Як у Расійскай імперыі знішчалі нацыянальныя мовы і нацыянальную ідэнтычнасць

Нечакана, але ў 2022 годзе зноў перад намі паўстала пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці. Ізноў украінцам даводзіцца страшным коштам незлічоных чалавечых жыццяў даказваць, што яны нацыя, якая мае права на сваю нацыянальную дзяржаву. Ізноў рэзка паўстаюць пытанні аб нацыяналізме, нацызме і фашызме; аб тым, якая розніца паміж усімі гэтымі ідэалогіямі, і хто тут сапраўдны фашыст. Ізноў паўстае пытанне, здавалася б, даўно закрытае, аб незалежнасці Беларусі: ці можам мы яшчэ казаць аб суверэнітэце, калі з тэрыторыі нашай краіны іншая дзяржава атакуе Украіну, а нам не ўдаецца ніяк на гэта паўплываць.

Народы Расійскай імперыі. Крыніца: static.tildacdn.com

Народы Расійскай імперыі. Крыніца: static.tildacdn.com

Мы зноў сутыкаемся з пытаннем нацыянальнай самасвядомасці і яе элементаў. Што яшчэ нам застаецца, як не звярнуцца да гісторыі і спраўдзіць, адкуль бяруцца карані нацыянальнай свядомасці, як гэта развіваецца, і хто ў чужой ідэнтычнасці адчувае пагрозу для сябе.

Паўстанне 1863–1864 гг. і сепаратызм

У XIX стагоддзі па ўсім свеце вырасла цікавасць да ўсяго народнага, традыцыйнага і спрадвечнага. Упершыню вучоныя і пісьменнікі звярнуліся да паняцця нацыянальнасці, сталі вывучаць фальклор і шукаць натхненне ў народнай творчасці. Праўда, у Расійскай імперыі гэтая сусветная тэндэнцыя прыйшлася кіраўнічым элітам не па душы. У звароце да нацыянальнай ідэнтычнасці расійскія ўлады ўгледзелі небяспеку сепаратызму. Ва ўсёй гэтай рамантызацыі слаўнага мінулага і вяртанні да каранёў магла б яскрава высветліцца гісторыя ўваходжання некаторых земляў у склад Расійскай імперыі: недобраахвотнага, крывавага і несправядлівага. Так і да бунту з патрабаваннем прызнання незалежнасці асобных рэгіёнаў недалёка.
Пасля паўстання 1863–1864 гадоў, якое адбывалася на землях былой Рэчы Паспалітай, улады прыйшлі да высновы, што іх асцярогі былі не марныя. Праблему расійскі ўрад убачыў не ў незадаволенасці насельніцтвам сацыяльна-эканамічным становішчам спраў у краіне, а ў недастатковай русіфікаванасці рэгіёнаў, якія быццам бы падвергліся хваробатворнаму заходняму ўплыву. Улады прынялі рашэнне разгарнуць палітыку русіфікацыі, каб пазбегнуць паўторных выступаў.
«Што не дарабіў рускі штык — даробяць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп», — так пра разгорнутую кампанію выказаўся папячыцель Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў, які якраз і стаў адным з тых дзяржслужачых, хто гэтую праграму рэалізоўваў.

c1wgh8dpxfg8mits9we8hbz3f0xdeejv.png

Герб паўстання 1863 г. Крыніца: seekpng.com

Граф Мураўёў і дэпаланізацыя

Асноўныя намаганні расійскія чыноўнікі накіравалі на барацьбу з польскай мовай. Справа ў тым, што на землях былой Рэчы Паспалітай менавіта гэтая мова была мовай адукаванага саслоўя: на польскай размаўляла шляхта, на польскай вялося выкладанне ў школах і ўніверсітэтах, на польскай адбываліся службы ў каталіцкіх касцёлах. Галоўную ролю ў працэсе выцяснення польскай мовы з шырокага ўжытку адыграў знакаміты граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, якога імператар Аляксандр II асабіста прызначыў на пасаду віленскага, гродзенскага і мінскага генерал-губернатара і камандуючым войскамі Віленскай ваеннай акругі.

 Граф Міхаіл Мураўёў. Крыніца: nestorbook.ru

 Граф Міхаіл Мураўёў. Крыніца: nestorbook.ru


Прызначэнне адбылося ў 1863 годзе, калі паўстанне ўжо ахоплівала Паўночна-Заходні край. Выбраўшы Мураўёва на такую пасаду, імператар зрабіў стаўку на жорсткасць графа, якая і павінна была навесці парадак у краі. Мураўёў чаканні гасудара апраўдаў: пасля жорсткага падаўлення паўстання было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў школах, адміністрацыі, камерцыйнай перапісцы і нават грамадскіх месцах. Таксама генерал-губернатар забараніў выданне царкоўных кніг на польскай мове, а заадно забараніў каталікам займаць дзяржаўныя пасады. На жаль, на барацьбе з аднымі толькі польскімі элементамі мясцовай культуры дзейны Мураўёў не спыніўся.

Забарона друку на беларускай мове

З-за ўдзелу студэнтаў у паўстанні ў 1863 годзе ўлады закрылі адзіную вышэйшую навучальную ўстанову ў Беларусі — Гора-Горацкі земляробчы інстытут.

Гора-Горацкі земляробчы інстытут, малюнак Напалеона Орды. Крыніца: commons.wikimedia.org

Гора-Горацкі земляробчы інстытут, малюнак Напалеона Орды. Крыніца: commons.wikimedia.org

Вышэйшай установы не стала, затое ў беларускіх вёсках была адкрыта вялікая колькасць пачатковых царкоўна-прыходскіх школ. Адукацыя ў іх, вядома, была вельмі праваслаўна-русіфікатарскай. Затое ў Паўночна-Заходнім краі ўзровень пісьменнасці стаў вышэйшы, чым у іншых расійскіх губернях. Як гаворыцца, няма ліха без дабра.
Акрамя таго, Мураўёў запрасіў у Вільню ідэолага заходнерусізму Ксенафонта Гаворскага. Заходнерусізм — гэта ідэалагічная дактрына, якая сцвярджае, што ніякага беларускага народа з ягонай мовай і культурай няма: ёсць толькі дыялект рускай мовы і галіна рускага народа.
У Вільні Гаворскі пачаў выдаваць часопіс «Веснік Заходняй Расіі». Праўда, выданне аказалася настолькі непапулярным, што не дапамагла нават прымусовая падпіска для духавенства і чыноўнікаў: часопіс прыйшлося ліквідаваць.

 «Веснік Заходняй Расіі». Крыніца: wikiwand.com

 «Веснік Заходняй Расіі». Крыніца: wikiwand.com


Што да развіцця пісьмовай беларускай мовы, якая і да таго знаходзілася не ў лепшым стане, то ў 1867 годзе быў забаронены беларускамоўны друк, у 1869 годзе выключэнне зрабілі для публікацый этнаграфічных зборнікаў.

Украінская мова і маларасійская гаворка

У аналагічным становішчы знаходзіліся і браты-ўкраінцы. У 1863 годзе расійскі міністр унутраных спраў Пётр Валуеў разаслаў таемны цыркуляр аб прыпыненні друку на ўкраінскай мове, або, як яе называў расійскі ўрад, маларасійскай гаворцы. Цэнзура дазваляла толькі «такія творы на гэтай мове, якія належаць да галіны хупавай літаратуры».

Пётр Валуеў. Крыніца: ru.m.wikipedia.org

Пётр Валуеў. Крыніца: ru.m.wikipedia.org


У 1876 годзе Аляксандр II вырашыў, што такіх мер абмежавання ўкраінскай мовы для барацьбы з сепаратызмам недастаткова. Імператар выдаў указ, згодна з якім забаранялася выкладанне і вядзенне дакументаў на «маларасійскай гаворцы». Таксама ўкраінскую нельга было выкарыстоўваць у музыцы, тэатры і царкве падчас пропаведзяў. Мала гэтага, імператар забараніў не толькі друкаваць кнігі на ўкраінскай мове, але нават увозіць іх з-за мяжы.

Літоўская мова на кірыліцы і кантрабанда кніг

Літоўцам, у параўнанні з іншымі народамі Расійскай імперыі, пашанцавала крыху больш: друк на літоўскай мове не быў забаронены, забаранялася толькі выкарыстанне лацінскага шрыфта. Кнігі на літоўскай, надрукаваныя кірылічным шрыфтам, можна было выдаваць і распаўсюджваць, не баючыся пераследу з боку ўладаў. 

 Малітваслоў Auksa altorius (літ. Залаты алтар) на літоўскай мове, напісаны кірыліцай. Крыніца: upload.wikimedia.org

 Малітваслоў Auksa altorius (літ. Залаты алтар) на літоўскай мове, напісаны кірыліцай. Крыніца: upload.wikimedia.org


Праўда, літоўцы ў асноўным байкатавалі такія кнігі. Адчайныя людзі, якіх называлі кніганошамі, нелегальна завозілі кнігі на літоўскай мове, надрукаваныя лацінкай, з-за мяжы і таемна іх распаўсюджвалі.

Для выдання забароненай літоўскай літаратуры абіралі друкарні ў блізкіх да мяжы мясцовасцях. Большасць літаратуры выдавалася і пастаўлялася ў Расійскую імперыю з Усходняй Прусіі (так званая Малая Літва). Афіцыйныя расійскія ўлады змагаліся супраць кантрабанды забароненай літаратуры. Выкрытыя кніганошы караліся, каля паўсотні з іх былі высланы ў Сібір, сотні траплялі ў турмы або былі выселены ў суседнія губерні. Аднак нельга казаць, што ўрад быў вельмі паспяховым у барацьбе з гэтымі «кантрабандыстамі»: уладам удалося канфіскаваць толькі каля 8–10 % літоўскіх кніг, надрукаваных лацінкай.

6rwll2pj0hdi89obwkwrqflhdr1cxk3v.jpg

Вінцас Юска — адзін з самых вядомых кніганошаў. Крыніца: i.pinimg.com

Будзьма беларусамі!

У барацьбе з сепаратызмам Расійская імперыя сканцэнтравалася менавіта на пераследзе мовы. Заўважым, ніякія іншыя атрыбуты нацыянальнай культуры і самасвядомасці не хвалявалі ўладу так моцна, як мова.
Звернемся да той жа канцэпцыі трыадзінага рускага народа, якая сцвярджае, што няма ніякіх асобных украінцаў і беларусаў, а ёсць толькі галіны адной нацыі. Каб неяк апраўдаць наяўнасць у нібыта аднаго народа такой значнай розніцы ў гаворках, даводзілася выбудоўваць складаныя гісторыка-ідэалагічныя канструкты пра польскі і каталіцкі ўплыў, які моцна змяніў некалі чыстую рускую мову.
Чаму адзін і той жа ўплыў прывёў да таго, што беларусы і ўкраінцы размаўляюць на розных мовах — ніводная заходнеруская дактрына растлумачыць так і не змагла.
У сучаснай сітуацыі, калі ўсё досыць складана з суверэнітэтам Беларусі, калі прысутнасць расійскіх войскаў і ўплыў настолькі моцны, што можна казаць пра паўнавартасную акупацыю, важна захоўваць той элемент нашай суверэннай ідэнтычнасці, які некалі не змагла знішчыць нават суровая расійская цэнзура. Менавіта нацыянальная мова дапамагла не толькі беларусам, але і многім іншым народам, якія знаходзіліся пад імперскім ідэалагічным прыгнётам, адрадзіцца як нацыі і стварыць свае паўнавартасныя нацыянальныя дзяржавы. Дык будзьма ж беларусамі: будзьма размаўляць па-беларуску!
ДГ, budzma.org