Кобрынскія трагедыі 1939 года

У 2008 годзе ў беларускім Кобрыне і яго ваколіцах былі выяўленыя і эксгумаваныя парэшткі салдат Войска Польскага, а таксама супрацоўнікаў польскай дзяржаўнай паліцыі, якія загінулі ў час вераснёўскай кампаніі 1939 года. Хто знайшоў апошні прытулак у кобрынскай зямлі?

Мемарыял у Кобрыне

Мемарыял у Кобрыне


«Палешукі» рыхтуюцца да абароны


Другая сусветная вайна прыйшла ў Кобрын 1 верасня 1939 года. «Памятаю, мы пайшлі з сябрам пасвіць кароў. Бачым, па чыгунцы ідзе цягнік Пінск—Кобрын. Я ведаў, бо мой бацька працаваў на чыгунцы. Чуем гул самалёта, а хутка ў небе з’явілася двухматорная машына і пачала зніжацца. З яе нешта пападала. Мы пабеглі паглядзець, што ж там з самалёта выкінулі. А гэта бомбы. Выбухі пачаліся. Немец разбамбіў цягнік, а потым пайшоў на Кобрын і скінуў некалькі бомб на горад. Адна з іх упала на школу імя Юзафа Пілсудскага — зараз гэта гімназія № 2. Будынак дабротны быў. Да вайны людзі казалі, што на будаўніцтва школы грошы выдаткаваў сам Пілсудскі», — узгадвае тыя падзеі ветэран Другой сусветнай вайны, кавалер савецкіх ордэнаў Леніна і Айчыннай вайны І ступені, жыхар Кобрына Сцяпан Мікалаевіч Цімашук.


Былая школа імя Пілсудскага, на якую ў верасні 1939 года ўпала нямецкая бомба

Былая школа імя Пілсудскага, на якую ў верасні 1939 года ўпала нямецкая бомба


8 верасня 1939 года камандуючы IX корпуснай акругай брыгадны генерал Францішак Клееберг атрымаў ад галоўнакамандуючага польскай арміі, маршала Эдварда Рыдз-Сміглы загад сфармаваць пяхотную дывізію з падраздзяленняў, якія знаходзіліся ў запасных пунктах. Так пачалася гісторыя дывізіі «Кобрын» пад камандаваннем палкоўніка Адама Эплера. У яе склад увайшлі выведвальная рота, узвод веласіпедыстаў, узвод кавалерыі, амаль роўны па колькасці эскадрону, рота цяжкіх кулямётаў, тры конныя абозы (збройны, транспартны, санітарны), палявы шпіталь, два батальёны 82-га пяхотнага палка, рэзервовыя часткі 83-га пяхотнага палка, падраздзяленні 84-га пяхотнага палка.

У Залессі пад Кобрынам быў сфармаваны 5-ы дывізіён лёгкай артылерыі, які складаўся з чатырох 75-міліметровых гармат і шасці 100-міліметровых гаўбіц. У склад дывізіі ўліліся часткі народнага апалчэння. Пазней дывізію «Кобрын» перайменавалі ў 60-ю рэзервовую дывізію пяхоты. Арганізацыйнай гатоўнасці злучэнне дасягнула 14 верасня 1939 года. Менавіта гэтыя часткі і прынялі ўдзел у абароне Кобрына ад нацыстаў. «Шмат афіцэраў, якія служылі ў Кобрыне, раней служылі ў войску Булак-Балаховіча. Мясцовыя іх так і называлі: «балахоўцы». Смелыя хлопцы былі. Дарэчы, адным з камандзіраў палка быў таксама «балаховец» Юзаф Верабей», — узгадвае Сцяпан Мікалаевіч.


Жаўнеры ВП з Кобрына

Жаўнеры ВП з Кобрына


Кобрын быў другім па значнасці чыгуначным вузлом Палескага ваяводства. Тут праходзіла чыгунка Берасце—Пінск—Лунінец, а таксама важныя аўтамабільныя дарогі на Баранавічы і Ковель. У сувязі з набліжэннем нямецкіх войскаў у ноч з 13 на 14 верасня генерал Клееберг перанёс штаб абароны Палесся ў Пінск. Дывізія «Кобрын» атрымала заданне арганізаваць абарону на захадзе ў раёне Відамлі і на ўсходзе ў раёне Пружанаў. Асаблівая ўвага надавалася пераправам на Канале каралевы Боны і каля ракі Мухавец, у раёне чыгуначнага моста.


Крыж "Віртуці Мілітары" на польскіх пахаваннях у Кобрыне

Крыж "Віртуці Мілітары" на польскіх пахаваннях у Кобрыне


Змагацца да апошняга



Першую атаку разведбата 3-й танкавай дывізіі вермахта абаронцы Кобрына адбілі 14 верасня. У той жа дзень польскія пазіцыі ўзмацніліся супрацьтанкавай батарэяй. 17 верасня на ўскраіне Кобрына з’явілася нямецкая мотапяхота і танкі. Хутка на іх абрынуўся град куль і снарадаў: са сваіх пазіцый адкрылі агонь пяхотнікі 83-га палка. Польскім артылерыстам удалося падбіць некалькі нямецкіх танкаў. 18 верасня пасля моцнай артпадрыхтоўкі 2-я нямецкая матарызаваная дывізія пачала новы наступ на горад. І зноў жаўнеры Войска Польскага падбілі некалькі танкаў і бронемашын праціўніка, а пасля перайшлі ў контратаку. Немцы вымушаны былі адступіць.


Афіцэры 83-га пяхотнага палка ВП з Кобрына

Афіцэры 83-га пяхотнага палка ВП з Кобрына


Загінулых абаронцаў Кобрына мясцовыя жыхары пахавалі ў брацкіх магілах на тэрыторыі горада. Геній германскіх танкавых атак Хайнц Гудэрыян у сваіх мемуарах «Нататкі салдата» пра тыя падзеі напісаў, што яго часткам «давялося весці цяжкія баі пад Кобрынам». Немцы панеслі значныя страты: некалькі сотняў забітых, велізарная колькасць параненых і мноства знішчанай тэхнікі. Зыход баёў за палескі горад вырашыў распачаты ў ноч з 16 на 17 верасня «вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь». У гэтых умовах далейшая абарона Кобрына была бессэнсоўнай, польскія падраздзяленні пачалі адступаць на Поўдзень. А з усходу да яго ўжо ішлі савецкія часткі.


Немцы разглядаюць савецкія бранявікі. Заходняя Беларусь, верасень 1939 года

Немцы разглядаюць савецкія бранявікі. Заходняя Беларусь, верасень 1939 года


«Немцы, калі ў Кобрын увайшлі, вялі сябе ціха. Адзін нямецкі жаўнер бацьку сказаў, што яны хутка адыдуць, а сюды прыйдуць бальшавікі. Аднойчы, памятаю, мы працавалі ў полі. Па дарозе едзе нямецкая адкрытая машына. У ёй шафёр і яшчэ тры чалавекі. З другога боку савецкі танк пад’язджае. Адтуль выходзіць танкіст у камбінезоне і падыходзіць да немцаў. Павіталіся, казырнулі. Пагаварылі, пасмяяліся. А гэта быў Крывашэін, савецкі камбрыг, і Гудэрыян. Яны па-французску паміж сабой гаварылі. Пазней у Берасці, яны яшчэ і парад сумесны зрабілі», — распавядае Сцяпан Цімашук.


Жаўнеры 83-га палка, пачатак 1930-х гадоў

Жаўнеры 83-га палка, пачатак 1930-х гадоў


Параненых у баях з немцамі польскіх жаўнераў збіралі харцэры. Вось што ўзгадвала адна з іх:

«Разам з групай знаёмых настаўніц мы пайшлі на поле бітвы. Перад горадам было вялікае поле канюшыны, дзе нашы жаўнеры мелі свае пазіцыі. На вуліцы стаяў нямецкі жаўнер, якому мы заявілі аб жаданні дапамагчы польскім параненым. Немец дазволіў і выдаў нам пропуск. Разам з Вандай Альшанкай мы падышлі да жаўнера, які ляжаў у лужыне крыві. Ён быў жывы. Цяжка дыхаў, з рота ішла крывавая пена. Мы паклалі яго на коўдру і аднеслі ў шпіталь на вуліцы Легіёнаў. За намі ішлі іншыя пані, якія неслі параненых». Іншая сведка апісвала тыя падзеі: «Баі былі жудасныя. Раніцай, калі выбухі спыніліся, мы пайшлі на поле бітвы. Немцы сваіх забітых і параненых пазбіралі, а нашыя ляжалі. Нам удалося забраць толькі некалькіх параненых і адцягнуць іх у падвал. [...] У хуткім часе з’явіліся саветы. Іх афіцэры павіталіся з немцамі, паразмаўлялі, пасля чаго жаўнеры вермахта паехалі ў бок Берасця. А саветы засталіся. [...] Харцэркі ў цывільным адзенні пачалі хадзіць да нашых параненых у шпіталь, але праз некалькі тыдняў польскія параненыя адтуль зніклі. Саветы закопвалі іх на палях».


Нямецкі пехацінец у Кобрыне

Нямецкі пехацінец у Кобрыне


Гісторыя аднаго героя


Адным з тых, хто абараняў Кобрын у верасні 1939 года, быў капрал Войска Польскага Эварыст Зайкоўскі. У 1939 годзе яму было 28 гадоў. «У нас засталося агульнае фота, зробленае ў жніўні 1939 года. Бацька пасадзіў мяне на плот, а сам стаў побач. Праз некалькі дзён ён пойдзе ў войска», — узгадвае дачка жаўнера Хана Цыганчук-Пракопчык, якая сёння жыве ў Польшчы.

Хлопец паходзіў з багатай сям’і. Да вайны Эварыст скончыў настаўніцкія курсы ў Варшаве і Школу кадэтаў у Замбраве. Калі Германія напала на Польшчу, то бацька Зайкоўскага прапанаваў сыну выехаць з Польшчы, але Эварыст адказаў: калі ўсе так з’едуць, хто ж будзе бараніць Радзіму? «Ён не памахаў нам. Проста павярнуўся і пайшоў. А я бегла за ім і крычала: «Тата, тата!». Падала, падымалася і далей бегла. Што адчувала яго беднае сэрца, калі ён чуў мой плач? Пэўна адчуваў, што яго дзіця стане сіратой», — узгадвае пані Хана.


Магіла Эварыста Зайкоўскага

Магіла Эварыста Зайкоўскага


Пазней жонка Зайкоўскага з’ехала ў Львоў. У лютым 1941 года блізкія Эварыста Зайкоўскага атрымалі ад ксяндза Яна Вольскага з Кобрына ліст, у якім паведамлялася, што капрал загінуў 17 верасня 1939 года і пахаваны ў брацкай магіле. Ксёндз знайшоў у кішэні жаўнера пасведчанне настаўніка, па якім і ідэнтыфікаваў забітага. А ў 2008-м беларускія пошукавікі знайшлі жэтон Зайкоўскага. Побач з ім былі пахаваны і іншыя жаўнеры Войска Польскага, якія загінулі пры абароне Кобрына ў верасні 1939 года.


Магіла забітага ў Падзяменні

Магіла забітага ў Падзяменні


Ахвяры злачынцаў



Яшчэ да эксгумацыі парэшткаў ля Петрапаўлаўскай царквы ў Кобрыне былі праведзены пошукавыя працы ў вёсцы Падзяменне, дзе было знойдзена масавае пахаванне расстраляных польскіх грамадзян. Справа ў тым, што ў верасні 1939 года пад Кобрынам дзейнічаў «атрад самаабароны» Савы Дранюка, які захопліваў польскіх вайскоўцаў, паліцэйскіх, грамадзянскіх асоб. Гэтых людзей пасля без суда і следства расстралялі. Характар раненняў сведчыць пра тое, што няшчасных ставілі на калені перад ямай і стралялі зверху (у большасці расстраляных былі знойдзены выхадныя адтуліны куль у вобласці таза).

Сярод забытых былі парэшткі чалавека, на адзенні якога быў значок у выглядзе сцягу Даніі. Рука гэтага чалавека была прыкаваная наручнікам да яшчэ адной ахвяры. Ці гэта сведчыць, што ў верасні 1939 года ў Падзяменні быў забіты замежны грамадзянін? Магчыма.


Генерал Станіслаў Салагуб-Давойна

Генерал Станіслаў Салагуб-Давойна


Нарэшце 8 гадоў таму пад Кобрынам пошукавікі знайшлі парэшткі брыгаднага генерала Войска Польскага Станіслава Салагуб-Давойна. У міжваенны час ён быў камандзірам 61-га пяхотнага палка, а пазней 4-й дывізіі пяхоты ў Торуне. З 1927 па 1935 гады ён камандаваў 12-й пяхотнай дывізіяй ў Тарнопалі. У 1936 годзе сышоў на пенсію і кожнае лета праводзіў у маёнтку Зёлава, якое належала яго жонцы, князёўне Вользе Даўгарукай. 22 верасня (па іншых дадзеных, 26 верасня) 1939 года генерал Салагуб-Давойна быў застрэлены савецкім афіцэрам.

Магіла генерала Станіслава Салагуб-Давойна

Магіла генерала Станіслава Салагуб-Давойна


Па іншай версіі (паводле ўспамінаў яго жонкі) генерал быў забіты мясцовымі сялянамі, калі тыя спрабавалі абрабаваць маёнтак Салагуб-Давойна. Як сцвярджаюць польскія даследчыкі, першае следства па справе забойства генерала правялі… супрацоўнікі нямецкага гестапа ў 1941 годзе. Тады ж былі арыштаваныя забойцы і пасля допытаў іх расстралялі.

У верасні 2008 года парэшткі ахвяр верасня 1939 года, знойдзеныя беларускімі і польскімі пошукавікамі, былі ўрачыста перапахаваны на могілках ля Касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі ў Кобрыне.


Пахаванні знойдзеных у 2008 годзе польскіх грамадзян

Пахаванні знойдзеных у 2008 годзе польскіх грамадзян