Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай патрабуе не перашкаджаць шанаванню памяці загінулых

Грамадзянская ініцыятыва “Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай” распаўсюдзіла зварот, у якім заклікае вызваліць арыштаваных за акцыю памяці Міхаіла Жызнеўскага ды іншых герояў “Нябеснай сотні” 22 студзеня, а таксама пакараць службовых асобаў, вінаватых у абразе нацыянальнай сімволікі Беларусі і Украіны.



2201zh01.jpg

Аўтары звароту адзначаюць, што пакуль кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь заяўляе пра добрыя адносіны з Украінаю, беларускі суд стаў ператварацца ў карны орган іншай дзяржавы — Расіі, якая вядзе захопніцкую вайну ў брацкай нам Украіне.

“Жорсткія рэпрэсіі і судовыя выракі грамадзянам Беларусі, якія выказаліся ў падтрымку ўкраінскага народа, не служаць кансалідацыі нашай нацыі перад рэальнай небяспекай анексіі нашых усходніх земляў і магчыма нават усёй Беларусі з боку Крамля ды пераўтварэння нашых земляў у калонію Расіі”, – падкрэсліваць у “Беларускім камітэце салідарнасці з Украінай”.

БКСУ таксама нагадвае, што кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня на прэс-канферэнцыі жорстка раскрытыкаваў дзеянні Адміністрацыі прэзідэнта і МУС Рэспублікі Беларусь за арышты і затрыманні ўдзельнікаў акцый салідарнасці з загінулымі героямі «Нябеснай сотні» ды загінулымі журналістамі французскага часопіcа "Charlіe Hebdo".

Ініцыятары звароту вітаюць вітаюць заяву беларускага кіраўніка аб тым, што беларуская ўлада не павінна весці барацьбу супраць сваіх грамадзян у Беларусі, асабліва перад выбарамі, а наадварот — наладжваць з грамадзянамі адкрыты дыялог.

Удзельнікі Беларускага камітэту салідарнасці з Украінаю, як і шмат якія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, выказваюць пратэст абразлівым дзеянням міліцыянтаў ды суда да мірных маніфестантаў і патрабуюць тэрмінова вызваліць адміністрацыйна арыштаваных Алеся Макаева, Яўгена Батуру, Максіма Вінярскага і Міколу Коласа і прыняць меры пракурорскага нагляду з магчымым узбуджэннем спраў у дачыненні да службовых асоб, якія дапусцілі перавышэнне паўнамоцтваў ў адносінах да затрыманых грамадзян, хто здзекаваўся з нацыянальнай сімволікі Беларусі ды Украіны, а таксама надалей гарантаваць беларускім грамадзянам канстытуцыйнае права шанаваць памяць загінулых, праводзіць іншыя мірныя мерапрыемствы.

Зварот накіраваны Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь, Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і амбасадзе Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай

 

Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь

Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

копія: Амбасадзе Украіны ў Рэспубліцы Беларусь

ЗВАРОТ

Вечарам 22 студзеня каля 15 чалавек запалілі знічы, памаліліся і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёку ад амбасады Ўкраіны ў памяць загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага ды іншых герояў «Нябеснай сотні».

Адразу пасля завяршэння гэтай мірнай акцыі памяці і салідарнасці былі затрыманыя 9 яе ўдзельнікаў. Пры гэтым прадстаўнікі сілавых структураў у міліцэйскім аўтобусе абразліва выказваліся пра Украіну і ўкраінцаў, пра іх сцяг, затым здзекліва прымусілі затрыманых дзве гадзіны стаяць тварам да сцяны ў аддзяленні. Чатырох актывістаў вызвалілі, супраць пяці былі распачаты адміністрацыйныя справы.

23 студзеня ў асобе суддзі Вікторыі Шабуні адбыўся выязны разгляд справаў затрыманых у будынку РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Удзельнікаў акцыі абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП Беларусі). Пры гэтым супрацоўнікі РУУС наогул адмаўлялі факт правядзення разгляду справаў у сваім будынку. Выязны суд у будынку РУУС (рэжымным аб’екце) фактычна зрабіў закрытымі судовыя працэсы для наведнікаў, што з'яўляецца грубым парушэннем дзеючага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Беларусі.

Пяці мірным беларусам за міралюбівы акт у падтрымку змагання братняга ўкраінскага народу з маскоўскай агрэсіяй на ўсходзе Ўкраіны былі вынесены ганебныя прысуды: Максіма Вінярскага і Алеся Макаева пакаралі 15 суткамі арышту, Міколу Коласу і Яўгену Батуру – 10 суткамі, Вольгу Мікалайчык – 5 суткамі. Ніну Багінскую ў судзе Цэнтральнага раёна пакаралі штрафам у 3,6 млн. рублёў.

Атрымалася, што пакуль кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь заяўляе пра добрыя адносіны з Украінаю, беларускі суд стаў ператварацца ў карны орган іншай дзяржавы – Расіі, якая вядзе захопніцкую вайну ў брацкай нам Украіне.

Жорсткія рэпрэсіі і судовыя выракі грамадзянам Беларусі, якія выказаліся ў падтрымку ўкраінскага народа, ня служаць кансалідацыі нашай нацыі перад рэальнай небяспекай анексіі нашых усходніх земляў і магчыма нават усёй Беларусі з боку Крамля ды пераўтварэння нашых земляў у калонію Расіі.

Мы разумеем рэакцыю амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, афіцыйнага Кіева, калі дзеянні прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў супраць мірнай акцыі, украінскай сімволікі расцэньваюцца як знявага і дыскрымінацыя ня толькі грамадзян Беларусі, але і ўкраінскага народа, яго дзяржавы як члена ААН, але спадзяемся, што не адбудзецца дыпламатычнага скандала.

Тым больш, што кіраўнік беларускай дзяржавы А.Лукашэнка 29 студзеня на прэс-канферэнцыі жорстка раскрытыкаваў дзеянні Адміністрацыі Прэзідэнта і МУС Рэспублікі Беларусь за арышты і затрыманні ўдзельнікаў акцый салідарнасці з загінулымі героямі «Нябеснай сотні» ды загінулымі журналістамі французскага часопіcа Charlіe Hebdo.

Такім чынам, на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні Рэспублікі Беларусь дана негатыўная ацэнка дзеянням міліцыі і суда, як правакацыйным, шкодным для нацыянальных інтарэсаў Беларусі і яе міжнароднаму іміджу.

Мы вітаем заяву беларускага кіраўніка аб тым, што беларуская ўлада не павінна весці барацьбу супраць сваіх грамадзян у Беларусі, асабліва перад выбарамі, а наадварот – наладжваць з грамадзянамі адкрыты дыялог.

У сувязі з вышэй згаданым, удзельнікі Беларускага камітэту салідарнасці з Украінаю, як і многія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, выказваем рашучы пратэст абразлівым дзеянням міліцыянтаў ды суда да мірных маніфестантаў і патрабуем:

- тэрмінова выпусціць на свабоду адміністрацыйна арыштаваных Алеся Макаева, Яўгена Батуру, Максіма Вінярскага і Міколу Коласа;

- прыняць меры пракурорскага нагляду з магчымым узбуджэннем спраў у дачыненні да службовых асоб, якія дапусцілі перавышэнне паўнамоцтваў ў адносінах да затрыманных грамадзян, хто здзекаваўся над нацыянальнай сімволікай Беларусі ды Украіны;

- гарантаваць беларускім грамадзянам канстытуцыйнае права шанаваць памяць загінулых, праводзіць іншыя мірныя мерапрыемствы.

Грамадзянская ініцыятыва «Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай»

30.01.2015 г. г.Мінск