Ён марыў пра незалежную Беларусь

Здавалася б, што гісторыя бацькоў-заснавальнікаў БССР дасканала вывучана айчыннымі даследчыкамі. Аднак часам трапляюцца дакументы, якія праліваюць святло на малавядомыя факты жыцця палітычнай эліты савецкай Беларусі. 



Адным з такіх унікальных артэфактаў, з’яўляецца ліст беларускага палітычнага дзеяча і навукоўца Яўсея Канчара, які той накіраваў старшыне Вярхоўнага Савета БССР Сяргею Прытыцкаму.

Пасланне «па-за чаргой»

У студзені 1968 года новым кіраўніком савецкай Беларусі стаў былы актыўны дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі. Пасля працы на Гарадзеншчыне ў лютым 1954 года гэты чалавек быў абраны першым сакратаром Маладзечанскага абкама партыі, а ў 1960 годзе стаў сакратаром аналагічнай структуры ў Мінску. Пазней ён узначаліў Камітэт партыйна-дзяржаўнага кантролю, адкуль, нарэшце, і перайшоў на пасаду кіраўніка БССР.

k_ra_n_k_bssr_sjargej_pritick_.jpg

Кіраўнік савецкай Беларусі Сяргей Прытыцкі

У снежні 1968 года Мінск рыхтаваўся да святкавання 50-й гадавіны стварэння БССР. У беларускіх гарадах з’яўляліся аднайменныя вуліцы, ставіліся новыя помнікі, працоўныя калектывы рыхтаваліся да мітынгаў і дэманстрацый, а часткі Беларускай вайсковай акругі (дарэчы ў лютым 1968 года ўзнагароджанай Ордэнам чырвонага сцяга — І.М.) рыхтаваліся да параду. 29 снежня у сталіцы савецкай Беларусі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы. А праз некалькі дзён на столе Сяргея Восіпавіча апынуўся канверт на якім было пазначана: «па-за чаргой», «горад Мінск, Вярхоўны Савет БССР, Прытыцкаму Сяргею Восіпавічу, ад прафесара Канчара Я.С.».

v_nshavanne_kanchara_pritickamu_1968_g_.jpg

Віншаванне Канчара Прытыцкаму, 1968 г.

Прывядзем тэкст паслання:

«Дарагі і паважаны Сяргей Восіпавіч!

Дазвольце мне, старому бальшавіку, павіншаваць Вас і ў Вашай асобе Прэзідыўм Вярхоўнага савета з вялікай датай — Пяцідзесяцігоддзем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Я жадаю Вам здароўя і далейшых поспехаў у Вашай дзейнасці на карысць Савецкай Беларусі і яе народа.

52 гады таму назад лепшыя розумы Беларускага краю паднялі голас і аддалі свае сілы за вызваленне Беларусі, за стварэнне яе дзяржаўнасці, паклалі першыя асновы ў фундамент вечнай, непахіснай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Я шчаслівы, што ў іх ліку знаходжуся і я, і што зараз падзяляю з Вамі нашу агульную радасць. З шчырай павагай і адданасцю прафесар Канчар Я.С. Ленінград, 28 снежня 1968 года».

Унізе ліста рукой аўтара была прыведзена яго скарочаная біяграфія:

«Сапраўдны член Геаграфічнага таварыства СССР — Акадэміі навук СССР; Член гістарычных (так у дакуменце – І.М.) 1917-1919 гг.: Усерасійскага Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў; Беларускай секцыі Камітэта маракоў Балтыйскага флота; Беларускага абласнога Камітэта пры ВЦВК.

Адзін з арганізатараў Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамаце СНК РСФСР, Беларускай секцыі ВКП(б). Выканаўца асабістых указанняў Леніна і Сталіна (вылучана аўтарам – І.М.)».

vitrimka_z_l_sta_kanchara_pritickamu_chastka_z_a_tab_jagraf_chnim_zvestkam_(1).jpg

Вытрымка з ліста Канчара Прытыцкаму

Што ж гэта за «стары беларускі бальшавік» з Ленінграда, падумаў Сяргей Прытыцкі, і выклікаў сакратара. «Падрыхтуйце мне даведку на гэтага чалавека», — загадаў кіраўнік савецкай Беларусі.

Арганізатар Першага ўсебеларускага з'езда

Кім жа быў на самой справе Яўсей Канчар? Ён нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Сяўкі, Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1906-м годзе за ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці ён быў арыштаваны царскімі ўладамі, а праз два гады апраўданы судом. У 1910-м годзе Яўсей Сцяпанавіч пераехаў у сталіцу Расійскай імперыі, дзе ўдзельнічаў у кааператыўным руху. У гэты час ён актыўна публікаваўся ў розных перыядычных выданнях, у тым ліку і беларускай «Нашай Ніве».

У 1917 годзе ён уступіў у Беларускі нацыянальны камітэт, а ў лістападзе Яўсей Канчар стаў старшынёй Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе. У снежні таго ж года ў Мінску пачаў сваю працу Усебаларускі з’езд, які павінен быў вызначыць будучыню беларускіх тэрыторый. Адным з яго арганізатараў быў менавіта Яўсей Канчар. Пры гэтым палітык актыўна вёў перамовы з Леніным і Сталіным.

Гэты крок беларусаў у накірунку да будаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнасці не спадабаўся бальшавікам і па рашэнню Абласнога выканаўчага камітэта саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронта сход быў разагнаны. У 1918 годзе Яўсей Сцяпанавіч працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце і быў адным з кіраўнікоў Маскоўскага прадстаўніцтва гэтай арганізацыі. У гэты час ён высоўваў ідэю аб неабходнасці склікання Другога Усебеларускага з’езду, аднак яго «не пачулі». У 1919 годзе ў Петраградзе ён выдае кнігу «Беларускае пытанне», якую пазней савецкія ўлады назавуць «нацыяналістычнай». У гэтай і іншых працах даследчык крытычна ставіўся да пазіцыі бальшавікоў, як праціўнікаў нацыянальнага руху. Разам з гэтым ён крытыкаваў і кіраўнікоў Беларускай рады за іх «непадрыхтаванае» абвяшчэнне БНР.

Навуковец і ахвяра сталінскіх рэпрэсій

У выніку польска-бальшавіцкай вайны палова беларускай тэрыторыі адышла да Другой Рэчы Паспалітай, а ва ўсходняй частцы нашай краіны была створана (1 студзеня 1919 года) Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. Яўсей Канчар пераехаў у Петраград, адышоў ад палітыкі і заняўся навуковай і выкладчыцкай працай. У 1929 годзе ён узначальваў Беларускае навуковае таварыства ў Ленінградзе.

У маі 1937 года Яўсей Канчар накіраваў у Сакратарыят шматтомнай «Гісторыі Грамадзянскай вайны» свае ўспаміны. Вось як гэтую працу ацэньвалі савецкія чыноўнікі: «Даследаванне можа быць выкарыстана як даведачны матэрыял. Яно дае звесткі пра існаваўшыя ў 1917-1918 гг. беларускія арганізацыі, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў іншых гарадах Расіі. Аўтар дае гісторыю гэтых арганізацый, час іх узнікнення, колькасць членаў, палітычную праграму, прозвішчы».

Відавочна, пераезд з Беларусі выратаваў жыццё навукоўцу. Падчас сталінскіх чыстак канца 1930-х гадоў амаль усе тыя, хто стаяў ля выткаў БССР, былі рэпрэсаваныя органамі НКУС. У лістападзе 1938 года быў арыштаваны і Яўсей Канчар. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў беларускай нацыяналістычнай арганізацыі «Сацыялістычная грамада». Пад Канчара капалі даўно. У матэрыялах ГПУ у пачатку 1930-х гадоў сустракаюцца ўзгадкі пра «правага эсэра», «народніка» Канчара, «які быў упэўнены, што Беларусь павінна быць незалежнай рэспублікай». Аднак ужо ў сакавіку 1939 года з-за адсутнасці складу злачынства беларускага навукоўца вызвалілі з вязніцы. У 1941-1944 гг. Канчар знаходзіўся ў блакадным Ленінградзе і выжыў.

У пасляваенны час ён займаўся навуковай і выкладчыцкай працай у «горадзе — калыбелі Кастрычніцкай рэвалюцыі». Пры гэтым ён да канца жыцця спрабаваў не губляць сувязяў з Радзімай. Гэтым абумоўлены і вышэй узгаданы ліст, які Яўсей Канчар зімой 1968 года накіраваў у Мінск.

ja_sej_kanchar_z_zhonkaj_sjastroj_1938_god.jpg

Яўсей Канчар з жонкай і сястрой, 1938 год

«Эсэр-нацыяналіст»

На запыт секрэтарыята старшыні Прэзідыўма Вярхоўнага савета БССР «адказныя таварышчы» прыгатавалі дастаткова кароткую даведку. Працытуем яе тэкст:

«Са слоў намесніка дырэктара інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ па партархіву таварышча Пачаніна С.З. Канчар Яўсей Сцяпанавіч да рэвалюцыі быў членам партыі эсэраў. Выступаў супраць Савецкай улады.

У 1919 годзе Белнацкамам была выдадзена нацыяналістычная па сваім змесце кніга Канчара «Беларускі рух», прасякнутая духам нянавісці да Савецкай дзяржавы.

Ніякіх матэрыялаў аб Канчары Я.С. у партархіве пры ЦК КПБ не маецца».

Мы не ведаем, ці адказаў Сяргей Прытыцкі на віншавальны ліст, які прыйшоў на імя старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Аднак, як адзначаў беларускі архівіст Віталь Скалабан, у студзені 1969 года газеты савецкай Беларусі «паведамілі», што сярод віншаванняў на імя кіраўніцтва рэспублікі быў і ліст ад «ветэрана Камуністычнай партыі з Ленінграда Я. Канчара». Пры гэтым той жа Віталь Скалабан пазначаў, што «членам партыі Яўсей Канчар ніколі не быў».

Праз два гады пасля гэтых падзей, у чэрвені 1971 года, кіраўнік савецкай Беларусі Сяргей Прытыцкі памёр. Незадоўга да смерці ў 1979 годзе Яўсей Аляксеевіч Канчар прыязджаў на Радзіму, у вёску Сяўкі, дзе, паводле сведчанняў краязнаўцаў, у адной з размоваў сказаў: «Эх, а шкада, што Беларусь не стала незалежнай».

mag_la_pritickaga.jpg

Магіла Сяргея Прытыцкага