Якія мы гаспадары, такія і нашыя двары
Двор у беларусаў здаўна быў паказчыкам паўсядзённай культуры і дабрабыту. Ён сведчыў пра ўладкаванасць не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве. На працягу стагоддзяў двор перажыў істотныя змены,
якія адлюстроўвалі сацыяльную і эканамічную эвалюцыю грамадства.
Мегапаняцце
Чаго толькі ні разумелі пад паняццем «двор» — гэта сядзіба разам з агародам, жыллём, гаспадарчымі і падсобнымі памяшканнямі. Двор — гэта сама гаспадарка разам з адпаведным інвентаром і пабудовамі. Двор — гэта асноўная структурная часцінка вёскі, адзінка падаткаабкладання, той жа дым. Двор — гэта адміністратыўная ці прамысловая ўстанова (гасцінны двор, заездны двор, манетны двор, калгасны двор). Двор — гэта ўнутраная прастора паміж надворнымі памяшканнямі (адсюль: выйсці з хаты на двор; на двары гуляе завіруха). Дарэчы, надвор’е мае тую ж этымалогію, зыходную аснову. Пад словам двор здаўна разумелі і панскі маёнтак, і княжацкую рэзідэнцыю, і царскі (або каралеўскі) двор. Нарэшце, двор — гэта людзі, яго ўладальнікі, службоўцы, работнікі і шматлікая чэлядзь. Адсюль паходзяць і цэлыя сацыяльныя катэгорыі — дваране, дваровыя людзі, дворня і гэтак далей.
На працягу стагоддзяў двор перажыў істотныя змены, якія адлюстроўвалі сацыяльную і эканамічную эвалюцыю грамадства. Народная практыка выпрацавала разнастайныя архітэктурныя формы і каноны будаўніцтва, якія ўвасаблялі ў сабе багаты гістарычны вопыт многіх пакаленняў і дакладна адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню тых ці іншых пабудоў, іх месцу ў сістэме двара і сацыяльнаму статусу гаспадароў.
Што ў двары?
Грунтам сялянскага двара-сядзібы было жыллё. Усе іншыя памяшканні дапасоўваліся да яго і размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці — у залежнасці ад функцый, мэтазгоднасці, мясцовых традыцый, сацыяльнага статусу і індывідуальных густаў гаспадароў. Сярод дваровых пабудоў вылучаліся клець, свіран, варыўня (стопка), склеп (пограб), гумно, сушня (асець, ёўня), павець, адрына, вазоўня, абарог, лазня, хлявы, студня, майстэрня і іншыя.
Клець (камора, кладоўка, спіжарня, свіран) — паўжылое памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення. Каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа, побач стаялі бочкі, кадоўбы, саламяныя карабы з розным зернем, крупамі, мукой, макам і інш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бочкі з квасам, сокам, на бэльках ці вышэй на скляпенні падвешваліся кумпякі, шынкі, кілбасы, кашы з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа стаялі куфар ці кубел з рукадзеллем, тканінамі, адзеннем, ложак, дзе летам спалі, — звычайна маладыя члены сям’і.
Як пісаў даследчык Палесся ў пачатку ХХ стагоддзя Аляксандр Сержпутоўскі, маладыя на Мазыршчыне жывуць у клеці, для іх лічыцца непрыстойным спаць у хаце нават узімку. А клецяў у сямейнай гаспадарцы бывае некалькі — па колькасці жанатых мужчын. Загадзя, напярэдадні вяселля, жаніх і яго бацька рупяцца пра ўладкаванне асобнай клеці для маладажонаў. Заўважым, што на Палессі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя захоўвалася вялікая трохпакаленная сям’я на 10–17 чалавек (бацька з маці, іх жанатыя сыны і ўнукі), якая выступала як адзіны працоўны калектыў з агульнымі інтарэсамі.
Свіран (імбар, шпіхлер, лямус) — пабудова, блізкая па сваіх функцыях да клеці. Свіран служыў для захоўвання адборнага збожжа і будаваўся звычайна асобна ад жылля. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем — свірнам ці клеццю, якія часта фігуруюць як ідэнтычныя паняцці. У больш заможных сялян былі адначасова і клець, і свіран.
Як і клець, свіран будаваўся на высокіх штандарах ці палях (да 1 метра і вышэй над зямлёй), меў грунтоўна ўладкаваны дах, скляпеністую (гарбатую) столь, падлогу са шчыльна падагнаных дошак і засекі для збожжа. У Панямонні і Паазер’і будавалі і двухпавярховыя свірны — лямусы з галерэяй на ўзроўні другога паверха. Яны былі распаўсюджаны ў фальварках і засценках — такі можна пабачыць у музеі Адама Міцкевіча ў Завоссі.
Існавалі і грамадскія свірны, якія вылучаліся памерамі. Туды аднавяскоўцы восенню звозілі частку свайго збожжа «на пажарны выпадак» і маглі яго свабодна атрымаць у канцы зімы ці вясной — пры яго нястачы або для сяўбы.
Варыўня (стопка, прыізбіца, стахоўка) — паўназемнае памяшканне, апушчанае дзесьці на паўмера ў зямлю — служыла для захоўвання гародніны, садавіны, бульбы, малочных прадуктаў, саладухі, квасу. Варыўня мела земляную ці глінабітную падлогу. Тут адгароджваліся адсекі, куды ссыпалі буракі, бульбу, моркву, рэпу, бручку. Бліжэй да ўваходу стаялі кадкі з квашанай капустай, буракамі (у расоле), агуркамі, хлебным квасам, сокамі, півам, гладышы з малаком. У сярэдзіне памяшкання ўладкоўваўся невялікі ачаг-жароўня, дзе ўзімку перыядычна палілі лучыну ці ставілі пасудзіну з жарам, каб падтрымліваць пастаянную тэмпературу. У Беларусі варыўні будавалі пераважна там, дзе да паверхні падыходзілі грунтовыя воды, — на Палессі, у Паазер’і, часткова ў басейне Бярэзіны і Нёмана. На астатняй частцы іх функцыі выконвалі скляпы.
Склеп (пограб, лёх, байрак) — заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, якая ў многіх выпадках і паслужыла прататыпам склепа. Аднак склеп і пограб не заўсёды ідэнтычныя: склеп (або лёх) часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю) і меў мураваныя ці драўляныя сцены. Паграбы ж звычайна рыліся асобна ад жылля. Яны мелі наземнае збудаванне — паграбню ў выглядзе стрэшкі на сохах або невысокага зруба. На схілах прырэчных тэрас, у падножжы пагоркаў яны рабіліся без паграбні і мелі бакавы ўваход.
Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі воддаль ад сядзібы або ў лесе. Пра іх паведамляў Аляксандр Гваньіні (1538–1614), італьянскі вайсковец, што ў часы Рэчы Паспалітай служыў ротмістрам Віцебскага замка. Мясцовыя жыхары, пісаў ён, «жнуць і малоцяць збожжа і захоўваюць яго ў свірнах, некаторыя маюць звычай захоўваць збожжа ў выкапаных у глухім лесе падзямеллях, старанна выкладзеных знутры карой дрэў (звычайна бяростай). Туды ж беднякі зносяць усе харчы, сала і іншыя жыццёвы прыпасы, а таксама адзенне і лепшае хатняе начынне, асабліва ў час вайны, для захавання ад ворагаў, а таксама сваіх жа салдат».
Такія спосабы захавання прыпасаў і маёмасці практыкаваліся і пазней, нават у часы Другой сусветнай вайны, калі мясцовае «талерантнае» насельніцтва прыстасоўвала свой лад жыцця да ўмоваў ваеннага часу. Напрыклад, у вёсках Крупскага і Барысаўскага раёнаў пасля вайны паралельна з варыўнямі распаўсюдзіліся і паграбы; пад іх тутэйшы люд прыстасоўваў зямлянкі, якіх было шмат у гэтым партызанскім краі.
Гумно (клуня, стадола, рыга) — гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа, — бадай што самая вялікая па памерахсярод сядзібных памяшканняў. Звычайна мела некалькі варот, праз якія можна было заехаць з возам.
У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках — застаронкі, дзе складалі снапы. Мела высокую страху, якая апускалася на зруб і падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе), пастаўленых у адзін ці два рады. У залежнасці ад рэгіёна і сацыяльных асаблівасцей гаспадаркі, гумны адрозніваліся памерамі, канструкцыйнай формай, унутранымі прапорцыямі, будаўнічымі матэрыяламі, наяўнасцю пры іх паўжылога памяшкання, агнявой сушні для збожжа.
Сушня (асець, восець, еўня, ёўня) была прызначана для сушкі збожжа ці ільну ў снапах. Адпавядае рускаму авіну. Будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна мела два ярусы (паверхі): на ніжнім размяшчалася печ-каменка, на верхнім расстаўляліся неабмалочаныя снапы. Еўня ўяўляла сабой больш простую пабудову тыпу лазні. Дарэчы, яна і выкарыстоўвалася таксама як лазня.
Адрына(пуня, сянніца) служыла для захавання сена, сухіх кармоў, рознага сельскагаспадарчага інвентару; нярэдка сумяшчала ў сабе вазоўню для рабочых вазоў і выязных экіпажаў. Уяўляла сабой прасторную зрубна-каркасную пабудову з шырокімі варотамі. Для захавання сена ўладкоўвалі і абарогі (стажарня, балясоўка) — стрэшкі на чатырох бакавых слупах, што маглі рухацца па жаданні гаспадара ў залежнасці ад вышыні складзенага тут сена.
У планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных канонаў. Кожны гаспадар улічваў мэтазгоднасць, функцыянальнасць, узаемасувязь і лагічную паслядоўнасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняў іх з канкрэтнымі тэхналагічнымі і экалагічнымі патрабаваннямі, эстэтычнымі ўяўленнямі і вераваннямі, якія складалі традыцыйную аснову народнага дойлідства.
Не ўпісаліся ў сацыялізм
Калектывізацыя сялянскіх гаспадарак, якую некаторыя даследчыкі лічаць «па сутнасці мэтанакіраваным знішчэннем сялянскага класу», істотна змяніла лёс сялянскіх сядзіб. Традыцыйны двор, які быў апрабаваны векавой практыкай, згубіў падсобныя гаспадарчыя памяшканні. Яны назаўсёды выпалі з сядзіб і парушылі архітэктурнае аблічча вёскі.
Выпалі яны не самі па сабе. Клеці і свірны са
збожжам, гумны, асеці, адрыны, вазоўні, прамысловыя памяшканні, паводле новай савецкай
ідэалогіі, лічыліся прыкметай кулацкіх гаспадарак, якія нібыта заміналі
будаўніцтву камунізму... Міжволі прыходзяць на памяць словы вядомага
даследчыка, аўтара «Дарогі ў рабства», Нобелеўскага лаўрэата па эканоміцы Фрыдрыха
фон Хайека, які зрабіў параўнальны аналіз эфектыўнасці розных форм гаспадарак.
Ён пераканаўча паказаў сапраўдную ролю традыцыйнай сям’і і прыватнай уласнасці, зрабіўшы выснову, што мэтай сацыялізму якраз і была дыскрэдытацыя традыцыйных каштоўнасцей. «Мы часта думаем, — пісаў ён яшчэ ў 1944 годзе, — калі наша памкненне да сацыялізму прадыктавана высокімі маральнымі матывамі, то і само грамадства, заснаванае на прынцыпах калектывізму, стане асяродкам дабрадзейнасці. А між тым незразумела, чаму сістэма павінна валодаць тымі якасцямі, што і маральныя матывы, якія яе ініцыявалі».