Гарызонт быў чырвоны ад палаючых вёсак

Сто гадоў таму Першая сусветная вайна прыйшла на беларускую зямлю. Сотні тысяч людзей былі вымушаны пакінуць родныя хаты. Лёс шмат каго склаўся вельмі трагічна.



biezancy_z_carstva_poljskaha_logo.jpg

Бежанцы з Царства Польскага

Вялікі сыход

Пасля паразы Рускага імператарскага войска ў бітвах на тэрыторыі Царства Польскага стала зразумелым, што фронт царскай арміі ўтрымаць не ўдасца. Першымі бежанцамі з тэрыторыі Царства Польскага сталі яўрэі, аднак хутка за імі пацягнуліся і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

У чэрвені-ліпені 1915 года на тэрыторыі беларускага Палесся знаходзілася каля 400 тысяч людзей, якіх, у сваёй большасці прымусілі пакінуць родныя мясціны. Вось як тыя падзеі апісваў адзін з відавочцаў: «Калі перабраліся праз Белавежскую пушчу і пад Пружанамі даехалі да шашы, убачылі бясконцы абоз бежанцаў. Чакалі да ночы, каб неяк уклініцца. Потым рушылі на Слонім. Каля шашы часта трапляліся магілы. Хтосьці пастаянна плакаў, крычаў, стагнаў. Усе хацелі як мага хутчэй вырвацца з гэтага пекла. Не хапала ежы і корму жывёле. Прасілі, куплялі і так бралі».

bezhanci_logo.jpg

Бежанцы

На шляху, якім рухаліся ўцекачы, выстаўляліся армейскія пасты, якія забаранялі людзям затрымлівацца ў «прыфрантавой мясцовасці». Ахвярам вайны спрабавалі дапамагаць розныя арганізацыі — Таццянінскі камітэт (створаны ў верасні 1914 года), Хаўрус земстваў і гарадоў (створаны ў ліпені 1915 года), але гэта істотна не змяняла сітуацыі.

Палессе ў агні

У 2014 годзе Нацыянальны банк Беларусі выпусціў манету ў памяць 100-годдзя Першай сусветнай вайны. На ёй сімвалічна паказана лінія германска-рускага фронту, які ў 1915 годзе па жывому падзяліў Беларусь.

dom_na_paless__logo.jpg

Дом на Палессі

«Лінію нямецкіх акопаў» пазней, у 1921 годзе, шмат дзе паўторыць і «рыжская мяжа» паміж Другой Рэччу Паспалітай і савецкай Расіяй. Беларускія сяляне, якія знаходзіліся на захад ад гэтай лініі, у сваёй большасці, былі вымушаныя пакінуць свае вёскі і накіравацца на ўсход.

paleshuk__logo.jpg

Палешукі

У арганізацыі эвакуацыі насельніцтва актыўны ўдзел прымала расійскае войска. «Адводзіць мужчынскае насельніцтва ўзростам ад 18 да 50 гадоў. Адводзіць скаціну. Адводзіць мясцовае насельніцтва, прапаноўваючы высяляцца з маёмасцю», — адзначалася ў адным з загадаў ад траўня 1915 года.

bezhanci_z_pa_nochna_zahodnjaga_kraju_ras_jskaj_mperi__logo.jpg

Бежанцы з Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі

А вось як узгадваў тую сітуацыю адзін з жыхароў Кобрынскага павету: «Жаўнеры паляць хаты, з якіх толькі што сышлі людзі. Выйшлі на шашу. Там было шмат аднавяскоўцаў і незнаёмых людзей. Хто на падводзе, а хто так. Царскі афіцэр нешта крычаў сваім падначаленным. Хутка мы пайшлі далей».

«Многія жадалі ісці з рускімі, баючыся немцаў, аб якіх расказвалі жудасныя гісторыі. За некалькі дзён да прыходу немцаў з’явіліся казакі. Іх камандзір заявіў, што падпаліць горад. Пасля таго, як казакі пачалі паліваць дамы газай, член камітэта прынёс ім 500 рублёў, і яны з’ехалі. Гарызонт з усіх бакоў ад горада быў чырвоным ад палаючых вёсак», — апісваў эвакуацыю адзін з жыхароў Ружан.

belaruskaja_sjam_ja_ratuecca_ad_zhaha_vajni_logo.jpg

Беларуская сям'я ратуецца ад жахаў вайны

Былі, аднак, і тыя, хто вырашаў застацца. Гэта былі перш за ўсё беларусы-католікі і яўрэі. Такім царскія ўлады пакідалі ім адну карову і корм для яе толькі на месяц.

Кайзераўскія войскі, якія летам 1915 года займалі беларускія землі, былі ў жаху ад выгляду палескіх вёсак. У адной з нямецкіх справаздач адзначалася: «Уся мясцовасць, па якой адступаў праціўнік, была нямым сведкам супраць падпальшчыкаў уласнага народа. Усюды, куды ні прыходзілі нашы войскі, яны знаходзілі пакінутыя людзьмі і жывёламі груды камянёў, на якіх то тут, то там тырчэлі коміны. Даволі рэдка трапляліся цэрквы, над якімі злітаваліся казакі».

rusk_af_cer_naz_rae_za_spal_vannem_vjosk_na_belarusk_m_paless__logo.jpg

Рускі афіцэр назірае за спальваннем вёскі на беларускім Палессі

Напрамак — Расія

Беларускія бежанцы рухаліся на ўсход. Царскія ўлады вымушаны былі выдзяляць вялізныя сумы, каб хоць неяк аблегчыць лёс гэтых людзей. У раёнах, набліжаных да фронта, гэтым займалася вайсковае кіраўніцтва, якое загадвала складаць акты страт маёмасці і выплочваць узнагароджанне за згубленыя падчас вайсковых дзеянняў пабудовы, скот і асабістыя рэчы. Войска з палкавых кас выдавала грошы мясцовым уладам, каб тыя хоць неяк арганізоўвалі быт бежанцаў з заходніх губерняў. Больш таго, даведзеныя да адчаю людзі пачыналі здзяйсняць злачынствы. Паліцыя ў гэтых умовах не магла эфектыўна сачыць за захаваннем правапарадку.

belarusk_ja_bezhanci_logo.jpg

Беларускія бежанцы

30 жніўня 1915 года быў зацверджаны закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», які акрэсліваў асноўныя правы людзей, па сутнасці пазбаўленых уладамі іх месца жыхарства. Таксама была створана спецыяльная камісія, якая павінна была адказваць за ўладкаванне ўцекачоў. Сродкі на дзейнасць гэтага органа выдзяляліся непасрэдна з Дзяржаўнага казначэйства.

На ўсход бежанцы рухаліся па трох накірунках: Івянец — Ракаў — Мінск, Баранавічы — Нясвіж — Мінск і Сіняўка — Слуцк — Старыя Дарогі — Магілёўская губерня. Далей уцекачы накіроўваліся праз Смаленск і Бранск у Цэнтральную і Паўднёвую Расію. Дзве сталіцы імперыіі — Масква і Петраград — для бежанцаў з беларускіх і польскіх губерняў былі зачыненыя.

Як адзначае гісторык Аляксандр Мікалаевіч, да захопу кайзераўскімі войскамі Гродна і Вільні ў жніўні 1915 года ў Гродзенскай губерні было 25 тысяч бежанцаў, у Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай — па 20 тысяч. Да кастрычніка гэтыя лічбы значна ўзраслі, бо руска-германскі фронт рухаўся на ўсход. Паводле афіцыйных звестак, на люты 1917 года ў унутраных расійскіх губернях налічвалася каля 3,2 мільёна бежанцаў, з якіх 750 680 чалавек з Гродзенскай губерні, 51 954 з Віцебскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай і 1654 з Магілёўскай губерні. Асабліва шмат беларусаў было ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях. Праблема бежанцаў дорага каштавала Расійскай імперыі. У 1916 годзе на яе вырашэнне было вылучана 297 мільёнаў рублёў, з якіх амаль палова пайшла на вырашэнне жыллёвых пытанняў. Аднак нават такія вялікія грошы не змаглі вырашыць усе цяжкасці быту ўцекачоў з Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.

tvari_epoh_bezhanci_logo.jpg

Твары эпохі. Бежанцы

Дапамога суайчыннікам

У красавіку 1915 года ў Вільне было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Яно паспела адкрыць некалькі прадстаўніцтваў на беларускіх землях, аднак ужо праз некалькі месяцаў кайзераўцы захапілі старажытную сталіцу ВКЛ.

У студзені 1916 года ў Петраградзе было створана Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, адным з кіраўнікоў якога стаў Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Беларусы спрабавалі дапамагаць суайчыннікам працаўладкоўвацца, праводзілі нацыянальныя вечарыны. У гэтых цяжкіх умовах беларуская інтэлігенцыя спрабавала абудзіць нацыянальную свядомасць сярод былых жыхароў заходніх губерняў, прымусіць іх узгадаць, што яны не «тутэйшыя», не «беженцы русского происхождения», а беларусы. І гэтая праца давала свой плён. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года сярод беларускіх бежанцаў актыўную агітацыю праводзілі Беларуская сацыялістычная грамада і Беларуская народная грамада. Былі створаны «Арэнбургскі гурток беларусаў», «Беларуска-ўкраінскі камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Барнаўле», «Беларуская вучнёўская грамада» ды іншыя арганізацыі.

pol_sk_pashpart_belarusa_jak_padchas_pershaj_susvetnaj_bi_bezhancam_u_tambo_skaj_gubern__logo.jpg

Польскі пашпарт беларуса, які падчас першай Сусветнай быў бежанцам у Тамбоўскай губерні

Пасля захопу ўлады бальшавікамі сярод бежанцаў актыўна праводзілі працу арганізацыі левага накірунку. У красавіку 1918 года ў складзе наркамата па вайсковых справах РСФСР была створана цэнтральная калегія па справах палонных і бежанцаў. У ліпені таго ж года ў Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У перыяд з 1918 па 1924 гады адбывалася вяртанне беларускіх бежанцаў на Радзіму. Пры гэтым пасля сакавіка 1921 года значная частка ўцекачоў вымушана была стаць грамадзянамі Другой Рэчы Паспалітай.

palesse_belarusk_ja_sjaljane_logo.jpg

Палессе, беларускія сяляне

Па ўспамінах шматлікіх беларусаў, якія вярталіся дадому, іх сустракалі спаленыя вёскі, якія за амаль дзесяцігоддзе паспелі зарасці пустазеллем. Наступствы ваеннага ліхалецця перыяду Вялікай вайны ў заходнебеларускім рэгіёне польскім уладам прыйшлося ліквідаваць на працягу амаль усяго міжваеннага дваццацігоддзя.

belaruskaja_maneta_pamjac_pershaj_susvetnaj_logo.jpg

maneta_logo.jpg

Беларуская манета ў памяць Першай сусветнай вайны