Калапсы 1993 года

Нават калі б у кастрычніку 1993 года ельцынскія танкі не білі прамой наводкай па Беламу дому, восень 1993-га ўсё роўна ўвайшла б у аналы гісторыі. (На здымку: Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч. Дзяды–1993)



06cdc05791b8af29eed72084f39143c7.jpg

Нават калі б у кастрычніку 1993 года ельцынскія танкі не білі прамой наводкай па Беламу дому, восень 1993-га ўсё роўна ўвайшла б у аналы гісторыі.

(На здымку: Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч. Дзяды–1993)


Усё дзякуючы эсхаталагічнай дактрыне секты «Белае брацтва» (ББ), адпаведна якой канец свету мусіў адбыцца 10 лістапада 1993 года. У гэты дзень усім сваім паслядоўнікам месія секты Дзева Марыя (у побыце Марыя Цвігун) загадала прыбыць у Кіеў на карпаратыўны малебен, каб пасля разам узнесціся на неба.
І хаця «Белае брацтва» было па ўсіх вымярэннях звычайнай эпатажнай сектай, яго адэпты здолелі данесці інфармацыю пра хуткі Армагедон да самых шырокіх колаў насельніцтва СНД. Гэта пры тым, што ў 1993 годзе пры адным з дэпартаментаў Саўміну была створаная спецыяльная камісія па барацьбе з ББ.
Аднак нягледзячы на паліцэйскія рэпрэсіі цвігунаўцы не здаваліся. Напэўна, самую смелую вылазку яны правялі ў ноч на 25 жніўня, калі абклеілі ўсе вітрыны ў цэнтры Гомеля плакатамі з выявай Дзевы Марыі. Па словах журналістаў, калі гамяльчане пабачылі такую колькасць плакатаў, яны вырашылі, што ў краіне абвясцілі пазачарговыя выбары.
Фінал гісторыі пра ББ аказаўся не такім феерычным. Апакаліпсіс 10 лістапада закончыўся масавым хапуном «братчыкаў» на подступах да Кіева. Украінскія праваахоўнікі адфільтравалі затрыманых на наяўнасць фанатыкаў і энтузіястаў з Беларусі, сярод якіх быў нават чатырохгадовы хлопчык з Гродна. Яго і іншых белых «братчыкаў» дэпартавалі на радзіму.
Тое, што прапаганда ББ мела значны грамадскі рэзананс без падтрымкі ў медыях (не кажучы ўжо пра розныя фэйсбукі), сведчыць пра тагачасны запыт грамадства на такога кшталту экстрэмальныя тэорыі. Гэта была, відавочна, форма радыкальнага эскапізму ад не вельмі камфортных рэалій 1993 года.
Дастаткова варта паглядзець на стан эканомікі. Той год стаў чарговым эпізодам бясконцага серыялу пад назвай «Крызіс». Былі ўстаноўленыя новыя рэкорды: так, інфляцыя ў тым годзе склала амаль 300 працэнтаў (на пачатку года зайчык каштаваў каля 475 рублёў за 1 долар, а напрыканцы — ужо амаль 2 тысячы).
У гэтым плане напалеонаўскімі выглядаюць пункты антыкрызіснай праграмы, якую прыняў урад і ВС напрыканцы 1993-га. Саўмін ускладаў на свае плечы абавязак не дапусціць падзення курсу рубля больш чым на 10 працэнтаў штомесяц (іншымі словамі, загадзя прызнавалася, што за год валюта стане як мінімум танней удвая, і гэта яшчэ разглядалася як супердасягненне).
У дадатак у 1993 годзе краіна некалькі разоў цярпела ад дэфіцыту рознага кшталту прадуктаў. Так, з-за перабояў на гродзенскай табачнай фабрыцы ў крамах зніклі айчынныя «танныя» цыгарэты.
Пасля таго, як кошты на шлюбныя пярсцёнкі выраслі да 40 тысяч рублёў, на старонках газет пачаліся дэбаты наконт таго, каб увогуле адмяніць абмен гэтымі гаджэтамі на шлюбных цырымоніях.
Цікава, што калапс эканомікі не выклікаў буйных сацыяльных пратэстаў. Прафсаюзы — як афіцыйныя, так і незалежныя — абмежаваліся хіба што пагрозамі забастоўкі на адрас ураду і напісаннем петыцый. Як ні смешна гучыць, адной з найбольш рэзанансных сацыяльных акцый таго года стала вылазка ананімнага студэнта інстытута замежных моваў, які ў верасні бегаў па калідорах альма-матэр у чым маці нарадзіла на знак пратэсту супраць малых памераў стыпендый.
Сацыяльную апатыю можна спісаць на тое, што актыўная частка беларусаў падалася ў камерцыю, якая ўключала ўсё новыя і новыя сферы. Доказ гэтага — рэкламная аб’ява ў газеце «Экспрэс» пра… продаж падводнай лодкі. Пасля такога не выглядаюць вар’яцкімі прынятыя ў лістападзе Мінгарвыканкамам правілы гандлю на сталічных рынках, адзін з пунктаў якіх забараняў продаж з рук «дэталяў ракетна-касмічных комплексаў».
Адсутнасць вялікіх сацыяльных пратэстаў можна таксама спісаць на алкагалізацыю. У 1993 годзе кожнае пятае злачынства было зроблена ў стане алкагольнага ап’янення.
Галоўным фактарам быў, відавочна, лёгкі доступ да прадуктаў Бахуса. Яшчэ раней было дазволена гандляваць гарэлкай у камерцыйных шапіках, геаграфія якія ўключала амаль усе больш-менш людныя месцы. Так, у аднаго з журналістаў выклікаў шок продаж гарэлкі ў краме «Кветкі» на чыгуначным вакзале. Адказ уладальніка крамы быў просты: сапраўдны джэнтльмен, сустракаючы дзяўчыну, набудзе не толькі прыгожую ружу, аднак абавязкова і гарэлку.


І толькі ў адной мясцовасці ў Беларусі гарэлка і вельмі папулярны ў той час спірт «Раяль», не былі галоўным фактарамі злачынстваў. Гэтым анклавам аказаўся Светлагорск, дзе большасць крымінальных злачынстваў у 1993 годзе (18 працэнтаў) здзяйсняліся асобамі пасля прыняцця дозы наркотыку. Нейкі дэпутат ад Светлагорска прапанаваў праект рэвалюцыйнай рэформы, каб легалізаваць «шырку». Па яго словах, калі ў шпіталях наркаманам, якія пагодзяцца на лячэнне, бясплатна даваць дозу, пазіцыі наркамафіі будуць падарваныя.
Алкагалізацыя цягнула за сабой крыміналізацыю, якая літаральна захлынула краіну. Так, увесну па Магілёўскай вобласці пранеслася хваля атак на светлафоры. Нейкі геній вылічыў, што ў кожным прыборы аптычнай сігналізацыі утрымліваецца аж 20 грамаў золата і 50 — серабра.
У Оршы гарадскі аддзел МУС звярнуўся да мужчын з заклікам, каб пазбегнуць рабавання, насіць увечары шапкі не на галаве, а пад мышкай. Пачынаючы з мая ўсё часцей з’яўляецца інфармацыя пра замоўныя забойствы. Самае гучнае адбылося ў Гродна, дзе ўвосень пасярод белага дня быў забіты губернатар.
Вясна і лета прайшлі ў канфліктах паміж кансерватыўнай большасцю ВС і дэмакратычнай меншасцю. Кульмінацыяй супрацьстаяння стала пасяджэнне 1 ліпеня, калі ў павестку дня было ўнесена пытанне пра адстаўку старшыні парламенту Станіслава Шушкевіча. Па інфармацыі газеты «Свабода», дэпутаты ад фракцыі «Беларусь» у перапынку нават ужо «абмывалі» перамогу і пасля галасавалі ледзь стоячы на нагах. За недавер Шушкевічу сапраўды прагаласавала большасць, аднак кворуму для прыняцця рашэння не было. Спікера выратаваў дэмарш дэмакратаў, якія не зарэгістраваліся для галасавання ў наіўным спадзяванні, што Шушкевіч у якасці падзякі пачне лабіраваць тэму пазатэрміновых выбараў.
Замест гэтага адразу пасля разборак 1 ліпеня Шушкевіч паляцеў у ЗША на сустрэчу з Білам Клінтанам, а экспертная супольнасць прынялася гадаць, як доўга яшчэ спікер захавае сваю пасаду. Хаця газета «Звязда» ў тым жа годзе надрукавала душашчыпальную аповесць «Станіслаў Шушкевіч» з яўным намёкам на тое, што Шушкевіч пасланы небам лідар беларускай дэмакратыі, самі дэмакраты ставіліся да яго насцярожана, называючы «адуванчыкам» (З. Пазьняк). Праз адсутнасць аўтарытэта старшыні ВС заставалася гуляць на супярэчнасцях.
Анатоль Майсеня пісаў тады: «Ён (Шушкевіч) цудоўна выконвае ролю камунікатара ў крызісныя моманты, аднак не мае здольнасці стварыць новую сістэму, стварыць на аснове супрацьстаяння дэмакратычны блок».
Нямецкая прэса ў жніўні прагназавала, што спікера здымуць на восеньскай сесіі. Але насуперак прагнозам Шушкевіч здолеў «пралангаваць» сваю кадэнцыю. Гэта здарылася дзякуючы падзеям у Расіі.
Канфрантацыя паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады ў суседняй Расіі, што распалялася з пачатку года, падзяліла не толькі расійскі палітыкум, але і беларускі.
Большасць дэпутацкага корпусу і звязанага з ім Саўміна сімпатызавалі Хасбулатаву і Руцкому. Так, на арганізаваным з іх удзелам Кангрэсе народаў Беларусі, які адбыўся ўвосень, прысутнічалі шматлікія аўтары будучага антыельцынскага путчу, кшталту генерала Сцерлігава. Цікава, што мерапрыемства запомнілася не рэзалюцыямі на карысць аднаўлення Савецкага Саюза, а інцыдэнтам з удзелам лідара камуністаў Віктара Чыкіна, якога міліцыя арыштавала пасля заканчэння Кангрэсу ў відавочна нецвярозым стане.
Станіслаў Шушкевіч зрабіў стаўку на падтрымку Ельцына, адразу назваўшы каманду чыровна-карычневых бандытамі. Варта таксама згадаць, што славуты зварот інтэлігенцыі да Ельцына, у якім яна заклікала забараніць кампартыю, падпісаў у тым ліку Алесь Адамовіч.
Пазней у лагер беларускіх ельцыноідаў уліліся нацыяналісты, хаця спачатку Пазьняк ахвотна казаў пра вечную аўтарытарную ўнутраную прыроду рускага народа. У дні канфлікту БЗВ сфармаваў атрад колькасцю ў 200 чалавек, які збіраўся ехаць на штурм Белага дому. Хаця да таго часу Ельцын сам разабраўся з путчыстамі, беларусы ўсё ж адзначыліся ў баях у Маскве. Падчас абароны Белага дома быў забіты жыхар Мінску, палкоўнік Ключнікаў. Яшчэ адной ахвярай стаў мінскі бізнэсмэн, які пайшоў падыхаць паветрам у раёне Астанкіна, дзе баркашоўцы якраз штурмавалі тэлестудыю. У выніку шалёная куля трапіла ў галаву камерсанта.
Перамога дэмакратаў у Маскве дэмаралізавала апанентаў Шушкевіча і дала яму, як галоўнаму саюзніку Ельцына, карт-бланш на змены. Менавіта да гэта заклікала яго апазіцыя, якая ў тыя дні зноў аб’ядналася ў Канфедэрацыю. Аднак спікер у чарговы раз упусціў палітычную ініцыятыву. Вярхоўны савет не толькі не быў распушчаны, але групе лідараў расійскіх путчыстаў, кшталту камсамольца Малярова, дазволілі спакойна адседзецца ў адным з інтэрнатаў Барысава.
Не адбылося доўгачаканых перастановак і ў складзе Саўміна, пра што шмат гаварылася ў той час у прэсе. Нават называліся новыя прозвішча міністраў, у тым ліку Генадзя Карпенкі, мэра Маладзечна — горада, які стаў палігонам беларускіх рынкавых рэформаў. Аднак Шушкевіч, як пісалі ў газетах, пабаяўся, што з прыходам ва ўладу маладых рэфарматараў яго аўтарытэт пахіснецца яшчэ больш.
У выніку наверсе захавалася статус-кво, ад чаго першыя асобы ўлады яшчэ больш прыеліся. Яны і іх ідэі надакучылі. У грамадстве быў запыт на новае. Менавіта па гэтай прычыне такі фурор выклікаў раней малавядомы Аляксандр Лукашэнка, які 14 снежня зачытаў славуты даклад камісіі па барацьбе з карупцыяй Вярхоўнага савета. Дарэчы, на старшыню камісіі кандыдатуру дэпутата Аляксандра Лукашэнкі прапанаваў Станіслаў Шушкевіч. За што і быў потым аддзячаны ўжо прэзідэнтам Лукашэнкам пенсіяй у нязменным памеры (на сённяшні дзень 3 долары).
Даклад шклоўскага дэпутата зрабіў яму шалёнае паблісіці. Адпаведна апытанню газеты «Советская Белоруссия», зробленага напярэдадні Новага года, яшчэ ўчора мала каму вядомы палітычны аўтсайдэр упершыню засвяціўся ў спісе самых папулярных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Праўда, на той час Лукашэнку ніхто ўсур’ёз не ўспрымаў.
Як, дарэчы, недаацэньваліся і самі прэзідэнцкія выбары. Значна большы інтарэс у грамадстве напярэдадні новага 1994 года выклікала інфармацыя пра тое, што на сходцы крымінальных аўтарытэтаў у Маскве каранавалі «смотрящего» па Беларусі. Ім стаў нехта Наум з Віцебску. Ахвотна жартавалі наконт таго, што выбары сапраўднага кіраўніка краіны ўжо адбыліся.