Як бальшавікі праводзілі ўзбуйненне БССР
95 гадоў таму Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка перадала ў склад Савецкай Беларусі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Гэта было другое ўзбуйненне пасля 1924 года – падзея, якая істотна паўплывала на веру ў слушную нацыянальную палітыку бальшавікоў.
Пра гэта «Радыё Рацыя» пагутарыла з грамадскім дзеячам Алегам Трусавым.
— У 20-х гадах для бальшавіцкай Расіі Беларусь выглядала, як аб’ект і часовая гульня?
— Не трэба забываць, што ў Савецкім Саюзе, які пражыў 70 гадоў, кожныя 10-15 гадоў мянялася палітычная, эканамічная сітуацыя. Напрыклад, Савецкі Саюз у часы НЭПу — гэта не такі Саюз, як у часы Сталіна, сталінскіх рэпрэсій, калектывізацыі. Напрыклад, хрушчоўскі Савецкі Саюз зусім не такі, як брэжнеўскі. Адпаведна, у гэтыя перыяды адносіны да так званых саюзных рэспублік і ўсіх народаў, якія былі на тэрыторыі СССР, кардынальна мяняліся. У часы НЭПу па ўсім Савецкім Саюзе праводзілася каранізацыя і нацыяналізацыя мясцовых кадраў. Ствараліся нацыянальныя школы, выдавецтвы. У Расіі ствараліся нацыянальныя акругі, рэспублікі. У гэты час БССР мела магчымасць праводзіць нацыянальную палітыку. Беларускія нацыянал-камуністы, якія кіравалі Беларуссю, дабіліся двух так званых узбуйненняў Беларусі. Паступова вярталіся тыя тэрыторыі, якія былі забраныя ў Расійскую Федэрацыю. Першае ўзбуйненне, як вы ведаеце, 1924 год, а другое — у 1926 годзе. У 1928 годзе беларускія бальшавікі планавалі трэцяе ўзбуйненне і вялі перамовы з кіраўніцтвам Савецкага Саюза, каб далучыць яшчэ некаторыя раёны Смаленшчыны, Пскоўшчыны і Браншчыны. Нават друкавалі гэтыя мапы ў „Звяздзе”, вялі перамовы з Калініным. 1928 год – гэта была спроба трэцяга ўзбуйнення. Але кардынальна мяняецца палітыка, Сталін канчаткова захапіў уладу, адмяняецца НЭП, пачынаюцца масавыя сталінскія рэпрэсіі і вялікі ўдар па ўсім нацыянальным быў нанесены на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза і асабліва на тэрыторыі БССР.
— На вашу думку, якая задача стаяла ў Савецкай Расіі? Стварэнне буферу?
— Так, менавіта такім буферам і была ССРБ — першая спроба стварыць савецкую Беларусь у пачатку 1919 года. Дарэчы, тэрыторыя ССРБ была такая ж, як тэрыторыя БНР, абвешчанай у 1918 годзе. Але потым, калі пачалася вайна з Польшчай, то стварылі „савецкае ВКЛ”, жартую. Гэта ЛітБел — Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка са сталіцай у Вільні. Але гэтую рэспубліку разбілі польскія войскі і цалкам яе акупавалі. Калі выгналі палякаў з Мінска, то тады зноў стварылі маленькую БССР з шасці паветаў, такі маленькі буфер. Але пасля Рыжскай мірнай дамовы звярнулі ўвагу на тую маленькую БССР і сталі яе рабіць сімвалам для беларусаў, якія трапілі ў Польшчу, таму тут беларусізацыя праводзілася даволі актыўна. У той час, пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 годзе, пачалося знішчэнне ўсяго беларускага. У Заходняй Беларусі дзейнічала рабоча-сялянская „Грамада”, самая вялікая партыя тагачаснай Еўропы, дзейнічалі падпольны Камсамол, Кампартыя Заходняй Беларусі. Прапаганда паказвала, як добра жывецца ў БССР, дзе і ўніверсітэт па-беларуску, і школы, а як кепска беларусам у панскай Польшчы. Такая палітыка была даволі эфектыўнай. Вельмі шмат беларускіх камуністаў, камсамольцаў уцякалі ў БССР да лепшага жыцця, а потым аўтаматычна траплялі ў сталінскія лагеры як польскія шпіёны.
— Якія перавагі атрымала Беларусь ад узбуйнення?
— Трэба сказаць, што, канешне, гэтая маленькая Беларусь у 1920 годзе — гэта шэсць паветаў Мінскай губерні, гэта было насельніцтва 1,5 мільёна чалавек. Канешне, такая маленькая тэрыторыя ўнутры этнічнага абшару Беларусі ніколі не магла прэтэндаваць на нейкую незалежнасць. Эканамічна развівацца ў такіх умовах немагчыма. Бальшавікі пачалі паказваць, што калі вы хочаце, каб мы былі прывабнымі для заходніх беларусаў і наогул камуністаў, то нам нам трэба павялічваць сваю тэрыторыю. Яны дабіліся спачатку першага вялікага ўзбуйнення, калі значную частку Віцебшчыны і ўсю Магілёўшчыну далучылі да БССР у 1924 годзе. Сюды трапіў Полацк, Магілёў, Віцебск і іншыя гарады. У 1926 годзе вялікі горад Гомель і таксама даволі буйны горад Рэчыца. Калі пасля двух узбуйненняў колькасць людзей значна павялічылася, то паўсюдна сталі стварацца беларускія школы. З’явіліся маладыя беларускія пісьменнікі. Нацыя пачала вельмі актыўна фармавацца. Да 1929 года гэта фармаванне, хоць і пад савецкім сцягам, ішло даволі актыўна.