1917 — дабро ці зло для Беларусі?

Выглядае, што ўвесь 2017 будуць аналізавацца ўрокі 1917-га. Беларусь застаецца ў расійскім інфармацыйным полі — пад уплывам ня толькі Салаўёва і К, але і (праз інтэрнэт, пераважна) не закранутых імперскім вірусам інтэлектуалаў. І вось тут узнікае рызыка трапіць у палон расійскіх ацэнак, якія для Беларусі могуць мець адваротнае значэнне.

Узброеныя атрады юнкераў, настроеныя супраць бальшавікоў на вуліцах Масквы, 1917 год.

Узброеныя атрады юнкераў, настроеныя супраць бальшавікоў на вуліцах Масквы, 1917 год.

Ну напрыклад, вельмі спрошчана. Лютаўская рэвалюцыя 1917 — зло ці дабро для Расіі? Калі браць асобна — дабро (хаця ўжо пасля царскіх указаў 1905-1906 гг. манархія мела канстытуцыйны характар, але пасля падзення самадзяржаўя дэмакратыя была поўная, выпусцілі палітвязняў і г.д.). Калі ж разглядаць лютаўскія падзеі ў кантэксце гісторыі — зло, бо з яе выйшла (хаця і не была непазбежнай) рэвалюцыя кастрычніцкая (менавіта такая ацэнка ў Салжаніцына). А кастрычніцкая рэвалюцыя (альбо, як яе называлі першыя гады самі арганізатары — пераварот) — ужо бяз варыянтаў абсалютнае для Расіі зло.

Ну а для Беларусі? Нібыта таксама ясна: зло, ды яшчэ якое. Да ўлады прыйшлі бальшавікі, яны падавілі ў крыві Беларускую Народную Рэспубліку, а праз два дзесяцігоддзі стварылі Курапаты.

Але калі б лютаўскай ды кастрычніцкай рэвалюцый ня здарылася? І, адпаведна, Расія працягвала б нарошчваць, як мы цяпер кажам, эканамічны патэнцыял? Ды развіваць дэмакратычныя інстытуты?

Ці магла б разьлічваць Беларусь на незалежнасць ва ўмовах «дэмакратычнай», эканамічна заможнай Расійскай імпэрыі (адпаведна — з моцнай дзяржаўнай машынай і моцным апаратам стрымлівання)? Для мяне ясна, што ўмоўны Сталыпін (рэальны Сталыпін, якога цяпер лічаць страчаным шанцам Расіі, быў забіты ў 1911-м) — у «нацыянальных ускраінах», у той жа Беларусі, усякія нацыянальныя рухі падавіў бы не менш жорстка і крывава, чым Ленін і Троцкі — БНР.

І тут мы можам прыгадаць, што ўтварэнне БССР было адказам камуністаў менавіта на БНР, а наяўнасць у беларусаў хай сабе і квазісуверэннай БССР (у Канстытуцыі БССР была зафіксавана сувэрэннасць) — дазволіла Вярхоўнаму Савету 25 жніўня 1991-а абвясціць незалежнасць (ніводная з дзесяткаў аўтаномных ССР незалежнай дзяржавай так і не зрабілася).

Паўтараю, што мая схема вельмі спрошчаная — а гісторыя, як мы ведаем, шматварыянтная, і адпаведна, ацэнкі таксама могуць розніцца. Але менавіта таму хацелася б, каб беларускія прафесійныя гісторыкі выпрацавалі наш, беларускі погляд на той 1917 год (і не толькі на яго, канешне).

 Сяргей Навумчык, Радыё Свабода