Гісторыя аднаго брэнда: «Электрыт», які стаў «Гарызонтам»

Гісторыя сучаснага беларускага холдынгу «Гарызонт» пачалася 70 гадоў таму са створанага на базе рэквізаванага ў Вільні завода «Elektrit», абсталяванне і супрацоўнікі якога былі вывезены ў БССР, Мінскага радыёзавода. 



reklama_eliektrytu_logo.jpg

Рэклама "Электрыту"

Пачатак легенды

Радыётэхнічнае таварыства «Elektrit» было заснавана ў 1925 годзе ў Вільні на вуліцы Віленскай, 24. Першапачаткова прадпрыемства па сваёй сутнасці прадстаўляла радыётэхнічную краму, дзе ў невялічкай майстэрні ажыццяўлялі рамонт радыёпрыёмнікаў, а таксама продаж імпартных радыёдэталяў. Кіраўнікамі гэтай фірмы былі мясцовыя бізнэсмэны Самуіл і Рыгор Хволес, а таксама Навум Левін.

Ужо праз два гады працы «Elektrit» пачаў мантаваць радыёпрыёмнікі ўласнай вытворчасці. У гэты перыяд «Elektrit» выпусціў першыя дэтэктарныя прыёмнікі, якія ўжо ў 1927 годзе атрымалі залатыя медалі на міжнародных выставах у Парыжы і Фларэнцыі.

lagatip_elektritu_logo.jpg

Лагатып "Электрыту"

Хутка віленскі завод атрымаў першыя буйныя замовы на ўласныя апараты. Інвестыцыі і рост абаротнага капіталу дазволілі пачаць вытворчасць уласных частак для радыёпрыёмнікаў (у тым ліку трансфарматараў, кандэнсатараў і гукавых калонак). У пачатку 1930-х гадоў радыёпрыёмнікі з Вільні разыходзіліся па ўсёй Заходняй Беларусі.

Супрацоўніцтва з Аўстрыяй

У 1934 годзе Таварыства «Elektrit» купіла ў аўстрыйскай фірмы «Minerwa» ліцэнзію на выраб найбольш сучасных на той час прыёмнікаў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Ужо на наступны дзень пасля падпісання дамовы з Вены ў Вільню накіравалася група інжынераў, якія павінны былі дапамагчы віленскім калегам пачаць вытворчасць новай прадукцыі. Вось як узгадваў вытворчы працэс інжынер віленскай фабрыкі, выпускнік універсітэта ў французскім Бардо і былы працоўны радыёзавода ў Парыжы Якаў Пумпянскі: «Прадстаўнікі завода, дзе мы купілі ліцэнзію, сядзелі ў нас. За кожны выпушчаны ў нас прыёмнік «Мінерва» атрымлівала нейкі прыбытак. Яны, у сваю чаргу давалі нам чарцяжы і ўзоры для запуску прадукцыі».

pradukcija_elektritu_1937_god_logo.jpg

Прадукцыя Электрыту, 1937 год

У 1936 годзе фабрыка скончыла будаўніцтва трох новых завадскіх памяшканняў. У гэты час тэрыторыя «Elektrit» займала агульную плошчу ў 10 300 квадратных метраў. Тут было ўсё: аўтапарк, вялікая сталярная вытворчасць (дарэчы, драўніну атрымлівалі ад мясцовых заходнебеларускіх дрэваапрацоўшчыкаў), электрастанцыя, сучасная інжынерная лабараторыя, склады і, безумоўна, вытворчыя цэхі, у якіх працавала 6 канвеераў па зборцы радыёпрыёмнікаў.

У сярэдзіне 1930-х гадавая прадукцыя «Elektrit» складала 54 тысячы радыёпрыёмнікаў, а сума прыбытку — 6 мільёнаў 400 тысяч злотых, што па тагачасным курсе прыкладна 1,2 мільёны долараў. На віленскім радыёзаводзе працавала каля 1100 працоўных, у ліку якіх былі выдатныя інжынеры і тэхнікі з Польшчы і замежжа.

radijoprijomn_k_p_janer_1940_god_logo.jpg

p_janer_1940_god_logo.jpg

"Піянер", 1940 год

 

Галоўны поспех віленскіх бізнэсмэнаў заключаўся ў тым, што менш чым за дзесяць гадоў ім удалося на 80 працэнтаў замяніць імпартныя дэталі на айчынныя. Пры гэтым да самага пачатку Другой сусветнай вайны радыёпрыёмнікі фірмы «Elektrit» камплектаваліся радыёлямпамі галандскай «Philips», а магніты для дынамікаў атрымлівалі з Вялікабрытаніі. У сярэдзіне 1930-х гадоў віленская фірма пачала вырабляць мікрафоны, мегафоны, гукавыя калонкі, а таксама гукавое абсталяванне для кінатэатраў. Асобнае месца ў прадукцыі віленскіх радыёпрыёмнікаў займаў дызайн драўлянай адбудовы апаратаў. Не было зроблена ніводнага прыёмніка ў бекелітавай скрыні. Чаму? Бо лічылася, што толькі дрэва можа зрабіць лепшую гукаперадачу.

Шырокі асартымент

Віленская фабрыка вырабляла радыёпрыёмнікі для розных сацыяльных груп: ад дарагіх (шматлямпавых), напрыклад, для Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў, да бюджэтных (трохлямпавых), які мог набыць для вясковай школы яе дырэктар. Да таго ж завод рабіў прыёмнікі на батарэях і электрычныя.

radijoprijomn_k_elektritu_gerol_d_logo.jpg

Радыёпрыёмнік "Электрыту" "Герольд"

Кіраўніцтва фабрыкі максімальна сачыла за новымі трэндамі ў вытворчасці радыёпрыёмнікаў, таму амаль кожны сезон «Elektrit» выпускаў на рынак новы прадукт. Звязана гэта было яшчэ і з моцнай канкурэнцыяй на гэтым рынку. Галоўнымі супернікамі «Elektrit» былі галандскі «Philips» і нямецкі «Telefunken». Барацьба за пакупніка паміж трыма фірмамі звычайна разгортвалася ад восені і да лета наступнага года. З чэрвеня і па жнівень фірмы мелі час на перадышку і распрацоўку новых мадэляў.

«Ранняй вясной уласнікі «Мінервы» перадавалі нам свае мадэлі, і каб іх засвоіць, мы за лета павінны былі адпрацаваць усю тэхналогію: падрыхтаваць чарцяжы, працоўныя месцы, апаратуру для кантролю, канвееры і гэтак далей. Лямпы мы атрымлівалі з Варшавы, дзе меліся даччыныя прадпрыемствы «Філіпса» і нямецкай фірмы «Тунгсрам». Атрымлівалі за долары», — узгадваў Веньямін Пумпянскі.

udzel_u_elektritu_vistavah_1936_goda_logo.jpg

Удзел у "Электрыту "ў выставах 1936 года

У сезоне 1936–1937 гадоў было распрацавана 7 тыпаў радыёпрыёмнікаў у 15 розных мадэлях, на наступны сезон — 6 тыпаў/15 мадэляў, у сезоне 1938–1939 гадоў «Elektrit» распрацаваў 9 тыпаў прыёмнікаў у 18 мадэлях. Былі планы і на сезон 1939–1940 гадоў (6 ма­дэляў), аднак Другая сусветная ўнесла карэктывы ў графік вытворчасці.

Найбольш танны апарат ад віленскай фабрыкі каштаваў каля 200 злотых, а кошт самых дарагіх вагаўся ад 900 да 1000 злотых. Якія асаблівасці былі ў віленскіх радыёпрыёмнікаў? Напрыклад, у прыёмніку «Опера» ўпершыню былі зроблены двайныя дынамікі, а «Акеанік» быў распрацаваны для выкарыстання ў трапічных умовах. З’яўленне «Акеаніка» было звязана з трэндамі другой паловы 1930-х гадоў у сацыяльна-палітычным жыцці. Тады, нагадаю, Другая Рэч Паспалітая гучна пачала заяўляць пра свае правы на заморскія калоніі ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

Кантроль і экспарт

У 1937 годзе віленская фабрыка экспартавала свае вырабы ў Швецыю, Югаславію, Германію, Чэхаславакію, Эстонію, Брытанскую Індыю, Паўночную Афрыку, Бразілію, на Блізкі Усход. Афіцыйныя прадстаўніцтвы кампаніі існавалі ў Сафіі і Хельсінкі. Акрамя радыёпрыёмнікаў «Elektrit» экспартавала драўляныя скрыні для апаратаў, а таксама гуказапісвальную апаратуру.

Дарэчы, віленскія інжынеры любілі займацца прамысловым шпіянажам. На шматлікіх прамысловых выставах спецыялісты польскага завода імкнуліся скапіраваць лепшыя ідэі канкурэнтаў, і гэта ім часта ўдавалася. Аднак гэта не азначае, што ў Вільні не з’яўлялася сваіх выдатных вынаходак.

til_ni_bok_azhnago_z_aparata_elektrit_logo.jpg

Тыльны бок ажнаго з апаратаў "Электрыт"

«У нас быў нават свой АТК. У ізаляваных акустычных кабінах сядзелі кантралёры, вымяраючыя адчувальнасць і выбіральнасць. Напрыклад, калі добра было чуваць Хельсінкі, значыць, на сярэдніх хвалях павінна было добра чуваць і Маскву. Правяралі адразу па 6–7 мадэляў. Апошнія пару гадоў да прыходу савецкіх войскаў мы так моцна сталі на ногі, што парвалі з «Мінеўрай» і пачалі выпускаць прыёмнікі па сваёй схеме і канструкцыі», — падкрэсліваў ва ўспамінах Веньямін Пумпянскі.

Перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны ў фабрыкі пачаліся невялікія праблемы з-за «нехрысціянскага» паходжання яе кіраўніцтва. Антысемітызм з Трэцяга Рэйху паступова пранікаў і ў Другую Рэч Паспалітую. З даваенных польскіх футбольных клубаў выганялі гульцоў-яўрэяў. Можна было пачуць і заклікі за байкоту прадукцыі фабрыкі «Elektrit». Аднак ніякі антысемітызм не мог перашкодзіць продажу якаснай прадукцыі, на якую быў вялікі попыт. У канцы 1930-х гадоў адказвалі за вытворчасць радыёпрыёмнікаў інжынеры Леў Розеншэйн, Тадэвуш Стэфаноўскі, Павел Шулкін і ўжо ўзгаданы Веньямін Пумпянскі.

КПЗБ і дапамога войску

Цікавым эпізодам гісторыі віленскага радыёзавода было тое, што там дзейнічала падпольная камуністычная ячэйка. Менавіта яна ў 1935 годзе выклікала вялікі страйк на прадпрыемстве. У выніку кіраўніцтва вымушана было пайсці на саступкі. Аднак пазней найбольш заўзятых камуністаў з фабрыкі ціха звольнілі.

Страйк стаў добрым урокам для прафсаюзнай арганізацыі, якая вымушана была змяніць сваю палітыку і стратэгію дзеяння. Пры ўсіх фінансавых і палітычных цяжкасцях радыёзавод быў адным з найбольш прывабных месцаў для працы. У міжваеннае дваццацігоддзе нават існаваў такі жарт: «Жыхары Вільні дзеляцца на тых, хто працуе ў «Электрыце» і тых, хто жадае там працаваць». На фабрыцы дзейнічаў спартыўны клуб, у складзе якога было некалькі секцыяў. «Электрыт» меў нават свой уласны часопіс «Тэхнічныя навіны».

adm_n_stracija_elektritu_peradae_gruzavi_a_tamab_l_vojsku_pol_skamu_kanec_1930_h_logo.jpg

Адміністрацыя "Электрыту" перадае грузавы аўтамабіль Войску Польскаму, канец 1930-х

Напярэдадні Другой сусветнай вайны кіраўніцтва фабрыкі максімальна старалася дапамагчы Войску Польскаму. Вільняне фінансавалі куплю зброі і вайсковага транспарту, перадавалі таксама і частку сваёй прадукцыі.

Эвакуацыя

Пасля нападу Германіі на Польшчу «Elektrit» працягваў працу. Праз некалькі тыдняў пасля пачатку вайны польска-германскі фронт наблізіўся да Заходняй Беларусі. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла «рыжскую» мяжу, і хутка яе часткі былі ў старажытнай сталіцы ВКЛ. Ніхто не спадзяваўся на такі расклад падзей, таму польскія ўлады фабрыку «Elektrit» нават не збіраліся эвакуіраваць. У сваю чаргу, савецкі бок ужо добра ведаў, што будзе з Вільняй (Сталін планаваў узамен на лаяльнасць літоўцаў перадаць ім горад).

navagrudak_zha_neri_vp_sluhajuc_prijomn_k_elektrit_1936_god_logo.jpg

Навагрудак. Жаўнеры ВП слухаюць прыёмнік "Электрыт". 1936 год

 

Вось як узгадваў тыя падзеі інжынер Якаў Пумпянскі: «Мы думалі, што Вільню зоймуць немцы. Яны ўжо былі ў Беластоку. Але 17 верасня мы даведаліся, што Чырвоная Армія выступіла на сустрэчу немцам. Было зразумела, што Вільню зоймуць менавіта яны. Так і здарылася. Завод па інерцыі яшчэ працаваў нейкі час, а пазней спыніў працу. Грошай у гаспадара не было, і нам выплацілі зарплату прыёмнікамі. Самуіл Хволес перавёў грошы ў Англію і сам туды з’ехаў. Рыгор Хволес з’ехаў у Коўна. Як казалі, падчас вайны ён загінуў у гета. Застаўся Наум Левін […] Праз тыдзень мяне запрасілі на завод. Там ужо было некалькі чалавек. У асноўным тыя, хто адзначаўся «левымі» поглядамі. На заводзе быў наркам мясцовай прамысловасці БССР Якаў Каган. Ён нам прапанаваў пераехаць у Савецкі Саюз. «Гэты завод — ваш. Трэба яго вывезці. У Вільні завод не зможа далей працаваць, а ў Расіі вы атрымаеце ўсё», — сказаў ён».

Дэмантаж абсталявання ішоў тры дні. З завода забралі ўсе: ад станкоў да попельніцы ў кабінеце дырэктара. Пагрузку абсталявання ажыццяўлялі чырвонаармейцы. Эшалон ахоўвалі ўнутраныя войскі НКУС. Супраць эвакуацыі завода выступіў апошні яго гаспадар Навум Левін. Хутка Левіна арыштавалі. Ён памёр у ГУЛАГу. Відавочцы распавядалі, што пасля некалькі гадоў ссылкі ён страціў розум і ўвесь час паўтараў адну фразу: «Аддайце мне мой завод».

«У Маладзечна нас ужо чакаў савецкі цягнік. Вагон стаяў насупраць вагона. Чырвонаармейцы пераносілі скрыні з абсталяваннем з аднаго месца ў другое. Побач чакаў і эшалон для працоўных. Усяго паехала каля 500 сямей (каля 2000 чалавек). Прыехалі мы ў сталіцу БССР 13 кастрычніка. Бруд у горадзе быў няўяўны. Размеркавалі нас у інтэрнатах на вуліцах Маскоўскай і Ленінградскай, ля вакзала. Нам вылучылі яшчэ два дамы на Даўгабродскай. Ужо ў Мінску мы даведаліся, што завод будзе знаходзіцца тут. Хутка нам выдалі савецкія пашпарты. Але яны былі нейкія часовыя. На паперках. Пазней групу інжынераў вывезлі на дрэваапрацоўчую фабрыку, якая знаходзілася ля Камароўскай плошчы. Гэта была нейкая старая мэблевая фабрыка», — узгадваў Веньямін Пумпянскі.

Гонар БССР

Стварэнне савецкага «Радыёзавода імя Молатава» ў Мінску праходзіла ў перыяд са снежня 1939-га па лістапад 1940 года. Пры гэтым віленскія інжынеры ў скарочаныя тэрміны павінны былі навучыць савецкіх спецыялістаў сваім ведам. Але калі гэта адбылося, частку былых грамадзян Другой Рэчы Паспалітай абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі» і арыштавалі. Некаторыя з гэтых людзей знаходзіліся ў турме НКУС на вуліцы Валадарскага і былі пазней расстраляныя. Іншых накіравалі на лесапавал.

lagatip_m_nskaga_radijozavoda_mja_molatava_1940_god_logo.jpg

Лагатып Мінскага радыёзавода імя Молатава, 1940 год

Першымі вырабамі мінскага радыёзавода былі дакладныя копіі радыёпрыёмнікаў «Herold» і «Komandor», якія выпускаліся пад назвай «КІМ», «Піянер» і «Маршал».

«Мы нашы прыёмнікі прыстасавалі да лямпаў, якія выпускаліся ў СССР і да мясцовых камплектуючых. Але прадукцыя, якую мы выраблялі, па знешняму выгляду і па культуры вытворчасці настолькі адрознівалася ад таго, што выраблялася ў Савецкім Саюзе, што вакол нас быў створаны нейкі гераічны арэол. Частку гатовай прадукцыі, якую мы прывезлі з Вільні, тут, у Мінску, раскупілі адразу ж. Частка пайшла кіраўніцтву, іншыя апараты ў Маскву, членам ЦК. Усе разумелі, што нашы прыёмнікі на некалькі класаў лепшыя за савецкія», — узгадваў былы інжынер «Elektrit» Веньямін Пумпянскі.

Новыя выпрабаванні

Ужо ў чэрвені 1941 года праца завода была спынена. Другая сусветная прыйшла і ў Мінск. Сталіцу БССР бамбілі, але будынкі «Радыёзавода імя Молатава» ацалелі. Частка перажыўшых рэпрэсіі былых віленскіх інжынераў прапанавала эвакуіраваць вытворчасць на Усход, але ўрад БССР ужо збег, і рашэнне прымаць было няма каму. «Мы выехалі. Пакінуўшы гэты выдатны завод немцам», — з горыччу пазначаў Пумпянскі.

Падчас нацысцкай акупацыі на тэрыторыі завода існаваў яўрэйскі працоўны лагер. Пасля вайны праца завода была адноўлена.

Шэраг былых інжынераў завода, якія выжылі ў нацысцкім гета, пазней трапілі ў рукі НКУС і былі накіраваны ў ГУЛАГ «за здраду Радзіме». Сярод гэтых няшчасных былі: Меер Давідавіч Гершатэр і Жыгімонт Якаўлевіч Канюшкоў. Іх абвінавацілі ў тым, што ў чэрвені 1941 года яны не эвакуіраваліся і засталіся на часова акупаванай тэрыторыі, а таксама… што «слухалі па радыёперадачы польскага эміграцыйнага ўраду з Лондана». У следчай справе Гершатэра пазначалася, што ў верасні 1941 года немцы прызначылі яго начальнікам цэха радыёзавода, а пазней інжынер стаў тэхнічным дырэктарам прадпрыемства.

Пасля аднаўлення вытворчасці ў 1947 годзе на Мінскім радыёзаводзе пачалі збіраць даваенны прыёмнік «Маршал» пад назвай «Мінск». У паваенны час Веньямін Натанавіч Пумпянскі працаваў на заводзе кіраўніком спецыяльнага канструктарска-тэхнічнага бюро. Далейшае развіццё Мінскага радыёзавода — гэта асобная гісторыя.

zahodnjaja_belarus_ljudz_sluhajuc_radijo_kanec_1930_h_gado__logo.jpg

Заходняя Беларусь. Людзі слухаюць радыё, канец 1930-х гадоў

 

praco_nija_elektritu_1937_god_logo.jpg

Працоўныя "Электрыту", 1937 год

 

ceh_elektritu_1938_g__logo.jpg

Цэх "Электрыту", 1938 г.