У Мінску пачаліся перамовы кантактнай групы па Украіне

Трохбаковая кантактная група па Украіне спадзяецца зацвердзіць на сустрэчы 31 студзеня ў Мінску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе.



383979419.jpg

У суботу ў Мінск прыбылі ўдзельнікі перамоў трохбаковай групы па Украіне, у тым ліку былы прэзідэнт гэтай краіны Леанід Кучма. Прыкладна ў 15.10 Леанід Кучма, а таксама пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Хайдзі Тальявіні селі ў аўтамабілі ў нацыянальным аэрапорце Мінск, не размаўляючы з журналістамі. 
Варта зазначыць, што разам з Зурабавым у Мінск прыбыў Віктар Медвядчук — лідар грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар", кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта пры Леаніду Кучму, кум Уладзіміра Пуціна. Паводле звестак расійскіх СМІ, 27 студзеня Медвядчук сустракаўся ў Данецку з кіраўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. 
За гадзіну да таго ў сталіцу Беларусі прыбылі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега — таксама для ўдзелу ў сустрэчы кантактнай групы па Украіне. 
Як заявіў у аэрапорце Пушылін журналістам, з'явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам указу аб прызначэнні Леаніда Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах. "Хаця ён не з'яўляецца прадстаўніком улады, а з'яўляецца прыватнай асобай, што здымае з яго якую-небудзь адказнасць, калі дамоўленасці будуць сарваныя, тым не менш, мы чакаем афіцыйнай публікацыі, — сказаў Пушылін. — Калі такі ўказ сапраўды з'явіцца ў прэсе або мы ўбачым на свае вочы, гэта пакідае надзею на разважнасць Кіева".
Прэс-служба АБСЕ сёння ноччу паведаміла, што 28 студзеня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сустрэўся з удзельнікамі кантактнай групы — прадстаўніком АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і паслом Расіі ва Украіне Міхаілам Зурабавым, каб "абмяняцца думкамі па самых неадкладных пытаннях, што тычацца деэскалацыі сітуацыі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей".
"Напярэдадні кансультацый у Мінску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя крокі павінны быць дасягнутыя: абавязальнае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкнення згодна з мінскім мемарандумам ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні заложнікаў", — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент "можа быць падпісаны заўтра" (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разасланае ў ноч з 30 на 31 студзеня. — БелаПАН.). Ён утрымлівае спіс канкрэтных крокаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.
"Кантактная група гатова адправіцца ў Мінск заўтра, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі мінскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, нацэленых на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны", — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік мінскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН