Крыж распятай Губы

9 мая Брэсцкая крэпасць, Хатынь, Лінія Сталіна прымаюць безліч шумлівых турыстаў. Але ў поўнай цішы па ўсёй Беларусі стаяць прывіды знішчаных у Другой сусветнай вайне вёсак, якім варта было б надаць увагу. Бо трагедыю, якая там здарылася, немагчыма дараваць карнікам. Знішчаны былі гэтыя вёскі сумеснымі намаганнямі нацыстаў і савецкіх партызан. Дакладна вядома, што ахвярай такога страшнага злачынства стала вёска Вялікая Губа, якая размяшчалася побач з вядомай усяму свету Хатынню. (На здымку: Акцыя ў Хатыні. 22 сакавіка 2009 г.)



db9e6eef2eb4f0d8c55ecc7beaf2d78d.jpg

9 мая Брэсцкая крэпасць, Хатынь, Лінія Сталіна прымаюць безліч шумлівых турыстаў. Але ў поўнай цішы па ўсёй Беларусі стаяць прывіды знішчаных у Другой сусветнай вайне вёсак, якім варта было б надаць увагу. Бо трагедыю, якая там здарылася, немагчыма дараваць карнікам. Знішчаны былі гэтыя вёскі сумеснымі намаганнямі нацыстаў і савецкіх партызан. Дакладна вядома, што ахвярай такога страшнага злачынства стала вёска Вялікая Губа, якая размяшчалася побач з вядомай усяму свету Хатынню.

(На здымку: Акцыя ў Хатыні. 22 сакавіка 2009 г.)


Калісьці — дванаццаць хат, дванаццаць сем’яў. Але ні коміна, ні падмурка. Нічога не засталося з таго, што б нагадвала пра загубленыя чалавечыя жыцці. Пазначана гэта вёска толькі ў нямецкіх ваенных дакументах, а таксама на польскай мапе 1930-х гадоў. Ветэраны, школьнікі, дзяржаўныя прадстаўнікі тут не ўскладаюць кветак і не запальваюць знічак. Да нядаўняга часу Вялікая Губа была ахутана таямніцай.
У 1970 годзе беларуская пісьменніца Алена Кобец-Філімонава атрымала заказ маскоўскага выдавецтва «Дзіцячай літаратуры» напісаць кніжку для дзяцей пра Хатынь.
«Загадчыца аддзела, башкірка па нацыянальнасці, мне так і сказала: «Пра Хатынь павінны ведаць усе дзеці Савецкага Саюза», — распавядае пісьменніца. — Ім патрэбны быў малады аўтар, які ведаў вайну. Прынамсі, я памятала вайну, бо жыла пад нямецкай акупацыяй у Мінску. Спачатку я адмаўлялася ад прапановы, бо да гэтага пісала казкі для дзяцей. Але мяне запэўнілі, што я здолею напісаць добры твор. Такім творам стала дзіцячая аповесць «Жаўрукі над Хатынню». У ёй я ўпершыню і ўзгадала пра вёсачку Вялікая Губа».
Калі пачалася праца над кнігай, інфармацыі пра Хатынь практычна не было. Пісьменніцы давялося заняцца даследчыцкай дзейнасцю — ехаць на месца, расшукваць і апытваць сведкаў, працаваць у архівах. Так з’явілася магчымасць даведацца пра жудасныя абставіны знішчэння Хатыні, Вялікай Губы, забойства сялян з суседняй вёскі Казыры.
«Тады я не ведала, што ў знішчэнні Губы, Хатыні вінаваты не толькі паліцаі, але і савецкія партызаны», — кажа Алена Кобец-Філімонава.
Кніга «Жаўрукі над Хатынню» выйшла ў 1973 годзе. Але тое, як збіраліся матэрыялы для яе напісання, цяжкасці, з якімі сутыкнулася аўтарка падчас выхаду кнігі ў друк, новая, жывая інфармацыя сведкаў, якую нельга было ставіць у кнігу, — далі падставу напісаць яшчэ адзін твор — дакументальную аповесць «Распятая Хатынь», якая выйшла ў 2005 годзе.
— Звычайна выдадзеным у Маскве кнігам адчыняўся зялёны калідор, — распавядае пісьменніца пра дзіцячую аповесць «Жаўрукі над Хатынню». — Іх друкавалі ў саюзных рэспубліках, перакладалі на розныя мовы, адпраўлялі наклады за мяжу дзеля прапаганды. Але маю кніжку не захацелі друкаваць у Беларусі. Нават пасля таго, як яна была выдадзена ў Маскве. Асабліва шкодзіў мне тагачасны дарэктар музея Вялікай Айчыннай вайны. Па замове маскоўскага выдавецтва ён павінен быў напісаць рэцэнзію на кнігу. А напісаў разгромны матэрыял. Калі рукапіс кнігі быў падрыхтаваны і адасланы на рэцэнзію, былы партызан і тагачасны дарэктар музея Лавецкі ў рэцэнзіі адзначыў (цытата з дакументальнай кнігі «Распятая Хатынь»): «…Для чего, спрашивается, автор на сорока страницах расписывает пребывание партизан в Хатыни? Это, во-первых, даёт пищу всякого рода разговорам, особенно со стороны иностраннных туристов, а также является благодатной почвой для буржуазной пропаганды. Во-вторых, тем самым сводится на нет вся пропагандистская работа по Хатыни. Плана уничтожения «Ост» — как не бывало…»

Асвячэнне крыжа ў Вялікай Губе, 22 сакавіка 2009 года


— Што гэта азначала? — Працягвае пісьменніца. — Партызаны парушалі свой жа загад! Загад Цэнтра не заставацца ў вёсках, каб не рызыкаваць жыццямі мірных грамадзян. І мы можам толькі здагадвацца, колькі беларускага насельніцтва стала ахвярамі з-за іх неабдуманых і цынічных дзеянняў. У Істпарце (Партыйны архіў Інстытута гісторыі партыі ЦК КПБ), дзе я працавала з дакументамі, мяне таксама застрашвалі: «…Если напишите, что в Хатыни были партизаны, мы сделаем всё, чтобы ваша книга не была издана».
Калі Алена Кобец-Філімонава пачала збіраць інфармацыю для кнігі, гісторыкі ўжо працавалі над шасцітомнікам партызанскага руху на Беларусі. Ім было катэгарычна забаронена пісаць пра тое, што 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні былі савецкія партызаны. Бо напісаць пра гэта — азначала пацвердзіць віну партызан у хатынскай трагедыі. Дакументальная кніга «Распятая Хатынь» тым і ўнікальная, што ўпершыню распавядае нам пра тое, што ў трагедыі Губы, Хатыні вінаваты не толькі паліцаі, нацысты, але і савецкія партызаны.
Пісьменніца працягвае:
— Рэцэнзентаў не задавальнялі некаторыя іншыя факты, напрыклад, інфармацыя пра Камінскага (Іосіф Камінскі — легендарны хатынец, які па афіцыйнай версіі цудам застаўся жывы пасля спалення вёскі; увекавечаны помнікам «Нескароны чалавек» — выява старога, які трымае на руках забітага хлопчыка). Так, мне стала вядома, што яго зяць быў паліцаем. Дарэчы, шмат хатынскіх сем’яў былі паліцэйскімі. І тады пра гэта нельга было пісаць. А ў прыватных гутарках з жыхарамі мне стала вядома, што паліцэйскіх сем’яў, якія ненавідзелі савецкіх партызан, было шмат — і ў Хатыні, і ў Вялікай Губе, і ў іншых мястэчках. Пазней у кнізе «Распятая Хатынь» я прывяду гутарку з Камінскім, з якой вынікае, што і ён не добра ставіўся да партызан. Так, Камінскі ў сэрцах спавядаецца, што партызаны, якія прыйшлі ў Хатынь напярэдадні пажару, загадалі зарэзаць яго апошнюю авечку. «Немцы ніколі нічога не забіралі, а партызаны — забіралі!» — скажа ён.
Калі ў 1970-х я пачала апытваць сведкаў, то заўважыла, што хатынцы, жыхары суседніх вёсак, катэгарычна адмаўляюцца распавядаць мне сапраўдную гісторыю знішчэння вёскі. Блыталіся ў фактах, хлусілі, адмоўчваліся. Я зразумела, што іх запалохалі. Але гэта мяне не задавольвала. І я ўпарта працягвала распытваць мясцовых жыхароў. Пазней я высветліла, чаму, напрыклад, другая жонка Іосіфа Камінскага так холадна мяне сустрэла. Не дазваляла яму распавядаць пра той страшны дзень, усяляк перашкаджала гутарцы. Што ж, савецкая прапаганда зрабіла з Камінскага легенду, пакутніка, які выпадкова застаўся ў жывых, вынес мёртвае дзіця на руках, калі палымнела Хатынь. — працягвае Алена Кобец-Філімонава. — Але я даведалася, што Камінскага ў тую ноч не было ў Хатыні. Вярнуўся ён у вёску толькі на наступны дзень пасля трагедыі. Там спалілі яго сям’ю. Менавіта ён данёс на партызан. І партызаны кепска пра яго ўзгадвалі. Таксама стала вядома, што Камінскі быў не адзіным жыхаром Хатыні, які застаўся ў жывых.
Падчас збору інфармацыі пра Хатынь пісьменніцу арыштоўвалі як шпіёнку, чакалі дыверсій з яе боку. А аднойчы спадарыні Алене патэлефанавала жанчына (Алена Кобец-Філімонава папрасіла не называць яе прозвішча) і сказала: «У Вас ёсць сын. Падумайце пра яго!»

Сябры секцыі Мемарыял ля крыжа Еўфрасінні Полацкай.


— Трагедыя Хатыні пачалася з таго, што паліцаі сагналі на валку лесу 26 сялян з вёскі Казыры. Адбывалася гэта ля вёскі Вялікая Губа. Там жа савецкія партызаны зрабілі засаду. І калі побач праязджаў нямецкі патруль, каб праверыць працу сялян і наладзіць радыёсувязь, партызаны адкрылі па іх агонь. Сяляне сталі ахвярамі кароткага бою. Пасля гэтага савецкія партызаны пайшлі ў Хатынь, а немцы рушылі па іх слядах. Такім чынам, казырчане былі расстраляныя, а лёс хатынцаў ужо быў вырашаны, — распавядае пісьменніца. — Былы камісар атраду «Мсціцель», герой Савецкага Саюзу Іван Цімчук мне распавёў, што гэта вёска стала ахвярай расправы і нацыстаў, і савецкіх партызан. У вёсцы жылі напалову сем’і і тых, і другіх. Па яго словах, аднойчы ўначы ў Губу прыйшлі партызаны і выразалі ўсе сем’і тых, хто служыў у нацыстаў, нават не пашкадавалі і дзяцей. Трупы спалілі. «На наступны дзень немцы (не паліцаі) адпомсцілі гэтак жа» (Цытата з кнігі «Распятая Хатынь»). Спачатку выразалі жыхароў, а потым спалілі хаты. Тое ж самае казаў пра Губу і былы партызан брыгады «Народныя мсціўцы» Васіль Алай. Толькі, па яго словах, у гэтай вёсцы было дзесяць паліцэйскіх хат і дзве партызанскія. Нягледзячы на тое, што інфармацыя розніцца, агульная карціна вымалёўваецца даволі яскравая. У знішчэнні Вялікай Губы, Хатыні, сялян вёскі Казыры вінаваты і тыя і другія.
* * *
Да нядаўняга часу шматпакутная вёска Вялікая Губа заставалася белай плямай на мапе Беларусі. І пра жудасную трагедыю, якая там разыгралася, практычна ніхто не ведаў. Але 18 сакавіка 2009 года з ініцыятывы старшыні руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, сябры секцыі «Мемарыял» усталявалі на месцы спаленай Губы памятны знак — крыж Ефрасінні Полацкай. 22 сакавіка таго ж года адбылася цырымонія асвячэння крыжа, на якой прысутнічалі вядомыя грамадскія дзеячы, сябры секцыі «Мемарыял». Ганаровым госцем была запрошана на цырымонію пісьменніца Алена Кобец-Філімонава. Асвячаў крыж праваслаўны святар айцец Леанід Акаловіч. Тады падчас акцыі В. Сіўчык заўважыў, што памятны крыж будзе ўсталяваны і на месцы расстрэлу казырчан, а секцыя «Мемарыял» намерана дамагацца ад уладаў узвядзення дастойнага помніка на месцы Вялікай Губы.
З моманту ўсталявання крыжа акцыя па ўшанаванню памяці ахвяр Другой сусветнай вайны стала традыцыйнай. 22 сакавіка, у дзень спалення Хатыні, сябры руху салідарнасці «Разам» арганізоўваюць жалобны маршрут у знішчаныя вёскі, дзе ўскладаюць кветкі, запальваюць знічкі, чытаюць малітву.
Пра вёску Вялікая Губа часта даводзіцца чуць такую бязглуздую фразу: «Што ж вы хочаце — была вайна. Расплачвалася мірнае насельніцтва…» Але ж ніхто не дараваў гэту вайну нацыстам, ніхто не збіраўся іх апраўдваць! Даўно асуджаны нямецкія карнікі. Калі ж будуць асуджаны злачынствы камуністаў, якія прымалі ўдзел у забойстве сваіх жа грамадзян?