Топ-10 фільмаў Марлен Дзітрых, нямецкай фам фаталь
Тонкая, грацыёзная Марлен зьзяла на экранах з 1930-х гадоў. Гадавіну з дня сьмерці вялікай акторкі адзначалі на гэтым тыдні, і з гэтай нагоды мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак немкі, якая скарылі ўвесь сьвет сваім талентам. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Вакол Сьвету за 80 дзён (Around the World in Eighty Days). 1956
У знакамітым, лепшым фільме 1956 года на цырымоніі Оскар, Марлен Дзітрых мела толькі эпізадычную ролю, што дадало нотку вытанчанасьці гэтай кінематаграфічнай адаптацыі рамана Жуля Вэрна. Яе зьяўленьне ў якасьці гаспадыні салуна на ажыўленых вуліцах Сан-Францыска падчас залатой ліхаманкі стала пэўным цудоўным сюрпрызам для гледачоў: фільм насычаны героямі, лакацыямі і жывёламі.
Гэта сапраўднае эпічнае падаражжа вакол сьвету. Стужка не нясе за сабою шмат глыбокіх сэнсаў і заблытаных перажываньняў герояў, але сваю функцыю забавіць людзей выконвае цалкам.
Нумар 9. Марока (Morocco). 1930
У гэтым фільме Дзітрых працуе з улюбёным рэжысэрам Юзэфам фон Штэрнбэргам, іншыя сумесныя працы двух геніяў нямецкага кіно яшчэ чакаюць ніжэй у тэксце. У дадзенай стужцы яны заплеценыя сцэнаром ў глыбіні каханьня і ахвярнасьці ў экзатычнай абстаноўцы Марока.
Вобраз Марлен Дзітрых – гэта сьпявачка кабарэ, якая апынулася ў рамантычным трохкутніку. Разам з Гары Купэрам, які грае ролю легіянэра гледачы раз за разам наведваюць начны клюб, каб даведацца, што ж чакае гэтых людзей у чарговы вечар. Іх экранны раман напоўнены напружаньнем і нявыказанымі жаданьнямі на фоне мараканскай пустыні, якая ў той час належыла Францыі.
Магчыма, стужка найбольш запомнілася сцэнай, дзе Марлен Дзітрых апранае мужчынскі фрак.
Нумар 8. Сьветлавалосая Вэнэра (Blonde Venus). 1932
Фільм зьяўляецца выдатным сьведчаньнем складанага, у нечым невытлумачальнага магнэтызму Марлен Дзітрых. Стужка зьнятая таленавітым Юзэфам фон Штэрнбэргам, зь якім яны стварылі цэлы шэраг агульных карцінаў.
Марлен Дзітрых выступае тут у ролі адданай маці і жонкі, якая змушана вяртаецца да сьпеваў у кабарэ, каб фінансаваць лекаваньне мужа, якога грае Кэры Грант. Увогуле, гісторыя, якая ляжыць у аснове фільма – вельмі амэрыканская – грамадзянін ЗША ў падарожжы па Нямеччыне закахаўся ў сьпявачку ў кабарэ, забірае яе на сваю радзіму, бярэ зь ёю шлюб, і жыве ў сваё задавальненьне.
Аднак у нашай гісторыі адбываецца драматычны момант, які нечакана закручвае (ці ставіць усё на сваё месца) жыцьцё. Фільм зьняты такім чынам, што прысутнасьць Марлен будзе здавацца паўсюднай і ў кожнай хвіліне. Але хіба гэта дрэнна, калі ёсьць на што паглядзець?
Нумар 7. Сем грэшнікаў (Seven Sinners). 1940
Стужка рэжысэра Тэя Гарнэта прапануе гледачам уявіць сябе назіральнікамі ў гісторыі, дзеяньне якой адбываецца ў тропіках. Марлен Дзітрых выконвае ролю Біжу, сьпявачкі ў начным клюбе, якая ўмее выклікаць праблемы і заваёўваць сэрцы, у тым ліку сэрца марскога афіцэра ў выкананьні Джона Ўэйна.
Апавяданьне круціцца вакол выхадак і прыгодаў Біжу, якая, нягледзячы на свой жорсткі зьнешні выгляд, мае тонкую натуру і рамантычнае сэрца. Цудоўная камедыя з элементамі мэлядрамы парадуе вас лёгкім флёрам даўняга жыцьця, якое ўжо ніколі ня вернецца зноў.
Нумар 6. Страх сцэны (Stage Fright). 1950
У фільме Альфрэда Хічкока Марлен Дзітрых увасабляецца ў загадкавую кабету, глямурную акторку, заблытаную ў таямніцы забойства. Яе вобраз старанна распрацаваны, спалучаючы прывабнасьць сцэнічнай дзівы з адценьнямі выразаў віны і маніпуляцый.
Сюжэт становіцца заблытаным, калі маладая акторка ў выкананьні Джэйн Уайман становіцца ўцягнутай у спробу даказаць невінаватасьць сябра, што прыводзіць яе да шэрагу нечаканых сустрэчаў і драматычных адкрыцьцяў. Што толькі не зробіш, каб знайсьці адказ, доказ, што твой дарагі чалавек не вінаваты ў злачынстве. Але кожны жэст гераіні Марлен Дзітрых напоўнены патэнцыйным падвойным сэнсам. Віхур падзеяў закручвае гісторыю з кожнай хвілінай.
Нумар 5. Дэстры зноў у сядле (Destry Rides Again). 1939
Па назве фільма можна здагадацца, што нас чакае цікавы вэстэрн. Марлен Дзітрых у кампаніі Джэймса Сьцюарта трапляюць на дзікі Захад, дзе іх чакае безьліч прыгодаў і захапляльных падзеяў. Зрэшты, Марлен тут выконвае амаль родную ёй ролю сьпявачкі вар’етэ, у дадзеным выпадку, мясцовай зоркі, што выступае ў салуне. А Сьцюарт упэўнена трымае рэвальвэр, і спрабуе разабрацца з дрэннымі хлопцамі, бо ён – асістэнт шэрыфа.
Фільм умела гуляе з традыцыйнымі матывамі жанру вэстэрн, і засяроджваецца на разьвіцьці пэрсанажаў і сьмешных дыялёгах, а не на стральбе. Горад, з шэрагам маральных праблемаў яго жыхароў, становіцца асобным дзеючым героем фільма.
Нумар 4. Блакітны анёл (Der blaue Engel). 1930
Фільм, які вынес Марлен Дзітрых да міжнароднай славы і захапленьня. Гэта значная, вызначальная частка Вэймарскага кіно, якую зьняў Юзэф фон Штэрнбэрга. Маладая Марлен Дзітрых выступае ў ролі Лолы Лолы, захапляльнай, чароўнай, шыкоўнай, і ў канчатковым выніку трагічнай сьпявачкі кабарэ. Калі мы проста чуем слова “кабарэ” – менавіта вобразы Марлен Дзітрых паўстаюць перад вачыма.
Гісторыя круціцца вакол падзеньня паважанага прафэсара (яго геніяльна сыграў Эміль Янінгс), чыё захапленьне Лолай прывяло да яго гібелі. Гераіня Дзітрых вельмі маніпулятыўная: яна не злыдзень і не ахвяра, але непазьбежнасьць фатальнага фіналу для асобаў вакол яе зьяўляецца сьледствам харызматычнай, ракавой прывабнасьці.
Нумар 3. Сьведка абвінавачваньня (Witness for the Prosecution). 1957
Стужка Білі Уайлдэра зьяўляецца ідэальным месцам для дэманстрацыі драматычнага майстэрства Марлен Дзітрых. Гэта судовая драма, якая захапляе як інтэлектуальна, так і эмацыйна. Дзітрых выконвае ролю вельмі шматслойнай жанчыны, сапраўдныя матывы яе гераіні схаваныя пад фасадам уласьцівай ёй экстра элегантнасьці.
Фільм заснаваны на пьесе Агаты Крысьці, сюжэт якога разгортваецца вакол судовага працэсу па справе аб забойстве. Узаемадзеяньне гераіні Дзітрых з Чарльзам Лотанам, які выконвае ролю абаронцы яе мужа, напоўненая напружанасьцю і прыгажосьцю. Гледачы ўбачаць цэлы шэраг моцных эмоцыяў, ад халоднага разьліку да адчайнай уразьлівасьці гераіні Марлен. Складанасьці правасудзьдзя і майстэрства мніпуляцыяў – галоўнай у гэтым дэтэктыве будзе сьведка абвінавачваньня.
Нумар 2. Дотык зла (Touch of Evil). 1958
Фільм Орсана Ўэлса — гэта шэдэўр кіно нуар, а Марлен Дзітрых у ролі загадкавай цыганкі-варажбіткі, дадае ў гісторыю заўважны пласт містыкі і хараства. Яе знакамітая фраза «Вашая будучыня вычарпаная» да героя Орсана Ўэлса, карумпаванага капітана паліцыі, служыць жахлівым прадказаньнем яго хуткага падзеньня.
Дзеяньне фільма разгортваецца ў памежным горадзе, і ён спрабуе размаўляць з гледачамі на тэмы карупцыі і расізму. Нягледзячы на абмежаваны экранны час, Марлен па-поўнай карыстаецца кожным кадрам зь яе прысутнасьцю.
Дарэчы, рэжысэр фільма, Орсан Уэлс, на гэтым тыдні мог бы справіць свае чарговыя народзіны.
Нумар 1. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961
Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.
Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».
Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.
Прыемнага прагляду!