Бежанства – не жыцьцёвая параза: гісторыі ўцёкаў Эйнштэйна, Фрэйда, Дзітрых і Рэмарка

17 кастрычніка 1933 года ў якасьці бежанца ў Ню-Ёрк прыплыў Альбэрт Эйнштэйн. Кляймо ўцекача ці бежанца так ці інакш цісьне на кожнага, хто зрабіў падобны крок у сваім жыцьці. Але гісторыя паказвае: гэта не канец, але шанец для новага. 

Пашпарт Эйнштэйна

Пашпарт Эйнштэйна

Альбэрт Эйнштэйн

«Я не хачу жыць у краіне, дзе людзі пазбаўленыя правоў чалавека». Эйнштэйн.

У сакавіку 1933 года геніяльны фізык Альбэрт Эйнштэйн сеў на параход з порта Гамбурга і скіраваўся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Эйнштэйн, хоць і нарадзіўся ў Нямеччыне, доўгі час насьцярожана ставіўся да росту антысэмітызму на сваёй радзіме. Ужо ў 1920-я гады ён стаў яркім крытыкам мілітарысцкай хвалі, якая ахапіла Эўропу, і папярэджваў аб небясьпецы фашызму. Але яго вядомасьць разам з такімі поглядамі выклікалі гнеў нацыстаў. У 1931 годзе ён ужо быў асуджаны нацысцкімі групамі, а яго ідэі былі зьдзекліва названыя «габрэйскай фізыкай».

Калі Гітлер заняў пасаду канцлера ў студзені 1933 года, Эйнштэйн знаходзіўся ў ЗША, дзе быў на пасадзе запрошанага прафэсара ў Каліфарнійскім тэхналягічным інстытуце. Менавіта там, далёка ад Бэрліна, ён даведаўся, што ніколі не зможа спакойна вярнуцца на радзіму. У яго кватэры быў зроблены ператрус, на маёмасьць накладзены арышт.

Эйнштэйн даведаўся, што за галовы вядомых габрэйскіх дзеячаў, у тым ліку і яго, былі прызначаныя адпаведныя ўзнагароды. Супраць яго рыхтавалі змову ўзброеныя нацысты. Эйнштэйну не трэба было казаць двойчы. Ён абвесьціў аб сваёй адстаўцы з усіх пасадаў у Нямеччыне.

У сакавіку 1933 года Эйнштэйн ненадоўга вярнуўся ў Эўропу, ён спыніўся спачатку ў Бэльгіі. У 54 гады Альбэрт другі раз у жыцьці адмовіўся ад нямецкага грамадзянства. Бэльгійская каралеўская сям'я прапанавала яму прытулак, а таксама ўнівэрсітэты ў Англіі і Францыі, але Эйнштэйну трэба было быць далей ад нацысцкага рэжыму.

Праязны дакумэнт Эйнштэйна

Праязны дакумэнт Эйнштэйна

Тым часам пагрозы сьмерці нарасталі. Задакумэнтаваны выпадак зьвязаны з публікацыяй газэты, якая зьмясьціла яго фатаздымак пад подпісам «Яшчэ не павешаны».
Эйнштэйн пакінуў Эўропу. 17 кастрычніка 1933 года Эйнштэйн прыбыў у Прынстан.

На працягу апошніх гадоў жыцьця Эйнштэйн часта разважаў пра свае ўцёкі з нацысцкай Нямеччыны. Ён лічыў, што яго выжываньне, як і выжываньне шматлікіх іншых, залежыць ад адмовы пакланіцца прыгнёту.

«Сьвет зьяўляецца небясьпечным месцам, — сказаў ён у 1939 годзе, — не з-за тых, хто робіць зло, а з-за тых, хто глядзіць і нічога не робіць».

Зыгмунд Фрэйд

Фрэйд, які быў габрэем, даўно адчуваў небясьпеку. Ужо ў 1933 годзе, калі Гітлер прыйшоў да ўлады ў Нямеччыне, ён выказаў глыбокую трывогу з нагоды нацысцкага рэжыму. «Голас розуму мяккі, — сказаў ён, — але ён не супакоіцца, пакуль не будзе пачуты».

Нацысцкая ідэалёгія была наўпроставай пагрозай жыцьцю, яго творчасьці і ўсёй сям'і Фрэйда, аднак ён заставаўся ў Вене — горадзе, які ён любіў і дзе пражыў большую частку свайго жыцьця.

Аншлюс у сакавіку 1938 года для 81-гадовага Фрэйда стаў кульмінацыяй самых страшэнных страхаў. За адну ноч Вена, якая была культурным і інтэлектуальным цэнтрам, ператварылася ў варожае асяродзьдзе для габрэяў. Габрэйскія прадпрыемствы байкатаваліся, дамы і крамы рабаваліся, а гестапа пачало адлаўліваць вядомых габрэяў і палітычных дысідэнтаў. У кватэры і офісе Фрэйда прайшлі ператрусы, а яго кнігі, спаленыя ў Нямеччыне пяць гадоў таму, цяпер былі забароненыя на яго ўласнай радзіме.

Зыгмунд Фрэйд

Зыгмунд Фрэйд

Фрэйд напачатку верыў, што можа застацца некранутым або што гвалт хутка пройдзе. Але ўдар нацыстаў быў моцны. Яго дачка, Ганна Фрэйд, была дапытаная ў гестапа, і стала ясна, што сям'я Фрэйда знаходзіцца ў непасрэднай небясьпецы. Міжнародная рэпутацыя Фрэйда не магла абараніць яго, і жыцьцё было пад пагрозай. Яго родныя, сябры і калегі пачалі заклікаць яго бегчы. Фрэйд, аднак, быў моцна прывязаны да Вены, да таго ж яго здароўе хутка пагаршалася.

Прынцэса Мары Банапарт, псыхааналітык і чалец імпэратарскай сям'і Банапартаў, нястомна працавала, каб забясьпечыць уцёкі Фрэйда. Прынцэса вяла перамовы з нацыстамі. Але тыя не хацелі лёгка адпусьціць габрэя. Яны вымагалі значны выкуп у сям'і Фрэйда ў абмен на дазвол на эміграцыю. Банапарт асабіста дала сродкі, і пасьля некалькіх тыдняў напружаных перамоваў Фрэйд і яго бліжэйшыя сваякі атрымалі выязныя візы ў чэрвені 1938 года.

Адзін з самых кранальных момантаў у апошнія дні Фрэйда ў Вене надыйшоў, калі гестапа прымусіла яго падпісаць дакумэнт, у якім сцьвярджалася, што нацысты добра абыходзіліся зь ім. Фрэйд падпарадкаваўся, але толькі пасьля таго, як дадаў іранічную заўвагу: «Я магу ўсім настойліва рэкамендаваць гестапа».

З Вены цягнік давез іх да Парыжа, а адтуль Фрэйд і яго сям'я выправіліся ў Лёндан, дзе яны правялі апошнія месяцы жыцьця Зыгмунда.

Марлен Дзітрых

«Мне прапаноўвалі грошы, уладу і славу. Адмовіцца было няцяжка, я ведала, супраць чаго змагаюся». Дзітрых

Тонкая, грацыёзная Марлен зьзяла на экранах з 1930-х гадоў. Фільм «Блакітны анёл» узьнёс Дзітрых да сусьветнай славы і захапленьня. Гэта значная частка яшчэ Вэймарскага кіно, якую зьняў Юзэф фон Штэрнбэрга. Маладая Марлен Дзітрых выступае ў ролі Лолы Лолы, захапляльнай, чароўнай, шыкоўнай, і ў канчатковым выніку трагічнай сьпявачкі кабарэ. Калі мы проста чуем слова «кабарэ» – менавіта вобразы Марлен Дзітрых паўстаюць перад вачыма.

Ёй прапанавалі вярнуцца ў Нямеччыну і стаць тварам кінаіндустрыі Трэцяга рэйха. Але Марлен Дзітрых была кабетай з прынцыпамі, і гэтыя прынцыпы прывялі яе да аднаго з самых істотных выбараў у яе жыцьці. Яна пагарджала ўсім, за што выступалі нацысты: нецярпімасьцю, здушэньнем свабоды, антысэмітызмам. «Гітлер — ідыёт», — наўпрост казала яна. Замест таго, каб вярнуцца ў краіну, дзе панавалі таталітарызм і нянавісьць, Дзітрых абрала больш цяжкі шлях — выгнаньне.

Марлен Дзітрых падчас Другой сусьветнай вайны выступала перад амэрыканскімі вайскоўцамі на фронце

Марлен Дзітрых падчас Другой сусьветнай вайны выступала перад амэрыканскімі вайскоўцамі на фронце

Дзітрых пераехала ў ЗША яшчэ ў 1930 годзе. А ў 1936 годзе Ёзэф Гебельс прапанаваў акторцы за кожны фільм, зьняты зь яе ўдзелам у Нямеччыне, 200 тысячаў рэйхсмарак, а таксама свабодны выбар тэмы і рэжысэра. Гебельс быў расчараваны адмовай Дзітрых. Нацысцкі рэжым абвесьціў яе пэрсонай нон-грата, і публічна назваў яе здрадніцай нямецкага народа. У 1939 годзе, у той самы год, калі Гітлер разьвязаў вайну па ўсёй Эўропе, Марлен Дзітрых найбольш гучна адмовілася ад нацысцкай Нямеччыны, калі стала грамадзянкай ЗША.

Нацысцкая прапаганда ганьбіла яе, яны паказвалі яе марыянэткай Галівуду, які кантраляваўся габрэямі.

У 1961 годзе Марлен зьнялася ў фільме «Нюрнбэргскі працэс». Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны.

Глядзіце таксама

Эрых Марыя Рэмарк

«Я не магу паверыць, што сьвет калі-небудзь зноў стане цэлым. Але гэта не значыць, што мы павінны спыніць спробы». Рэмарк.

У 1929 годзе Эрых Марыя Рэмарк атрымаў міжнародную славу, калі апублікаваў «На заходнім фронце бяз зьменаў». У рамане, заснаваным на яго ўласным досьведзе маладога нямецкага жаўнера падчас Першай сусьветнай вайны, адлюстраваныя разбуральныя фізычныя і псыхалягічныя страты, якія нанесла вайна яе ўдзельнікам. Але рэзкае асуджэньне Рэмаркам мілітарызму і вайны ўвогуле, неўзабаве прывяло яго да новага сутыкненьня з ворагам, гэтым разам з НСДАП.

Для Ёзэфа Гебельса, міністра прапаганды Адольфа Гітлера, «На заходнім фронце бяз зьменаў» Рэмарка ўяўляла сабой глыбокую антытэзу нацысцкай ідэалёгіі. Змрочны малюнак вайны ў пісьменьніка супярэчыў вобразу гераізму і ахвярнасьці, які прапагандавалі нацысты. Гебельс назваў Рэмарка «дэгенэратыўным» пісьменьнікам, і асудзіў яго творчасьць як «здраду нямецкаму жаўнеру». Гебельс назваў яе «аплявухай нацыянальнаму гонару».

Рэжым пачаў распаўсюджваць фальшывыя зьвесткі пра Рэмарка, дайшоўшы да таго, што абвінаваціў яго, што Рэмарк нават не ўдзельнічаў у Першай сусьветнай вайне. А па паходжаньні, казалі яны, нібы быў ня немцам, а габрэем.

Спальваньне кнігаў у Трэцім Рэйху

Спальваньне кнігаў у Трэцім Рэйху

«Мы жывем у змрочныя часы, — пісаў Рэмарк у 1933 годзе, — і трэба старанна выбіраць свой бок».

У 1931 годзе, адчуваючы рост варожасьці, пісьменьнік ужо зрабіў першы крок, і абсталяваў месца для жыцьця ў Швайцарыі. Але ў Бэрліне Рэмарк працягваў зьяўляцца. 31 студзеня 1933 года, на наступны дзень, пасьля таго як Адольф Гітлер быў прызначаны канцлерам Нямеччыны, Рэмарк назаўжды пакінуў радзіму.

У 1938 годзе нацысты пазбавілі яго нямецкага грамадзянства, афіцыйна абвесьцілі яго «здраднікам» нямецкага народа. У Швайцарыі Рэмарк працягваў пісаць. У 1939 годзе, калі пачалася Другая сусьветная вайна, пісьменьнік прыняў рашэньне аб новых уцёках, гэтым разам у Злучаныя Штаты.

Нягледзячы на ​​тое, што Рэмарк фізычна пазьбег нацыстаў, траўма выгнаньня і разбурэньня радзімы ніколі не пакідалі яго. Аднойчы ён заўважыў: «Вайна для мяне насамрэч не скончылася. Яна проста набыла іншы абрыс».

А на радзіме ў 1943 годзе адну з сёстраў Рэмарка забілі немцы пасьля таго, як яе затрымалі за антыгітлераўскія выказваньні.