Вайна інжынера Краўцова

Ён нарадзіўся ў Расіі, у станіцы Ермакоўскай на Стаўрапольшчыне, аднак вайсковая служба і падзеі Другой сусветнай вайны назаўсёды звязалі жыццё Аляксандра Краўцова з Беларуссю.



kamsamolski_bilet_kraucova__vydany_u_minsku.jpg

Камсамольскі білет Краўцова, выданы ў Мінску


Станічнік-чырвонаармеец


Нарадзіўся Аляксандр Глебавіч Краўцоў у жніўні 1909 года ў станіцы Ермакоўскай на Стаўрапольшчыне. У 1915 годзе станічны атаман выдаў хлопцу пасведчанне з гербам Расійскай імперыі для прадстаўлення ў навучальную ўстанову. Аднак імперыя Раманавых дажывала апошнія гады. У 1923 годзе станічнік паступіў на вучобу ў 1-ю Савецкую працоўную школу ў Стаўрапалі. Падчас вучобы Аляксандр удзельнічаў у розных спартовых спаборніцтвах, і нават вучыў французскую мову. У 1930 годзе ён паступіў на службу ў Краявы дарогабудаўнічы трэст, дзе выконваў абавязкі малодшага тэхніка-будаўніка.

kraucou__czerven_1941_hoda.jpg

Аляксандр Краўцоў, чэрвень 1941 года


Праца будучага вайсковага інжынера заключалася ў распрацоўцы мясцовасці для будаўніцтва дарог. У верасні 1931 года Краўцова прызываюць у Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію (РСЧА). Служыць давялося ў вучэбнай роце 82-га стралковага палка 28-й горна-стралковай дывізіі ў Грозным. У гэты час на Каўказе было неспакойна: чачэнцы і дагестанцы імкнуліся вызваліцца з-пад расійска-бальшавіцкай улады. У сакавіку 1932 года пачалося чарговае антысавецкае выступленне. Антыбальшавіцкія атрады імкнуліся захапіць нафтавыя промыслы Сцерач-Кертыч.

Вайсковая кніжка Краўцова, 1932 г.

Вайсковая кніжка Краўцова, 1932 г.


У адказ Крэмль накіраваў у гэтыя раёны вялікія вайсковыя падраздзяленні. У іх складзе быў ужо камандзір узвода, малодшы лейтэнант Аляксандр Краўцоў. У адным з баёў яго жаўнеры аказаліся ў атачэнні і вымушаны былі прарывацца з боем. Так ці інакш, савецкім войскам удалося зламіць супраціў чачэнцаў і дагестанцаў, і хутка паўстанне было падаўлена. За «баявую кемлівасць і мужнасць» (так адзначалася ў дакументах) чырвонаармейца са Стаўрапаля ўзнагародзілі Ордэнам Чырвонага Сцяга і накіравалі на далейшую вучобу на будаўнічы факультэт толькі што створанай Вайскова-інжынернай акадэміі РСЧА імя Валерыяна Куйбышава ў Маскве. У 1935 годзе курсант быў узнагароджаны ганаровай граматай за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Аляксандр Краўцоў, 1932 год

Аляксандр Краўцоў, 1932 год


Пасля заканчэння акадэміі Аляксандр Глебавіч быў пераведзены на службу ў Беларускую асаблівую вайсковую акругу ў якасці інжынера 3-га ранга Вайскова-паветраных сіл РСЧА.



Трагедыя чэрвеня 1941-га


1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветнай вайна, а праз 17 дзён Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь. Капітан Краўцоў быў накіраваны туды для вывучэння стану і падрыхтаванасці польскіх вайсковых аэрадромаў, якія знаходзіліся на гэтых тэрыторыях. Савецкія вайскоўцы падрабязна абследавалі польскія авіябазы ў Жабчыцах, Лідзе, Вільне, Макашэвічах, Брэсце, Лунінцы. Эйфарыя ад «лёгкай перамогі над панскім войскам» хутка прайшла, і Заходняя асаблівая вайсковая акруга (ЗахАВА), у якую была перайменаваная Беларуская акруга, пачала рыхтавацца да надыходзячай вайны з Германіяй.

Будаўніцтва аэрадрому пад Мінскам, вясна 1941 года

Будаўніцтва аэрадрому пад Мінскам, вясна 1941 года


У гэты час вайсковы інжынер Краўцоў шмат ездзіў па Беларусі (як усходніх, так і заходніх абласцях) і праводзіў інспекцыі новых аэрадромаў ВПС РСЧА. У яго архіве (які зараз у распараджэнні аўтара) захавалася некалькі здымкаў будаўніцтва ўзлётна-пасадачных палос пад Мінскам у 1941 годзе. У выніку рэпрэсій 1937–1938 гадоў большасць таленавітых вайсковых інжынераў  расстралялі. Ім на замену прыйшлі маладыя спецыялісты кшталту Краўцова, якія разумелі складаную вайсковую сітуацыю, і таму спрабавалі зрабіць усё, каб аб’екты Чырвонай Арміі былі гатовыя да баявых дзеянняў. Аляксандр Глебавіч меў кругласутачны пропуск у штаб ВПС Заходняй асаблівай акругі РСЧА за нумарам 68. Дакумент быў выданы ў студзені 1941 года і перарэгістраваны 10 чэрвеня 1941 года — за 12 дзён да германскага нападу на СССР. У гэты перыяд капітана часта выклікалі да камандуючага авіяцыяй ЗахАВА генерал-маёра Івана Капца.

Пропуск у Штаб ВПС ЗахАА, чэрвень 1941 года

Пропуск у Штаб ВПС ЗахАА, чэрвень 1941 года


У 3 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года ўсе савецкія аэрадромы ў БССР былі раптоўна атакаваныя германскай авіяцыяй. Спачатку па іх нанеслі ўдар бамбавікі He-111, а пазней справу дарабілі пікіроўшчыкі Ju-87 і Ju-88 сумесна з цяжкімі знішчальнікамі Me-110. Большасць аэрадромаў, размешчаных паблізу мяжы, да сярэдзіны дня былі захопленыя наступаючымі часткамі вермахта. У першы дзень германскага ўварвання ў СССР агульныя страты ВПС ЗахАА склалі 738 самалётаў, 528 з якіх былі захопленыя на зямлі. Гэтага не змог вытрымаць камандуючы авіяцыяй РСЧА у Беларусі, генерал-маёр Капец. Абляцеўшы разбураныя аэрадромы і даведаўшыся пра маштабы страт, ён застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1943 год

1943 год


Курская бітва і вызваленне Беларусі


Сітуацыя была трагічнай, але трэба было супрацьстаяць ворагу. Ужо 29 чэрвеня 1941 года Краўцоў атрымаў ад будучага маршала авіяцыі, а тады начальніка штаба ВПС Заходняга фронту палкоўніка Сяргея Худзякова дакумент з рэвалюцыйнай назвай «мандат», у якім вайсковаму інжынеру даваліся паўнамоцтвы выкарыстоўваць грамадзянскае насельніцтва і транспартныя сродкі для рамонту знішчаных ворагам аэрадромаў. У ліпені 1941 года Краўцову было нададзена званне вайсковага інжынера 2-га рангу. За ўдзел у абарончых баях у Беларусі летам 1941 года Краўцоў быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пазней была служба ў якасці галоўнага інжынера аэрадромнага будаўніцтва 1-й паветранай арміі, якая была сфарміравана ў маі 1942 года. Адзін з першых яе камандуючых быў усё той жа Сяргей Худзякоў. У прадстаўленні да ўзнагароды Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені інжынер-маёра Аляксандра Краўцова чытаем: «Кіраваў падрыхтоўкай аэрадромаў на поўначы ад горада Арол. Асабіста арганізаваў падрыхтоўку 9 аэрадромаў ля лініі фронту ў тэрмін ад 2 да 5 дзён. Арганізаваў рэкагнасцыроўку аэрадромаў».

Зіма 1941–1942 гг.

Зіма 1941–1942 гг.


Нагадаю, што бітва пад Курскам, якая адбывалася летам 1943 года, мела вялікае стратэгічнае значэнне і дазволіла вызваліць значную частку савецкай тэрыторыі ад захопнікаў. Свой унёсак у гэтую перамогу зрабіла і 1-я паветраная армія. Падчас тых баёў маёр Краўцоў быў цяжка паранены і цудам застаўся жыць. Пасля выздараўлення ён вярнуўся ў дзеючую армію. У шпіталі афіцэр атрымаў ліст ад саслужыўцаў, у якім адзначалася, што загадам № 01255 яму было прысвоена званне падпалкоўніка. Дарэчы, тэкст быў напісаны на кавалку трафейнай нямецкай мапы.
Наступную ўзнагароду — Ордэн Айчыннай вайны І ступені — Аляксандр Глебавіч атрымаў за ўдзел у вызваленні Беларусі ў складзе 3-га Беларускага фронту. Вось што падкрэслівалася ва ўзнагародным лісце: «Таварыш Краўцоў арганізаваў будаўніцтва аэрадромаў на паўночны захад і захад ад Віцебска, Сянно, Лепеля, Бягомля і інш. Пад яго кіраўніцтвам былі арганізаваныя працы на аэрадроме Бешанковічы. Пазней, падчас аперацыі па захопу Вільні і Коўна, Краўцоў кіраваў будаўніцтвам аэрадромаў на гэтых накірунках». Тады ж інжынер атрымаў і медаль «За баявыя заслугі». Апошняй аперацыяй Другой сусветнай вайны, у якой ён удзельнічаў, былі баявыя дзеянні ва Усходняй Прусіі. Падчас тых баёў зімой 1945 года пад кіраўніцтвам падпалкоўніка было пабудавана 20 аэрадромаў і адрамантавана 7 старых. За гэта яго ўзнагародзілі другім Ордэнам Чырвонага сцяга.

Загад аб прысваенні звання маёра

Загад аб прысваенні звання маёра


Да канца 1950-х гадоў Аляксандр Краўцоў служыў у войску ў Кіеве. У яго архіве захаваліся лісты, дзе франтавік прасіў перавесці яго ў Беларусь, якая стала для яго роднай.
Нарэшце, вайсковага інжынера накіравалі ў Мінск, аднак хутка ён быў звольнены ў запас. Нагадала пра сябе цяжкае раненне, атрыманае Аляксандрам Глебавічам падчас Курскай бітвы.
Свае прафесійныя веды франтавік выкарыстаў у сферы мірнага будаўніцтва. З лістапада 1961 года ён працаваў намеснікам начальніка вытворчага адзела Дзяржбуда БССР і займаўся інспекцыяй будаўнічых пляцовак па ўсёй Беларусі. У 1962 годзе ён скончыў факультэт павышэння кваліфікацыі інжынерна-тэхнічных працоўных Беларускага політэхнічнага інстытута. Таленавітага спецыяліста і ветэрана запрашалі ў якасці эксперта на ўсе пасяджэнні Вярхоўнага савета БССР. Быў ён частым госцем і на парадах у гонар Дня Перамогі. На адным са здымкаў, які захаваўся ў архіве вайсковага інжынера, можна было ўбачыць маршалаў Перамогі К. Ракасоўскага і І. Баграмяна, якія прыбылі ў Мінск з нагоды святкавання 20-гадовых угодкаў вызвалення Беларусі ад нацыстаў.

Афіцэры 1-й паветранай арміі, у цэнтры генерал Сяргей Худзякоў

Афіцэры 1-й паветранай арміі, у цэнтры генерал Сяргей Худзякоў


Памёр удзельнік Другой сусветнай вайны, палкоўнік Краўцоў у пачатку 1990-х гадоў.