Грукат капытоў…салаўя, альбо як змагацца з расійскімі гарлахвацкімі

Шчыра прызнацца, першая частка назвы гэтага разважання ў выглядзе трохі перафразаванага выказвання знакамітага Генрыха Гётэ з’явілася не па ўласнай ініцыятыве.

План працы Аргбюро ЦК ВКП(б). Крыніца: Правда. — 1926. — 18 марта. — С. 7

План працы Аргбюро ЦК ВКП(б). Крыніца: Правда. — 1926. — 18 марта. — С. 7

А з нагоды публікацыі ў далёкім 1926 годзе ў адным з майcкіх нумароў «Савецкай Беларусі» ананімнага артыкула «Ці мае беларускі народ права на сваю мову і культуру?».

Гэта быў не проста артыкул, а афіцыйны адказ ЦК КПБ на скаргі ажно ў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК) СССР з боку жыхара Полацка. Як высветліліся неўзабаве, былы настаўнік за подпісам «Белорус» накіраваў ў вышэйшы агульнасаюзны орган улады ліст, у якім ён жаліўся на «перегибы» і нібыта жорсткі характар беларусізацыі на месцах. Аўтар ліста ў абразлівай форме сцвярджаў, што аніякай беларускай мовы не існуе, што Янку Купалу і Якуба Коласа, якіх падтрымліваюць «местные шовинисты», нельга параўноўваць з расійскімі літаратурнымі геніямі.

Адказ ЦВК СССР з патрабаваннем разабрацца с сітуацыяй ігнараваць беларускія рэспубліканскія ўлады не маглі, таму і з’явіўся артыкул з гётэўскім эпіграфам «Соловей, я слышу стук твоих копыт!». У артыкуле, у якім дамінавалі непазбежныя класавыя і рэвалюцыйныя элементы, даў, тым не менш, лагічны і переканаўчы адказ на выкіды «Белоруса».

І вось, роўна праз 90 год з’явіўся іншы «салавей» у асобе дырэктара Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Леаніда Рашэтнікава. Два нядаўнія відэазвароты генерала расійскай выведкі (хай сабе і ў адстаўцы) і кандыдата гістарычных навук не глядзеў хіба што гультай. Пры гэтым Рашэтнікаў дзіўна быў падобны да галоўнага героя паэмы Кандрата Крапівы Гарлхвацкага, які, як вядома, з прафесарскім відам нёс навуковую лухту пра адкрыццё дагістарычнай жывёлы.

У аніякім разе не хацелася б даказваць спадару Рашэтнікаву наконт самастойнасці беларускай дзяржавы і ўнікальнасці яе мовы і культуры. Гэта тое ж самае, што прасіць Лукашэнку альбо Пуціна добрахвотна пакінуць пасаду і гадаваць унукаў.

Зацікавіў іншы, канкрэтны момант: памінанне Рашэтнікавым загадкавага дакумента — пастановы Аргбюро ЦК УКП(б) 1926 года з не менш загадкавай назвай — «Аб стварэнні беларускай мовы». Абсурднасць як унутранай сэнсавай, так і знешняй стылістычнай афарбоўкі гэтага быццам бы існуючага нарматыўнага прававога акта былі відавочны нават у адносінах да савецкіх партыйных дакументаў 1920-х гадоў, якія з сённяшняга пункту гледжання адрозніваліся юрыдычнымі хібамі, залішняй дэкларатыўнасцю, пафаснасцю і налётам публіцыстычнасці.

Першая думка, якая прыйшла ў галаву, была наступнай: генерала банальна падставілі. Не аднойчы здараліся выпадкі, калі недасканалая, неспраўджаная інфармацыя, пададзеная памочнікамі свайму патрону, ставіла ў няёмкія сітуацыі апошніх. У якасці яскравага прыклада можна прывесці расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына, які 7 снежня 1991 года, выступаючы ў Вярхоўным Савеце Беларусі, падараваў нашым парламентарыям некалькі архіўных крыніц, у тым ліку і «Оберегательную грамоту царя Алексея Михайловича жителям Оршы» ад 25 жніўня 1654 года.

Аднак гэты падарунак выклікаў моцнае абурэнне дэпутацкай апазіцыі БНФ: яна лічыла, што расійскі цар вёў вайну як супраць Рэчы Паспалітай, так і супраць беларускага народа. У сваіх мемуарах «Искушение властью» былы кіраўнік беларускага ўрада Вячаслаў Кебіч ўсю правіну за інцыдэнт усклаў на тагачаснага расійскага міністра замежных спраў Андрэя Козырава.

Так магло стацца і з Рашэтнікавым. Памочнік генерала знайшоў нейкую інфармацыю, датычную беларускай мовы і памылкова інтэрпрэтаваў яе. На жаль, расійская навуковая супольнасць застаецца даволі індыферэнтнай да гісторыі Беларусі: больш-менш сур’ёзныя працы можна пералічыць па пальцах. Нават ў нумарах галоўнага выдання інстытута Рашэтнікава («Проблемы национальной стратегии») за 2009-2016 гады Беларусі прысвечаны літаральна тры-чатыры публікацыі. Між іншым, пра такія праблемныя для Расіі зоны як Украіна, Грузія альбо Малдова ў гэтым выданні гаворыцца вельмі шмат.

Аднак другі відэазварот Рашэтнікава сведчыў, што той цалкам упэўнены ў сваёй пазіцыі. Больш таго, паважаны дырэктар заклікаў азнаёміцца з гэтым дакументам.

Некаторыя беларускія гісторыкі (сп. Андрэй Ляхоўскі) выказалі думку, што Рашэтнікаў меў на ўвазе Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што адбылася ў Мінску 14-21 лістапада 1926 года. Паважанае выданне «Наша ніва» нават удакладніла, што гаворка ішла быццам бы пра пастанову ЦК КПБ 1926 года аб правядзенні гэтага буйнага навуковага мерапрыемства.

Улічваючы справядлівае абурэнне мноства беларускіх карыстальнікаў Сеціва, а таксама і тое, што інцыдэнт выйшаў на міждзяржаўны ўзровень, было вырашана скарыстацца з парады Рашэтнікава. Пры гэтым з пазіцыяй і заклікамі даследчыкаў і актывістаў наконт таго, каб не звяртаць на такое ўвагі, нельга пагадзіцца. Больш прыймальна ў дадзеным выпадку пазіцыя сайта «Беларускі партызан»: па сутнасці разбіць аргументы Рашэтнікава, не апускаючыся да ўзроўню «Савецкай Беларусі».

Прагляд «Правды» за 1926 год не з’яўляецца складанай тэхнічнай праблемай, тым больш, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі маюцца ўсе нумары выдання, за выключэннем №1 (1 квартал) і №71 (2 квартал).

У выніку прагляду можна канстатаваць наступнае. Канешне, дзіўны «дакумент 1926 года», а тым больш на першай старонцы, не быў знойдзены. Больш таго, спадару Рашэтнікаву, напэўна, будзе цікава, што на першай старонцы «Правды», у прыватнасці, за 1926 год, ніякія распарадчыя ці нарматыўныя прававыя акты партыйных органаў не публікаваліся, а змяшчаліся яны звычайна на сёмай старонцы пад рубрыкай «Партийная жизнь».

Пашанцавала ў тым, што ў нумары газеты за 18 сакавіка 1926 года пад гэтай рубрыкай быў змешчаны матэрыял пад назвай «В ЦК ВКП (б). План работ аргбюро ЦК». З гэтага можна даведацца, што план быў разлічаны на перыяд з сакавіка па жнівень (новы склад аргбюро ў складзе Іосіфа Сталіна, Вячаслава Молатава і інш. быў зацверджаны пленумам ЦК ВКП(б) 1 студзеня 1926 г.). і ўключаў шэраг мерапрыемстваў. Напрыклад, там ёсць пункт аб праверцы «практики проведения национализации партийного, советского, профессионального и кооперативного аппарата (на примере нескольких национальных республик)». Пра беларускую мову і ўвогуле пра Беларусь там не было ні слова.

У 1926 годзе Саветы прынялі рашэнне пра будаўніцтва ДнепраГЭС. Ім было чым заняцца і без Беларусі.

У 1926 годзе Саветы прынялі рашэнне пра будаўніцтва ДнепраГЭС. Ім было чым заняцца і без Беларусі.


У газеце адсутнічае план работ аргбюро пасля жніўня, аднак можна не сумнявацца, што там пра стварэнне беларускай мовы таксама нічога не будзе.

Інфармацыя пра акадэмічную беларускую канферэнцыю «Праўда» памінала ў нумарах за 16 і 17 лістапада ў фармаце кароценькіх паведамленняў пад рубрыкай «По союзным республикам». Ніякай пастановы ЦК КПБ, ЦК ВКП(б) (альбо іншага дакумента) наконт канферэнцыі знойдзена не было, таму адпаведныя сцвярджэнні магчымыя толькі пры наяўнасці дакумента.

Каб высветліць, на падставе якога распарадчага дакумента адбылася канферэнцыя, можна звярнуцца да прафесійных даследчыкаў. У прыватнасці, яшчэ ў 2001 годзе вядомыя беларускія гісторыкі Расціслаў Платонаў і Уладзімір Коршук ажыццявілі выданне дакументаў пад назвай «Беларусізацыя. 1920-я гады». Аднак у гэтым выданні не маецца якога-небудзь дакумента, датычнага арганізацыі канферэнцыі, хаця даследчыкі падаюць урывак са справаздачы Уселавада Ігнатоўскага.

У справаздачы дырэктар Інбелкульта казаў пра тое, што бюро ЦК КП(б)Б дало прынцыповую згоду на правядзенне гэтай буйной навуковай акцыі. Дарэчы, сам Расціслаў Платонаў у сваёй спецыяльнай публікацыі па канферэнцыі (Роднае слова. — 1996. — №11) таксама не памінае адпаведны дакумент, а зазначае, што канферэнцыя была праведзена па ініцыятыве Інбелкульта. А вось філолаг Сяргей Запрудскі ў сваёй працы (Веснік БДУ. — Серыя 4. — 2004. — № 3) падае пратакол пасяджэння прэзідыума Інбелкульта ад 6 кастрычніка 1925 г., узяты Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі.

На гэтым пасяджэнні правапісна-тэрміналагічнай камісіі было прапанавана прыступіць «да перагляду правапісу і граматычнай тэрміналогіі з тым, каб унесці іх у навуковую раду і ў далейшым прадставіць даклад на навуковым кангрэсе беларусазнаўцаў».

Узнікае рытарычнае пытанне: на падставе чаго прайшла першая акадэмічная канферэнцыя па правапісе ў Мінску ў 1926 годзе: па ініцыятыве Інбелкульта (напрыклад, рашэнне прэзідыума), альбо партыйна-дзяржаўных структураў (паводле пастановы ЦК КПБ, пастановы (рашэння) Бюро ЦК КПБ?). Ва ўсялякім разе, ні ў вышэйадзначаным зборніку дакументаў па беларусізацыі, ні ў працах пералічаных аўтараў такой інфармацыі няма.

Уважлівае высвятленне такіх (і іншых) нюансаў — важная задача. Вельмі было б добра, каб гэтым займаліся маладыя даследчыкі і даносілі аб’ектыўную праўду. Гэта будзе самай дзейнай зброяй у барацьбе з рознымі рашэтнікавымі.

Што асабіста да Рэшэтнікава, то шкада яго — і не болей. Калі маеш намер зрабіць правакацыю, дык рабі яе прафесійна, каб не смяяліся людзі. Нават тыя затрыманыя адэпты «рускага свету» з Рэгнуму пасаромеліся б казаць такія рэчы. Тым не менш, на электронную пошту ведамства Рашэтнікава накіраваны запыт падказаць нумар газеты «Правда», дзе нібыта надрукаваны такі «дакумент».

Група таварышаў пазіруе для памятнага здымка на XIV партканферэнцыі, красавік 1925 г. На здымку злева направа: Міхаіл Лашэвіч, Міхаіл Фрунзе, Улас Чубар, Аляксей Рыкаў, Клімент Варашылаў, Іосіф Сталін, Мікалай Скрыпник, Аляксей Бубноў і Серго Арджанікідзэ.

Група таварышаў пазіруе для памятнага здымка на XIV партканферэнцыі, красавік 1925 г. На здымку злева направа: Міхаіл Лашэвіч, Міхаіл Фрунзе, Улас Чубар, Аляксей Рыкаў, Клімент Варашылаў, Іосіф Сталін, Мікалай Скрыпник, Аляксей Бубноў і Серго Арджанікідзэ.


Да таго ж накіраваны запыт і ў вядомы Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт міжнародных адносін («МГИМО»), бо з першага відэазвароту Рашэтнікава вынікае, што ён даваў інтэрв’ю ў сценах менавіта гэтай навучальнай ўстановы. Такі факт улічваць трэба асабліва, бо ілжыва-правакацыйная інфармацыя была распаўсюджана публічна. У слухачоў, сапраўды, можа з’явіцца думка, што беларуская мова ўзнікла паводле загаду Масквы ў 1926 годзе.

У лісце кіраўніцтву ВНУ было патлумачана, што словы Рашэтнікава пра пастанову Аргбюро ЦК ВКП(б) не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, і ў першую чаргу прыніжаюць гонар і годнасць самога ўніверсітэта, які запрашае такіх «навукоўцаў». Кіраўніцтву «МГИМО» была выказана просьба: даць інфармацыю пра мерапрыемства, у межах якога выступаў Рашэтнікаў і пра выставу, на якой прэзентаваўся нумар «Праўды».

У гэтай сітуацыі радуе іншы момант. 2 лістапада 2106 года Уладзімір Пуцін падпісаў загад №583, паводле якога з 4 студзеня 2017 года Рашэтнікаў пакідае пасаду дырэктара. Ва ўказе нічога не гаворыцца пра пераход генерала на іншую працу. Далібог, каб Рашэтнікаў не займаў больш ніякай пасады, а тым больш кіраваў навуковай установай.