Браты Адамовічы. Ад усенароднага прызнання да турмы і забыцця

У іншых краінах пра такіх землякоў узгадвалі б часта і гучна, але, на жаль, не ў нашай. Між тым гісторыя двух братоў-авіятараў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі і ў 1934 годзе ажыццявілі пералёт з ЗША ў Еўропу, вартая таго, каб сучасныя беларусы яе ведалі.  

Браты Адамовічы

Браты Адамовічы

З заможнай сям’і

Баляслаў (1898) і Язэп (1893) Адамовічы нарадзіліся ў вёсцы Янкоўшчына на Вілейшчыне.

«Мы з братам заўсёды цікавіліся ўсім, што тычылася іншых пілотаў. Усе яны мелі цікавае жыццё і шмат прыгодаў, а тым часам мы заўсёды былі звычайнымі людзьмі. Майго бацьку звалі Юліян Адамовіч. У яго была гаспадарка ў Янкоўшчыне ля Крайска, на Вілейшчыне. Наш фальварак знаходзіўся ў 40 кіламетрах на ўсход ад Вілейкі і ў 70 кіламетрах на поўнач ад Мінска. Маю маму, якую я добра памятаю, і якая, на жаль, даўно памерла, звалі Ганна. У першыя гады майго дзяцінства быў яшчэ жывы дзед Лука Адамовіч, які мяне любіў і часта са мной гуляў. Было нас тры сыны: Браніслаў, старэйшы, Язэп і я. Янкоўшчына складалася з 40 дзесяцін зямлі. Нашы лясы называліся Пасекі і Беразняк. Дзесьці пасярэдзіне гэтай тэрыторыі стаяў дом. На нашай гаспадарцы працавалі два парабкі і дзве дзяўчыны, а таксама два пастухі. Было ў нас чатыры коні, 25 штук кароў, 15 свіней і 30 авечак. Як было жніво, дык трэба было наймаць людзей з вёскі. Дома размаўлялі па-польску, а з людзьмі па-беларуску. Кожны з нас выдатна ведаў гэтую мову. Я хадзіў у пачатковую школу ў мястэчку Крайск, а парафіяльны касцёл знаходзіўся ў Альковічах. У нядзелю ўсе хадзілі туды на службу. А на ярмаркі і базары ездзілі ў Крайск і Даўгінава», — успамінаў Баляслаў Адамовіч.

Пакуль малодшы з братоў вучыўся ў Крайску, сярэдні працаваў на пошце, а таксама вучыўся на тэлеграфіста ў Мінску. Старэйшы служыў афіцэрам Рускага імператарскага войска. Калі пачалася вайна з Японіяй, Браніслаў адмовіўся ехаць туды і накіраваў імператару просьбу звольніць яго з войска. А калі гэта адбылося, хлопец выехаў у ЗША і пасяліўся ў Брукліне.

Нью-Ёрк, 1930-я гады

Нью-Ёрк, 1930-я гады

У 1907 годзе за старэйшым братам за акіян паехаў і Язэп. Ураджэнцы Беларусі паспяхова працавалі на цукровай фабрыцы «Arbockler Brothers» і дасылалі дадому грошы. За некалькі гадоў ім удалося перадаць у Беларусь каля тысячы долараў. У 1911 годзе ў Злучаныя Штаты паехаў і Баляслаў, а вось Браніслаў, наадварот, вярнуўся на Вілейшчыну. Іх малодшая сястра Марыя Радзімы не пакідала.


Бізнес за акіянам

У 1918 годзе Бэн (Баляслаў) і Джо (Язэп) Адамовічы заснавалі ў Нью-Ёрку прадпрыемства газаваных напояў і содавай вады. Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны маёнтак Адамовічаў на Вілейшчыне застаўся на савецкім баку, што прымусіла Браніслава Адамовіча разам з сям’ёй вярнуцца ў ЗША. На тэрыторыі БССР засталася сястра Марыя. Хутка бальшавіцкія ўлады «раскулачылі» заможны маёнтак Адамовічаў. У сваю чаргу, за акіянам браты з Вілейшчыны «разгарнуліся». Новы бізнес даў ураджэнцам Беларусі добрыя грошы. Праўда, трэба сказаць, што пазней менавіта гэтая фірма прывядзе іх... на лаву падсудных.

Праз дзесяць гадоў хлопцы з Беларусі вырашылі прафесійна займацца пілатажам самалётаў. За некалькі тысяч долараў яны набылі біплан «Waco» і пачалі вучыцца пілатажу. Варта адзначыць, што ў той час шмат хто марыў здзейсніць подзвігі ў небе і стаць сапраўдным пілотам. У СССР лётчыкі станавіліся нацыянальнымі героямі. У Заходняй Еўропе гэтыя людзі маглі атрымаць не толькі славу, але і зарабіць грошы. Урэшце, ураджэнцы Вілейшчыны вырашылі пераляцець Атлантычны акіян. За вялікія грошы Адамовічы набылі больш магутны і хуткі самалёт «Bellanca J300» і пачалі рыхтавацца да пералёту праз Атлантыку. Паралельна яны ўдзельнічалі ў шматлікіх авіяконкурсах на тэрыторыі ЗША і часта перамагалі.

У «машыне» Адамовічаў не было радыёстанцыі і аўтапілота — на гэта не хапіла грошай. Разлічваць даводзілася толькі на гіракомпас. 28 чэрвеня 1934 года ўраджэнцы Беларусі ўзляцелі з аэрадрому паблізу Нью-Ёрка і накіраваліся на Ньюфаўндлэнд. На наступны дзень яны паляцелі ў Еўропу.


Цяжкае падарожжа і выдатныя сустрэчы

Вышыня 3000 метраў, метэаралагічныя ўмовы добрыя — здавалася, усё павінна атрымацца без праблем, аднак пазней самалёт абледзянеў, і Адамовічы вымушаныя былі знізіцца да 1200 метраў. Дождж і снег не перашкодзілі ўраджэнцам Беларусі выканаць задуманае — 30 чэрвеня пілоты прызямліліся ў Нармандыі.

Сустрэча братоў Адамовічаў

Сустрэча братоў Адамовічаў

Французы радасна сустрэлі «амерыканцаў». У Парыжы Адамовічаў чакаў прыём на высокім узроўні. Далей яны вылецелі ў Польшчу, але вымушаныя былі прызямліцца ў Германіі. Пазней быў «прыпынак» у Торуні і, нарэшце, борт Адамовічаў даляцеў да Варшавы. Другая Рэч Паспалітая сустракала гасцей з-за акіяна як нацыянальных герояў.

Браты Адамовічы з польскімі афіцэрамі

Браты Адамовічы з польскімі афіцэрамі

Баляслава і Язэпа Адамовічаў запрасілі да прэм’ер-міністра і ўганаравалі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Пілоты былі ў шматлікіх польскіх гарадах, але яны вельмі імкнуліся наведаць Радзіму. Аднак тут былі свае асаблівасці.


На тэрыторыі Беларусі

Пасля сакавіка 1921 года Беларусь была падзеленая паміж Польшчай і СССР, і родныя мясціны братоў-авіятараў якраз знаходзіліся «на мяжы цывілізацый». З Вільні Адамовічы паехалі ў Альковічы і наведалі парафіяльны касцёл. І тут здарылася нечаканае — амерыканскіх пілотаў запрасіў... Савецкі Саюз. Агенцтва «Інтурыст» падрыхтавала для іх праграму знаходжання ў «першай дзяржаве працоўных і сялян». 13 жніўня 1934 года ўраджэнцы Беларусі наведалі Амбасаду СССР у Варшаве. У канцы жніўня на цягніку з Вільні амерыканскія пілоты прыехалі ў Стоўбцы.

«Пасажыры ўжо ў дарозе пазнавалі знакамітых гасцей з Польшчы. У Стоўбцах навіна пра прыезд Адамовічаў разышлася вельмі хутка, а паколькі браты ехалі ў Савецкую Расію і павінны былі чакаць на хуткі цягнік 4 гадзіны, мясцовыя ўлады, якіх праінфармаваў начальнік чыгуначнай станцыі пан Мошчыньскі, хутка прыбылі. Дэлегацыя складалася з каменданта гарнізона капітана Пачкоўскага і старасты Вяжбіцкага», — адзначалася ў адным з даваенных польскіх выданняў.

Браты Адамовічы ля будынку вакзала ў Стоўбцах

Браты Адамовічы ля будынку вакзала ў Стоўбцах


Баляслава і Язэпа Адамовічаў запрасілі ў залу для прыёмаў у будынку вакзала ў Стоўбцах і пачаставалі абедам. Перад ад’ездам у Савецкі Саюз знакамітыя пілоты сфатаграфаваліся з жыхарамі Стоўбцаў. У Маскве пілоты знаходзіліся некалькі дзён, іх апекавалі супрацоўнікі Амбасады Польшчы ў сталіцы СССР. У сувязі з тым, што браты-пілоты жадалі наведаць родныя мясціны, хутка яны выехалі ў Мінск, у распараджэнне Консульства Другой Рэчы Паспалітай у БССР. Тут перад польскімі дыпламатамі стаяла цяжкая задача — трэба было атрымаць дазвол на знаходжанне грамадзян ЗША ў савецкай памежнай зоне. Аднак савецкі бок не стаў ствараць цяжкасцяў.

На машыне амерыканскія пілоты дабраліся да Крайска, дзе наведалі малую Радзіму і сястру Марыю. Папярэдне, бальшавікі далі жанчыне карову і прывезлі прадуктаў. Улады БССР спрабавалі стварыць чарговую «пацёмкінскую вёску», але праўду пра жыццё ў «імперыі Сталіна» было цяжка схаваць. Савецкія памежнікі, застава якіх знаходзілася ў Крайску, хадзілі «на вушах». Замежнікі са Злучаных Штатаў у сакрэтнай зоне, куды не кожны савецкі грамадзянін можа трапіць!

Падзеленая мяжой Беларусь, безумоўна, уразіла братоў-авіятараў. На пачатку ХХ стагоддзя яны выязджалі з тэрыторыі Расійскай Імперыі, а ў 1930-я гады прыехалі на родную зямлю, падзеленую паміж Другой Рэччу Паспалітай і СССР. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў той час мала хто мог наведаць два бакі мяжы. Адамовічы мелі такую магчымасць. Некаторыя мясцовыя жыхары Вілейшчыны і сёння ўзгадваюць, як у сярэдзіне 1930-х гадоў у Альковічы і «за кардон» прыязджалі нейкія вядомыя асобы «аж з Амерыкі», якім «сам Сталін дазволіў да сваякоў у Саветы з’ездзіць».

Партрэты братоў Адамовічаў з аўтографамі

Партрэты братоў Адамовічаў з аўтографамі


Вяртанне за акіян

Пазней Адамовічы вярнуліся ў Польшчу, прадалі свой самалёт польскай моладзевай арганізацыі «LOPP» і выехалі ў Злучаныя Штаты. Наконт далейшага лёсу гэтага самалёта існуе шмат версій. Паводле адной з іх, падчас баявых дзеянняў у верасні 1939 года крылатая машына выкарыстоўваўся ў якасці санітарнага вайсковага борта, была падбітая, села ў Брэсце і пазней стала нямецкім трафеем. Варта адзначыць, што перад выездам браты разглядалі магчымасць набыцця зямельнага надзела на Віленшчыне з перспектывай застацца на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, аднак да гэтага так і не дайшло.

Прылёт братоў Адамовічаў у Макотаў пад Варшавай

Прылёт братоў Адамовічаў у Макотаў пад Варшавай

Пасля вяртання ў ЗША Адамовічы даведаліся, што амерыканская пракуратура зрабіла ператрус на фабрыцы ўраджэнцаў Беларусі і ўстанавіла, што пілоты займаліся... нелегальным вырабам алкаголю! Пры гэтым Адамовічы «гналі пярвач» з бульбы, а адпрацаваны матэрыял выкідалі побач. На гэта і звярнулі ўвагу амерыканскія праваахоўнікі. Ёсць меркаванне, што браты Адамовічы былі таксама звязаныя з мафіяй.

У снежні 1934 года ўсіх трох братоў з Вілейшчыны амерыканскі суд у Брукліне абвінаваціў у нелегальнай вытворчасці алкаголю. Усяго было некалькі судовых працэсаў, у выніку якіх братоў прысудзілі да 15 месяцаў знаходжання ў федэральнай турме. Пасля выхаду з турмы былыя легенды авіяцыі сталі банкрутамі і працавалі на розных дробных прадпрыемствах. Падчас Другой сусветнай вайны Бэн і Джо служылі ў дапаможнай службе. Браніслаў Адамовіч памёр у 1941 годзе. Язэп сканаў у 1970 годзе. Праз дзевяць гадоў не стала і Баляслава.

Унікальныя фота з архіву Ігара Мельнікава