Памяці не трэба вайсковыя парады
Замест штодзённага клопату пра ветэранаў нам прапануюць вайсковы парад раз на год. Якія комплексы прымушаюць дзяржаву выдаткоўваць немалыя сродкі на імітацыю памяці пра подзвіг ветэранаў?
Майму айчыму, інваліду Вялікай Айчыннай вайны Івану Золіну — 91 год. Ён быў двойчы паранены, мае баявыя ўзнагароды. Трапіў на фронт у 17 гадоў кулямётчыкам і скончыў вайну ў Кёнігсбергу. Такіх, як ён, хто сапраўды ваяваў і шмат праз што прайшоў, засталося ў Беларусі ўсяго некалькі тысяч (а можа і меней). І з кожным годам іх усё менш.
Пра іх узгадваюць напярэдадні свята. Прыганяюць школьнікаў на сустрэчы. Дораць каштоўныя падарункі, і нават падкідваюць мільён-другі да пенсіі. Іх цягаюць на розныя сустрэчы і просяць расказаць пра вайну. Перакладваючы жоўтыя лісты калісьці складзеных аповедаў, яны будуць дзяжурна распавядаць пра ваенныя шляхі, пра смерць і перамогу. Але не таму, што ім няма чаго ўзгадаць, а таму, што іх сапраўдныя ўспаміны нікому не патрэбны. А яшчэ — таму, што гэтыя ўспаміны вельмі балючыя.
Мой айчым расказваў, як камісар адправіў яго, параненага, пешшу ў мароз за 20 кіламетраў аднесці нейкую важную паперку ў штаб палкоўніку, бо машыну было шкада. А яго, 18-гадовага хлопца, не. Ён ледзь не памёр па дарозе, але паперку тую даставіў. А пасля яшчэ некалькі месяцаў парляжаў у шпіталі.
Яшчэ расказваў пра тое, як у першым жа баі на яго вачах куля размажджэрыла твар лепшага сябра, такога ж 17-гадовага хлопца. Ён расказваў і ціха плакаў. І казаў, што ніколі гэта не забудзе.
Вы думаеце, пра такое можна спакойна расказваць з года ў год? Вось і чытаюць ветэраны па сваіх пажухлых паперках: «Ваяваў, вызваляў, сустрэў Перамогу…»
Айчым расказваў і пра тое, як у Кёнігсбергу ў падвале аднаго з прыватных дамоў яго ўразіла колькасць і разнастайнасць гаспадарскіх запасаў. «Я столькі ніколі ў жыцці не бачыў», — казаў ён. А пасля распавёў пра тое, пра што не прынята гаварыць на сустрэчах з моладдзю: пра рабаванні, гвалтаванні нямецкіх дзяўчат, пра расстрэлы старых. Ён гэта бачыў — і таксама ніколі не забудзе.
Колькі такіх успамінаў у ветэранаў… У тых, хто сапраўды прайшоў шляхамі вайны, хто бачыў смерць сваіх сяброў і таварышаў, каму цэліліся свае ж у спіну, каго кідалі як гарматнае мяса на ўзяцце нікому не патрэбных вышыняў да гадавіны Кастрычніка ці проста таму, што прыехаў генерал. Ці трэба тым, хто сапраўды бачыў тую вайну, вайсковы парад? А можа, яны проста хацелі б узгадаць тых, каго з імі ўжо няма. Проста ўскласці кветкі, ціха пастаяць, магчыма, паплакаць і сказаць дзякуй, што жывыя, што больш не трэба ні з кім ваяваць.
Рэзалюцыяй Генасамблеі ААН 8 і 9 мая абвешчаныя Днямі памяці і прымірэння. У гэтыя дні ў шматлікіх краінах свету, жыхары якіх таксама перажылі жахі Другой сусветнай вайны, улады і грамадзяне ўскладаюць кветкі да помнікаў загінулым і ўшаноўваюць жывых.
У ЗША ўрачыстасці арганізуюць Асацыяцыі ветэранаў Другой сусветнай вайны, якія дзейнічаюць у многіх гарадах краіны. Самае вядомае іх мерапрыемства — цырымонія ўскладання вянкоў да Нацыянальнага мемарыяла Другой сусветнай вайны ў Вашынгтоне. 8 мая ў Лондане на вуліцы Уайтхол у Кенотафа (абеліска, прысвечанага салдатам, загінулым ва ўсіх войнах) у прысутнасці каралеўскай сям’і праводзяцца цырымонія ўскладання вянкоў і памінальная служба. Каля мемарыяла збіраюцца члены ветэранскай арганізацыі «Брытанскі легіён», прадстаўнікі брытанскіх узброеных сіл, палітыкі і грамадскія дзеячы. Няма парадаў у Францыі.
У гэтых краінах нікога не прымушаюць памятаць пра подзвіг бацькоў і дзедаў. Пра іх проста памятаюць. Жывым забяспечваюць годнае жыццё. Мёртвым — належны стан магіл.
Але гэта не пра нас. Перамогу мы святкуем не кветкамі, а дэманстрацыяй танкаў, ракет, іншай тэхнікі ды ўзбраенняў. Чаму замест таго, каб прыйсці ў гэты дзень на магілы воінаў, пакланіцца ім да зямлі, афіцыёз арганізуе паказуху і, задраўшы галаву, прымае вайсковы парад? Чаму нам кажуць, што вайна — гэта дрэнна, а над галовамі лятаюць ваенныя самалёты, а па цэнтральным праспекце равуць танкі?
Так хочацца відовішча? Пасадзіце ветэранаў з вялікімі букетамі кветак у белыя кабрыялеты і правязіце перад трыбунамі. Тысяча белых машын з сівенькімі ветэранамі на праспекце незалежнасці, тысячы рознакаляровых балонікаў у мірным небе, тысячы ўсмешак — чым не відовішча!