Гіль-Радыёнаў і яго брыгада

У нашы дні знайшлі парэшткі Гіль-Радыёнава і перазахавалі іх з гонарам у брацкай партызанскай магіле ва Ушачах. Зараз каля гэтых могілак «ганарова» прымаюць малагадовых ушачанаў у піянеры ды БСРМ.

"Радыёнаўцы" адпачываюць

"Радыёнаўцы" адпачываюць

 У Беларусі гераізуецца постаць Гіля-Радыёнава. На АНТ нават знялі двухсерыйны дакументальны фільм пра «Дружыну», дзе з Гіля стварылі вобраз не толькі партызанскага камандзіра, але і (што зусім дзіўна) бясстрашнага савецкага выведніка (!), які, рызыкуючы жыццём, нібыта спецыяльна ўкараніўся ў СС і змагаўся з ворагамі.


Але вось як характарызаваў яго былы начальнік Беларускага штабу партызанскага руху Павел Калінін: «Гіль-Радыёнаў загінуў у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. Але я не магу назваць яго патрыётам. Хіба можна змаўчаць аб карных экспедыцыях супраць партызан, якімі ён кіраваў? Хіба можна забыць пра зверствы, якія чынілі яны над мірным насельніцтвам? Можна дараваць многае. Але нельга, немагчыма дараваць свядомую здраду роднай краіне, свайму народу, масавыя расстрэлы сваіх братоў па крыві. Вось чаму я і дагэтуль не лічу магчымым сказаць добрае слова пра Гіль-Радыёнава».

 

Здрада. Пачатак

 

20 красавіка 1942 года ў лагеры «Офлаг-68» у Сувалках падчас сходу савецкіх ваеннапалонных, прымеркаванага да дня нараджэння Адольфа Гітлера былы начальнік штабу 229-й стралковай дывізіі падпалкоўнік Уладзімір Гіль абвясціў пра стварэнне Баявога саюзу рускіх нацыяналістаў (БСРН) і прапанаваў усім ахвотным далучыцца да арганізацыі і да яе баявых аддзелаў. Ініцыятарамі гэтых заяў з’яўляліся немцы, і прагучалі яны пасля папярэдняга ўзгаднення з начальнікам сувалкаўскага аддзелу СД для ваеннапалонных штурмбанфюрэрам Гансам Шындоўскі. Праз тры тыдні ўзмоцненай выведна-дыверсійнай падрыхтоўкі з добраахвотнікаў, сяброў БСРН, быў сфармаваны 1-ы Рускі нацыянальны аддзел СС «Дружына» пад камандаваннем Гіля.


bajcy_bryhady_ss_druzyna.jpg

Байцы брыгады СС "Дружына"

 

Увосень 1942-га падраздзяленне, якое той час налічвала ад 600 да 700 чалавек, было перакінута ў Беларусь, дзе хутка прыняло ўдзел у антыпартызанскай акцыі ў Бялыніцкім, Бярэзінскім і Клічаўскім раёнах.


З другой паловы студзеня 1943 года «Дружына» стала ўдзельнічае ў падобных акцыях, у асноўным займаецца спаленнем вёсак, знішчэннем цывільнага насельніцтва, захопам працоўнай сілы для адпраўкі на прымусовую працу і рэквізіцыямі сельгаспрадуктаў.

 

У сакавіку 1943 года ў беларускім мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна гіляўская «Дружына» і яшчэ колькі падобных фармаванняў былі аб’яднаныя ў 1-ы рускі нацыянальны полк СС. Камандзірам яго стаў Гіль (менавіта тады ён пачаў карыстацца псеўданімам «Радыёнаў»), якому было нададзена званне штандартэнфюрэра СС. Лужкі зрабіліся цэнтрам раёну, перададзенага Гіль-Радыёнаву для фактычнага самакіравання. У гэты ж час да Гіль-Радыёнава прыбылі прадстаўнікі Рускай вызвольнай арміі (РОА) генерала Уласава — генерал Жылянкоў і генерал Іваноў, — з мэтаю схіліць камандзіра да ўваходжання ў склад РОА. Але апошні не захацеў губляць свайго незалежнага становішча «бацькі-атамана», і перамовы скончыліся безвынікова.

 

Карнікі

 

Пра дзеянні «радыёнаўцаў» сведчыць мясцовы жыхар А. Галубіцкі:

 

«...Дзесьці вясной 1943 года пашырыліся ў нас чуткі, што ў недалёкіх ад нас Лужках знаходзіцца нейкая расійская фармацыя на чале з Радыёнавым, якая мае змагацца з партызанамі. Хоць у нас час ад часу з’яўляліся партызаны, але ніхто не звярнуў асаблівай увагі на гэтых новых «абаронцаў».

 

Пасля нейкага часу праз нашу вёску прасунуліся збройныя калоны Радыёнава, накіроўваючыся на ўсход. Праз некалькі дзён кожны звяртаў свае позіркі ў той кірунак: там неба днямі чарнела густымі дымамі, а начамі палала зарывам пажараў.

 

Назад калоны вярталіся абладаваныя сялянскім дабром, з цэлымі статкамі кароў і іншай дамавой жывёлы. П’яныя жаўнеры нярэдка везлі на вазах сваю «ваенную здабычу» — маладых дзяўчат. Адкрыліся вочы сялянам — пабачылі, што за «абаронцаў» нажылі ў суседстве.

 

Пасля гэтай «генеральнай акцыі» пачаліся дробныя налёты «радыёнаўцаў» на бліжэйшыя вёскі, быццам у пошуках партызанаў. П’яная арда звальвалася на вёску як саранча, рабавала, гвалціла, а пры найменшым супраціве — збівала і расстрэльвала. Дайшло да таго, што часам жыхары, заўважыўшы загадзя набліжэнне расійскіх аддзелаў (пазнаць іх было лёгка па вялікай колькасці абозу), шукалі аховы пры нямецкіх «штыцпунктах» ці мясцовых гарнізонах, калі такія былі ў ваколіцы. Бывалі выпадкі і сутычак між мясцовай беларускай паліцыяй і радыёнаўцамі.

 

Пасля сваёй першай крывавай акцыі на ўсход ад Глыбоччыны ды некалькіх не менш крывавых рэйдаў у бліжэйшых да сваёй «стаўкі» раёнах, Радыёнаў пачаў «мабілізацыю» мясцовага жыхарства ў свае шэрагі. Моцны аддзел радыёнаўскіх карнікаў прыбываў у валасны цэнтр і загадваў старастам склікаць усіх маладых людзей на антыкамуністычны мітынг. За нез’яўленне — расстрэл.

На мітынгу выступаюць афіцэры-агітатары, якіх ні мова, ні спосаб гаварэння не розніцца ад тых, якімі карыстаюцца савецкія палітрукі. Толькі замест «савецкая радзіма», «камунізм», «правадыр Сталін», чуецца «Расія», «новая Еўропа», «фюрэр Гітлер». На заканчэнне «палітрук» абвяшчае, што ўсе прысутныя з’яўляюцца «добраахвотнікамі рускага войска».


 Натоўп абкружаны ўзброенымі «радыёнаўцамі», і пад акампанемент дзікага мата пачынаецца фармаванне яго ў калоны ды адбіранне дакументаў, без якіх нідзе нельга паказацца, каб не быць палічаным за партызана. Праўда, шматлікія «добраахвотнікі» пры дапамозе самагону пазбываліся гонару быць «рускімі ваярамі» — выкупляліся».

 

У маі 1943 года на грунце палка Гіль-Радыёнава пачалося фармаванне 1-й рускай нацыянальнай брыгады СС. Калі напрыканцы чэрвеня разгортванне ў брыгаду скончылася, нацыянальны склад яе быў наступны: рускія — 80 працэнтаў, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — 20 працэнтаў.

 

Вайна з людзьмі

 

Адначасна «радыёнаўцы» на тэрыторыі Бягомльскага, Лепельскага, Плешчаніцкага і Халопеніцкага раёнаў удзельнічалі ў антыпартызанскай аперацыі «Котбус», падчас якой вызначыліся новымі «подзвігамі».


Маёр РККА Уладзімір Гіль, даваеннае фота

Маёр РККА Уладзімір Гіль, даваеннае фота


Так, байцы брыгады на Лепельшчыне, сабраўшы са спаленых імі вёсак тры тысячы беларусаў — амаль выключна старых, калекаў і кабетаў з дзецьмі, — прагналі іх праз спёку і пыл 30 кіламетраў і спынілі калону каля вёскі Іканікі.


Штандартэнфюрэр Гіль-Радыёнаў звярнуўся да «памагатых партызанаў» і паабяцаў жыццё кожнаму, хто папросіць яго аб літасці на «русском литературном языке». Але ніхто гэтай чужой мовы не ведаў, таму ўсе былі расстраляныя з кулямётаў.


А ў мястэчку Зэмбін «радыёнаўцы» забілі трох юнакоў і дзвюх дзяўчат за значкі ў выглядзе беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.

 

У выніку дзейнасці брыгады Гіль-Радыёнава са 147 вёсак Бягомльскага раёна засталося толькі 9. Пра маштабы дзеянняў брыгады яскрава сведчыць адзін факт. Падчас антыпартызанскай аперацыі «Люты» ўзімку 1943-га Гіль-Радыёнаў звяртаецца аж да кіраўніка СС усёй Беларусі фон Готберга, каб той паказаў яму вёску, дзе байцы Гіля маглі б схавацца ад сцюжы. Бо пасля аперацыі на той тэрыторыі не засталося ніводнага жылога дома!

 

І зноў здрада

 

З часам маральны стан у брыгадзе пагаршаўся, расла колькасць дэзерціраў. Гэтаму спрыялі перамога пад Сталінградам і контрнаступ Чырвонай Арміі на поўдні, а таксама абяцанне Сталіна амніставаць тых, хто супрацоўнічаў з немцамі, але перайшоў на бок Саветаў са зброяй у руках.

 

Паразы вермахта пераканалі Гіль-Радыёнава, што запахла «паленым». Таму, ратуючы сваю скуру, 16 жніўня 1943 года, згодна з папярэдняй дамоўленасцю з камандаваннем партызанскай брыгады «Жалязняк» і непасрэдна з кіраўніком цэнтральнага штабу партызанскага руху Панцеляймонам Панамарэнкам, ён са сваёй брыгадай пераходзіць на савецкі бок. 1-я руская нацыянальная брыгада СС была перайменаваная ў 1-ю антыфашысцкую партызанскую брыгаду.

 

І ўжо 17 жніўня, каб давесці адданасць свайму «новаму-старому» гаспадару Сталіну «радыёнаўцы» знішчаюць станцыю Каралеўшчына (цяпер Круляўшчызна), якую абаранялі чыгуначныя працаўнікі арганізацыі Тодта, людзі ў сваёй большасці старыя і небаяздольныя. На зваротным шляху Гіль-Радыёнава ягоныя байцы разбіваюць невялікі нямецкі гарнізон у Докшыцах, «па інерцыі» абрабаваўшы цывільнае насельніцтва.

 

Даволі хутка, 6 верасня 1943 года, за пераход на бок савецкіх партызанаў і ўдалыя дзеянні супраць немцаў Уладзіміра Гіль-Радыёнава ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі, а таксама яму было нададзена званне палкоўніка Чырвонай Арміі.

 

Канец эпапеі

 

Ад трагічнага да смешнага ў гісторыі адзін крок… Падчас антыпартызанскай аперацыі «Фрулінгсфэст» 1-я антыфашысцкая партызанская брыгада была блакаваная ў раёне Ушачаў падраздзяленнямі Рускай вызвольнай народнай арміі (РОНА Браніслава Камінскага, будучая 29-я грэнадзёрская дывізія СС «РОНА»), у баях з якімі брыгада страціла больш за дзве траціны асабовага складу і ўрэшце была расфармаваная. 4 мая 1944 года падчас прарыву блакады Гіль-Радыёнаў быў паранены ў грудзі і праз дзесяць дзён, 14 мая, памёр.

 

У нашы дні знайшлі парэшткі Гіль-Радыёнава і перазахавалі іх з гонарам у брацкай партызанскай магіле ва Ушачах. Зараз каля гэтых могілак «ганарова» прымаюць малагадовых ушачанаў у піянеры ды БСРМ.