Беларуская брама ў «імперыю Сталіна»
Абмежаванні пры перасячэнні беларускай мяжы, паглыблены дагляд нешматлікіх пасажыраў у аэрапорце, прымусілі мяне ўзгадаць падзеі 1930-х гадоў, калі беларусы жылі на «мяжы цывілізацый».
Сёння Коласава — гэта малапрыкметная чыгуначная станцыя на шляху з Мінска ў Брэст. А ў міжваеннае дваццацігоддзе пра яе ведалі не толькі ў Еўропе, але і ў іншых частках свету.
Замест Брэста — Ваўкавыск
У 1930-я гады на савецка-польскай мяжы ў Беларусі існавала чатыры чыгуначныя калідоры: Загацце — Фарынава; Аляхновічы — Радашковічы; Мікашэвічы — Жыткавічы; Коласава — Негарэлае. Аднак толькі апошні выкарыстоўваўся для пасажырскіх перавозак. У 1920–1930 гады праз станцыю Коласава курсіраваў знакаміты «Манчжурскі экспрэс». Цікава, што польскі фрагмент чыгуначнага шляху ад Варшавы гэты цягнік праходзіў не праз звыклыя цяпер Седльцы — Брэст — Баранавічы, а праз Беласток — Ваўкавыск — Баранавічы.
На самой лініі мяжы з БССР знаходзіўся вялікі будынак стражніцы КАП. Польская застава будавалася грунтоўна: падмурак быў зроблены з жалезабетону, сцены — з цэглы. Каля будынка быў плот з калючага дроту. Побач праходзіла мяжа, акрэсленая польскімі і савецкімі памежнымі знакамі-слупамі. Далей была савецкая тэрыторыя: драўляныя хаты, аднапавярховы, яшчэ царскі, будынак чыгуначнай станцыі, якую ў 1930-х гадах займалі савецкія памежнікі.
Польскі жаўнер ля савецкай брамы ў Коласава, 1934 г.
На савецкім баку быў яшчэ адзін вельмі цікавы архітэктурны аб’ект: вялікая ўязная брама, на фасадзе якой быў герб БССР, а таксама — вялікі надпіс: «Прывітанне працоўным Захаду». З іншага боку брамы быў надпіс: «Камунізм змяце ўсе межы».
Паміж Стоўбцамі і Негарэлым праходзіў «савецкі» чыгуначны шлях. Часцей за ўсё цягнік, які ішоў з Польшчы, спыняўся ў Стоўбцах, дзе адбывалася праверка польскіх мытнікаў. Будынак польскай мытні знаходзіўся побач з вакзалам.
Вось як працэдуру праверкі апісваў беларускі прафесар-біёлаг Міхаіл Ганчарык, які перасякаў мяжу ў 1927 годзе: «Купіўшы білет, я рушыў на вакзал і заняў месца ў вагоне цягніка. Маёй спадарожніцай аказалася студэнтка, дачка работніка нашага гандлёвага прадстаўніцтва. Яна вучылася ў Берліне і ехала на пабыўку да сваякоў у Маскву. Гэта аказалася мне вельмі карысным, бо ў мяне былі жаночыя рэчы, мае падарункі Стэфе, якія я не меў права везці без пошліны. Яна была ў такім жа становішчы, бо везла мужчынскія рэчы. Перад мытным аглядам у Стоўбцах мы часова памяняліся гэтымі рэчамі і без усякай затрымкі прайшлі агляд, пасля чаго рэчы вярнуліся да гаспадароў. Толькі з роварам выйшла недарэчнасць. Палякі ў Стоўбцах абвясцілі, што ў іх цяпер ідзе мытная вайна з СССР, і яны не прапускаюць туды машыны. На гэтай падставе яны затрымалі ровар. У Негарэлым я пра гэта заявіў нашым мытнікам. Тыдні праз два па прыездзе ў Горкі я атрымаў паведамленне Мінскай мытні, што мой ровар знаходзіцца ў іх, і я магу яго атрымаць. У хуткім часе ровар быў у мяне».
Распрануць да кашулі
Пасля польскага мытнага дагляду цягнік ехаў па «польскім» чыгуначным шляху ў Негарэлае. Там пасажыры выходзілі з рэчамі і пераходзілі ў мытную залу на савецкай станцыі, дзе пачынаўся дагляд.
Вось як гэтая працэдура апісвалася ў польскай газеце «Рэха» ў 1933 годзе: «На працягу апошніх дзён на савецка-польскай мяжы ў Негарэлым савецкія чыноўнікі ўзмацнілі мытны дагляд. Тых, хто падарожнічае, распранаюць да кашулі. Аднойчы праз такі дагляд прайшла жонка аднаго з вышэйшых супрацоўнікаў замежнай амбасады».
У 1930-я гады замежныя дыпламаты часта траплялі ў пасткі савецкіх мытнікаў. То японскага консула «перахопяць», які спрабуе ў чамаданах дзвюх савецкіх грамадзянак вывезці, а то ў польскага чыноўніка з консульства з Манчжурыі забяруць службовую дакументацыю. Праўда, важных палітычных асоб стараліся не чапаць.
Вось як у кнізе «Успаміны савецкага дыпламата 1925–1945 гг.» савецка-польскую мяжу ў Стоўбцах – Коласава – Негарэлым апісвае амбасадар СССР у Вялікабрытаніі Іван Майскі: «У сакавіку 1935 года ў Маскве з’явіўся Энтані Ідэн, член урада магутнай Вялікабрытаніі! Гэта было падзеяй вялікага палітычнага значэння і выклікала шматлікія каментарыі ў прэсе. Паводле рашэння савецкага ўрада я суправаджаў Ідэна ў яго паездцы з Берліна ў Маскву. Цягнік з Захаду прыходзіў у Стоўбцы, і тут (з прычыны розніцы ў шырыні чыгуначнай каляіны Польшчы і СССР) пасажырам даводзілася пераходзіць на другі бок вакзала, дзе ўжо чакаў савецкі цягнік. Я ішоў побач з Ідэнам. Калі мы падышлі да савецкага цягніка, Ідэн раптам спыніўся і са здзіўленнем усклікнуў: «Нішто сабе!.. Адразу атрымліваеш яскравае ўяўленне пра гіганцкія памеры вашай краіны!» Пры гэтым Ідэн паказаў на шыльдачкі, якія віселі на вагонах. Там пазначалася: «Стоўбцы — Манчжурыя». Гэта быў далёкаўсходні экспрэс, які ішоў прамым рэйсам праз Маскву з заходняй мяжы СССР да ўсходняй».
Варта адзначыць, што рух vip-персон праз памежны калідор у Коласава адбываўся на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя, і пра гэта актыўна пісалі польскія, савецкія і іншыя выданні. Напрыклад, у траўні 1930 года газета «Dziennik Wileński» паведамляла чытачам пра выезд замежных бізнесменаў у сталіцу БССР Мінск: «Праз Стоўбцы на тэрыторыю савецкай Беларусі накіравалася група англійскіх і нямецкіх прамыслоўцаў, якія прымуць удзел у Мінску ў шэрагу перамоў па пытанні эксплуатацыі лясоў у Мінскай акрузе. Як удалося даведацца, савецкі ўрад збіраецца прадаць 20 тысяч гектараў старога лесу, які знаходзіцца на польскім памежжы ў раёнах Дзісны, Вілейкі, Радашковіч і Івянца».
На жаль, дакладна невядома, чым скончыліся перамовы «капіталістаў» з прадстаўнікамі «першай краіны працоўных і сялян», але вырубка памежных лясоў у пачатку 1930-х гадоў з савецкага боку сапраўды адбывалася. Акрамя таго, што савецкі бок імкнуўся зарабіць грошы, важным было таксама ліквідаваць магчымыя «калідоры» для праходу на савецкі бок кантрабандыстаў і дыверсантаў.
Адлюстраванне эпохі
Пасля савецкага мытнага кантролю пасажыры польскага цягніка перасаджваліся ў савецкі «Манчжурскі экспрэс» і ехалі ў Мінск ці далей, а пусты цягнік «PKP» вяртаўся ў Стоўбцы. У сваю чаргу, савецкі цягнік, які ішоў з боку сталіцы БССР на Захад, спыняўся на станцыі Негарэлае. Пасажыры выходзілі на кантроль, пасля якога яны вярталіся ў той жа савецкі цягнік і ехалі ў Стоўбцы, дзе яны зноў выходзілі і накіроўваліся ўжо на польскі мытны кантроль. На варшаўскім баку вакзала пасажыры з СССР сядалі на польскі цягнік, а пусты савецкі вяртаўся.
Адным з тых, хто неаднаразова праязджаў у Стоўбцы, быў Уладзімір Маякоўскі. Вось як ён апісваў свае ўражанні ў 1927 годзе: «Стоўбцы. Памежны пункт. Шыкоўны будынак. Белы, як быццам бы з золата. Як адрозніваецца гэтая станцыя ад нашых брудных станцыек. Думаю, калі так пойдзе далей, Польшча сапраўды разбагацее. [...] У цягніку з Варшавы ў Негарэлае на дзесяць вагонаў (не змяншаю) ехала чалавек сем. Побач з нашым вагонам цягнуўся адзін цалкам пусты мяккі, адзін цалкам пусты жорсткі і побач жорсткі вагон усяго з адным пасажырам. Праўда, гэта ўжо пры пад’ездзе да польска-савецкай дзяржаўнай мяжы. Верагодна, гэта рэдкасць, але нават для рэдкасці пасажыраў усё ж мала».
Менавіта тут, у Стоўбцах, нарадзіўся і знакаміты «Верш пра савецкі пашпарт».
На шляху ў Кітай
Колькі ж цягнікоў ішло ў дзень праз мяжу? Першы — з Парыжа праз Берлін — ад’язджаў з Варшавы ў бок Стоўбцаў у 9:50. Там былі толькі сядзячыя месцы. На станцыю Негарэлае ён прыбываў у 20:08, а ў 21:37 з Негарэлага адпраўляўся савецкі «Манджурскі экспрэс», на Маскву ў ім былі толькі спальныя месцы. У панядзелак і чацвер цягнік ішоў да Уладзівастока, у аўторак і пятніцу — да Хабараўска, у нядзелю — да Іркуцка, у сераду і суботу — да Манчжурыі. У апошнім выпадку цягнік ішоў да памежнай станцыі «Отпор» (да 1929 года станцыя «Забайкальск», але была перайменаваная пасля баявых дзеянняў на Кітайска-Усходняй чыгунцы. — І. М.) на мяжы з Манчжурыяй.
Вось якія ўражанні ад даваеннай польска-савецкай мяжы ў Коласаве засталіся ў беларускага каталіцкага святара Язэпа Германовіча, які па дарозе ў Кітай у 1932 годзе перасякаў кардон: «Каля апоўдня мы прыехалі ў Баранавічы і пераселі ў міжнародны цягнік, што едзе з Парыжа праз Германію і Польшчу да Стоўбцаў на мяжы з савецкай Беларуссю. У вагоне мы знайшлі толькі дзвюх асоб, якія таксама ехалі праз Расію. Гэта былі кітайцы. Адзін з іх быў старэйшы, гадоў за сорак, другі — юнак гадоў 19-ці. Старэйшы быў апекуном і дзядзькам малодшага. Абодва ехалі з Англіі. Але старэйшы быў нават у Амерыцы, дзе вёў інтарэсы нейкай гандлёвай фірмы, што набывала скуры дарагіх жывёл. А малодшы вучыўся ў Англіі. [...] “Здзеся ховоліл, ховоліл, а там молсі”, — перасцерагае нас Ю-Фун-Сін, калі сталі пад’язджаць да мяжы. Відаць было, што ён нас пужае, але і сам крыху неспакойны. Тым часам цягнік апусцеў. На цэлы вагон засталіся мы двое і двое кітайцаў, да якіх з іншага вагону далучыўся трэці іх таварыш — студэнт, гадоў 25-ці. Акрамя нас былі тут нейкія арыгінальныя тыпы з “белымі тварамі”, якія з апушчанымі вачамі праходзілі праз наш вагон. Мяне нешта цюкнула ў сэрца, калі сустрэўся з адным з іх у праходзе. Нарэшце цягнік спыніўся. Мы ў вокнах нічога асаблівага не бачым, аднак сэрца б’е, чутно пульс у скронях — мусіць, зараз нешта будзе?
— Ваш пашпарт?
Што ж гэта — ужо савецкія кантралёры? А дзе мяжа? Прыглядаюся вельмі пільна, але мы так яе і не ўбачылі. Прайшлі “Рубікон” — і не ведаем, дзе ён. Ды няма часу разважаць: пашпарты, візы. Кантралёр і пара чыноўнікаў заглядаюць кожнаму ў пашпарт і ў вочы: паперы забіраюць, а ў душы пакідаюць трывалы адбітак савецкага кантролю. Кожны чыноўнік, як відаць, абрэзаны рэвалюцыйным сярпом і абстуканы молатам, выцягнуты ў струнку, быццам бы праглынуў доўгую палку, падстрыжаны пад агульную пралетарскую моду. Едзем далей. Раптам чуем марш. Гэта вітанне. Аркестр на ганку прыгожага дома грае вітальныя мелодыі. Цягнік павольна праходзіць велізарную трыумфальную браму. Сустрэчны надпіс абвяшчае: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” (насамрэч надпіс быў іншы: “Прывітанне працоўным Захаду!” — І. М.). На станцыі Негарэлае шмат моладзі. [...] Гэта ўсё прыгатавана для сваіх. Бо тыя “індывідуумы”, што на тым баку трымалі вочы ў падлогу, тут прасвятлелі, стаялі ў вокнах і з жывой усмешкай віталі людзей на вуліцы. Тут ролі змяніліся. Яны пачуваліся “ў сваёй талерцы”, а мы апусцілі вочы».
Акрамя гэтага праз Коласава – Негарэлае ішоў «Паўночны экспрэс» з Кале праз Парыж, які з’язджаў з Варшавы ў 16:45 (па панядзелках, серадах і пятніцах) і прыбываў у Негарэлае ў 1:22. Там былі толькі спальныя вагоны. Цягнік да Масквы адпраўляўся ў 2:38 у аўторак, чацвер і суботу.
Роля памежнага чыгуначнага пераезда Коласава – Негарэлае стала змяншацца пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. На станцыі «Негарэлае» да нападу Германіі на СССР працягвала знаходзіцца савецкае памежнае КПП, аднак мытнікі адтуль пераехалі ў Брэст. І менавіта гэты горад з восені 1939-га па лета 1941-га (дый пасля Другой сусветнай вайны) стаў адыгрываць ролю галоўнай заходняй брамы ў Савецкі Саюз.