Дакументальнае кіно Кацярыны Махавай: пошукі рэчаіснасці
Рэжысёр дакументальных стужак Кацярына Махава — прадстаўнік таго пакалення беларускіх кінематаграфістаў, чыё творчае сталенне, на жаль, супала з заняпадам айчыннай кінаіндустрыі.
Яна
прыйшла на «Беларусьфільм» у сярэдзіне двухтысячных, а сёлета, па
сканчэнні працы над эксперыментальнай анімацыяй «Прыгоды ў Быхаўскім
замку», яе супраца са студыяй дакументальнага кіно «Летапіс» скончылася.
Зрэшты, і лёс самой студыі пад пытаннем. Год культуры.
Творчы
метад Кацярыны Махавай — гэта назіранне. Рэжысёр не нагружае карцінку
каментарамі ці закадравым аналізам, як гэта часта бывае ў «прыкладной»
дакументалістыцы. У яе фільмах важна паглыбіцца, перажыць пэўнае
імгненне, дакрануцца да суплёту перажыванняў, каб адчуць «жывое» ў
чалавеку. Гэты дотык да «жывога» магчымы толькі тады, калі паміж
рэжысёрам ды ягонымі героямі ўсталяваны — калі гэта мажліва — прастора
інтэрсуб’ектыўнасці, ўзаемнага паразумення ды даверу.
25 красавіка — гэта яшчэ і дзень перад 30-годдзем з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Фільм Кацярыны «Напярэдадні» мае дачыненне да гэтай даты, бо яго месца дзеяння — прыпалеская вёска Бабічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, яна знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад зоны адсялення. Але перадусім «Напярэдадні» — гэта медытатыўны нетаропкі фільм, які паказвае вясковую школу, юнакоў ды іх настаўнікаў. Сярод юнакоў вылучаецца сціплы ды няўпэўнены ў сабе ды сваёй будучыні Ваня. Сялянскі побыт ды мары пра будучыню, няпэўнасць ва ўласным «я», такая характэрная ўсяго юначага, вандроўкі па лесе з папераджальным знакам радыяцыйнага забруджання, а разам — развагі аб тым, што ёсць жыццё і якім яно павінна быць.
Кадр з фільма "Напярэдадні"
Напярэдадні
паказу я сустрэўся з Кацярынай Махавай. Рэжысёры не вельмі любяць
гаварыць пра тое, якім чынам, з якой мэтай і якімі сродкамі яны здымалі
тыя ці іншыя стужкі: фільмы мусяць гаварыць за іх самі. Таму размова не
столькі пра яе фільмы, колькі пра сутнасць самой прафесіі — рэжысёра
дакументальнага кіно.
—
Многія людзі не вельмі дакладна ўяўляюць, у чым заключаецца праца
рэжысёра ў дакументалістыцы: аператар здымаў, а што рабіў рэжысёр? У чым
спецыфіка?
— У чым, чым… Ды ва ўсім! Асабіста ў мяне кіно аўтарскае, значыць, яно пачынаецца з пошуку.
— Ад нейкай асабістай ідэі?
—
У асноўным, так. Ва ўсялякім разе гэтыя фільмы («Званар»,
«Напярэдадні», «Дзіця і дэльфін». — П.К.), атрымаліся такімі. Потым
нешта запускаецца і пачынаецца пошук, таму што ўсё можа змяняцца: ідэя
можа змяняцца. Увасабленне — у залежнасці ад таго, каго ты знаходзіш,
якіх герояў. Я, атрымліваецца, нечым натхнілася, мне захацелася
распавесці...
— …далей ты сустракаешся з суворай рэчаіснасцю, і твая ідэя знаходзіць пэўныя змены пад уплывам знешніх абставін. Альбо яна ўдакладняецца і становіцца больш празрыстай для цябе самой?
—
Ну, кшталту таго. З аднаго боку, кіно — гэта вельмі канкрэтная рэч,
гэта мноства нейкіх канкрэтных момантаў. А з іншага — калі гэта нейкае
ўнутранае выказванне, яно ўсё ж першаснае. Ты сутыкаешся з гэтымі
рэальнымі момантамі, і ўжо шукаеш, як лепш. Безумоўна, ты недзе схіляеш
галаву перад рэчаіснасцю, таму што многае ад цябе не залежыць — гэта ж
жывыя людзі, усё жывое, нават прырода. Ты, здаецца, хочаш выказацца, і
табе ёсць пра што, але ў той жа час трэба быць адкрытым таму, што
наўкол.
— То бок, ты знайшла тэму, пачала нейкія росшукі... Вы паехалі ў палескую вёску шукаць настаўніка… Такой была першасная ідэя «Напярэдадні», наколькі я ведаю. Але знайшлі там юнака Ваню.
— Калі гэты фільм задумваўся, меркавалася, што сельскі настаўнік будзе асноўным, ён не задумваўся як фільм-партрэт. Першапачаткова была думка пра пэўны баланс узаемадзеяння настаўніка з дзецьмі. Таму доўга шукалі, было важна, каб гэта быў чалавек цікавы, са сваім падыходам. А потым, калі ўжо было знойдзена месца, на першае месца неяк выйшла тэма сталення гэтага Вані ва ўмовах знешняга асяродку, узаемадзеяння і ў школе, і ў вёсцы... Гэта падалося прыцягальней, і больш не было пытанняў, што далей рабіць. Але насамрэч там ёсць і зборны вобраз настаўніка, ёсць некалькі настаўнікаў, якія моцна ўплываюць…
— Вы прыходзіце са здымачнай групай ды пачынаеце адразу здымаць ці спачатку ўсталёўваеце нейкі кантакт? Ці не паўстае маральных сумненняў у такім разе — уварванне ў асабістае жыццё праз камеру?
—
Гэтыя маральныя пытанні ёсць заўсёды. Ты да канца не можаш ведаць і
быць упэўненым, што гэта не нашкодзіць, ты не можаш гэтага нават у сваім
асабістым жыцці ведаць, а тут ты прарываешся ў жыццё некага іншага.
Таму я не хачу ўрывацца, для мяне істотна, каб гэта было ўзаемным
жаданнем, каб я была, скажам, жаданым госцем, а не тое, што я прыходжу
да кагосьці ды падштурхоўваю сілком. Мы становімся ў нейкай ступені
сябрамі, узнікае асаблівая блізкасць. У мяне асабіста беражлівае
стаўленне да герояў, але я не магу да канца ведаць, да чаго ўсё можа
прывесці. І, асабліва напачатку, калі я толькі пачынала займацца
дакументальным кіно, я шмат думала і перажывала за этычныя пытанні, якія
ты сам для сябе вырашаеш, гэтыя межы дазволенага. Справа тут не ў
буйных планах або якіх іншых мастацкіх прыёмах — гэта нябачныя межы, ты
іх асэнсоўваеш сам.
— Часам у дакументальных фільмах з’яўляюцца неверагодныя імгненні прыгажосці ды непасрэднасці чалавека. У пэўны момант паўстае імклівы вобраз у поўнай непасрэднай свабодзе. Такую прастату формы ды дасканалую натуральнасць цяжка атрымаць у ігравым кіно. Табе не здаецца, што гэта адна з найважнейшых рысаў дакументальнага кіно?
—
Безумоўна, гэта таксама, але ўсё ж такі ўсё, што ў фільме адбываецца,
мусіць нечаму падпарадкоўваецца. Калі проста фіксаваць, потым атрымаецца
набор нейкіх нязвязных сцэн. Такія сцэны нібыта жыццё табе дорыць, я не
ведаю, як гэта растлумачыць. Праз дакументальнае кіно ты больш адчуваеш
рэчаіснасць ды прысутнасць Бога… Ну, атрымліваецца, ты чакаеш гэтыя
падарункі, каб іх зняць, так? Калі такое нарэшце адбываецца, ты вельмі
моцна гэта адчуваеш. Ты, можа, калі не здымаеш, то такія моманты і не
заўважыш гэтак моцна. Магчыма, таму, што ў цябе ўсё актывізуецца, ты
ўвесь у гэтым, усё адкінуў, і ты менавіта настроены на гэтую хвалю. Я,
безумоўна, імкнуся, каб гэтыя тонкія моманты ўзаемадзеяння былі. Яны не
абавязкова маюць непасрэднае дачыненне да першаснай ідэі, мастацкае
выказванне — гэта не ідэя, у мяне не канцэптуальнае кіно (ну, мне так
падаецца). Больш важна схапіць стан і стварыць нейкі вобраз.
25 красавіка — творчая сустрэча з Кацярынай Махавай. Запрашаем у 19:00 ў Галерэя TUT.BY, пр. Дзяржынскага, 59, 9-ы паверх (ст. м. Міхалова, БЦ Omega Tower).
Вас чакае таксама прагляд дакументальных стужак «Званар», «Напярэдадні», «Дзіця і дэльфін».Уваход вольны!