Курапаты: плот паміж жыццём і смерцю

Сябры грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» завяршылі даследаванне гістарычнай тапаграфіі Курапатаў. А падчас сёлетніх талокаў большасць аб’ектаў яго гістарычнай тапаграфіі былі пазначаныя на мясцовасці. Чытачы НЧ могуць першымі азнаёміцца з вынікамі даследавання і выказаць сваё меркаванне.

kurapaty_ekskursija_zapraszenne_7_logo_1_logo_1.jpg


У канцы 2013 года ініцыятыву “Эксперты ў абарону Курапатаў”  склалі спецыялісты ў розных галінах — археолагі, архітэктары, гісторыкі, журналісты, інжынеры, культуролагі, мастакі, скульптары, педагогі, эколагі і юрысты. Ёсць і былыя вязні ГУЛАГу. Сярод прыярытэтаў — судовая абарона Курапатаў і зонаў іх аховы ад чынавенства, дзялкоў і вандалаў, адкрыццё імёнаў ахвяраў сталінізму ды іх ушанаванне, а таксама пашырэнне ведаў пра нацыянальны некропаль. І вось зараз вы можаце азнаіцца з адным з грунтоўных даследаванняў ініцыятывы.

Зона

У выніку даследаванняў з дапамогай архітэктараў Вадзіма Глінніка і Рамана Забелы стала вядомая ўся траса менскай “Дарогі смерці” — ад сутарэнняў будынку НКУС БССР і яго ўнутранай турмы “Амерыканкі” да расстрэльных ямаў у Курапатах.

Гэты апошні шлях бязвінных людзей на пагібель у 1930–1940-я гады пралягаў па цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы — Савецкай — да Камароўкі, ішоў па Лагойскай шашы да цяперашняга перакрыжавання Лагойскага тракту з вуліцай Гамарніка, дзе да вайны ў вёсцы Зялёны Луг знаходзіўся аднайменны саўгас. У Зялёным Лузе “Дарога смерці” разыходзілася двума маршрутамі: палявой грунтоўкай на Дроздава і троху на ўсход — па брукаванай Лагойскай шашы.


Нямецкі аэрафотаздымак Курапатаў і наваколля ад 23 чэрвеня 1941 г. З прыватнага збору Паўла Растоўцава (Менск). Гэты здымак дапамог аднавіць апошнюю частку маршруту “Дарогі смерці” — ад Лагойскай шашы да найвышэйшага пункту Курапатаў (235 м).

Нямецкі аэрафотаздымак Курапатаў і наваколля ад 23 чэрвеня 1941 г. З прыватнага збору Паўла Растоўцава (Менск). Гэты здымак дапамог аднавіць апошнюю частку маршруту “Дарогі смерці” — ад Лагойскай шашы да найвышэйшага пункту Курапатаў (235 м).

На гравійцы Заслаўе–Калодзішчы абодва маршруты сыходзіліся, і “Дарога смерці” ішла да варотаў праз плот, які агароджваў месца расстрэлаў. За 194 м ад перасячэння лініі паўднёва-усходняй мяжы рэстаранна-забаўляльнага комплексу (былая назва “Бульбаш-хол”) з Заслаўскай шашой “Дарога смерці” збочвала ўлева пад кутом каля 30° ад асфальту ў паўднёва-заходнім кірунку. Менавіта каля варотаў і пачынаўся апошні грунтавы ўчастак “Дарогі смерці” працягласцю 485 м, які складаўся з трох адрэзкаў у 125, 160 і 200 м. Праз 125 м ад пачатку былая грунтоўка збочвала ўлева і ішла па трасе дзейнай і цяпер лясной дарогі да Курапацкай гары (вышыня 235 м).

Месца ля Заслаўскай шашы, дзе “Дарога смерці” збочвала ў лясны масіў Брод, праходзіла праз вароты ў плоце і завяршалася ля расстрэльных ямаў

Месца ля Заслаўскай шашы, дзе “Дарога смерці” збочвала ў лясны масіў Брод, праходзіла праз вароты ў плоце і завяршалася ля расстрэльных ямаў


Мікола Няхайчык (1930 г.н.) з вёскі Зялёны Луг (3), Аркадзь Пацяршук (1935 г.н.) з Цны-Ёдкава і Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з Зялёнага Лугу расказалі пра карані тапоніму Курапаты. Мясцовыя жыхары традыцыйна называлі Курапатамі падковападобны ўзгорак, што ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў быў пераважна ўзараны, часткова зарослы хмызняком і прылягаў да самага лесу Брод — з паўночна-ўсходняга боку.


Па Другой сусветнай вайне гэты раней “лысы” ўзгорак пад назвай Курапаты быў засаджаны лесам і зліўся з урочышчам Брод у адзіны хваёвы бор. Пасля ж адкрыцця ў гэтым бары ў 1988 годзе месца масавых забойстваў ахвяраў сталінізму Курапатамі сталі называць менавіта тую частку Броду, дзе адбывалася жудасная трагедыя.

Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з вёскі Зялёны Луг (здымак 1956 г.). Гэтая сведка шматлікіх падзеяў у лясным ўрочышчы стала жыве ля самых Курапатаў з 1939 года. Менавіта ад спадарыні Лідзіі мы дазналіся пра першую абаронцу Курапатаў — адважную Лідзію Яцук. Яшчэ ў сталінскія часы гэтая ўдава, муж якой загінуў на фронце, рашуча ўзнялася ў абарону ляснога ўрочышча і захавала для нашчадкаў гэтае святое месца. Апроч таго, Лідзія Крывіцкая дапамагла аднавіць паходжанне тапоніму Курапаты і гістарычную тапаграфію бору, данесла да нас сведчанні пра начныя расстрэлы ў лесе з аўтаматычнай зброі ў самым пачатку вайны, пра апошні рэйс “чорнага ворана” ў Курапаты, калі немцы ўжо займалі Менск, а таксама пра тое, як пасля вайны ўлады хавалі сляды злачынстваў

Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з вёскі Зялёны Луг (здымак 1956 г.). Гэтая сведка шматлікіх падзеяў у лясным ўрочышчы стала жыве ля самых Курапатаў з 1939 года. Менавіта ад спадарыні Лідзіі мы дазналіся пра першую абаронцу Курапатаў — адважную Лідзію Яцук. Яшчэ ў сталінскія часы гэтая ўдава, муж якой загінуў на фронце, рашуча ўзнялася ў абарону ляснога ўрочышча і захавала для нашчадкаў гэтае святое месца. Апроч таго, Лідзія Крывіцкая дапамагла аднавіць паходжанне тапоніму Курапаты і гістарычную тапаграфію бору, данесла да нас сведчанні пра начныя расстрэлы ў лесе з аўтаматычнай зброі ў самым пачатку вайны, пра апошні рэйс “чорнага ворана” ў Курапаты, калі немцы ўжо займалі Менск, а таксама пра тое, як пасля вайны ўлады хавалі сляды злачынстваў


Як сведчыць Вольга Бароўская (1927 г.н.) з Цны, першыя эпізадычныя расстрэлы на Бродзе адбыліся ў 1932 г., а з 1937 г. забойствы сталі масавымі і адбываліся штодзень. І не дзіва, як успамінае Дар’я Тоўсцік (1911 г.н.) з Цны, што дарога ў лесе была выкатаная, як асфальт. Спачатку забівалі тройчы ў дзень, а потым людзей безупынна вазілі на расстрэлы, што адбываліся да поўнай акупацыі Менску нацыстамі. Прычым сведкі, напрыклад, Мікола Пацяршук (1929 г.н.) з Цны і яго зямляк Уладзімір Бацян (1928 г.н.), узгадвалі выпадкі, калі ў Брод адразу прывозілі ахвяраў на пяці грузавіках — крытых аўтазаках і адкрытых машынах з высокімі бартамі.

Аркадзь Пацяршук (1935 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. На пачатку вайны з бацькам разбіраў плот вакол месца расстрэлаў. Дапамог аднавіць гісторыю тапоніму Курапаты

Аркадзь Пацяршук (1935 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. На пачатку вайны з бацькам разбіраў плот вакол месца расстрэлаў. Дапамог аднавіць гісторыю тапоніму Курапаты


Паводле інспектара па аўтатранспарце НКУС БССР Язэпа Бетанава (1915 г.н.), увесну 1936 г. у аўтапарку камендатуры НКУС, які месціўся на тэрыторыі “Амерыканкі”, налічвалася каля 60 грузавікоў, у тым ліку два “аўтазакі” шэрага мышынага колеру, што ў народзе атрымалі назву “чорны варанок”. Для транспартавання ахвяраў на расстрэл выкарыстоўвалі і астатнія аўтамабілі — грузавікі рознага танажу з высокімі бартамі. Прычым у “чорны варанок”, разлічаны на пяць арыштантаў, упіхвалі па 15-20 чалавек.

Вольга Бароўская і Лідзія Крывіцкая пацвердзілі сведчанні Сільвестра Мацкевіча (1909 г.н.) з вёскі Скібічы Дарагічынскага раёну на Берасцейшчыне пра тое, што ў Бродзе расстрэльвалі з кулямётаў і што гэта адбывалася нават у першыя некалькі дзён пасля нападу немцаў.

kurapaty_ncz_14.9.17_5.jpg

Кацярына Багайчук (1919 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Справа муж спадарыні Кацярыны, злева брат мужа. Абодва родам з Украіны. У Беларусі трапілі ў палон ды так і засталіся ў нашым краі. У артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці” (“Літаратура і мастацтва”, 3 чэрвеня 1988 г.) прыводзяцца сведчанні Кацярыны Багайчук, паводле якой штодзень у Бродзе стралялі і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны збяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца


З адкрытых крыніцаў вядомыя імёны пяцёх забітых у Курапатах. Сярод іх — Мардыхай Шулькес, Мойша Іясеевіч Крамер і Штам. У іх 10 чэрвеня 1940 году ў Горадзенскім астрозе былі сканфіскаваныя грошы, што пазначана на афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў. Найбольш верагодным часам расстрэлу гэтых ахвяраў археолаг, кандыдат гістарычных навук Алег Іоў лічыць лета — раннюю восень 1940 году. Дакладна вызначана, што ў Курапатах адпаведна 22 і 27 лістапада 1937 г. былі забітыя муж і жонка, менчукі Сцяпан і Соф’я Жукоўскія, абвінавачаныя ў супрацы з польскай выведкай. Гэтыя невінаватыя людзі былі рэабілітаваныя толькі праз 22 гады — 5 лістапада 1959 г.

Павал Міхалевіч (1944 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Пераказаў сведчанні бацькі Герасіма Міхалевіча (1890 г.н.). Калі да вайны ён разам з вяскоўцамі рэзаў торф у балоце за Заслаўскаю шашою, дык шматкроць чуў з-за плоту ў лесе Брод страляніну і крыкі людзей

Павал Міхалевіч (1944 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Пераказаў сведчанні бацькі Герасіма Міхалевіча (1890 г.н.). Калі да вайны ён разам з вяскоўцамі рэзаў торф у балоце за Заслаўскаю шашою, дык шматкроць чуў з-за плоту ў лесе Брод страляніну і крыкі людзей

kurapaty_ncz_14.9.17_7.jpg

Алесь Генералаў (1935 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Перад самаю вайною шасцігадовым хлопчыкам вырашыў пацікавіцца, а што ж там, за агароджай. Але дзіцёнка спаймаў ахоўнік у форме НКУС, пасля чаго Алесь больш за плот ані кроку. Паводле Алеся Генералава, па вёсцы хадзілі чуткі, што за загарадкай забіваюць “ворагаў народу”, але шмат хто лічыў ахвяраў невінаватымі. З Цны было добра чуваць стрэлы, што даносіліся з лесу, у асноўным па начах. 

kurapaty_ncz_14.9.17_8.jpg

Цімох Бацян (1901–1979) з вёскі Цна-Ёдкава. Перад вайною быў старшынём мясцовага калгасу “Перамога”. Паводле Зянона Пазьняка (“Шумяць над магілай сосны…”, “Літаратура і мастацтва”, 16 чэрвеня 1988 г.), спадар Цімох — прыстойны чалавек, які ніколі не зрабіў подласці — не выдаў і не прадаў аніводнага земляка. А калі забралі любімага настаўніка мясцовай дзятвы Арсеня Паўлавіча Грушу, Цімох Бацян не зачыняў дзвярэй сваёй хаты перад няшчаснай жонкай арыштаванага, таксама настаўніцай Вольгай Іванаўнай, і падтрымаў адзінокую жанчыну ў бядзе. У адказ на адмову спадара Цімоха выдаваць энкавэдзістам “ворагаў народу” старшыню калгасу ўначы схапілі і павезлі ў Брод. І калі на краі ямы прыставілі наган да горла і пад страхам смерці патрабавалі назваць імёны тых, хто павінен пайсці за плот, мужчына закрычаў: “У мяне няма ворагаў! “ Дзякуй Богу, кáты не забілі Цімоха Бацяна, відаць, таму, што не хапіла фармальнасцяў.

Сведчаннямі менчука Алеся Макрушына (1973 г.н.) у Курапатах лакалізаванае месца, дзе з дапамогай тагачасных васмікласнікаў менскай сярэдняй школы №171 — самога Алеся Макрушына і Віктара Пятровіча (1973 г.н.), а таксама іхнага сябры муляра Алега Багі (1970 г.н.) у 1988 г. беларускія археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч адкрылі таямніцу старога лесу.

У другой палове 1937 г. хваёвы бор на ўзгорку агарадзілі плотам. Таму было шмат прычынаў. Бывала, што людзі ўцякалі з-пад расстрэлу. Прычым, паводле Марыі Пацяршук (1911 г.н.) з Цны, некаторыя ўцекачы выратоўваліся. Дарэчы, пра такія шчаслівыя ўцёкі з-пад расстрэлу ўзгадвалі шматлікія сведкі”. Таццяна Матусевіч (1906 г.н.) з Зялёнага Лугу сведчыла пра выпадак, калі ляснік Караль Канановіч наткнуўся на засыпаную яму з забітымі, утыканую хвойкамі, а побач знайшоў забытую сялянскую торбачку з кілбасой і хлебам. Пасля таго як ляснік прыбег у саўгасную кантору і патэлефанаваў у міліцыю ці ў пракуратуру, да яго прыехалі з НКУС і параілі менш прыглядацца, калі хоча жыць. Усё гэта, а таксама масавы характар забойстваў і чуткі па Менску, што пад горадам каля Цны расстрэльваюць “ворагаў народу”, прымусіла катаў паставіць драўляны плот. Урэшце загарадзілі хваёвы бор на ўзгорку, не раўнуючы як замчышча. Не ад чужынцаў — ад тутэйшага народу. А найлепшых яго прадстаўнікоў — найбольш працавітых, адукаваных і таленавітых — назвалі “ворагамі народу”. Падчас расстрэлаў за плотам, бывала, брахалі сабакі. Загарадку ахоўвалі энкавэдзісты ў форме. Дзяжурылі яны кругласуткава, удзень — па 2-3 чалавекі.

kurapaty_ncz_14.9.17_9.jpg


Алесь Макрушын (1973 г.н.) з Менску. У траўні 1988 г., калі вучыўся ў восьмым класе сталічнай СШ №171, разам з сябрамі — аднакласнікам Віктарам Пятровічам і мулярам Ігарам Багам, старэйшым за школьнікаў на тры гады, знайшлі ў Курапатах парэшткі шматлікіх ахвяраў сталінізму з прастрэленымі чарапамі. Аўтары артыкулу “Курапаты — дарога смерці” падзякавалі хлопцам за дапамогу ў адкрыцці таямніцы гэтага жудаснага месца масавых забойстваў бязвінных людзей.

Сведкі Вольга Бароўская, Аркадзь Пацяршук і Лідзія Крывіцкая дапамаглі ўзнавіць выгляд плоту і варотаў, а таксама прыкладныя трасу плоту і месца знаходжання варотаў ля Заслаўскай шашы. Плотам была агароджаная частка Броду між шашой Заслаўе-Калодзішчы і Баравой дарогай; з захаду агароджа стаяла на самым краі лесу, а перад ёю расло толькі кустоўе і малады падлесак; менавіта ў гэтым драбналессі і стаялі вароты.

Паводле Івана Церлюкевіча (1935 г.н.) з Цны, у драўлянай будцы для ахоўнікаў, што месцілася недалёка ад варотаў на ўзгорку, на сцяне вісела абмундзіроўка супрацоўніка НКУС, стаялі стол і лаўка. На стале — пачаты пачак папяросаў “Эпоха” тытунёвай фабрыкі расейскага Растова-на-Доне. Каля папіросаў няцяжка ўявіць бутэльку гарэлкі, кілбасу і бохан хлеба. Бо гэтыя тавары ахоўнікі часцяком куплялі ў краме саўгасу “Зялёны Луг”. Пры гэтым скардзіліся прадаўцу, што ім цяжка працаваць, распавёў сын прадаўца Мікола Няхайчык. І пасля “кипучей чекистской работы” каты, як звычайна, выпівалі, бо ўдзельнікам “операций” абавязкова выдавалі спірт. Як сведчылі самі нкусаўцы, вячэры з выпіўкамі адбываліся ў сталоўцы НКУС. Вось чаму амаль заўжды каты былі нападпітку.

kurapaty_ncz_14.9.17_10.jpg

1. Маршруты “Дарогі смерці”; 2. Месца першапачатковай лакалізацыі тапоніму “Курапаты”; 3. Плот; 4. Вароты; 5. Будкі ахоўнікаў (назіральныя вышкі?); 6. Крама саўгасу “Зялёны Луг”; 7. Траса былой ЛЭП; 8. Інжынерныя камунікацыі; 9. Прасека; 10. Роў; 11.Месца, дзе ў траўні 1988 г. з дапамогай вучняў менскай СШ №171 беларускія археолагі адкрылі таямніцу старога лесу; 12. Па выніках раскопак гэтай магільнай западзіны ў 1997–1999 гг. былі ідэнтыфікаваныя парэшткі Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама —вязняў Горадзенскага астрогу, забітых НКУС у Курапатах ўлетку-увосень 1940 г.; 13. Найбольшая ў Курапатах магільная западзіна памерам 7,5 х 5,3 м, дзе ў 1998 годзе былі паднятыя парэшткі не менш як 373 чалавек са звязанымі рукамі (у тым ліку 19 жанчын) — жыхароў усходняй Беларусі, забітых позняй восенню 1938 — зімой 1939 г.




Прыкладнае месца будкі вызначана з дапамогаю нямецкага аэрафотаздымку Курапатаў 23 чэрвеня 1941 г. і агляду мясцовасці. Гаворка ідзе пра аб’ект на ўсходнім краі кар’еру, адкуль бралі пясок падчас пракладкі шашы Заслаўе–Калодзішчы ў сярэдзіне 1930-х і дзе пасля вайны месціўся стралковы цір нкусаўцаў.

Для надзейнага прадухілення ўцёкаў і аховы месца расстрэлаў ад цікаўных таксама выкарыстоўваліся лясная прасека (з паўднёвага боку выгарадкі), роў (з паўднёва-ўсходняга боку агароджы) і, імаверна, назіральныя вышкі, што знаходзіліся на паўднёва-заходнім і паўночна-ўсходнім кутах плоту. Мабыць, пра гэта і сведчаць вялікія ямы, што засталіся ад слупоў вышак.

Аднак дакладна лакалізаваць сляды агароджы, варотаў, будынкаў аховы, першыя 125 метраў грунтоўкі ды іншых матэрыяльных аб’ектаў ва ўрочышчы можна толькі з дапамогай археалагічных раскопак. На жаль, такія даследчыя працы ў Курапатах стануць магчымыя толькі тады, калі сама беларуская дзяржава будзе зацікаўленая адкрыць праўду пра масавыя палітычныя рэпрэсіі савецкага таталітарызму і ўшанаваць памяць бязвінных ахвяраў.

Жыццё каля плоту

 Пра трагедыю на Бродзе захавалі шмат сведчанняў жыхары навакольных вёсак — Цны, Зялёнага Лугу, Дроздава, Малінаўкі, Якубавічаў і Чыжоўкі. Прычым больш за іншых ведалі пра расстрэлы насельнікі бліжэйшай да бору вёскі — Цны, бо шмат чаго чулі і бачылі. Не было шуму кальцавой, прыкладна па яе трасе ў той час праходзіла грунтоўка — Баравая дарога, што злучала вёскі Цну і Зялёны Луг. А на Баравой дарозе было ціха. Вось чаму ў Цне было добра чуваць усё, што адбывалася на гары ў Бродзе, асабліва ноччу. Катаў выдаваў гул машын, якія, з’язджаючы з Заслаўскай шашы ў лес, некалькі разоў паварочвалі налева, і святло фараў грузавікоў падала ў вокны хатаў, што стаялі на горцы з паўднёва-ўсходняга краю Цны (з успамінаў жыхара вёскі Івана Церлюкевіча, 1935 г.н.).

Сярод жыхароў Цны былі і каты, і праведнікі. Адны забівалі бязвінных, другія ратавалі. Дачка Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх Галіна Сідзякіна (1924 г.н.) з Менску засведчыла, што да вайны ў вёсцы жыў Рыгор Бацян, які працаваў у НКУС і сп’яну хваліўся аднавяскоўцам, што Жукоўскіх ён “сам страляў” на Бродзе.

Ад жыхароў вёскі Якубавічы Зінаіда Тарасевіч (1937 г.н.) з Менску даведалася пра лёс вядомага мясцовага абібока Грышкі Бацяна:

“Гэты несусветны гультай нідзе не вучыўся, не хацеў працаваць, толькі хадзіў па навакольных вёсках у пошуках здабычы альбо проста пабавіць час. І людзі шкадавалі гэтага дзівака і падкормлівалі яго. Грышку было здалёк чуваць, калі ён падыходзіў да чарговай хаты і заўсёды прамаўляў: «Гзачем, гзачем Вы слово дали, гзачем не думали любить?». Мабыць, гэтыя словы з нейкага верша ён толькі і вывучыў, да таго ж з памылкай. І вось, як аказалася, гэты абібок вельмі спатрэбіўся энкавэдзістам, бо менавіта ён расстрэльваў людзей у тых самых Курапатах, побач з якімі жыў у 1930-я гады. Больш за тое, як стала вядома, гэты латруга і мярзотнік, пра якіх у нас кажуць: «Дурны, дурны, але сала любіць!», падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі выдаваў нацыстам мясцовых людзей”.

Вольга Бароўская-Мацкевіч (1927 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Сведка расстрэлаў у Курапатах. Распавяла, што, апроч адзіночных стрэлаў, на Бродзе былі чутныя і чэргі, бо парою трашчала, як смажаны гарох на патэльні. Падрабязна апісала канструкцыю варотаў, што стаялі ля самай гравійкі на Заслаўе. Былі яны вялікія — вышынёю ў плот (больш за 2,5 мэтра) і звычайныя, з дошак і жэрдак, збітых цвікамі. Гэтыя вельмі простыя (без стрэшкі і гзымсаў) і досыць доўгія непафарбаваныя шэрыя двустворкавыя вароты адчыняліся і зачыняліся звонку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу. Дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай. Расказала, што плот атачаў усю тэрыторыю расстрэлаў, на захадзе цягнуўся ад варотаў ля Заслаўскай шашы ўздоўж самага краю лесу амаль да Баравой дарогі, што праз Брод звязвала Цну з Зялёным Лугам. На здымку — вяселле Вольгі Мацкевіч з Змітром Бароўскім (1918 г.н.) пасля ягонага вяртання з Другой сусветнай вайны. Вёска Цна, 1946 г.

Вольга Бароўская-Мацкевіч (1927 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Сведка расстрэлаў у Курапатах. Распавяла, што, апроч адзіночных стрэлаў, на Бродзе былі чутныя і чэргі, бо парою трашчала, як смажаны гарох на патэльні. Падрабязна апісала канструкцыю варотаў, што стаялі ля самай гравійкі на Заслаўе. Былі яны вялікія — вышынёю ў плот (больш за 2,5 мэтра) і звычайныя, з дошак і жэрдак, збітых цвікамі. Гэтыя вельмі простыя (без стрэшкі і гзымсаў) і досыць доўгія непафарбаваныя шэрыя двустворкавыя вароты адчыняліся і зачыняліся звонку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу. Дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай. Расказала, што плот атачаў усю тэрыторыю расстрэлаў, на захадзе цягнуўся ад варотаў ля Заслаўскай шашы ўздоўж самага краю лесу амаль да Баравой дарогі, што праз Брод звязвала Цну з Зялёным Лугам. На здымку — вяселле Вольгі Мацкевіч з Змітром Бароўскім (1918 г.н.) пасля ягонага вяртання з Другой сусветнай вайны. Вёска Цна, 1946 г.



Колькі словаў да характарыстыкі Грышкі Бацяна дадала Вольга Бароўская (1927 г.н.) з Цны: “Жылі ў нашай вёсцы тры браты Бацяны — Грышка, Міхаіл і Андрэй. Гэтыя гультаі і злодзеі адразу ўступілі ў партыю, каб не працаваць і быць начальнікамі. У каго авечачку, у каго курэй пакрадуць. Я ўжо была замужам, пайшла на працу, а тым часам Міхаіл зняў замок з нашага хлява і скраў мае курачкі. А Грышка, які служыў у НКУС, за адну ноч згроб за краты вельмі паважаных людзей, у тым ліку настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу і доктара Канановіча, імя якога, на жаль, не памятаю. Праз колькі дзён мой малодшы брат, 1924 года нараджэння, калі шоў са школы, бачыў, як па Сморгаўскім тракце (цяпер паміж Даўгінаўскім трактам, вуліцамі Арлоўскай і Карастаянавай) браты Бацяны везлі сабе цэлы воз дабра, нарабаванага ў дамах арыштаваных. Дабра было столькі, што адзін чамадан жоўтага колеру зваліўся з возу, і мой брат схаваў яго ў жыце за Дзядкавым лесам (на захад ад цяперашняга Цнянскага вадасховішча). Потым брат з татам прынеслі да нас гэты чамадан, дзе былі недашытая коўдра, іголкі і нейкія анучы. Вось такія былі браты Бацяны, нічым не грэбавалі. Была ўлада савецкая, яны падтрымлівалі яе, прыйшла ўлада нямецкая, сталі на бок гэнай. Потым аднаго з братоў забілі, а Грышка пахаваны на мясцовых могілках”.


Аднак, апроч вырадкаў Грышкі Бацяна і ягоных братоў, жылі ў Цне і сапраўдныя людзі. Сярод іх — старшыня калгасу “Перамога” Цімох Бацян (1901 г.н.). Гэты прыстойны чалавек ніколі не зрабіў подласць — не выдаў і не прадаў аніводнага земляка, нават пад пагрозай смерці.

Пра трагічныя лёсы людзей, якія жылі, працавалі, кахалі, нараджалі і выхоўвалі дзяцей каля месца забойстваў у Бродзе, сведчаць гісторыі некалькіх сем’яў з Цны — Зоі Залецкай (1937 г.н.) і Вольгі Бароўскай.

Зоя Залецкая (1937 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Распавяла пра лёс сям’і выбітнага беларускага пісьменніка, жыхара Цны Міхася Зарэцкага, хутчэй за ўсё, забітага ў Курапатах, а таксама пра лёс сваіх рэпрэсаваных родных, у тым ліку бацькі — каваля Уладзіміра Залецкага (05.08.1900 — 05.08.1973)

Зоя Залецкая (1937 г.н.) з вёскі Цна-Ёдкава. Распавяла пра лёс сям’і выбітнага беларускага пісьменніка, жыхара Цны Міхася Зарэцкага, хутчэй за ўсё, забітага ў Курапатах, а таксама пра лёс сваіх рэпрэсаваных родных, у тым ліку бацькі — каваля Уладзіміра Залецкага (05.08.1900 — 05.08.1973)

kurapaty_ncz_14.9.17_12.jpg

У 1932 годзе спадару Уладзіміру забаранілі жыць у Менску, і ён вымушаны быў пасяліцца ў бацькоўскай сядзібе ў Цне. Праз тры гады саслалі ў Быхаў, а ў 1937-м зганілі на 10 гадоў лагероў. Калі пачалася вайна, мужчына збег з Калымы, аднак яго злавілі і клеймавалі. Удалыя былі другія ўцёкі. Зімою 1942-га таварнякамі, хаваючыся між вагонамі, дабраўся да Усць-Каменагорску. На мясцовым базары распухлага ад абмарожанняў бегляка выратаваў ад немінучай пагібелі старшыня мясцовага калгасу. Там уцякач працаваў і адтуль на пачатку 1944-га пайшоў на фронт артылерыстам пад прозвішчам Залескі. 

Уладзімір Залецкі быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Пасля вайны, пазбягаючы новых рэпрэсіяў, уладкаваўся на працу ў прысталічнай вёсцы Слепні. І толькі праз гады сам выправіў прозвішча ў вайсковым білеце на сваё сапраўднае. Але так і не дачакаўся рэабілітацыі

Уладзімір Залецкі быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Пасля вайны, пазбягаючы новых рэпрэсіяў, уладкаваўся на працу ў прысталічнай вёсцы Слепні. І толькі праз гады сам выправіў прозвішча ў вайсковым білеце на сваё сапраўднае. Але так і не дачакаўся рэабілітацыі

kurapaty_ncz_14.9.17_14.jpg

Уладзімер Залецкі з унучкамі. Менск, 1968 г.


Найбольшы стрэс ад сутыкнення з штодзённым гвалтам і лютасцю за плотам атрымлівалі дзеці, якім было цікава і незразумела ўсё тое, што адбывалася на Бродзе. Пра адзін такі выпадак распавяла Надзея Няхайчык з Зялёнага Лугу: “Мой сын Мікола, калі яму было гадкоў сем (ён з трыццатага года), пайшоў з дзецьмі ў лес у ягады. Вельмі хвалявалася, бо даведалася, што яны скіраваліся туды, дзе расстрэльваюць людзей. Чакала сына, усё прыслухоўвалася, а потым пачула стрэл і ўбачыла, як мой сын бяжыць дахаты, галосіць, а за ім гоніцца работнік НКУС з пісталетам. Аднекуль прымчаўся мой муж, схапіў за руку нкусаўца і стаў пытацца, навошта ён стрэліў у хлопчыка. Той пачаў выбачацца, але было відаць, што ён моцна п’яны. Усё паўтараў, што палічыў нашага сына за дарослага, думаў, што хтосьці з-за плоту збег”.  





Цнянская школа месцілася ў былым маёнтку Наркевічаў-Ёдкаў. Аб’ява пачатку XX стагоддзя пра продаж ці здачу ў арэнду маёнтку (з сайту Radzima.org) 

У выніку апытання старажылаў вёсак ў наваколлі Курапатаў і ранейшых публікацыяў складзены спіс 47 рэпрэсаваных мясцовых жыхароў. Сярод іх — вядомы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, дырэктары Цнянскай школы, земляробы і гаспадары, мясцовыя каваль і доктар.


Пра спробы ўладаў схаваць сляды злачынстваў і знішчыць месца расстрэлаў распавяла Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з Менску: “Праз колькі гадоў пасля вайны ў вёсцы Зялёны Луг пайшла пагалоска, што на Бродзе спілуюць лес, пні выкарчуюць, а тэрыторыю бульдозерамі выраўняюць пад раллю. Супраць гэткіх планаў паднялася адважная жанчына, рабочая саўгасу Лідзія Яцук (1913 ці 1914 году народзінаў), якая сама выхоўвала сына, бо муж загінуў на вайне, як і мой бацька. Гэтая ўдава нікога не баялася і адкрыта казала, што нельга араць Брод, бо там увесь лес на касцях, а поля ў саўгасе і так зашмат, толькі працоўных рук бракуе. Менавіта Лідзія Яцук вымусіла тагачаснага дырэктара саўгасу, былога партызана, чалавека прыстойнага (імя і прозвішча яго не памятаю) пайсці на прыём да адпаведнага міністра, каб скасаваць гэтыя планы. І, як ні дзіўна (гэта ж былі сталінскія часы!), настойлівасць смелай Лідзіі Яцук дала свой плён — пасля таго як міністр наведаў нашы мясціны, улады адмовіліся ад планаў узараць Брод і пакінулі гэтае месца ў спакоі, а потым вырашылі пашыраць ва ўрочышчы плошчы пад пасадкі лесу”.

На гэтым месцы каля МКАД ва Уруччы, дзе зараз перакрыжаванне вуліцаў Гінтаўта і Гарадзецкай, на Дзяды 30 кастрычніка 1988 г. адбыўся гістарычны мітынг падчас шэсця ў Курапаты, разагнаны міліцыяй

На гэтым месцы каля МКАД ва Уруччы, дзе зараз перакрыжаванне вуліцаў Гінтаўта і Гарадзецкай, на Дзяды 30 кастрычніка 1988 г. адбыўся гістарычны мітынг падчас шэсця ў Курапаты, разагнаны міліцыяй



Яшчэ ж і цяпер недзе жывуць у Беларусі і па-за яе межамі пакуль невядомыя нам сведкі трагедыі ў Курапатах і іх нашчадкі з гэтых вёсак: Зялёны Луг, Цна, Дроздава, Малінаўка, Якубавічы, Чыжоўка, Падбалоцце. Звяртаемся да тых, хто ведае пра сваякоў ці знаёмых, забітых у Курапатах. Просім падзяліцца любымі звесткамі, што могуць дапамагчы высветліць раней невядомыя старонкі з гісторыі нацыянальнага некропалю.

 

Адгукніцеся, калі ласка. Звяжыцеся з нашай ініцыятывай праз kurapaty@bielarus.by

  Дарэчы, дзякуючы сведкам было лакалізаванае месца, дзе на Дзяды 30 кастрычніка 1988 г. адбыўся гістарычны мітынг падчас шэсця ў Курапаты, разагнаны міліцыяй. Вывучэнне здымкаў з архіву пісьменніка і навукоўца Алеся Адамовіча, якія перадала яго дачка Натальля Адамовіч, а таксама апытанне ўдзельнікаў мітынгу пацвярджаюць, што падзея адбылася ва Уруччы, каля МКАД, у раёне перакрыжавання сучасных вуліц Гінтаўта і Гарадзецкай, перад сучасным тралейбусным паркам №1 УП “Менсктранс”. Спадзяемся, што з цягам часу на гэтым месцы паўстане адпаведны мемарыяльны знак.

 

За дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі выказваю шчырую падзяку ўсім актывістам нашай грамадскай ініцыятывы, у першую чаргу былому вязню ГУЛАГу Зінаідзе Тарасевіч, географу Аляксею Галічу, краязнаўцу Алесю Макаву, мовазнаўцу Вінцуку Вячорку, археолагу Міколу Крывальцэвічу і культуролагу Вацлаву Арэшку.

 

Спіс з 47 жыхароў вёсак у навакольлі Курапатаў, рэпрэсаваных у 1930–1940-я (патрабуе спраўджвання ў іншых крыніцах)

 

Паводле Лідзіі Крывіцкай (1935 г.н.) з вёскі Зялёны Луг:

  • 1.   Мясцовы настаўнік Грыневіч (арыштаваны да вайны).
  • 2.   Антон Матусевіч (1906 г.н.). Жыў на хутары, дзе цяпер трамвайны прыпынак на вул. Сядых у Менску (арыштаваны 19 лістапада 1937-га, расстраляны ў Менску 28 снежня 1937-га як агент польскай выведкі).
  • 3.   Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Цнянскай школы Маслоўскі (забіты партызанамі падчас акупацыі).
  • 4.   Настаўніца батанікі Цнянскай школы (забітая пасля вайны).
  • 5.   Дырэктар і выкладчык беларускай мовы і літаратуры Цнянскай школы Цітовіч (забіты пасля вайны).

 

Паводле Зінаіды Тарасевіч (1937 г.н.) з Менску:

  • 1.   Сям’я Скварчэўскіх з Дроздава — 8 чалавек. У 1930-я гады НКУС схапіў і выслаў дваіх з сям’і — бацьку і сына. Пяцёра дзяцей сына і яго жонку не чапалі, аднак бацькаву хату адабралі і перавезлі на торфазавод (цяпер ААТ “Торфабрыкетны завод «Цна»“), што ў той час дзейнічаў недалёка ад вёскі — на паўночны захад ад яе.
  • 2.   Андрэй Філіповіч, Сцяпан Церлюкевіч, Сяргей Воранаў і Павел Дзятко з Хмарынскай Цны. Расстраляныя ў 1937 г.
  • 3.   Сям’я Шалімаў з Новай Малінаўкі з трох чалавек. Раскулачаная ў 1930 г. Гаспадара Хведара Цімохавіча расстралялі, а гаспадыню Домну Паўлаўну і сына Змітра выслалі ў Свярдлоўскую вобласць. Ніхто з іх на Бацькаўшчыну не вярнуўся.
  • 4.   Сям’я Зенчык з Чыжоўкі ў складзе 11 чалавек: Настасся Паўлаўна Зенчык, яе дзеці Уладзімір, Антаніна, Іван, Кацярына, Таццяна, Вікенцій, Вера і Павел, а таксама нявестка Вера і ўнучка Алена. Сям’ю раскулачылі ўначы з 3 на 4 сакавіка 1930 году і выслалі на Поўнач. Ніхто з іх на Бацькаўшчыну не вярнуўся, апроч Таццяны з дачкой Зінаідай, народжанай у ГУЛАГу ў 1937 г. (цяпер — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч).
  • 5.   Сям’я Мільгуй з Цнянкі з 4 чалавек: Віталь Мільгуй, Лізавета Мільгуй-Тоўсцік з вёскі Падбалоцце, дзеці Алесь і Соф’я. Сям’ю ў 1930-я гады раскулачылі і выслалі на залатыя капальні на Калыму. Паколькі золата закуплялі ЗША, вязні адносна добра харчаваліся і выжылі.

 

Разам 30 чалавек

 


Паводле Зоі Залецкай (1937 г.н.) з Цны:

 

  • 1.   Міхась Зарэцкі, сапр. Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык. Да вайны жыў у Цне. Імаверна, расстраляны ў Курапатах.
  • 2.   Мой бацька, каваль Уладзімір Залецкі (05.08.1900–05.08.1973). У 1932 годзе яму забаранілі жыць у Менску, і ён вымушаны быў пасяліцца ў бацькоўскай сядзібе ў Цне. Праз тры гады тату саслалі ў Быхаў, а ў 1937-м зганілі на 10 гадоў лагераў. Калі пачалася вайна, бацька збег з Калымы, аднак яго злавілі і клеймавалі. Удалыя былі другія ўцёкі. Зімою 1942-га таварнякамі, хаваючыся між вагонамі, дабраўся да Усць-Каменагорску. На мясцовым базары тату, распухлага ад абмарожанняў, выратаваў ад немінучай пагібелі старшыня мясцовага калгасу. Там бацька працаваў і адтуль на пачатку 1944-га пайшоў на фронт артылерыстам пад прозвішчам Залескі. Быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Пасля вайны, пазбягаючы новых рэпрэсіяў, уладкаваўся на працу ў прысталічнай вёсцы Слепні. І толькі праз гады сам выправіў прозвішча ў вайсковым білеце на сваё сапраўднае. Але так і не дачакаўся рэабілітацыі.

 

 

Паводле Вольгі Бароўскай (1927 г.н.) з Цны:

 

  • Мой муж Зміцер Бароўскі (1918–1994), былы франтавік, з Цны. Быў высланы на Салаўкі, але перад вайною вызваліўся і вярнуўся дахаты. Пасля забойства гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ 22 верасня 1943-га Зміцер Бароўскі як закладнік год правёў у катавальні гестапа. Пасля вызвалення Беларусі ўдзельнічаў у Другой сусветнай вайне. Аднак праз тое, што выйшаў жывым з рук нацыстаў, 29 снежня 1949 году быў арыштаваны нкусаўцамі і асуджаны на 10 гадоў лагераў на Калыме. Вызваліўся ў 1956 годзе.
  • Дырэктар Цнянскай школы Арсен Груша.
  • І мясцовы доктар Канановіч (арыштаваныя ў адну ноч вясною 1938 году супрацоўнікам НКУС, жыхаром Цны Грышкам Бацяном; расстраляныя).

 

Разам 3 чалавекі

 

Паводле Матруны Мантасавай (1914 г.н.) з Зялёнага Лугу (З. Пазняк і Я. Шмыгалёў, цыт. арт.):

 

Двух мужчынаў Стрыго з Падбалоцця невядома за што ноччу забралі ў 1937 годзе.

 

 

Паводле Валянціны Шаханавай (1929 г.н.) з Цны (З. Пазняк і Я. Шмыгалёў, цыт. арт.):

 

Трое жыхароў вёскі Якубавічы: расстралялі за тое, што адзін на аднаго па злосці нагаварылі.

 

 

Паводле Таццяны Матусевіч (1906 г.н.) з Зялёнага Лугу (Георгий Тарнавский, Валерий Соболев, Евгений Горелик. Куропаты: следствие продолжается. Москва: Юридическая литература, 1990):

 

Cпачатку быў арыштаваны Зароўскі, потым браты Іван і Васіль Стрыго з Падбалоцця, затым настаўнік Касцюк, і, урэшце, мой муж Антон Матусевіч. Паводле архіўных сведчанняў, браты Стрыго і Антон Матусевіч праходзілі ў адной справе і былі расстраляныя як “агенты польскай выведкі”. У 1950-я гады гэтая крымінальная справа была прыпыненая “праз адсутнасць у іх дзеяннях складу злачынства”.

 ***


Сёння, 15 верасня, у Варшаве адкрываецца VII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, на якім меркавалася прадставіць вынікі нашага даследавання. Ад гэтага мы адмовіліся, бо 16 верасня ў сталічным кінатэатры “Масква” адбудзецца прэм’ерамастацкай кінастужкі Аляксея Туровіча па апавяданню Васіля Быкава “Жоўты пясочак”, якую мы не маглі прапусціць...