Перамоваў у Мінску не будзе, прадстаўнікі "ДНР" і "ЛНР" з'ехалі

Самаабвешчаныя рэспублікі збіраліся прадставіць Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега. Аднак прадстаўнікі Кіева не прыляцелі.



1045083628reuters715.jpg

Фота: Reuters

30 студзеня перамоваў у Мінску кантактнай групы па сітуацыі на Данбасе не будзе. Прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега, якія сёння прыляцелі, не дачакаліся прадстаўнікоў Кіева. Як інфармуе Радыё Свабода, пасля паведамлення з МЗС Беларусі пра тое, што ўкраінскі бок не прыбудзе на меркаваную сустрэчу, Пушылін і Дайнега вырашылі пакінуць Беларусь.

БЕЛТА дадае, што на брыфінгу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прадстаўнікі "ДНР" і "ЛНР" заявілі, што прыехалі з прапановамі, якія падрыхтавалі прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік. Яны "не супярэчаць заключаным раней у Мінску дакументам". Аднак не сталі распавядаць пра змест прапановаў.

Нагадаем, сёння ў Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што ёсць папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску сустрэчы трохбаковай кантактнай групы "ў пятніцу-суботу". Ідзе "працэс узгаднення дакумента, які будзе датычыць выканання мінскіх дамоўленасцяў, у прыватнасці адводу вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў".

Як інфармуе РІА "Новости", Кіеў настойвае на ўдзеле ў перамовах кантактнай групы лідараў самаабвешчаных рэспублік Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага. Паводле слоў пасла па асаблівых даручэннях МЗС УкраіныДзмітрыя Кулебы, сустракацца з Пушыліным і Дайнега "не было сэнсу".

Нагадаем, апошні раз кантактная група сустракалася ў Мінску 24 снежня 2014 года. Тады ўдзельнікі сустрэчы не кантактавалі з журналістамі.

euroradio.by