшы паражэнне, генерал Людэндорф пайшоў наўпрост да шэрагаў паліцыі здавацца, спадзяваючыся, што тыя не стануць страляць у героя вайны.
Дзіўнае зняволенне
Гітлер хаваўся некалькі дзён у свайго сябра Эрнста Ханфштэнгля. Менавіта сям’я Ханфштэнгля не дала лідару нацыстаў здзейсніць самагубства пасля паражэння путчу. Гітлер чакаў свайго прыхільніка, які мусіў вывезці яго на машыне з горада. Але баварская паліцыя раней выйшла на яго след. Ён быў арыштаваны 11 лістапада 1923 года і, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, паўстаў перад судом.
Судзіла Гітлера калегія з пяці суддзяў пад старшынствам Георга Нейтхарда. Як і вялікая колькасць суддзяў веймарскага перыяду, Нэйтхард быў схільны ў крымінальных справах выяўляць паблажлівасць да тых падсудных, якія сцвярджалі, што дзейнічалі са шчырых патрыятычных меркаванняў.
Носячы свой Жалезны крыж, які ён атрымаў за адвагу падчас Першай сусветнай вайны, Гітлер у судзе адкрыта выступіў супраць Веймарскай рэспублікі. Ён сцвярджаў, што федэральны ўрад у Берліне здрадзіў Германіі, падпісаўшы Версальскую дамову. Свае дзеянні падчас путчу ён апраўдваў тым, што сцвярджаў, нібыта ў краіне існавала відавочная і немінучая камуністычная пагроза.
За спробу ўзброенага дзяржаўнага перавароту Адольф Гітлер быў прыгавораны ўсяго да пяці гадоў зняволення ў ландсбергскай турме. Гэта быў мінімальны тэрмін з усіх магчымых за такое злачынства.
У турме Гітлер вёў вельмі нязвыклы для зняволенага лад жыцця. Турэмныя ўлады дазволілі яму насіць цывільнае адзенне, сустракацца з іншымі зняволенымі па сваім жаданні, а таксама адпраўляць і атрымліваць мноства лістоў. Таксама яму дазволілі карыстацца паслугамі свайго асабістага сакратара, якім стаў будучы другі чалавек у НСДАП Рудольф Гес. Менавіта знаходзячыся ў турме, лідар нацыстаў прадыктаваў Гесу першы том сваёй сумна вядомай аўтабіяграфіі «Майн кампф».
У выніку ён адсядзеў менш за год ад свайго прысуду, атрымаўшы памілаванне і датэрміновае вызваленне 20 снежня 1924 года.
Фатальная памылка. Падсумаванне путчу
«Піўны путч» меў некалькі важных наступстваў. Па-першае, гэта прывяло да расколу паміж Гітлерам і Людэндорфам: генерал лічыў Гітлера баязліўцам, таму што ён схаваўся пасля таго, як паліцыя адкрыла агонь. Па-другое, Гітлер вырашыў, што ўзброеная рэвалюцыя — не той спосаб, які дапаможа яму захапіць уладу ў Веймарскай Германіі. Пасля правалу путчу ён і нацысцкая партыя пачалі працаваць над падвышэннем сваёй папулярнасці і рыхтавацца да выбараў. Па-трэцяе, путч прыцягнуў да нацысцкай партыі, якая да таго мела лакальную баварскую вядомасць, усеагульную ўвагу ў краіне.
Трэба прызнаць, што папулярнасць Гітлера і яго партыі моцна ўзрасла падчас суда над ім, паколькі яго прамовы ў сваю абарону друкаваліся ў агульнагерманскіх газетах. Шмат хто з немцаў палічыў яго пакутнікам за справу зняважанага нямецкага народа.
Адразу пасля путчу федэральны і баварскі ўрад забароняць нацысцкую партыю, яе баявыя фарміраванні і газету. Але абвешчаная Гітлерам публічная прыхільнасць да палітычнай барацьбы на законных падставах прывядзе да таго, што германскія ўлады, паверыўшы ў яго перавыхаванне, адменяць забарону ў 1925 годзе. Працэс легалізацыі нацыстаў быў запушчаны. Роўна праз дзесяць гадоў пасля правалу «Піўнога путчу» Адольф Гітлер стане канцлерам Германіі.