Крэпасці, якіх баяўся Сталін

Камандаванне Чырвонай Арміі пільна вывучала польскія фартыфікацыйныя ўмацаванні нават пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза. Для гэтага была нават створана адмысловая камісія.



Бальшавікі супрацоўнічаюць з нацыстамі

23 мая 1940 года намеснік народнага камісара абароны СССР, маршал Рыгор Кулік падпісаў сакрэтную дырэктыву аб стварэнні адмысловай камісіі па вывучэнні фартыфікацыйных канструкцый, створаных у Польшчы напярэдадні Другой сусветнай вайны. У чэрвені 1941 года, за некалькі дзён да нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, савецкае камандаванне атрымала падрабязную аналітычную запіску, прысвечаную аналізу польскай фартыфікацыі па лініі ракі Нараў, мадэрнізаванай у 1931–1932 гадах крэпасці Асавец, умацаванняў ля Аўгустоўскага каналу і Баранавіцкага ўмацаванага раёну ля мястэчак Сталовічы і Крошын. Праца савецкай камісіі адбывалася не толькі на тэрыторыі, далучанай да СССР у верасні 1939 года, але таксама і на тэрыторыі Польшчы, акупаванай нацыстамі. У гэты час паміж Сталінам і Гітлерам быў «мядовы месяц», які праяўляўся ў тым ліку і ў супрацоўніцтве камандавання вермахта і Чырвонай Арміі. Савецкія інжынеры адзначалі, што сярод польскіх умацаванняў, узведзеных адразу пасля Першай сусветнай вайны (у тэксце справаздачы выкарыстоўваўся тэрмін «імперыялістычнай»), сустракаліся канструкцыі старога тыпу з металічнай абаронай, зробленай з бэлек ці рэек. Ва ўмацаваннях больш позняга тыпу выкарыстоўваліся жалезабетонныя ўмацаванні з французскай сістэмай арміравання. 

pol_skij_bronekupol_2.jpg

Польскі бронекаўпак

Аналізуючы мадэрнізацыю ўмацаванняў у крэпасці Асавец, савецкія вайсковыя аналітыкі адзначалі, што асабліва баяздольнай яе часткай быў форт Зарэчны (пабудаваны ў 1880-я гады і мадэрнізаваны ў 1931–1932 гадах), а таксама форты Цэнтральны і Шведскі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў крэпасці былі збудаваныя два моцныя артылерыйскія паўкапаніры, якія дазвалялі прастрэльваць даліну ракі Бобр. Акрамя гэтага, ля мястэчка Вулька Пясэчна і ля ракі Бобр знаходзілася група жалезабетонных капаніраў-блакгаўзаў. У форце Зарэчны ўсе адкрытыя капаніры старой канструкцыі ў 1930-х гадах былі замененыя на бетонныя капаніры з бронекаўпакамі. 

pol_skij_bronekupol_vidni_shtiri_dlja_provoloki_prozvannie_svin_i_hvosti_ispol_zuemie_v_pol_skih_ukreplenijah.jpg

Польскі бронекаўпак. Бачныя штыры для дроту, якія называліся "свіныя хвасты", што выкарыстоўваліся ў польскіх умацаваннях

Што ж тычыцца ўмацаванняў ля Візны, Аўгустова, Вулькі Пясэчнай, то там палякі ў асноўным будавалі кулямётныя ДАКі, якія павінны былі сустрэць наступаючага праціўніка «сцяной кулямётнага агню». Але значнай хібай было тое, што ў гэтых раёнах Войска Польскае не мела глыбока эшаланіраванай абароны. Польскія агнявыя кропкі маглі весці не толькі франтальны, але і фланкіруючы кулямётны агонь, забяспечваючы эфектыўную абарону ўмацаванага ўчастка. Акрамя гэтага, ля агнявых кропак меліся акопы для пяхоты. 

plan_pol_skih_ukreplenij_v_zapadnoj_belarusi_central_nij_voennij_arhiv_pol_shi.jpg

План польскіх умацаванняў у Заходняй Беларусі

Аналізуючы падзеі вераснёўскай кампаніі 1939 года, аўтары дакладу адзначалі, што немцы для прарыву польскіх умацаванняў не выкарыстоўвалі дальнабойнай артылерыі. Значную ролю пры прарыве польскай лініі абароны адыгралі штурмавыя групы вермахта, якія мініравалі ўваходы ДАКаў і амбразуры. Вялізарнай хібай такіх абарончых умацаванняў была адсутнасць артылерыйскай, супрацьтанкавай падтрымкі. Сапраўды, пры выкарыстанні вялікай колькасці танкаў (як гэта рабілі нацысты падчас «бліцкрыгу» супраць Польшчы — І.М.) лінія кулямётных ДАКаў і паўкапаніраў не стварала вялікую перашкоду для наступаючага агрэсара. Танкі проста праходзілі праз польскія ўмацаванні і ішлі наперад, а ўмацаваныя кропкі, што заставаліся ў тыле, знішчалі штурмавыя групы сапёраў і пяхоты. 

 

На жаль, савецкія аналітыкі не пазначылі эфектыўнасць дзейнасці спецыяльна падрыхтаваных нямецкіх сапёраў, якія, нібы костачкі ў кампоце, знішчалі польскія ДАКі. Між тым, у чэрвені 1941 года штурмавыя групы вермахта, як і ў Польшчы, будуць эфектыўна змагацца ўжо супраць савецкіх умацаванняў.

Баранавіцкая крэпасць

17 красавіка 1936 года генеральны інспектар узброеных сіл Другой Рэчы Паспалітай выдаў распараджэнне аб арганізацыі працы па будаўніцтву фартыфікацыйных умацаванняў на мяжы з Савецкім Саюзам. У гэтым сэнсе важнейшую ролю адыгрываў Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак, галоўнай задачай якога была арганізацыя абароны так званых “Смаленскіх варот” — лініі дарог, што вялі праз Брэст і Беласток да Варшавы. Пры гэтым стрымліваючыя баі павінны былі адбывацца на лініі рэк Нёман, Уша, Сэрвач, Верхняя і Ніжняя Шчара. 

sovetskie_oficeri_vozle_pol_skogo_dota_pod_baranovichami_1940_god.jpg

Гарматная ўстаноўка у ДАКу Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. Малюнак з савецкай кнігі 1941 года

 

Польскае камандаванне разумела, што ў выпадку вайны з СССР Чырвоная Армія будзе наступаць у накірунку польскай сталіцы па найбольш кароткім шляху, праз Заходнюю Беларусь. Абарончы ўчастак “Баранавічы” быў падзелены на пяць падучасткаў. «Нёман» — ахопліваў тэрыторыю Налібоцкай пушчы. «Сэрвач» — па ўсёй лініі ракі Сэрвач. «Брама Гарадзішча» — ахопліваў тэрыторыю водападзелу паміж рэкамі Шчара і Сэрвач. «Цэнтр» — уздоўж ракі Шчара, па абодвух баках дарогі Мінск–Баранавічы. «Слуцкая шаша» — уздоўж шашы Слуцк–Брэст. 

Пры гэтым польскае камандаванне актыўна выкарыстоўвала нямецкія і аўстрыйскія ўмацаванні перыяду Першай сусветнай вайны, а таксама будавала новыя ўмацаваныя кропкі. Усяго з 1931 па 1938 гады пад Баранавічамі было пабудавана і мадэрнізавана 350 ДАКаў. Акрамя гэтага былі збудаваны плаціны і дамбы на рэках Сэрвач, Верхняя і Ніжняя Шчара.

sovetskie_oficeri_vozle_pol_skih_dotov_u_vizni_1940_g_.jpg

Савецкія афіцэры каля польскіх ДАКаў у Візны, 1940 г.

Аналізуючы польскую фартыфікацыю ля Баранавічаў, савецкія інжынеры падкрэслівалі, што тут былі розныя тыпы ўмацаванняў і канструкцый. Ля мястэчка Сталовічы палякі пабудавалі і мадэрнізавалі значную колькасць франтальных аднапавярховых і двухпавярховых агнявых збудаванняў. Ля мястэчка Крошын пераважалі жалезабетонныя кулямётныя паўкапаніры і капаніры, што мелі бронекаўпакі для вядзення франтальнага агню. Пры гэтым аўтары аналітычнага дакладу падкрэслівалі, што глыбіня паласы абароны стваралася некалькімі паслядоўнымі лініямі ўмацаванняў. 

chertezh_odnogo_iz_pol_skih_dotov.jpg

Чарцёж аднаго з польскіх ДАКаў

Цікавым было адзначэнне таго, што дзеля маскіроўкі сваіх ДАКаў палякі засаджвалі іх маладымі дрэвамі, аднак у некаторых выпадках гэтыя зялёныя аазісы па сярэдзіне поля па просту выдавалі ДАКі і дазвалялі праціўніку зарыентавацца, што перад ім знаходзіцца польскі апорны пункт. 

oblozhka_sovetskoj_knigi_o_pol_skih_dotah_izdannoj_v_1941_g_.jpg

Вокладка савецкай кнігі пра польскія ўмацаванні, выдадзеная ў 1941 годзе

У тым жа 1941 годзе Выдавецтва Ваенна-інжынернай акадэміі Чырвонай Арміі публікуе працу «Жалезабетонныя фартыфікацыйныя збудаванні Польшчы», у якой даволі падрабязна разглядалася сістэма пабудовы польскіх ДАКаў. У выданні, у прыватнасці, адзначалася, што польская Вышэйшая школа інжынераў у Варшаве, што «выдала ў 1938 годзе працу «Асновы праектавання доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў», зрабіла карэнныя змены ў сістэме фартыфікацыі. Зроблена гэта было пад уплывам ідэй французскіх вайсковых інжынераў. Як падкрэслівалася ў савецкім выданні, пры будаўніцтве ўмацаваных раёнаў, у тым ліку і ля Баранавіч, практыкавалася будаўніцтва па індывідуальных праектах, пры гэтым пазбягалася ўсялякая стандартнасць іх формы. Таксама характэрнай рысай польскіх умацаваных кропак было масавае выкарыстанне бранявых каўпакоў. 

soldat_vojska_pol_skogo_na_fone_pulemjotov_brauninga_1930_e_godi.jpg

 Салдат Войска Польскага на фоне кулямётаў Браўнінга, 1930-я гады

***

У сакавіку 1940 года Панцеляймон Панамарэнка накіраваў у Крэмль дакладную запіску, у якой, у прыватнасці, падкрэсліваў, што ў былым Баранавіцкім умацаваным раёне польскай арміі захаваліся бронекаўпакі з выдатнай нямецкай сталі. Ён таксама адзначаў неабходнасць дэмантаваць абсталяванне вузкакалейнай чыгункі, якая была пабудавана для арганізацыі транспартнай сувязі паміж пунктамі абароны. 9 чэрвеня 1941 года Панамарэнка накіраваў на імя Іосіфа Сталіна дакладную запіску, у якой зноў адзначыў небяспеку з боку ДАКаў пад Баранавічамі і падкрэсліў неабходнасць знішчэння ўсіх польскіх умацаванняў, якія накіраваны на Усход.